З крыніц спрадвечных  Уладзімір Сысоў

З крыніц спрадвечных

Уладзімір Сысоў
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 415с.
Мінск 1997
75.4 МБ
Зайшоўшы па запрашэнню гаспадара ў хату, сваты віталіся, кланяліся гаспадарам і, заявіўшы аб мэце свайго прыезду, ставілі на стол хлеб, соль і гарэлку. Рытуалы ўваходу сватоў у хату дзяўчыны маюць на Беларусі некалькі варыянтаў.
У Чэрыкаўскім раёне старшы сват, паднёсшы да стала хлеб, соль і гарэлку, прыгаворваў:
Кладзём Вам хлеб, соль і гарэлку, Аддайця нам красную дзеўку.
(8-93-273-1, л. 6)
У Буда-Кашалёўскім раёне сваты, зайшоўшы ў хату, пыталіся:
Ці можна нам у Вашай хаці пабываці,
Ды Вашу нявесту павідаці, А Вам нашага маладога паказаці?
(8-94-285-2, л. 5)
На Рагачоўшчыне, Слаўгарадшчыне і Кармяншчыне, пераважна сярод беднякоў, да дня сватання жаніх павінен быў сплесці дзяўчыне лапці. Прычым хлопец стараўся нарыхтаваць мяккае лыка і сплесці з яго прыгожыя белыя лапці, каб абутак спадабаўся нявесце і яе бацькам. Пераступіўшы парог хаты, старшы сват гаварыў:
Шуру-буру, Лапці ў хату!
Калі сваты і жаніх былі бацькам да спадобы, то яны адказвалі:
Лапці на крук, А гасцей просім На Божы кут.
Госці вешалі падарунак жаніха на крук, які быў убіты ў кожнай вясковай хаце ў сцяну каля печы, і праходзілі да стала, што стаяў у вялікім пакоі перад абразамі.
А калі сваты ці жаніх не падабаліся гаспадару хаты, то ён даваў адваротны адказ:
He шурай, не бурай, Лапці з хаты забірай.
Спачатку размову за сталом вялі сваты ад хлопца і бацькі будучай нявесты. Старшы сват наліваў усім па чарцы гарэлкі і прасіў бацьку і маці дзяўчыны параіцца з ім аб іхняй справе. Калі ў час размовы сватняя гарэлка была выпіта да дна і гаспадар дома ставіў на стол сваю бутэльку і закуску, гэта азначала, што згода бацькоў на выданне дачкі сватамі атрымана, а сватняя справа
вырашана станоўча. Напрыклад, на Слонімшчыне дзяўчына, бачачы, што сватняя бутэлька пустая, падыходзіла да стала, забірала яе і ішла ў камору ці іншае месца, дзе бацькі захоўвалі збажыну; яна насыпала сватнюю бутэльку жытам, абвязвала яе чырвонаю стужкаю з сваёй дзявочай касы і ставіла зноў на стол. Потым, калі сваты паедуць, маці хавала гэту бутэльку за абразы, дзе яна стаяла да дня вяселля. А на вяселлі, калі маладыя выходзілі з хаты, каб ехаць пад вянец, маці абсявала іх гэтым жытам. Як адзначаюць мясцовыя жыхары, гэта яна «аддавала дачушцы долю» або «надзяляла доляю».
Сватняя гарэлка ў абрадзе мела даволі сімвалічнае значэнне: калі бацькі не хацелі аддаваць дачку за хлопца, то сватнюю гарэлку «да дна» ніколі не дапівалі; калі ж і выпілі сватнюю гарэлку, але па нейкіх прычынах шлюб не мог адбыцца, то бацька вяртаў такую ж бутэльку з гарэлкай сватам, бо ў адваротным выпадку сваты пакідалі за сабой права нанесці абразу сям'і дзяўчыны — вымазаць дзёгцем вароты, абнародаваць пэўную загану дзяўчыны, з-за якой не адбыўся іплюб, і г. д. У Старадарожскім раёне «...сваты бяруць гарэлкі бусел — гэта чатырохлітровая бутылка і ў маладой тожа ставяць такі бусел. I потым яны зліваюць патрошкі ...у адну пасуду гарэлку: чый будзя верх, хто апошнім налье, хто ўжо перацягне, той будзе мець верх у сям'і» (8-93-270-1, л. 37).
Як толькі гаспадар падаваў на стол сваю гарэлку, маці дзяўчыны абвязвала сватоў ручнікамі — «бацьку і бацьку кроснаму ўжэ намітку падчэпяць і другім сватам тожэ палатно такоя тканае» (8-93­270-2, л. 38). Тады ж запрашалі за стол і дзяцей — жаніха і нявесту, каб пачуць і іх згоду на рашэнне бацькоў. Калі ж дзяўчына была супраць замужжа, то яе ўгаворвалі, пераконвалі і ўрэшце рэшт імкнуліся дабіцца асабістай згоды дачкі на шлюб.
3 абрадам сватання ў нашым краі звязаны і некаторыя павер'і і прыкметы. Каб сватняя спра-
ва ўдалася, маці, выпраўляючы з хаты сватоў, зычыла ім поспеху і «накладвала» ўслед рукою крыжык. 3 гэтай жа мэтай старшы сват браў з сабою ў рукаў грамнічную свечку, а на Віцебшчыне маці звязвала пасля выезду сватоў у дарогу «усё, што ёсць у качарэжніку: памяло, качаргу, вілкі, чапялу, венік і г. д.».
Калі ж сватам нехта пераходзіў дарогу, а тым болып з пустымі вёдрамі, ці перабягала ўперадзе праз дарогу кошка, то ўся сватняя дружына вярталася назад, бо падобныя дзеянні прадказвалі няўдачу ў задуманай справе. Вярталіся дадому сваты і тады, калі ў дарозе часта іржаў конь або калі, едучы, чулі спеў пеўня. У такіх выпадках у сваты выязджалі ў іншьі раз.
На Случчыне сваты, зайшоўшы ў хату, садзіліся на лаве ад двара, бо на лаву, якая стаяла ад вуліцы, тут клалі нябожчыкаў, і калі хто са сватоў сядзе на яе, то «адзін з маладых хутка заўдавее».
У народзе таксама лічылі, што ў сваты лепш выязджаць маладзіком.
Дзяўчына ў бацькі ў гасцях.
Дзеўкі — як вярба: іх усюды перасаджваюць.
Прыйшла пара — ступай з двара.
3*вялікай выбірачкі падсуне чорт гарачку.
Жонку выбірай не вачамі, а вушамі.
Шукай жонку не на йгрышчы, а на ржышчы.
Суджанага і канём не аб'едзеш.
Жні пшанічаньку прызеляненькую, аддай дачку маладзенькую.
Хоць за старца, абы ў дзеўках не застацца.
Гора маё чубатае! Ніхто мяне не сватае.
Дзеўка маткаю красна.
Да мілай сцежка лёгкая.
3 каго кпіла, смяялася, таму сама дасталася.
Хлопца за свата не пасылаюць.
Ш1Г
Заручыны — перадвясельны абрад, на якім сустракаліся род жаніха і род нявесты, каб даць сваю згоду на шлюб маладых і абмеркаваць пытанні, звязаныя з правядзеннем вяселля.
Значэнне, пашана і гонар роду ва ўсе часы мелі важнае значэнне ў жыцці нашых продкаў. Дамоўленасць бацькоў аб жаніцьбе сына і дачкі яшчэ не мела поўнай сілы ў вырашэнні гэтага пытання. Апошняе слова павінен быў сказаць род, a дакладней яго члены як з боку хлопца, так і з бо-
ку дзяўчыны. Адсюль і паходзіць назва заручыны, этымалагічнае значэнне якой — заручыцца падтрымкай, атрымаць згоду на дамоўленасць бацькоў у час сватання. На Беларусі, асабліва ў яе ўсходняй частцы, даволі актыўна бытуе і яшчэ адна назва гэтага абраду — запоіны, якая паходзіць ад мясцовага выразу «запіць дзеўку».
Як і сватанне, заручыны праводзіліся ў хаце нявесты, звычайна на працягу тыдня-двух пасля прыезду сватоў. Абрадавае застолле пачыналася недзе з абеду. Пачыналі яго старшы сват ад хлопца і бацька ці бацька хросны дзяўчыны. Яны аб’яўлялі прысутным аб згодзе бацькоў пажаніць дзяцей і пыталіся, ці мае хто з роду што-небудзь супраць іх дамоўленасці. Такое пытанне мела даволі грунтоўнае значэнне, бо калі здаралася, што хтосьці з кімсьці меў раней сварку ці бойку або па іншых прычынах незадаволенасць і варожасць у адносінах паміж сабой, то цяпер гэту праблему вырашалі калектыўна і ўжо па-сяброўску. У такім выпадку варожыя бакі прымушалі прынародна памірыцца і пацалавацца. Інакш і нельга было: з гзтага дня род хлопца і род дзяўчыны лічыліся ў адносінах адзін да аднаго сваякамі.
Першую чарку выпівалі за згоду бацькоў і «каб усё было добра». На пачатку застолля дамаўляліся аб пасагу, які бацькі павінны даць дзяўчыне. Старшы сват ад хлопца звяртаўся да бацькі дзяўчыны прыкладна з такімі словамі: «3 чым жа Вы выдаеце дачку? Што даеце дачцы на пасаг, a ёй і зяцю на разжыванне?» На што бацька, часам пажартаваўшы, што пасагу не будзе, урэшце рэшт павінен быў назваць суму ці пералічыць тавар, які атрымае дзяўчына на пасаг.
У Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці ў час такой размовы жанчыны спяваюць:
Увайдзі, Божа,
Уступі, Божа, Ды ў нашую хатку, Дай, Божа, шчасце, Дай, Божа, долю Нашаму дзіцятку...
Калі пытанні пасагу і сяброўскіх адносін паміж сваякамі былі вырашаны, на застолле запрашалі маладых і знаёміліся з паднявесніцамі нявесты, яе старшымі дружкамі або, як іх яшчэ называюць, — шаферкамі. Вядомая на Магілёўшчыне знаўца сямейных абрадаў і песень Ефрасіння Іванаўна Мельнікава расказвае, як гэта адбываецца ў вёсцы Урэчча Слаўгарадскага раёна: «Нявеста і паднявесніцы стаяць у парозе, а сваты і людзі сядзяць за сталамі. I заслата века белешочкай скацерачкай: булка хлеба на веку, соль, свечка гарыць. ...Ну і нясуць падаркі... ужо кладзець нявесце на века матка або сістра, а іна падношала на заручынах бацьку, свёкру, свату, хто там ёсць, ...чалавекам пяцём дае. Раньшэ жа палатно толькі было, не было купленага нічога, дак палатно дарылі. А на свадзьбе іна ўжо ні свёкру, ні свякрусе падаркаў не давала, толькі на заручынах.
А тады падводжуць наперад на паднявесніцы к сталу дочку бацькі хроснага. Сват кладзе ёй грошы — дваццаць капеек. Гэта цяпер тысячы, a тады за дваццаць капеек можна было купіць харошы шарсцяны платок. Тады падводжуць дочку маткі хросныя, тады ўжо йшчэ падругу якую трэцюю, а тады ўжо нявесту вядуць к сталу. Яна ўжо кладае сватам падаркі, а свёкар ёй дае грошы. Ну, а мы пяём:
Ня гнісь, свёкарка, ня гніся, А ўкінь чырванец і ў карец, Белыга рубля на рукі, Каб ім ні было разлукі!
Ну на веку свечачка гарыць, чаркі наліваюць — усім ужо паднявесніцам і ёй, нявесце, чарку. I ёй свёкар ужо там сколькі: ці пяць, ці дзесяць рублёў, ці тры — колькі ўжо пакладзе...» (8-94­282-2, л. 8—9).
У старажытныя часы, калі да дзяўчыны сваталася некалькі жаніхоў, паміж іх дружынамі ў дзень заручын праводзілася спаборніцтва на сілу, кемлівасць і лоўкасць — і толькі той, хто пера-
ЖвЖ
магаў, варты быў рукі нявесты. Гледачом і адзіным суддзёю ў такім выпадку быў яе род. Пра гэты рытуал сведчаць шматлікія казачныя сюжэты, у якіх цар-бацька, перш чым выдаць маладую царэўну замуж, наладжвае будучым зяцям розныя перашкоды (загадвае загадкі, пасылае здабыць заморскія падарункі, прымушае даскакаць на кані да дачкі, якая знаходзіцца ў высокай вежы, і г. д.), правяраючы тым самым іх розум, свядомасць, спрыт. У шырока вядомай шматварыянтнай беларускай вясельнай песні «Як пайшлі мы на заручыны...» спяваюць:
Як пайшлі мы на заручыны, А там дзверы пазакручаны. Пакуль дзверы адкруцілі, Нашу Светачку заручылі...
Рэлікты падобнай барацьбы жаніхоў за нявесту захаваліся і ў многіх рытуалах XIX—XX стагоддзяў. Паводле звестак беларускага этнографа А. Я. Багдановіча, у мінулым стагоддзі ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні род маладога, які прыехаў на заручыны, павінен быў як бы «зваяваць» двор, у якім жыла нявеста. Вароты ў падворку яе бацькоў былі зачынены перад «радзіначкай» жаніха на ўсе запоры. Госці стукаліся, прасіліся пусціць у двор, але іх як бы не чулі. Урэшце ў размову ўступаў бацька, які, называючы розныя прычыны («хата цесная», «падворак вузкі»), адмаўляўся адчыніпь вароты, а то і праганяў «купцоў-сватоў» ад двара, абражаючы іх «разбойнікамі». Калі спрэчка дужа зацягвалася, то «...часам жаніх, пералезшы праз плот, сам адчыняў сватам вароты». Нарэшце, зайшоўшы ў хату, госці жаніха «заставалі сваякоў нявесты за сталом ...і прасілі, каб іх, падарожных, пусцілі за стол. Радня нявесты на пускае. Сваты ставяць на стол баклагу з гарэлкай. Тады госці пацясняцца і саступаюць сватам месца ў ганаровым куце». Дружкі нявесты, якія прысутнічалі ў гэты час у хаце, спявалі: