• Газеты, часопісы і г.д.
  • З крыніц спрадвечных  Уладзімір Сысоў

    З крыніц спрадвечных

    Уладзімір Сысоў

    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 415с.
    Мінск 1997
    75.4 МБ
    м
    Жаніх уставаў, браў нявесту за руку і вёў яе зноў жа па ходу сонца на сярэдзіну хаты. Пакуль маладыя выходзілі з-за стала, госці спявалі ім:
    У нас сягоння васкрэсенне, Начынаецца Манечкіна вяселле. Віно з мёдам зліваецца на піццё, Пара людзей злучаецца на жыццё. Віно з мёдам мы піць будзем — дар Божы, Пара людзей жыць будуць — шчасце Божа.
    Маладыя станавіліся на кажух або ручнік і, нізка пакланіўшыся бацькам тройчы, пыталіся спачатку ў маці: «Дазвольце, мама, пад вянец ехаць», на што тая адказвала: «Бог дазволіць!», пасля таксама тройчы маладыя звярталіся да бацькі: «Дазвольце, тата, пад вянец ехаць», на што і той адказваў: «Бог дазволіць!», і, нарэшце, такое ж траістае благаславенне на просьбу маладых «Дазвольце, добрыя людзі, пад вянец ехаць» давалі госці. Атрымаўшы благаславенне бацькоў і «радзіначкі» на вянчанне, маладыя тройчы цалавалі абраз і вьіходзілі з хаты ў двор. Маці ў гэты час перадавала абраз святога ў рукі бацьку, а сама брала пасудзіну з зернем і, ідучы следам за маладымі, «абсявала іх жытам», калі яны праходзілі парог хаты, а потым і на парозе ў сенцах, «каб іх доля была добрая».
    Перад выездам маладых пад вянец мясцовыя бабулькі-шаптухі папярэдне «шапталі» на ваду, якую непрыкметна налівалі ў чаркі і давалі выпіць маладым або замаўлялі іх непасрэдна ў час выезду са двара, «каб злыя людзі не расстроілі вяселле»: «Іван — вялікі воін! He баішся ты ні ліхадзея, ні супастата. Памагі рабу Васілю і рабе Мані, штобы яны павінчалісь ні на муку, ні на гора, ні ў ліхой час, а ў добры час — на радасць, на вяселле, і штобы не баялісь яны ні калдуноў, ні калдуніц, ні ерэцікаў, ні ерэціц. I сажгі калдуноў, сажгі калдуніц каменнай стралой, вогнем нябесным, штобы яны ні брасалісь, ні кідалісь, на
    свадзебку ні зіралісь. Ты святы Лука-Дзем'ян! Атлучы іх ад света белага, а раба Васіля і рабу Маню салучы ў вадно места. Амінь!».
    На вянчанне маладыя ехалі не менш як на трох падводах: на першай — жаніх, яго хросныя бацька і маці, паджанішнік і сябры, на другой — нявеста, таксама яе хросныя бацька і маці, старшая дружка і некалькі сябровак, а на трэцяй — вясельныя госці, бліжэйшыя родзічы жаніха і нявесты.
    Пакуль маладыя і госці садзіліся ў павозкі і выязджалі са двара, вясельная дружына абвяшчала песнямі наваколле і ўсю вуліцу, дзе жыла маладая:
    Вася коніка сядлаіць, А ў каня праўды пытаіць: — А, кося ж ты мой, вараной, Ці надзеешся на сілу?
    Ці звязеш маю княтіню?
    ...Пад тую гару крутую, Пад тую цэркаўку святую? А ў той цэркаўкі Святы Спас, Звінчайце Вы нас ў адзін раз.
    (8-92-265-3, л. 26)
    Калі ў маладой было некалькі сясцёр, а яна першаю выходзіла замуж, то, выязджаючы са двара, нявеста кідала з воза клубок, трымаючы за канец нітку з яго. «Ета, штоб дзеўкі за ею ішлі замуж. Штоб усе так замуж, як клубок, каціліся» (8-93-270-3, л. 17).
    Рытуал вянчання многія стагоддзі, бадай іпто ад пачатку стварэння манагамнай сям'і, быў адзіным рэлігійна-грамадзянскім актам, які дазваляў і ўзаконьваў пачатак сямейнага жыцця паміж хлопцам і дзяўчынай. Першапачаткова на язычніцкіх месцах пакланення Багам, а цяпер, як гэта вядома наіпым пакаленням, у Божым храме жаніх і нявеста адзяваюць адзін аднаму шлюбныя кольцы, даюць згоду на сямейнае жыццё і клятву ў непарушнасці вернасці. Такія важныя крокі ў жыцці маладых суправаджаюцца і аб'ядноўваюц-
    20 Зак. 1339
    ца ў адзінае рытуалізаванае дзеянне вянчальным рытуалам, асаблівую ўрачыстасць якому надаюць маленні, царкоўныя спевы і зычэнні «На многае лета!» і, што самае галоўнае, сваю згоду на шлюбны саюз маладыя даюць перад Божым лікам і, бадай, у самым святым месцы, якім спрадвечна лічыўся для чалавека Божы храм, дзе іх, дарэчы, упершыню і абвяшчаюць мужам і жонкаю. Усё гэта надавала важнасць прынятаму рашэнню ў час вянчання і сур'ёзную адказнасць маладой пары за іх будучае сумеснае жыццё. I хоць у савецкі час камуністычныя ідэолагі імкнуліся падмяніць рытуал вянчання рэгістрацыяй шлюбу ў ЗАГСах і іншых падобных ім дзяржаўных установах, канец XX стагоддзя паказвае, што людзі ўсё больш актыўней вяртаюцца да сваіх спрадвечных святых каранёў, а вянчанне ў царкве або касцёле становіцца неад'емнай часткай сучаснага вяселля.
    У час вянчання па тым, як гарэлі свечкі ў маладых, гадалі аб іх будучым лёсе: «...ежалі ў маладых свечкі гараць жарка, то будуць жыць дужа харашо», калі ж у нявесты або жаніха свечка «...будзе як-небудзь там плоха гарэць», то верылі, што ў таго і ў жыцці нешта будзе «няладзіцца» (8-94-282-2, л. 19); свечкі, якія часта патрэсквалі, прадказвалі, што маладыя будуць часта сварыцца паміж сабою, а калі «трашчала» свечка толькі ў аднаго з іх, то «судзілі», што той будзе сварлівы ў сям'і; і зусім непажаданым знакам было патуханне свечкі ў каго-небудзь з маладых, у такім выпадку гаварылі, што той хутка можа памерці, a яго суджаны або суджаная заўдавее. Падобныя назіранні і гаданні на свечках у час вянчання адносяць у народзе да Божага прадказання лёсу маладых.
    Паводле запісаў М. М. Доўнар-Запольскага, непажадана было, каб па дарозе ў царкву маладыя сустрэлі жанчыну з пустымі вёдрамі, бацюшку або зайца; пры ўваходзе ў Божы храм жаніх і нявеста імкнуліся не наступаць на царкоўны парог, што магло быць прычынай іх сямейных сварак;
    дождж у дзень вянчання азначаў, што маладыя будуць жыць багата, і г. д.
    Пасля вянчання маладыя ехалі разам на першай павозцы, з імі побач сядзелі хросныя бацькі і старшыя шаферы. Іншыя госці і моладзь ехалі следам за імі, усю дарогу спяваючы песні:
    Спасіба папу і паповічу, Што рана звінчаў Ды нядоўга дзяржаў. Нядоўга дзяржаў — Кольцы паміняў.
    А з гары, з гары, з даліны Беглі конікі чатыры, Вязлі карэту еінюю, Звінчалі Манечку сілаю...
    (8-94-282-2, л. 35—36)
    і многія іншыя. Вясельные песні, звон бубенчыкаў пад кожнай дугой у абозе і на конскай вупражы, залівістая мелодыя гармоніка далёка абвяшчалі навокал, што ў дарозе едзе вясельная дружына маладых.
    Да нашага часу ў вясельным абрадзе захаваўся звычай «лавіць зайца». Ен заключаецца ў тым, што як толькі маладыя ўязджаюць у вёску, а ў вялікіх населеных пунктах — на сваю вуліцу, ім перагараджваюць дарогу: ставяць на сярэдзіну вуліцы скамейку або стул, на якім ляжыць хлеб, святая соль і стаіць поўнае вядро з вадою. У іншых мясцовасцях нацягваюць праз усю вуліцу чырвоную стужку або кладуць на два стулы жэрдку. Робяць гэта звычайна людзі чужыя, не свайго роду, якія і чакаюць каля створанай імі перашкоды маладых. На размову з імі выходзіць сват: ён дае «чэсным людзям» пачастунак — бутэльку або дзве гарэлкі, а тыя перадаюць праз яго маладым «хлеб-соль», зычаць ім іпчасця і невялікай мяцёлачкай або проста рукою акрапляюць, абыходзячы вакол падводы вясельнай дружыны, вадою.
    Звычай гэты паходзіць з вельмі старажытных часоў і мае ў сённяшнім варыянце двухсэнсавае
    Ot
    семантычнае значэнне. Па-першае, ужо сама назва «лавіць зайца» гаворыць пра тое, што трэба некага лавіць, хто ўцякае. У гісторыі вяселля, бясспрэчна, так і было. Мы ўжо адзначалі, што ў больш старажытньія часы дзяўчыну за пэўны выкуп прадавалі ў сям'ю хлопца. Але калі маладыя кахаліся або хлопец умеў выкрасці спадабаўшуюся яму прыгажуню, што найбольш верагодна ў перыяд племяннога суіснавання нашых продкаў, калі дзяўчыну з аднаго племя не заўсёды маглі аддаць замуж у другое, то такога жаніха называлі зайцам. Тады браты дзяўчыны або іншыя яе родзічы садзіліся на коней і імкнуліся вылавіць такога ўцекача-зайца, каб узяць, зразумела, што ўжо сілаю, хоць які выкуп за сястру: адабраць коней, грошы ці іншыя каштоўныя рэчы. Па-другое, у гэтым звычаі захавалася спрадвечнае добразычлівае жаданне нашых продкаўславян сустрэць новую сям’ю хлебам-соллю і з святой вадою, каб ёй добра жылося і «багата было ўсяго», і тым самым выказаць сваю любоў, цярпенне і добрыя пачуцці да маладажонаў.
    Пад’язджаючы да нявесцінага двара, госці ў абозе запявалі:
    Выйдзі, мамачка, з свічамі, Мы тваіх дзетачак звінчалі, За што звінчалі, за грошы, Што яны абоя харошы.
    Госці ў двары, убачыўшы дружыну маладых, таксама, амаль што працягваючы змест пачутай песні, пелі:
    Запалі ж, маці, свечу, Выйдзі на сустрэчу, Сустрэнь свайго чада, Чада дарагога, госця маладога.
    (8-94-282-2, л. 37—38)
    Маладых сустракалі ў варотах пры ўваходзе ў двор. Папярэдне бацькі выносілі на мяжу варот
    стол, засцілалі яго абрусам, клалі на стол на веку круглы бохан хлеба, «свяцоную соль», ставілі бутэльку гарэлкі і дзве чаркі. На Палессі да ўсяго дабаўлялі яшчэ сподачак з мёдам. Ад стала да парога сянец рассцілалі саматканую дарожку — палавік.
    Са з'яўленнем вясельнай дружыны насупраць хаты бацька і маці апраналі на сябе вывернутыя поўсцю наверх кажухі, ішлі да стала, запальвалі грамнічную свечку і чакалі маладых. Жаніх і нявеста, падышоўшы да стала з супрацьлеглага боку, кланяліся бацькам, тыя ж у сваю чаргу віншавалі маладажонаў з заключэннем шлюбу і «Божай воляй» на іх сямейнае жыццё. Бацька наліваў у чаркі маладым гарэлку, якую яны, толькі прыгубіўшы, вылівалі праз левае плячо за сябе. Маці брала хлеб і давала ўкусіць з цэлага бохана спачатку «доньцы», а потым зяцю: так па чарзе яна падносіла бохан да кожнага з іх тры разы. У такім жа парадку яна частавала маладых і мёдам.
    Паўсюдна на Беларусі забаранялася, каб жанчына, у якой памёр, загінуў муж або калі яна развялася з ім, сустракала маладых з іншым мужчынам. Напрыклад, у Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці ў такім выпадку ролю маці выконвае іншая жанчына. Як тлумачаць мясцовыя жыхары: «Еслі маць замужам і ана дачку замуж аддаець, то нада, штобы ў яе быў толька родны ацец. Еслі жа ў яе не родны ацец, то сама маць не встречала. Встречала ілі цёця, ілі... карацей, блізкій чалавек, жэншчына, каторая замужам. Вот ана адзявае шубу і встречае маладых з хлебам-соллю» (8-94-282-2, л. 11).
    На заканчэнне рытуальнага пачастунку бацька падзвігаў у бок стол і прасіў маладых прайсці ў хату. Жаніх браў нявесту «пад ручку», абводзіў яе паўз край стала і, ужо не спыняючыся, маладыя ішлі па разасланай дарожцы ў суправаджэнні бацькоў у хату, прычым маці з боханам хлеба і соллю праводзіла іх з боку зяця, а бацька з грамнічнай свечкаю — з боку дачкі. Следам ува-