З крыніц спрадвечных  Уладзімір Сысоў

З крыніц спрадвечных

Уладзімір Сысоў
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 415с.
Мінск 1997
75.4 МБ
ходзілі ў хату і садзіліся за вясельныя сталы госці — «радзіначка» маладажонаў.
Варта асобна спыніцца на семантыцы некаторых дзеянняў рытуала сустрэчы маладых у бацькоўскім двары пасля вянчання. Сямейнае жыццё для маладой пары практычна толькі пачыналася, таму ўсе дзеянні чалавека былі скіраваны на тое, каб забяспечыць дабрабыт і «шчаслівую долю» маладой сям’і, што, дарэчы, характэрна ў далейшым і іншым рытуалам вяселля. Хлеб і века, якім накрываюць хлебную дзяжу, сімвалізуюць тут «долю» і дастатак, чым і надзяляюць бацькі сваіх дзяцей «на добры пачатак сумеснага жыцця». Кажух, што апраналі бацькі, роўна як і каза, якую вадзілі ў калядныя дні калядоўшчыкі, па народных уяўленнях адпужваў нячыстую сілу ад месца сустрэчы маладых, прысутнасць якой на адкрытай прасторы ў двары была найболып верагодна. Падобную скіраванасць мае і стараславянскі звычай выліваць чарку праз левае плячо, бо, як лічылі нашы продкі, у кожнага з нас за спіною стаіць дзве істоты: з правага боку — анёлхраніцель, а з левага — д'ябал, таму і павучаюць: «вылі праз левае плячо» або «сплюнь праз левае плячо», менавіта ў вочы «нячысціку», які, адпаведна павер'ям, пастаянна суправаджае чалавека.
Другое вясельнае застолле было самым працяглым па часе. Госці віншавалі маладых, выпівалі за іх шчаслівае сямейнае жыццё, спявалі песні, у якіх ухвалялі жаніха і нявесту:
Ёсць чым Васечку хваліцца, Яму ўдалося жаніцца. Узяў жоначку красотку, Добранька робіць работку. Узяў жоначку стройную, Маець натуру добрую. А хоць жа мы яе не зналі, Добрыя людзі сказалі...
іх радзіначку:
Казалі сваты багаты, На чатырі гумяы малоцюць:
А ў первым гумне — цапочкі, А ў другім гумяе — снапочкі, А ў трэцім гумне — пышаніца, А ў чацвёртым гумне — пчаляніца.
(8-94-282-2, л. 30)
У некаторых вясельных песнях госці імкнуліся асэнсаваць і падкрэсліць сакральнасць свайго абрадавага застолля:
А вяселлейка Бог нам даў, Ажаніўся Васечка — Маню ўзяў...
Сягоння ў нас вяселлейка —
Бог нам даў,
Пара людзей звянчалася, Бог нам даў...
Да вілася свадзьба Хмелем каля двара, А ветрам каля вакна...
Спявалі таксама песні-дражнілкі маладым і іх роду, У многіх вясельных песенных матывах павучалі маладажонаў сямейнаму жыццю, адносінам паміж мужам і жонкаю і г. д.
Асаблівы настрой гасцям стваралі музыканты, якія падыгрывалі спевакам мелодыі адпаведньіх песен або выклікалі іх на танец вясёлым россыпам мелодый гармоніка, бубна, скрыпкі, цымбал і некаторых іншых народных музычных інструментаў. «Лявоніха», «Полька», «Нарэчанька», «Венгерка», «Вальс», «Сямёнаўна», «Сербіянка», «Падыспань», «Кракавяк», «Карапет» і многія іншыя народныя танцы да сённяшняга дня захаваліся ў беларусаў як неад'емная частка вясельных і іншых сямейных абрадаў і застолляў.
Да хаты, дзе праходзіла вяселле, збіраліся «паглядзець на маладых» і тыя аднавяскоўцы, якія не прымалі ў ім непасрэднага ўдзелу. Такіх гледачоў на вяселлі называюць «запарожцамі», што азначае: людзі, якія стаяць за парогам. Да за-
парожцаў з графінам гарэлкі, чаркай і малымі, спецыяльна спечанымі для гэтага моманту круглымі булачкамі і другой закускай выходзілі сват і адна з жанчын,. Яны частавалі ўсіх прысутных, наліваючы ім па чарцы гарэлкі і даючы «прыкусіць». Гэты звычай звязаны са старажытнымі ўяўленнямі нашага народа аб душах продкаў. Лічылі, што ў любой сямейнай урачыстасці чалавека прымаюць удзел і продкі яго роду, прысутнасць якіх уяўлялася ў выглядзе духаў або душ. Да сённяшняга дня булачкі, якія выносяць «на закусь запарожцам», падаюць гарачымі і, разламаўшы папалам, частуюць гасцей. Вераць, што менавіта пар, які ідзе ад гарачага печыва, і спажываюць душы продкаў, падсілкоўваюцца ім.
Трэняе і апошняе вясельнае застолле ў хаце дзяўчыны-нявесты пачыналася з дзялення караваю. Спачатку хросныя бацька і маці дзяўчыны «накрывалі каравайны стол»: запальвалі перад абразамі або на стале грамнічную свечку, засцілалі на кутні стол ручнік, ставілі на яго талерку, накрытую хусткай, чатыры чаркі: дзве для маладых і дзве для гасцей, графін з гарэлкай і закуску: хлеб, каўбасу, смажаную бульбу, вэнджаную «палямбіцу» і іншыя прысмакі, найбольш любімыя ў народзе. А потым маці хросная, за ёю жаніх з нявестай і бацька хросны ішлі і станавіліся за «накрыты стол».
Крыху іншы пачатак рытуал дзялення караваю мае на Палессі. Замест маці хроснай тут удзельнічала «свяцельніца», ролю якой выконвала дзяўчына — малодшая сястра нявесты. Яна брала свечкі, з якімі маладыя стаялі пад вянцом у царкве, утырквала іх у бохан хлеба і, запаліўшы, вяла за сабою маладых на кут. На працягу ўсяго рытуалу «свяцельніца» трымала свечкі ў руках.
За стол садзіліся толькі госці маладога, якія назіралі, як надзяляе маладых «радзіначка» нявесты. Усімі дзеяннямі рытуала кіраваў старшы сват — хросны бацька дзяўчыны:
Ці ёсць у гэтай хаце Ацец, родна маці? Дазвольце каравай падаці!
«Бог дазволіць’» — адказвалі бацькі.
Каравай падавалі на стол каравайніцы або, як гэта робівда ў паўднёвай частцы Беларусі, мужчыны з роду дзяўчыны. Яго ставілі на веку па цэнтру кутняга стала. «На каравай» бацька хросны выклікаў усю радзіну нявесты, але па старшынству роду: родных бацьку і маці, іх братоў і сясцёр, другіх родзічаў, а потым суседзяў, шафераў і іншых удзельнікаў вяселля.
Практычна ўсе размовы, што тычыліся дзялення караваю, вяліся ў форме паэтызаваных, добра вядомых у кожнай мясцовасці формул-зваротаў і пажаданняў маладым:
Ці ёсць у гэтай хаце Ацец, родна маці? Чым будзеце дзяцей надзяляці?
або
Ці ёсць у гэтай хаце Бацька, родна маці? Просім да караваю стаці, Сваіх дзетак надзяляці.
(8-94-282-2, л. 47)
Бацькі, паклаўшы на талерку грошы або надзяляючы дзяцей матэрыяльнымі каштоўнасцямі, адказвалі:
Даруем хлебам-соллю!
Няхай Бог надзяляе Шчасцем і доляй I векам доўгім!
Хросныя бацька і маці кожнаму, хто надзяляў маладых, адразалі і давалі кавалак каравая і налівалі чарку гарэлкі.
Каравай выкарыстоўваўся ў абрадзе як ахвяравальны пачастунак Багам і Духам — ахоў-
4іМ
нікам роду. Менавіта таму тады, калі выносілі каравай, запальвалі свечкі, у больпі даўнія часы маліліся Богу, а таксама, уяўляючы прысутнасць Багоў і Духаў на застоллі, імкнуліся ўсім родам папрасіць іх надзяліць маладажонаў «шчасцем і доляй і векам доўгім». Непасредна са слоў «Дай, Божа!» пачыналася кожнае пажаданне, што зычылі маладым госці і «радзіначка»:
Дай жа, Божа, Каб Вам было гожа, Весела жылося, Шчасліва вялося: У полі ўродзіста, У гумне намеліста, У клеці насыпіста, У млыне намеліста, У дзяжы падыходзіста, На стале ўедзістаі
Дай, Божа, Каб Вы пілі, елі I спераду гарбацелі!
Пра тое, што дзеці — радасць і аснова сям'і, нашы дзяды і прадзеды помнілі заўсёды і надавалі нараджэнню дзетак найважнейшае значэнне. У вясельных пажаданнях гэта тэма становіцца актуальнай для большай часткі тэкстаў:
...Дару каробку гліны, Штоб хутчэй клікалі на радзіны!
...Дару скрынку мукі, Каб раджаліся сынкі!
...Колькі ў хаце сучкоў,
Каб столькі было сынкоў, А колькі шчэлачак, Каб столькі было дзевачак!
У іншых пажаданнях павучалі цярплівасці і павазе адзін да аднаго:
...Дарую ветку з бярёзы, Штоб муж да жонкі Заўсёды лрыходзіў цвярёзы!
(8-94-282-2, л. 48)
...Дарую каня і калёсы, Штоб не ганяў жонку На двор босу!
(8-94-282-2, л. 51)
...Дарую бочку жыта, Штоб у Вашай жызні Усё было скрыта!
(8-94-282-2, л. 54)
...Дарую жменьку суніцы, Штоб малады не бегаў за кожнай спадніцай! А маладой семя для гуркоў,
Штоб не глядзела на чужых мужыкоў!
(8-92-266-4, л. 27)
Падобныя павучанні-падказкі нярэдка вынікалі з ведання гасцямі заганаў хлопца і дзяўчыны, іх адмоўных рысаў.
Вясельныя пажаданні як разнавіднасць фальклорнага жанра і сёння маюць вельмі актыўны і прадуктыўны пачатак. Як вядома, у 90-я гады XX стагоддзя ў нашым краі з'явіліся ўласныя грошы, якія ў народзе празвалі «зайчыкамі», бо на кожнай грашовай адзінцы намаляваны звяры, што складаюць беларускую фауну: на пяцідзесяцікапеечнай купюры — вавёрка, на рублёвай — заяц, на пяцірублёвай — ваўкі, на дваццаціпяцірублёвай — лось і г. д. Гэта адразу знайшло адлюстраванне ў сучасных вясельных пажаданнях. Пад час адной з нядаўніх паездак у Мазырскі раён мне асабіста ўдалося назіраць за віншаваннем маладых і занатаваць ад жанчыны даволі сталага ўзросту такі тэкст:
Дай, Божа, каб у Вас
Заўсёды было і на хлеб, і на квас! А я дару белачку, Штоб маладая первую радзіла дзевачку, Дару і зайчыка, Штоб думалі пра другога мальчыка, Дару і ваўка,
Штоб жызнь Ваша была давольна і легка,
А яшчэ дару ласіныя рогі, Каб маладая маладому Часцей расстаўляла ногі!
(8-94-280-1, л. 18)
I хоць у прыведзеным прыкладзе эратычная канцоўка, можа, і мае адценне вульгарнасці, але ў рытуале такая акалічнасць набывае апраўданасць тым, што ў першую чаргу тут гучыць падказка маладым, што сям'я і ствараецца менавіта для таго, каб нараджаць дзетак, дбаць аб прадаўжэнні свайго роду і сям’і.
Падзяліўшы каравай, старшы сват запрашаў усіх гасцей сесці за сталы, але застолле гэта было кароткім, бо практычна адразу пасля першай агульнай чаркі маладыя ўставалі з-за стала і збіраліся ад’язджаць да маладога. Ды і госці за сталом неаднаразова напаміналі песнямі маладым і бацькам нявесты, што «пара збірацца ў дарогу»:
Мамачка,
Мамачка мая родная,
He пазні мяне позненька.
Мяне позвенька,
Да не пазні мяне позненька,
Выладай мяне раненька.
Мяне раненька,
Выладай мяне раненька:
Дарожачка да вялікая...
(8-93-270-6, л. 20)
Развітанне дзяўчыны з роднай хатай і бацькамі было найбольш драматызаванай сітуацыяй вяселля, якая суправаджалася слёзнымі галашэннямі дачкі і яе маці:
Ай ты, родная мая мамка,
Дай мне долейкі-шчасцейка,
А я ж іду ў чужыя людзі
I ка чужой маманькі.
Будзіць яна мяве можа забіжаць,
Яна будзідь мяне можа абгаварываць,
А мне ж яе нада будзіць уважаць, Каб жа яна мяне не забіжала. Да свідання, мая мамка родная, Да свідання на ўвесь век...
Дачушка мая, каму ж ты мяне кідаеш, А што ж я цяпер буду без цябе дзелаць, А хто ж мне будзець работку рабіць, А хто ж мне будзець вадзіцу насіць, Ды хатачку-у месці...
Куды ж ты, мая мілая дзетачка, сабралася, Куды ж ты гэта так нарадзілася, I хто ж цябе там устрэціць?