3 крыніц спрадвечных  Уладзімір Сысоў

3 крыніц спрадвечных

Уладзімір Сысоў
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 415с.
Мінск 1997
75.4 МБ
Чаму ж так атрымалася, што на Беларусі, як нідзе ў іншай славянскай ці ўвогуле еўрапейскай краіне, захоўваліся і шанаваліся язычніцкія традыцыі? Галоўная прычына, на наш погляд, гэта тое, што на гэтай зямлі ні адна навейпіая рэлігія не мела трывалага і пастаяннага прыжывання. Беларусь, знаходзячыся на памежжы дзвюх хрысціянскіх канфесій, каталіцызма і праваслаўя, амаль на працягу тысячагоддзя адчувала на сабе вастрэйшую барацьбу гэтых рэлігійных плыняў за свядомасць народных мас і тэрытарыяльны падзел. Акрамя гэтага, выкарыстоўваючы падобную сітуацыю рэлігійнай «валтузні» асноўных хрысціянскіх напрамкаў веравызнання, у нашым краі пачалі ўзнікаць шматлікія рэлігійныя секты і групоўкі кальвіністаў, сацыніянцаў, іезуітаў, дамініканцаў, брыгітаў, кармелітаў, евангелістаў, баптыстаў, іудзеяў, мусуль-
ман і многія іншыя, якія уносілі раскол у сістэму фарміравання адзінай рэлігійнай самасвядомасці беларускага этнаса. А паколькі на працягу многіх стагоддзяў у нашым краі не было адзінага і пастаяннага веравызнання, беларускі народ у большасці выпадкаў упарта прытрымліваўся спрадвечнай дзедаўскай веры часоў язычніцтва, якая хоць і забаранялася і крытыкавалася хрысціянствам і іншымі рэлігійнымі плынямі і дзяржаўнымі структурамі, але была адзіным, пастаянным і агульнавядомым на ўсёй тэрыторыі веравучэннем, якое трактавалася няпісанымі законамі продкаў, што бытавалі і перадаваліся з пакалення ў пакаленне, як самае сакральнае, і захавалася да нашых дзён у выглядзе традыцыйных рытуалаў, звычаяў, вераванняў і г. д.
Аналіз падобнай сітуацыі даволі пераканаўча сведчыць пра тое, што спрадвечная традыцыйная аснова і ўсё, што на ёй створана, уяўляе сабой найбольш устойлівае і актыўнае звяно ва ўкладзе жыцця чалавека.
Хочацца звярнуць увагу і на такі факт. Колькі прыгожых аўтарскіх песень ствараецца пры жыцці кожнага з нас, але большасць з іх, якімі б прыгожымі і мілагучнымі, папулярнымі і любімымі яны ні былі, з цягам часу адыходзіць у нябыт, забываеода, а народныя традыцыйныя песні жывуць вякамі і здольны задавальняць эстэтычны густ і патрэбу розных пакаленняў. Унутраная псіхалагічная акумулятыўнасць і актыўнасць гэтых песень настолькі вялікая, што кожнага з нас яны могуць прымусіць плакаць і смяяцца, падымаюць настрой і наганяюць сум, выклікаюць павагу да жывдя і роздум аб ім.
У жыцці чалавека традыцыйныя абрады, звычаі і рытуалы маюць шматбаковае значэнне. Яны ўяўляюць сабой пэўную квінтэссенцыю яго светапогляду на існасць жыодя, прыроду, сусвет, адлюстроўваюць культурны ўзровень быту як нашых продкаў, так і сённяшніх пакаленняў, даносяць да нас пэўную сістэму чалавекаахоўваючых
установак, медытацый і перасцярог, накіраваных на захаванне і прадаўжэнне чалавечага роду, і, потым, абраднасць — гэта традыцыйная норма паводзін, якая вынікае з гістарычнага вопыту жыцця многіх і многіх пакаленняў.
Зыходзячы з першабытнага анімістычнага светапазнання акружаючага свету, прыроды, будовы галактыкі, чалавек адчуваў сваю пастаянную залежнасць ад уяўляемых ім Багоў, розных Духаў, дэманічных істот і г. д. Добра ўрадзіў ураджай, шчасціць у жыцці, памнажаецца багацце ў сваёй сям'і, родзе — гэта «памагае Бог». Няўдачы, беды, хвароба, разарэнне, беднасць спісвалася на «нячысцікаў» альбо «Божы гнеў». У сваю абарону, заступніцтва і з надзеяй на «міласць Божую» і дапамогу ў паўсядзённых клопатах і справах чалавека нашы продкі стварылі шматлікія вераванні, заклінанні, замаўленні, маленні, рытуалы, звычаі і абрады, якія суправаджалі іх усё жыццё ад нараджэння да смерці. У народным жыцці яны гарманічна і лагічна спалучаліся з актыўнай працай людзей як на зямлі, так і ў дамашняй гаспадарцы, у сям’і. «I праца, і свята свой час маюць», «Працуй рупліва, святкуй гулліва, але на ўсё пару ведай», — з даўніх часоў падкрэсліваюць беларусы.
У народным календары самы актыўны абрадавы комплекс прыпадае на вясну і восень — менавіта на тыя поры года, калі чалавек засяваў ніву і ўбіраў яе. Такая акалічнасць невыпадковая. Пасля доўгага зімовага сну ажывала прырода, абуджалася да новага вітка жыцця маці-зямля. Думы і надзеі чалавека ў гэты час былі прасякнуты разважаннямі аб ранняй і цёплай вясне, будучым ураджаі, спрыяльным пладавітасці зямлі надвор'і. Але перш чым прыступіць да актыўнай сялянскай працы, трэба было дачакацца, пакуль сонейка прагрэе зямлю, ажывіць яе і адзене ў зялёны ўбор. Чалавек не жадаў быць толькі пасіўным назіральнікам і чакаць прыходу вясенняга цяпла і пачатку земляробчых работ. Ен
імкнуўся праз прьізму вясенніх абрадаў, розных магічных рытуалаў звярнуцца з просьбамі і маленнямі да Добрых Духаў і Багоў, каб наблізіць прыход вясны і абудзіць жыватворную сілу зямлі. Гуканне вясны, Саракі, Благавешчанне, Юр'е, Мікола і многія іншыя вясеннія святы і прысвяткі былі прасякнуты гэтай надзённай марай людзей. А дачакаўшыся цяпла і засеяўшы ніву, трэба было звярнуцца і да Духаў-продкаў, каб разлічваць і на іх благаславенне і спрыянне ў паўсядзённых справах земляроба. I таму напярэдадні Духава дня, альбо Тройцы, ў суботу спраўлялі духаўскія ці, як іх яшчэ называюць, траечныя, Дзяды.
У аналагічнай паслядоўнасці праходзіць і восеньская абраднасць, сэнс якой зводзіўся да таго, каб аддзячыць Багоў за здабыты ўраджай і багацце ў сялянскіх засеках і каморах. Макаўе, яблычны і арэхавы Спас, Прачыстая, Багач, Пакроў вызначаюцца рытуаламі, маленнямі і ахвярапрынашэннямі Багам і маці-зямлі за іх ласку і клопат пра дабрабыт чалавека і шчодрыя дары сялянскай нівы. Вянцом восеньскай абраднасці зноў жа былі асяніны, ці змітраўскія Дзяды, на якіх дзякавалі Духаў-продкаў за іх садзеянне і спрыянне ў земляробчых і гаспадарчых справах чалавека і здабыткі на сялянскіх палях.
Зімовы і летні перыяды, як вядома, характарызаваліся актыўнай працай людзей. Пачынаючы з Піліпаўкі і амаль да Вялікадня абраблялі лён, ткалі палатно, шылі, вышывалі. Пачынаўся стойлавы перыял для жывёлы, якую штодзённа трэба было даглядаць, а таксама трымаць у цяпле жыллё, навучыць грамаце дзетак і г. д. Лета ж у сваю чаргу патрабавала актыўнай аддачы сіл на полі, у лузе, у лесе: «Лета працуе на зіму, а зіма на лета» альбо «Што ўлетку прыдбаеш, то зімой з'ясі», — сведчыць народная мудрасць. Таму летняя і зімовая абраднасць прадстаўлена значна вузей у народным календары, за выключэннем калядных (раждзественскіх) і купальскіх дзён,
якія былі прымеркаваны да перыядаў зімовага і летняга сонцастаяння.
Варта зазначыць і такую асаблівасць каляндарных абрадаў, што многія з іх характэрны толькі для пэўных рэгіёнаў Беларусі і хутчэй захаваліся як рэлікты племянной культуры нашых продкаў. Так, абрад Пахаванне стралы бытуе толькі на тэрыторыі, якую насялялі радзімічы, Ваджэнне куста і Жаніцьба Пасвета — Дрыгвічы і Яцвягі, Жаніцьба Цярэшкі і Камаедзіца — крывічы. У кантэксце сённяшняй агульнанацыянальнай традыцыйнай культуры гэтыя абрады ўяўляюць сабой парэгіянальныя абрадавыя локусы, якія значна дапаўняюць і ўзбагачаюць нашу духоўную спадчыну.
Сямейная абраднасць ахоплівае найбольш важныя вехі ў жыцці чалавека — нараджэнне, вяселле, провады ў войска, перасяленне ў новую хату, пахаванне і памінанне нябожчыка — якраз усе тыя моманты, якія былі найбольш значнымі і адказнымі, пэўнай мяжой на жыццёвым іпляху. I хоць усе яны абгрунтаваны практычнай неабходнасцю, іх змест у асноўным напоўнены клопатам аб прадаўжэнні чалавечага роду, здаровым развіцці будучага патомства. Нездарма ж у народзе кажуць: «Калі дзіця на свет прыходзіць, новы кусок хлеба родзіць», «Без дзяцей ціха, ды на старасці ліха» ці «Дзіцятка хоць і крыва, ды бацьку з маткаю міла».
У беларусаў з нараджэннем дзіцяці звязаны два абрады — адведкі (адведзіны), калі сваякі і знаёмыя прыходзілі да бацькоў немаўляткі, каб павіншаваць іх і раздзяліць іх радасць, падтрымаць маладых бацькоў слушным словам, практычным павучаннем альбо матэрыяльнай дапамогай, і радзіны (хрэсьбіны) — абрад хрышчэння дзіцяці ў царкве або касцёле. Жаданне здароўя маці і дзіцяці, шчаслівага будучага лёсу нованароджанаму ўласціва многім рытуальным дзеянням, звычаям і павер'ям, што суправаджаюць радзінную абраднасць.
He адкрыю новай ісціны, калі скажу, што менавіта ў сям'і і дзецях — шчасце чалавека і яго вечнасць. У час адной з фальклорных экспедыцый на Рагачоўшчыну мне ўдалося запісаць такое паданне: «Жылі людзі ў Раю. Добра жылося ім там. Ды аднойчы нехта саграшыў. Разгневаўся Бог за той грэх і прагнаў усіх на зямлю: «Ідзіце, грэшнікі, па зямлі, і няхай кожны з вас самастойна шукае сваё шчасце. I хто здолее знайсці сваю палавіну, той і будзе шчаслівы». Задумаліся людзі, пра якую ж гэта палавіну сказаў ім Бог. Ды толькі з таго часу так і павялося, хто яе знаходзіць, таму і радасць у жыцці, а хто не знойдзе — так і блукае ў адзіноце ды смуце».
Стварэнню новай сям’і з даўніх часоў надавалася важнае значэнне. Па тых, хто будзе бацька і маці, яшчэ задоўга да вяселля судзілі аб лёсе будучай сям'і і яе нашчадкаў. Невыпадкова, што сярод усіх сямейных абрадаў вясельная абраднасць самая працяглая па часе. Пачынаецца яна звычайна сватаннем, калі жаніх з двума-трыма сваякамі прыходзіў да бацькоў дзяўчыны прасіць яе рукі. Атрымаўшы згоду на выданне дачкі, праз тыдзень-два збіраліся на заручыны, дзе сустракаліся родзічы жаніха і нявесты, і ўжо пасля такога знаёмства і згоды двух родаў на маючы адбыцца шлюб дамаўляліся аб часе правядзення вяселля, якое звычайна гулялі некалькі дзён. Заканчваліся ж беларускія вясельныя абрады пярэзвамі, калі на працягу тыдня, а то і больш, госці маладога і маладой запрашалі адзін аднаго да сябе ў госці.
Провады навабранцаў у войска таксама на працягу апошніх стагоддзяў выліліся ў характэрны для гэтай падзеі абрад, які хутчэй быў выкліканы заклапочанасцю родных і бацькоў аб вяртанні будучага салдата жывым і здаровым да роднай хаты, у сваю сям’ю.
Беларускі абрад провадаў на армейскую службу складаецца з некалькіх рытуалаў, такіх, як паездка навабранца з роднымі ў храм, дзе за яго
здароўе служылі абедню, развітанне з аднавяскоўцамі — абход будучым салдатам родных і знаёмых у сваёй вёсцы, якія яму зычылі хутчэйшага вяртання дадому, а старэйшыя людзі, бывалыя салдаты дзяліліся сакрэтамі вайсковага жыцця, вечар-провады, што спраўлялі за дзень да ад’езду на зборны пункт, на якім будучага воіна аплаквалі і благаслаўлялі «чэсна служыць Айчыне», надзялялі грашыма і рэчамі «на дарогу», a таксама провады непасрэдна ў дзень адпраўлення з сваёй хаты, калі родныя рабілі шматлікія рытуалы і магічныя дзеянні, «каб хлопец жывым і здаровым вярнуўся назад».