3 крыніц спрадвечных  Уладзімір Сысоў

3 крыніц спрадвечных

Уладзімір Сысоў
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 415с.
Мінск 1997
75.4 МБ
Аднак аналізуючы шматлікія народныя павер’і і прыкметы, можна дапусціць, што лічба сорак, як сімвалічны лік у гэтым прысвятку магла прыйсці і з язычніцкай міфалогіі, дзе ёй упадаблялася менавіта такая колькасць сіл, якія скоўваюць зямлю ў зімовым холадзе. Мяркуйце самі: у гэты дзень зранку дзяўчаты павінны былі пераламаць сорак дашчэчак, разарваць сорак вяровачак, што, напэўна, сімвалізавала сілы, якія замарозілі маці-зямлю.
У кожнай сям'і свята пачыналася з завіханняў гаспадынь каля печы, якія выпякалі з самага ранку «сорак жаваранкаў». Такое печыва мае шматлікія лакальныя формы ў выглядзе піражкоў, варэнікаў, каржоў, бліноў, галушак, клёцак і інш. Гэта было рытуальнае печыва, і таму, як толькі выпякалі першы такі хлябец, яго кідалі ў агонь — ахвяравалі той часцінцы нябеснага свяціла, што служыла чалавеку на Зямлі. Падобнае печыва давалі таксама з’есці жывёле, «каб яна была здаровай і добра пладзіла», ім частавалі адзін аднаго, «каб не хварэць улетку». Вядомая даследчыца беларускай вясенняй абраднасці Г. А. Барташэвіч адзначае таксама аграрна-магічныя функцыі печыва ў выглядзе птушакі сакральнае значэнне абрадавага хлеба пры сустрэчы вясны. У пэўнай ступені гэты звычай у больш позні час быў пераасэнсаваны хрысціянствам. Напрыклад, на Дубровеншчыне разам з «жаўрукамі» на Саракі пяклі і сорак піражкоў, якія называюць тут «бубашкі». Мясцовыя праваслаўныя вернікі так тлумачаць іх прызначэнне: «Пячом па сорак бубашак. Ета было сорак мучанікаў, далжны мы с'едаць і іх успамінаць» (8-92-265-1, л. 49).
Ушаноўвалі на Саракі і ваду, ці, дакладней, яе ўтварэнне — лядзяш. У гэты дзень нават раілі дзецям смактаць ледзяшы. Гаварылі, «Калі на
Саракі вол уволю нап'ецца вады ад расталых ледзяшоў, то будзе добрая вясна». Выява ледзяша абыгрывалася і ў беларускіх загадках, што загадвалі зранку за святочным снеданнем дзецям, накшталт: «Зімой расце коранем уверх, а вясной памірае, хто адгадае?» альбо «Са страхі звісае і вясной вырастае, хто адгадае?».
Хуткую і цёплую вясну прадказвала і ранняя паводка на рацэ, што адлюстравана ў многіх папярэджаннях і прыкметах: «Святыя Саракі — не суйся блізка да ракі», «На Саракі пайшоў снег да ракі» і г. д.
Гэтым жа днём, як толькі ўзыходзіла сонейка, кожны гаспадар вёў сваю жывёлу напаіць з палонкі, але перш мыў у ёй сабе твар і рукі. Верылі, што жывёла быццам бы пасля гэтага набіралася розуму ад чалавека і была яму паслухмянай на працягу ўсяго лета.
Беларусы, як і іншыя славянскія народы, звязаныя гаспадарчай дзейнасцю з зямлёй і жывёлагадоўляй, з нецярпеннем чакалі вясенняга цяпла, жадалі, каб вясна прыйшла ранняя і цёплая. Наконт гэтага з Саракамі ў народзе звязана вельмі многа павер'яў і прыкмет.
Па-першае, надавалася важнае значэнне прылёту птушак. Чакалі, што «на Саракі прыляціць сорак выраяў». А калі прыляцелі птушкі, то й надзеі селяніна павінны былі спраўдзіцца. Народныя вераванні тлумачылі, што быццам бы птушкі на сваіх крылах прыносяць сапраўдную вясну. У беларускім фальклоры гэты момант зафіксаваньі ў многіх прыказках і прымаўках: «На Саракі прыляцелі з-за мора шпакі», «На Саракі прылятае сорак жаваранкаў», «На Саракі сарока звіла ў гняздо сорак пруцікаў» і г. д.
Па-другое, на Саракі павінна было пракаціцца «сорак калёс па зямлі», для чаго моладзь, якая збіралася на гулянне ў гэты дзень, качала па зямлі колы ад калёс. Нават існавалі спецыяльныя гульні, прымеркаваныя да гэтага звычаю. Як вядома, людзі яшчэ карысталіся санямі, а кола ўжо
сімвалізавала сабой летні транспарт, на які пераходзіў селянін у час веснавых работ.
Па-трэцяе, сваімі паводзінамі чалавек паказваў, што ён ужо не баіода холаду і зімы, а вітае Сонейка, якое растапіла месцамі снег да першых веснавых праталін, сагнала яго і з вясковых сцежак на больш высокіх месцах. Напрыклад, на Міншчыне быў звычай, калі дзеці днём босымі нагамі бегалі па такіх сцежках ці па вуліцы, але толькі там, дзе снег сышоў да зямлі. На такіх сцежках ці іншым сухім месцы гушкаліся дзеці. Вера Міхайлаўна Мышко, 1916 года нараджэння, з вёскі Залужжа Старадарожскага раёна ўспамінае: «Скакалі на досках тыя гады. Паложаць палена, а папярок доску вялікую, доўгую. I адна стане на адзін канец, а другая на другі. I мы босыя на той досцы даём ужо Сарака. Скакалі босымі нагамі: тая стукне, а тая падскочыць, а тады тая стукне, а тая падскочыць. Скакалі так на Сарака ў свята» (8-93-270-4, л. 53).
Гушканне ў дзень Саракоў было найбольш займальнай і любімай забавай у беларусаў. 3 гэтага дня вешалі арэлі — прывязвалі да столі ў хаце, за бэльку ў пуні ці хляве альбо за высокі сук да дрэва вяроўку і гушкаліся на ёй. Прычым кожны імкнуўся раскачацца як мага вышэй. На Шуміліншчыне Віцебскай вобласці з гэтым было звязана павер'е, што тады будзе расці высокі лён і таго, хто вышэй за ўсіх раскачаецца на арэлях, улетку не будуць кусаць камары.
3 днямі Саракоў былі звязаны і некаторыя гаданні ў беларусаў. На Слонімшчыне дзяўчаты гадалі на будучае замужжа. Гуртам выпякалі сорак піражкоў і кожная пазначала свой. Потым раскладвалі іх у адзін рад на парозе, прыгаворваючы:
Веець, веець
Вясенні вецярок, Прыйдзі, мой міленькі, Дам табе піражок, 3 мёдам сычаным, 3 ласкай дзявічаю!
і ўпускалі сабаку. Чый піражок будзе з'едзены першым, тая і замуж пойдзе раней.
Даволі пашыраным у нашым краі быў і такі звычай: у адзін з піражкоў, што пяклі ў гэты дзень, клалі 20-капеечную манету, якую называюць «саракоўкай», і, калі елі піражкі, пра таго, хто знаходзіў у сваім піражку такую манету, гаварылі, што яму будзе шчасціць цэлы год.
Зразумела, што такі дзень не застаўся і па-за ўвагай народных метэаролагаў. Калі на Саракі быў марозны дзень — гаварылі, што трэба чакаць наперадзе сорак маразоў. Паводле народнага календара, які склаў У. А. Васілевіч, калі ад Грамніц да Саракоў не было дажджу і «не расквасіла» дарогу, то трэба было спадзявацца на сухое лета. Калі на стрэхах хат да Саракоў яшчэ ляжаў снег, то і на Благавешчанне ён будзе пакрываць зямлю, а месцамі праляжыць да святога Юр'я.
Як бачым, у народным жыцці абрады, рытуалы і павер'і беларусаў, прымеркаваныя да Саракоў, маюць аграрна-магічную накіраванасць. Яны адпавядалі імкненням нашых продкаў хутчэй выйсці ў поле, прыступіць да самай адказнай і руплівай працы — на зямлі, якую пачыналі аратыя і сейбіты. I ўзніклі яны як вынік спрадвечных чаканняў і жаданняў селяніна-хлебароба.
На Саракі дзень з ноччу мераюцца.
На Саракі пайшла зіма да ракі.
На Саракі пайшоў снег да ракі.
На Саракі ў адзін дзень сорак марозаў.
На Саракі прылятае сорак выраяў.
Калі на Сорак мучанікаў мароз, то яшчэ сорак маразоў будзе.
Мароз казаў: «I ў маі тры дні маю».
У хрысціянскім календары Вялікдзень рухомае свята і штогод прыпадае на перыяд з 4 красавіка па 8 мая. Яно адзначаецца ў католікаў у нядзелю пасля поўні, якая наступае следам за 21 сакавіка, ні дакладней, перыядам вясенняга раўнадзенства, а ў праваслаўных вернікаў пасля 21 сакавіка адлічваецца ўперад 13 дзён і таксама вызначаецца нядзеля пасля поўнага месяца.
У жыцці нашых продкаў-язычнікаў Вялікдзень адзначаўся ў гонар Бога Сонца — Даждзьбо-
га. Менавіта адтуль і прыйшла гэта назва ў сучасную беларускую лексіку, бо, як вядома, хрысціянская назва свята — Пасха. Вясеннія шматкантрастныя «паводзіны» прыроды выклікалі ў анімістычных разважаннях старажытных людзей уяўленні аб барацьбе прыродных стыхій: ціхіх і ветраных дзён, снегападу і дажджоў, цемры і святла, холаду і цяпла, кантрастнасць якіх выразна падкрэслівала воблачнае або чыстае неба. Актыўнае сонечнае цяпло ў красавіку днём суправаджалася журчаннем ручаёў і спевам жаўрукоў, ноччу ж, наадварот, у свае правы ўступала цемра, пад пакровам якой яшчэ заўважна праяўляў свае здольнасці мароз. Так паўтаралася многія суткі. Але час ночы і цемры няўмольна звужаўся, працягласць дня станавілася большай за ноч, што давала магчымасць чалавеку разважаць аб пераканаўчай перамозе Сонца над цемрай і холадам, своеасаблівым уваскрашэнні яго да новага вітка жыцця. На новае кола жыцця пад сонечнымі промнямі адраджалася і зямелька. Усё гэта не магло не радаваць славяніна-земляроба. Вітаючы перамогу Сонца (Даждзьбога) і пачатак аднаўлення зямной прыроды, нашы продкі-язычнікі спраўлялі свята вялікага дня — Вялікдзень.
Як і славяне, у дахрысціянскія часы падобныя святкаванні адзначалі егіпцяне, фінікійцы, грэкі, фрыгійцы і іншыя народы. У старажытных егіпцян уваскрэсенне вярхоўнага Бога Асірыса нават сустракалі словамі «Асірыс уваскрэс!». Зразумела, што хрысціянства, як рэлігія больш позняга перыяду, увасобіла лепшыя традыцыі язычніцтва і стваралася на іх. Да дзён паслявясенняга раўнадзенства ў хрысціянстве прымеркаваны дні смерці і уваскрэсення Ісуса Хрыста.
Згодна хрысціянскай міфалогіі, у пятніцу іудзеі асудзілі Сына Божага на смерць праз распяцце яго на крыжы. У суботу прыхільнікі Ісуса Хрыста выпрасілі ў іудзейскага цара дазвол на пахаванне і перанеслі яго цела ў пячору, заваліўшы ўваход вялізным каменем. А ў нядзелю,
калі Маці Божая з сваімі сяброўкамі прыйшла, каб апрануць свайго сына-нябожчыка ў пасмяротнае адзенне і зрабіць адпаведнае ўбранне яго пасмяротнага ложа, Анёл у белым адзенні абвясціў ёй і жанчынам, што Ісус Хрыстос уваскрэс. Менавіта таму, як толькі пачынаецца нядзеля (апоўначы з суботы на нядзелю) у царквах і касцёлах робіцца тройчы абыход вакол храма, пасля чаго свяшчэннікі ўрачыста абвяшчаюць: «Хрыстос уваскрэс!» Са словамі «Хрыстос уваскрэс!» на працягу нядзелі і наступных двух дзён, сустракаючыся са сваімі знаёмымі, роднымі, сябрамі, вітаюцца ўсе хрысціяне, на што адказваюць «Ва ісціну ўваскрэс!» і цалуюцца.
У народным жыцці гэта свята мае свае адметныя адценні і каларыт. Напярэдадні да чацвярга, які называюць «чысты чацвер», старанна прыбіралі ў хаце, мылі падлогу, вокны, бялілі ці абклейвалі шпалерамі хату, мыліся ў лазні. А ў суботу зранку завешвалі на вокны новыя фіранкі, на абразы — набожнікі, замешвалі ў дзяжы цеста на пірагі і з абеда распальвалі ў печы. Кожная гаспадынька рыхтавала святочныя стравы: смажыла мяса, каўбасу, варыла цыбульнае шалупінне і фарбавала ў яго адвары велікодныя яйкі.
«Свята Вялічка — з красным яічкам», — гавораць у народзе. Яйка з'яўляецца вельмі важным атрыбутам велікодных дзён. Яно сімвалізавала сабой, з аднаго боку, сусветную прастору, нашу галактыку, а з другога — кругаварот і бясконцасць жыцця, пачатак усякага адраджэння да жыцця. Як і ў большасці іншых славянскіх народаў, нашы продкі афарбоўвалі велікодныя яйкі ў зялёны, блакітны, чырвоны, жоўты колер, рабілі яйкі-пісанкі, расчэрчаныя або расфарбаваныя рознымі сімвалічнымі ўзорамі і колерамі. Такому яйку надавалася магічная сіла: з ім выганялі першы раз на пашу жывёлу, каб засцерагчы яе ад злых чараў ведзьмакоў, закопвалі ў першую баразну ці на ўскрайку нівы, каб тая добра радзіла, і г. д. Са спрадвечных часоў у нашым