3 крыніц спрадвечных  Уладзімір Сысоў

3 крыніц спрадвечных

Уладзімір Сысоў
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 415с.
Мінск 1997
75.4 МБ
Прымеркаванасць тых ці іншых рытуалаў, гасцяванняў, гульняў да канкрэтных масленічных дзён, відаць, была абавязковай у язычніцкія часы. Напрыклад, у суседняй Расіі, дзе Масленка захавала намнога больш актыўны і разгульны пачатак, чым у нас, па звестках вядомага рускага фалькларыста I. П. Сахарава, да кожнага дня абавязкова дапасоўваліся канкрэтныя дзеянні: у панядзелак — сустракалі Масленку, у аўторак — «зангрышн»: пачатак катанняў з горак і хаджэння ражаных, у сераду — цёшчыны пачастункі, у чацвер — дзень вулічнага «разгулу», у пятніцу — цёшчыны вячоркі: цёпічы хадзілі ў госці да зяцёў, у суботу — залоўчыны пасядзелкі: маладыя нявесткі збіралі да сябе сваю радзіну, у нядзелю —
провады Масленкі*. Як відаць з вышэйапісаных дзён святкавання Масленіцы на Беларусі, падобная прымеркаванасць у нашым краі не заўсёды захоўвалася, а характар рытуалаў захаваў рэгіянальна-нацыянальную адметнасць.
Свята Масленіцы, на нашу думку, мае характэрнае яе часу сэнсавае і мэтаскіраванае значэнне. 3 аднаго боку, гэта была ў нашых продкаў своеасаблівая рытуальная мяжа на заканчэнні года. Яшчэ на пачатку хрыспіянскай эпохі на нашых землях на працягу некалькіх стагоддзяў на Масленіцу палілі агні, на якіх спальвалі зношаны абутак, старое адзенне, іншыя непатрэбныя рэчы. Палілі і Масленіцу, чучала якой рабілі з саломы. Але Масленіцу не толькі спальвалі, а яе, як сведчаць дайшоўшыя да нас песенныя крыніцы, закапвалі і ў зямлі, харанілі:
...А мы Масленіцу пракацілі, Ў пясок яе закапалі, Да на лета яе прыбралі.
Гэта міфічная істота ў далейшым жыцці была варожая чалавеку, чаму ён і пазбаўляўся яе. Магчыма, Масленіца сімвалічна ўвасабляла ў сабе стары год, зло, холад ці адпаведных гэтаму Духаў, якія, як і зношаны абутак, адзенне і іншае, знішчаліся на агні. Усё старое, непатрэбнае і варожае павінна было застацца за парогам старога года. Усе думы і чаканні чалавека, выражаныя ў яго масленічных абрадах і рытуалах, цяпер былі звернуты да Сонца, якое ўсё актыўней уваходзіла ў фазу сагравання зямлі і яе штогадовага вяртання да жыцця. У масленічных песнях спявалі: «А зіма нам надакучыла, надакучыла, па вясенцы мы саскучылі, саскучылі...».
На заканчэнне года своечасова было праведаць
* Гл.: Сказання русского народа, собранные Н. П. Сахаровым. М., 1990. С. 328.
і маладыя пары, якія восенню ці пасля Каляд у мясаед уступілі ў шлюб. Гэта была адна са звычаёва-прававых норм паводзін чалавека ў сваім сацыяльным калектыве, якая дайшла да нас яшчэ з часоў радавога грамадства. Падтрымка ўвагай і словам маладой сям’і праз павучанне, ушчуванне, дасціпны жарт ці нават намёк на што-небудзь заўсёды былі да месца: хай благое застаецца ў старым годзе, а ў новы год маладая пара павінна ўступіць, забыўшы старыя крыўды, з добрымі думамі, настроем і шчаслівай надзеяй.
3 другога боку, для сялян быў адказны перыяд заканчэння запускаў кароў перад ацёлам або ў некаторых выпадках ужо да гэтага часу каровы цяліліся. Так ці інакш, але менавіта Масленіца пачынала новы малочны год і прыбытак пагалоўя жывёльі ў сялянскай гаспадарцы. Таму ў старажытныя часы шматлікія рытуалы гэтых дзён былі звернуты да язычніцкага Бога Вялеса — ахоўніка дамашняй жывёлы і багацця на падвор'і. Сыр, масла, тварог і іншыя малочныя прадукты, якія так шчодра выстаўляліся на святочным стале, у першую чаргу трэба разглядаць, як ахвяравальную ежу апекуну сялянскай гаспадаркі Богу Вялесу. На Магілёўшчыне у сувязі з гэтым да нашага часу захавалася павер’е, пра якое жыхары вёскі Ржавец Чэрыкаўскага раёна расказваюць: «Ета ўсігда сабіраліся жэншчыны асобенна, у каго скот, і танцувалі, пелі, гулялі, каб каровы не ялывалі, што б карова пагуляла ды цялілася. А калі не будзеш гуляць Масленку, дык карова будзя ялыўка» (8-93-273-1, л. 24).
Масленічныя рытуалы і паэзія як па часе, так і па зместу вельмі блізка стаяць да вясенняй абраднасці. Іх аб’ядноўвае і мэтавая скіраванасць: маленні і прашэнні аб сонечным цяпле, адраджэнні прыроды і хутчэйшым прыходзе вясны. Таму ў земляробчым календары масленічныя абрады і песні адносяцца да вясенняй традыцыйнай абраднасці, якую яны і пачынаюць.
Масленіца-палізуха: сыр і масла палізала. Будзе Масленка, будзе ля пупа красненька. Масленка з блінамі, а пост з грыбамі. Масленіца-пакатуха, працянісь-ка ты да Духа. Масленіца-палізуха, працяніся хоць да Духа. Калі Масленіца ў маладзіку, сей вясною пшаніцу ва ўсю руку.
А МЫ МАСЛЕНІЦУ ДАЖЫДАЛІ...
Масленічная.
А мы масленіцу дажыдалі, Дажыдалі, люлі, дажыдалі.
Ўсе на горушку выбігалі, Выбігалі, люлі, выбігалі.
Гору масілцэм пылівалі, Пылівалі, люлі, пылівалі.
Гору сырніцэй пасыпалі, Пасыпалі, люлі, пасыпалі.
— А ты, горушка, будзь катліва, Будзь катліва, люлі, будзь катліва.
Нашы бабушкі вуркатлівы, Вуркатлівы, люлі, вуркатлівы.
Мы думылі, маслінца сем недзелік, Сем недзелік, люлі, сем недзелік.
Ажна маслінца сем дзянёчкаў, Сем дзянёчкаў, люлі, сем дзянёчкаў.
(8-96-292-1, л. 8)
А ТЫ, МАСЛЕНІЦА, БЕЛЫЙ СЫР...
Масленічная. «На масленіцу ўжо ж свадзьбы. атыйшлі, а ета ўжо дражняць маладуху, якая дужа перабірала сватоў».
А ты, масленіца, Белый сыр, Ай, люлі, люлі, Белый сыр.
А катора замуж пашла, Бацькіна дачка.
Ай, люлі, люлі, Бацькіна дачка.
А хто замуж ні пашла,	А ты, масленіца,
Суккіна дачка,	Палізуха,
Ай, люлі, люлі,	Ай, люлі, люлі,
Суккіна дачка.	Палізуха.
А хто ж цябе	палізаў —
Маладуха, Ай, люлі, люлі, Маладуха*.
(8-94-279-1, л. 19)
МАСЛЕНКА — БЕЛЫ СЫР...
Масленічная.
Масленка — Белы сыр**,
* Падобную песню-дражнілку спявалі і хлопцу, які занадта перабіраў дзяўчат. Толькі замест слоў «суккіна дачка» спявалі «суккін сыв>:
...А хто не жаніўся,
Суккін сын, Ах, люлі, люлі, Суккін сын.
А хто жаніўся, Бацькін сын, Ай, люлі, люлі, Бацькін сын.
** Кожны куплет паўтараецца.
— Пабіў мяне, маменька, Суккін сын.
— Ты б, маё дзіцятка, Уцікла.
— А чорт яго, маменька, Уцячэш.
За русую косаньку Валачэць.
(8-92-265-1, л. 45)
КАЛОША МАЯ, ЗІЛІНАЯ МАЯ...
Масленічная.
Калоша мая, зіліная мая, He шумі і ў лузе, у-ух!
He шумі і ў лузе. He будзі свёкарька, у-ух!
А мой свёкарька лютый, Ён някрепенька спіць, у-ух!
Ён някрепенька спіць, А ён рана ўстае (ць), у-ух!
А ён рана ўстаець, I мяне пабудзе (ць), у-ух!
I мяне пабудзець,
Па вадзіцу пашле (ць), у-ух!
А я млада журюся, Па ваду йціць баюся, у-ух!
Па ваду йціць баюся, Дзівярёчку кланюся, у-ух!
— Дзівярёчак-брахінька, Пайдзём-ка мы са мно (ю), у-ух!
Пайдзём-ка мьі са мною, Бярі гуслі с сабо (ю), у-ух!
А я буду ваду браць, А ты ў гуселькі граць, у-ух!
А я буду ваду несць, А ты ў гуселькі пець, йэ-эх!
(8-94-279-1, л. 17—18)
А 3-ПАД ГОРЫ, ГАРЫ...
Масленічная.
А з-пад горы, гары
Ручай коціцца.
П р ы п е ў: Ой, лілюлюшкі, Ручай коціцца*.
Дачка ў мамачкі
Гуляць просіцца.
Пусці, мамачка, На раўчэй гуляць.
На раўчэй гуляць, Сілізня відаць.
— Сілязенечка, Ты мой сізенькі.
Раскажы-ка й ты, Дзе мой міленькій?
— А твой міленькій
На вайне убіт.
(8-94-279-1, л. 20)
* Прыпеў і апошні радок паўтараюцца пасля кожнага куплета.
Гуканне вясны — язычніцкае свята, якое адзначалася ў дахрысціянскія часы на пачатку года, з першага сакавіцкага дня. Па сучасным календары гэта дата змясцілася на 14 сакавіка. Шматлікія рытуалы і абрады гукання вясны працягваліся да таго часу, пакуль аратыя не выходзілі ў поле рыхтаваць глебу пад вясеннія пасевы.
Прыход вясны ва ўсе часы быў чаканым і жаданым у народзе. Адраджэнне прыроды да новага вітка жыцця, хараство і непаўторнасць вясенніх
колераў, як і водар квітнеючых садоў і палёў, успрымаліся чалавекам, як Божы дар, якім надзялялі яго жыццёванеабходная энергія сонца, нараджаючая моц маці-зямлі і вегетатыўныя і жыватворныя сілы вады. I хаця ў сакавіку зімовыя завірухі і маразы яшчэ неахвотна ўступалі свае правы вясеннім сонечным дням, у красавіцкія дні вясна была ўжо поўнаўладнай гаспадыняй на зямлі. «У марцы, як у гарцы», — гаварылі сяляне, падкрэсліваючы адметнасць сакавіцкага надвор’я, бо «сакавік часамі снегам сее, а часамі сонцам грэе». Наступны ж месяц у народным асэнсаванні азначаны так: «Красавік хоць у лесе белы, але на полі чорны» або, калі вясна была ранняя: «У красавіку сонца зямлю грэе, а зямля прэе і зелянее».
Чалавек з яго спрадвечнымі вераваннямі і надзеямі імкнуўся па магчымасці пасадзейнічаць больш хуткаму прыходу вясны, якая ўяўлялася яму ў выглядзе маладой прыгожай дзяўчыны. У рытуалах і абрадах гэтага часу вясну клікалі да сябе, ёй прыносілі ахвяраванні, дзеля яе наладжвалі гульні, карагоды, спевы, прасілі сонейка хутчэй сагрэць зямельку. Ва ўсходнеславянскіх народаў гэта быў цэлы комплекс рытуалізаваных святкаванняў, які атрымаў назву гуканне вясны.
Безумоўна, што хрысціянства на працягу тысячагадовага існавання на нашых землях імкнулася ўвесь час адцясніць ці падмяніць язычніцкія традыцыі вясенняй абраднасці сваімі святамі і набажэнствамі. Аўдакея, Саракі, Пасха, Благавешчанне — гэта ўжо хрысціянскія або часткова хрысціянізаваныя мясцовыя святы, якія прымяркоўваліся да найбольш важных язычніцкіх рытуальных дзён. Відавочны ўплыў да нашага часу на вясеннюю абраднасць аказаў перадвелікодны сямітыднёвы пост, які змясціў пачатак гукання вясны ў беларусаў у асноўным да Благавешчання. I толькі ў паўднёвых раёнах Гомельшчыны і Брэстчыны дзе-нідзе гукаюць вясну да пачатку посту. Разам з тым у народнай традыцыйнай
культуры вышэйадзначаныя хрысціянскія святы змясцілі і захавалі ў сабе як адпаведныя новай рэлігіі набажэнствы і рытуалы, так і язычніцкія абрадавыя моманты, прымеркаваныя да канкрэтнага часу. Прычым, што назіраецца не так ужо і рэдка, язычніцкая вясенняя абраднасць у гэтых святах часам пераасэнсавана ў розных варыянтах пад хрысціянства. Паставыя дні прадвызначылі таксама актыўнае бытаванне ў беларускім фальклоры гэтага перыяду шматлікіх псалмаў — «бажэственных песень», якія спявалі пераважна людзі старэйшага ўзросту ў час маленняў, за працай і г. д.
Рытуальныя вясеннія святкаванні пачыналіся са спальвання зімы. На высокіх пагорках за сялом моладзь разводзіла агні, на якіх «палілі зіму»: спальвалі льняное мялле, якога было дастаткова ў кожным двары пасля апрацоўкі лёну, зношанае адзенне і абутак, розныя непрыгодныя ў хатнім ужытку рэчы. Ля вогнішча са смехам і жартамі гулялі ў розныя гульні, пераскоквалі праз агонь, спявалі песні-вяснянкі: