З крыніц спрадвечных  Уладзімір Сысоў

З крыніц спрадвечных

Уладзімір Сысоў
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 415с.
Мінск 1997
75.4 МБ
№
Ляцелі коршуны чыраз бор, А селі коршуны к нам на двор. Чаго ж тыя коршуны лятаюць? Яны шэру вутачку шукаюць... А ты, шэра вутачка, хавайся, Лютаму сокалу не давайся, Бо ён цябе, вутачку, прыклюе, У чужую старану панясе.
Тады жаніх знаходзіў сярод дружак нявесту і выводзіў яе на сярэдзіну хаты. Да іх падыходзілі бацькі і сваты — хросныя бацькі. Бацька дзяўчыны складваў маладым рукі адна на адну і прасіў:
Дай, Божа, У добры час, На вясёла жыдце, На добрае здароўе, На доўгі век, На дзяцінае шчасце!
На заканчэнне яго слоў усе прысутныя хорам паўтаралі: «Дай, Божа!».
Завяршаўся гэты рытуал тым, што жаніх наліваў чарку гарэлкі, адпіваў з яе крыху сам і падносіў нявесце, а затым частаваў гарэлкай і яе сябровак*.
У дадатак варта сказаць, што падобны рытуал быў даволі пашыраным у нашым краі, і, напрыклад, на Пружаншчыне бацька, выконваючы такое благаславенне дзяцей на шлюб, рабіў гэта «на хлебе» — складваў рукі маладых на бохане круглага жытняга хлеба.
У Глускім раёне, па звестках беларускага фалькларыста В. I. Скідана, нявеста рыхтавала да заручын ручнік, спецыяльна вышываны для сватоў. На пачатку застолля старшы сват падносіў ёй чарку гарэлі, а яна абвязвала яго «накрыж праз плячо і пад паху, вузлом наперад» гэтым ручніком. Затым абменьваліся падарункамі паміж сабою бацькі маладых.
* Цыт. па кн.: Беларуская народная творчасць. Вяселле: аб рад/Уклад. К. А. Цвірка. Мінск, 1978. С. 285—287.
У кожным рэгіёне адпаведна патрабаванням канкрэтнай традыцыйнай зоны вылучаліся свае характэрныя для заручын рытуалы, песні, вераванні, пра што сведчаць і вышэйапісаныя абрадавыя дзеянні, але мэта гэтага абрадавага застолля заўсёды заставалася нязменнай — пачуць слова роду на плануемы шлюб маладых.
Паколькі нашы продкі рабілі вяселле маладым усім родам, то на заручынах дамаўляліся таксама, зыходзячы з магчымасцей роду, колькі будзе запрошана гасцей, хто чым дапаможа арганізаваць абрадавае застолле, у які дзень яно адбудзецца і г. д. Усе арганізацыйныя пытанні вяселля вырашаліся абавязкова толькі калектыўна.
У час заручын маладыя абменьваліся пярсцёнкамі або, як гэта было найчасцей, малады сам купляў і дарыў нявесце пярсцёнак.
На абрадавае застолле заўсёды запрашалі музыкаў, пад мелодыі якіх «радзіначка» маладых пасля ўсіх рытуалаў і вырашэння пытанняў, звязаных з правядзеннем вяселля, тынцавала, спявала песні, бліжэй пазнавалася паміж сабою. На падобных гуляннях часта спявалі жартоўныя вясельныя песні, або, як гавораць у народзе, «сватнія дражнілкі». Вось адна з такіх песень, запісаная ў Чэрыкаўскім раёне, што спявалі госці жаніха:
Як засватылі, ды й заручылі, Казалі кароў многа.
Як пайшлі даіць — Адзін бык стаіць, Рожычкі закручыны.
(8-93-273-3, л. 43)
На ад'езд «радзіне» маладога маці нявесты падносіла пірог і падарункі або, што было найчасцей, бохан хлеба.
3 дня заручын (запоін) і да вяселля маладых называюць заручоны і заручоная.
ПРАПІЎ БАЦЬКА ДАЧКУ...
Вясельная, на заручынах.
Прапіў бацька дачку На салодкім мядочку, Ды й на белай тарелцы.
Ды й на белай тарелцы, Ды й на горькай гарелцы, Да й напіўшыся скача.
Да напіўшыся скача,
Да напіўшыся скача, А праспаўшы ж усё плача.
А праспаўшы ўсё плача:
— Куды ж маё да дзіця пашло, А ці ў бор да па ягады?
А ці ў бор да па ягады, А ці ў бор да па ягады, Ці ў святліцу зы вадзіцай?
Свашачка,
Свашачка, мыя мамачка, Глядзі ж майго да дзіцятачка.
(8-94-285-2, л. 6)
ТЫ ЛІСТОК мой кляновы...
Вясельная, на заручынах.
Ты лісток мой кляновы, Куда ж цябе вецер гоня?
А ці ў луг, ці ў даліну, А ці ў чыстае поле?
— Ты, Надзечка маладая, Куда ж цябе бацька ’ддае?
Куда ж цябе бацька 'ддае, А ці ў людзі, ці ў тэтары?
А ці ў людзі, ці ў тэтары?
— Калі ў людзі — я з людзьмі буду.
Калі ў людзі — я з людзьмі буду, А ў тэтары — дык тэтарычкай.
А ў тэтары — дык тэтарычкай, А ў баяры — дык баярычкай.
(8-94-282-2, л. 8)
ОЙ, ЦЁМНЫЯ, НЯВІДНАЯ НОЧЫНЬКА...
Вясельная, на заручынах.
Ой, цёмныя, нявідная ночынька, Ой, вумная, разумная дзевычка. Паставіла старожычку ў варотах: — Стыражы ж, мая старожычка, вярненька, Пакулічка ясен месячык ня ўзойдзіць, Пакулічка малады хлопчычак прыедзіць. Аб'ехаў ён тры гарадочкі, два месцы, Ня выбраў ён луччэ дзевачкі-нявесты.
(8-93-273-1, л. 8)
ЯК ПРЫЙШЛІ МЫ НА ЗАРУЧЫНЫ...
Вясельная, на заручынах.
Як прыйшлі мы на заручыны, А там дзверы пазакручыны.
Пакуль дзверы адкруцілі, Нашу Светачку забілі*.
Зялёненькі падалешнічак, Калі рос, калі раскідаўся?
* Забілі — занялі, зваявалі, забралі.
Калі рос, калі раскідаўся, Калі ў вецця браўся?
А я рос у Вялікі пост, Раскідаўся проці лецічка.
Раскідаўся проці лецічка, Проці лета, проці цёплага.
Ты, Светачка, ты, малодыя, Калі расла, калі разумнела?
Калі расла, калі разумнела, А калі замуж паспела?
А я расла ў матулечкі, Разумнела ў татулечкі.
(8-92-265-3, л. 104)
Зборная субота — перадвясельны вечар, у час якога жаніх і нявеста збіраліся, рыхтаваліся да вяселля, кожны паасобна з сваёй дружынай. Паколькі традыцыйнае вяселле беларусаў пачынаецца ў нядзелю, то зборы маладых да перадшлюбных рытуалаў праводзіліся ў суботу, чым і тлумачыцца этымалагічнае значэнне гэтай назвы (даслоўна: збірацца да вяселля ў суботу).
Па традыцыі жаніх і нявеста не павінны былі сустракацца перад вяселлем сем дзён, пра што спяваецца ў многіх вясельных песнях:
— А чаго ж ты, Манечка, схмурнела, Ці твая ж галоўка балела?
— He балела ні галоўка, ні вочы. He бачыла Ванечку сем ночы...
Падобная забарона была скіравана супраць злых чараў, якія маглі зрабіць або наваражыць ведзьмакі, ці ўяўляемая чалавекам «нячыстая сіла», каб «расстроіць вяселле». Злыя ж чары, як верылі нашы продкі, здольны ўздзейнічаць на чалавека і шкодныя для яго толькі сем сутак, дакладней, на сёмыя суткі з пачаткам светавога дня яны губляюць сваю сілу.
Гэтыя Ж сем дзён былі разлічаны на тое, каб праявіць у маладых цікавасць і жаданне адзін да аднаго, даць магчымасць кожнаму з іх асэнсаваць свой шлюб як нешта сакральнае і ўрачыстае ў іх родзе.
У хлопца-жаніха ў зборную суботу на зыходзе дня збіраліся паджанішнік, або старшы шафер, яго сябры, браты, сёстры. Зборы жаніховай дружыны маюць у народзе і яшчэ адну назву — хлапечнік. Сабраўшыся, хлопцы вычэсвалі коней, змазвалі і рыхтавалі да паездкі на наступны дзень калёсы або брычкі — спецыяльныя павозкі для перавозкі людзей, добра кармілі нанач коней. Адначасова ў хаце ўпрыгожвалі маленькімі бубенчыкамі конскую вупраж, дугу абмотвалі жоўтай, блакітнай і чырвонай паперай або такімі ж стужкамі і прыбівалі да яе тры медныя званочкі: пасярэдзіне большы, а па баках крыху меншыя. У некаторых рэгіёнах, напрыклад у Глускім раёне, дугу да павозкі, на якой ехаў малады, апляталі яловымі галінкамі, а каб яны лепш трымаліся, зверху абкручвалі іх рознакаляровымі стужкамі. На заканчэнне, калі змеркне, бацькі жаніха рабілі для моладзі невялікае застолле, на якім таварышы развітваліся са сваім сябрамхаласцяком напярэдадні пачатку ім сямейнага жыцця і размяркоўвалі паміж сабою ролі і абавязкі на наступны дзень.
У паўднёвай частцы Беларусі ў гэты вечар у маладога маці хросная з яго цёткамі і сёстрамі
завівалі ёлку — упрыгожвалі маладое дрэўца ёлкі кветкамі з каляровай паперы, фальгі, палатна. Вершаліну такога завітага дрэўца вянчала вялікая прыгожая шышка чырвонага або зялёнага колеру.
Некалькі інакш праходзіў перадвясельны вечар у нявесты. У зборную суботу, якая адносна дзявоцкіх збораў мае найбольш пашыраныя ў нашым краі назвы: дзявочнік, суборы, паненскі вечар, вяночкі, дзявоцкія заручыны, дзявічкі, да дзяўчыны-нявесты прыходзілі сяброўкі — яе шаферкі. Маладая назначала сярод іх старшую дружку. У хаце нявесты ў зборную суботу праводзіліся чатыры вельмі важныя перадвясельныя рытуалы: пасад, развітанне з касою, завіванне вянка і развітанне з дзяўчатамі-сяброўкамі.
Перш чым садзіць дзяўчыну на пасад, бацька ўносіў у хату, дзе сабраліся «таварышкі» нявесты, дзяжу, у якой мясілі хлеб, і ставіў яе пасярэдзіне хаты ці перад кутнімі абразамі. Такую дзяжу накрывалі паверх века кажухом, вывернутым поўсцю наверх. Затым брат браў сястру за руку і, абвёўшы вакол дзяжы, прасіў:
Благаславіце, татка і маці, Сястру на пасад саджаці!
Бацькі, як таго патрабавалі звычаі, адказвалі:
Бог благаславіць, А ацец і маць вяліць!
Такое благаславенне паўтаралася тры разы.
Калі дзяўчына была цнатлівая, ці, як сёння гавораць, чэсная, яна тройчы кланялася перад абразамі Богу і садзілася на пасад. У іншым выпадку ёй катэгарычна забаранялася займаць гэта месца. Падобнае вераванне звязвалася з шчасцем і дабрабытам у сям'і маладых. Саграшыўшую раней часу дзяўчыну садзілі на стуле побач з дзявоцкім пасадам, што, зразумела, было вельмі няёмка і сарамліва для маладой і яе сябровак. Але і пару-
шыць спрадвечны закон продкаў наўрад ці адважылася б хоць адна дзяўчына, тым больш, што праўда аб яе цнатлівасці ўсё роўна пацвердзілася б рытуаламі пасля першай шлюбнай ночы.
Шырока вядомы ў беларусаў звычай у час пасаду абкурваць маладой валасы грамнічнай свечкай. Брат, пасля таго як дзяўчына сядзе на пасад, тройчы абносіў запаленую свечку вакол галавы сястры, пры гэтым за кожным разам прыпальваў ёй невялічкае пасемца валасоў спераду і з двух бакоў на скронях. У раёнах паўночнай і цэнтральнай Беларусі такі рытуал праводзіўся крыху інакш. Напрыклад, на Вілейшчыне ён мае назву падстрыганне маладой. Старэйшая сястра клала ёй крыж-накрыж два доўгіх пучкі вычасанага лёну, пасярод на лён — пярсцёнак і лыжачку мёду, а адна з маладзіц, найчасцей родная цётка, запальвала грамнічную свечку і, падышоўшы да нявесты з правага боку, пытала:
Дзе тут ёсць бацька і маці Гэтага дзіцяці?
Гэта дзіця плачыць, У Бога долі просіць, Ад людзей благаславення хочыць. Вы мужы статэчныя, Хлопчыкі запечныя, Жоначкі — белы галовачкі, Дзевачкі — красны паненачкі, Старыя бабкі, малы рэбяткі, — Ушысткі пакорныя, нічога не выборныя, Благаславіце Манечку заетрыгчы!
Потым гэта ж маладзіца з дапамогай сястры маладой працягвала кончыкі лёну з валасамі дзяўчыны праз пярсцёнак і прыпальвала іх агнём свечкі. Такім спосабам «застрыгалі» валасы нявесце ззаду, з левага боку і спераду.
Як сведчаць этнаграфічна-фальклорныя апісанні беларускага вяселля, у XIX—XX стагоддзях храналагічная прымеркаванасць рытуалаў пасаду ў абрадзе не заўсёды захоўваецца. У залежнасці ад сучасных традыцый канкрэтных рэгіёнаў няве-