З крыніц спрадвечных
Уладзімір Сысоў
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 415с.
Мінск 1997
Дай жа нам, Божа, Пачатае дзела зрабіці I рук не пабіці!
I ад гэтага гаспадара Грошай зарабіці, А яму доўга жыці! Каб у яго радзілі
Валы, коні і каровы I мужчынскія галовы!..
Звычай частавання тых, хто будаваў хату, шырока вядомы ў нашым краі. Сярод беларусаў нават бытавала павер'е, што калі майстар-будаўнік, загневаўшыся з чаго-небудзь на гаспадароў і выказаўшы пры гэтым пэўнае пракляцце, пры ўкладцы бярвенняў трэцяга вянца, апошні раз стукнуўшы сякерай, скажа: «Гак! Хай будзе так!», то такое пракляцце абавязкова збудзецца.
Верылі таксама і ў тое, што ў час будаўніцтва хаты, падобна цеслярам, і мясцовыя ведзьмакі маглі заклясці каго-небудзь з членаў сям'і ў ахвяру злым Духам, што азначала б у хуткім часе смерць у доме. Таму ў нашых продкаў быў звычай па заканчэнні будаўніцтва не спяшацца з перасяленнем, ва ўсякім разе на працягу першых шасці дзён, і на гэты час пасялялі ў новай хаце дамашніх жывёл і птушак. На першыя суткі ўпускалі туды пеўня з курыцай, на другія — гуся ці ката, на трэція — парася, затым авечку, карову, каня і толькі на сёмыя суткі, калі з жывёламі і птушкай нічога не здарылася, перабіраліся ў хату жыць самі. Рэлікты гэтага звычая вядомы і сёння, амаль што ўсюды перш чым увайсці ў новы будынак, паперадзе ўпускаюць у хату пеўня або ката.
Перасяляліся ў пабудаваную хату звычайна перад поўняй. Па некаторых звестках, у старажытнасці гэта рабілася ў поўнач альбо залазілі першы раз у хату праз акно, адкуль і паходзіць назва — улазіны. Зразумела, што такія дзеянні, як і ўпусканне першапачаткова на пражыванне ў будынак жывёл, рабілася з мэтай падмануць нячыстую сілу, адвесці яе ад месца пражывання чалавека.
У дзень перасялення ў хату запрашалі святара, які асвячаў яе і чытаў малебен на ўсяленне. Уваходзілі ў новую хату з радавым абразом, звычайна з тым, што падарылі бацькі маладой на вяселлі, ці, калі ўся сям'я пераязджала ў новую хату, забіралі абразы са старога месца жыхарства. Такі
абраз уносіла жанчына. Яна першай уваходзіла ў хату і вешала яго на куце.
Важнае месца ў рытуалах перасялення надавалася такім сямейным атрыбутам, як дзяжа, у якой мясілі хлеб, печ, агонь. Напрыклад, вось як праходзіў рытуал перасялення агню. Гаспадар нагортваў у гаршчок з печы ў старой хаце гарачых вуголляў. Ён жа нёс гэты гаршчок з распаленымі вуголлямі ў новую хату. За ім ішлі з хлебамсоллю і святою вадою астатнія члены сям'і. Увайшоўшы ў хату следам за гаспадыняй, гаспадар абносіў агонь вакол сцен, кланяючыся з агнём кожнаму вуглу і просячы быць міласцівым да кожнага вугла і не спаліць хату, а потым ставіў гаршчок на прыпечку і гарачымі вуголлямі падпальваў дровы ў новай печы. Нават калі здаралася такое, што адлегласць паміж старой і новай хатай была вялікая і агонь нельга было перанесці, то тады бралі з сабой хатнія рэчы, якія мелі дачыненне да агню: качаргу, вілкі, чапялу і інш.
Як толькі ў печы разгараўся агонь, гаспадыня набірала са студні ў сваім двары вады і ставіла ў вялікім гаршчку ці чыгуне для награвання ў печ. Гэтай вадой яна павінна была да таго, як хтонебудзь чужы зойдзе ў хату, памыць падлогу, прычым мылі абавязкова ад кута да парога. Да таго часу, пакуль хата была не асвечана, як мы ўжо адзначалі, уяўлялася магчымая прысутнасць у новай пабудове нячыстай сілы. Таму цяпер патрэбна было змыць яе «след» ці, як тлумачаць у народзе, каб і следа ад яе не засталося. Крыху іншае тлумачэнне такому звычаю надаюць на Рагачоўшчыне: «Ета каб была хазяйкай у сваёй хаце». Па аналогіі з папярэднім прыкладам, відаць, лічылі, што ў адваротным выпадку гаспадарыць у хаце будзе «нячыстая сіла».
Калі ж старая хата ўжо была не прыгодна для жылля і яе пакідалі назаўсёды, то запрашалі характэрнымі рытуальнымі дзеяннямі і зваротамі перайсці ў новую хату дамавога.
На наступны дзень зранку чакалі, хто першым зойдзе ў новую хату да гаспадароў. Пажадана бы-
ло, каб гэта быў добры чалавек і шчаслівага лёсу. Часам, не дачакаўшыся першага наведвальніка, гаспадар сам запрашаў да сябе каго-небудзь з суседзяў і смачна частаваў яго.
Звычайна на першым тыдні, а ў сённяшні час і значна пазней да гаспадароў прыходзілі госці, каб павіншаваць іх з наваселлем, пажадаць ім плёну і дабрабыту ў новай хаце. Для гэтага нярэдка, пераступаючы парог, у хату жменяй кідаюць манеты, што добра вядома на сучасных падобных урачыстасцях. У больш даўні час госці неслі з сабой хлеб, соль, жыта, сала, каўбасы, бліны для ахвяравання Духам новай хаты, а таксама, каб гаспадары жылі заможна і ў дастатку, пра што гавораць — «на разжыванне» ці «каб было з чаго разжывацца».
Застолле ж з нагоды наваселля праходзіла, як усякая вечарынка, з песнямі, танцамі, жартамі і добрымі зычэннямі ў адрас навасёлаў.
Свой дварочак, як вяночак.
Свая хатка, як родная матка.
Свая стрэха — свая ўцеха.
У сваёй хаце і качарга маці.
У сваёй хаце і вуглы дапамагаюць.
На сваім падвор'і і сабака пан.
На сваёй лаве ніхто не скажа: «Адсунься!»
Свая салома мякчэй чужой пярыны.
Бяда не мець свайго вугла.
Дурная тая птушка, якая свайго гнязда не мае.
Уперад збудуй клетку, а тады шукай птушкі.
He дай, Божа, часта жаніцца і часта сяліцца.
He дай, доля, два разы жаніцца і два разы будавацца.
Ажаніпда—жонку выбірай, абудавацца—суседа.
Хата гаспадыняю красна.
Калі ў хаце парадак і лад—гэта найлепшы клад.
Пахаванне, або хаўтуры, — абрад, рытуалы і іншыя кампаненты якога праводзяцца з моманту смерці чалавека і да пахавання яго на могілках.
Традыцыйнае пахаванне нябожчыкаў працягваецца звычайна тры дні. Хрысціянская канцэпцыя наконт гэтага такая, што, падобна таму, як цела Ісуса Хрыста знікла з поля зроку чалавека на трэці дзень пасля яго распяцця на крыжы і смерці, так і цела памёршага чалавека павінна быць пахавана ў зямлі на трэці дзень.
Яшчэ ў глыбокай старажытнасці нашы продкі, зыходзячы з візуальнага ўспрыняцця і кантакта ў паўсядзённым жыцді з супрацьлеглымі паняццямі «святло — цемра», «белае — чорнае», «цёплае — халоднае», «дабро — зло», назіралі і сваё існаванне ў сусвеце ў рознапалярных суадносінах «жывы — мёртвы». Адпаведна кожнаму з гэтых відаў чалавечага прабывання старажытныя людзі стварылі ўмоўную мадэль сусвету, якая палярызавалася на «белы свет», у якім жывы чалавек праводзіць рэальнае зямное жыццё, і «той свет», у якім уяўлялася яго вечнае і замагільнае існаванне. Менавіта існаванне, а не бясследнае і канчатковае знікненне пасля смерці. Мадэлі «белага» і «таго свету» вызначаліся ў свядомасці людзей як дзве паралельныя прасторы, прычым другая сваімі прасторава-часавымі характарыстыкамі амаль поўнасцю дубліравала першую. Пахавальны абрад уяўляе сабой не што іншае, як сакральную мяжу паміж гэтымі двума прасторамі, праз якую жывыя праводзяць памёршага ў замагільны свет продкаў. Дарэчы, «пахавальны абрад» — гэта больш навуковы тэрмін, бо ў народзе ён мае іншую назву — «провады памёршага на тэй свет» або «хаўтуры», пад якімі падразумяваюцца падобныя провады.
Па ўяўленнях жывых, чалавек пасля смерці пераўвасабляўся ў Духа-продка, які, падобна Багам, існаваў дыстанцыявана ад іх і мог спрыяць або помсціць сваім патомкам, шкодзячы ў іх паўсядзённых справах і клопатах. Менавіта таму да нябожчыка ставіліся з найвышэйшай павагай і пашанай, што выразна праявілася ў рытуалах пахавання і ў наступныя памінальныя дні. Памёршага баяліся, яму дагаджалі, яго ўшаноўвалі, у яго верылі і, як Духу, яму ахвяравалі, да яго звярталіся з рознымі просьбамі і маленнямі аб дапамозе.
Зыходзячы з падобных уяўленняў, смерць успрымалася нашымі продкамі, як самая звычайная з’ява. I таму, калі ў сям'і бачылі, што стары ці хворы чалавек памірае, блізкія яму людзі — жон-
ка, дзеці, унукі і іншыя родзічьі імкнуліся аказаць садзеянне ў больш лёгкай смерці з дапамогай вядомых традыцыйных рытуалаў ці, як гэта тлумачыцца ў народным асэнсаванні, «дапамагчы душы лягчэй адысці ад цела». У многіх сем'ях на гэты час запрашалі ў хату святара, які спавядаў, прычашчаў паміраючага і чытаў над ім «атхадную малітву».
Хворага пры цяжкай канчыне пераносілі з ложка на падлогу і клалі на салому ці сена, бо лічылі, што падушка, напоўненая пухам, затрымлівае смерць. У Віцебскай і Магілёўскай губернях такога чалавека клалі на кажух, які ляжаў на падлозе. Звычай пераносіць паміраючага на зямлю, падлогу, кажух, салому ці сена існаваў у многіх славянскіх народаў і свята захоўваўся нашымі продкамі. Вядомы беларускі этнограф і фалькларыст П. М. Шпілеўскі адзначаў, што сяляне надавалі яму асабліва ўрачыстае значэнне. «Так уміраў мой бацька і мне так казаў», — тлумачылі ў народзе гэты звычай.
У час працяглай перадсмяротнай агоніі хвораму давалі напівда халоднай крынічнай ці калодзежнай вады, пераапраналі ў чыстую бялізну і пераносілі з ложка на лаўку, дзе клалі галавой да абразоў, ля якіх запальвалі свечку, акурвалі паміраючага асвечанай у царкве травой ці вярбою, a пры цяжкай канчыне дзіцярі яго нават купалі ў адвары зёлак, якія былі вядомы толькі мясцовым знахарам і бабулькам-шаптухам.
У падобных дзеяннях, што папярэднічалі моманту смерці, знайшлі адлюстраванне вераванні ў ачышчальную сілу агню, вады і зямлі. Тое ж значэнне мае і перанос хворага на кажух, салому ці акурванне рознымі травамі, дзе відавочна праяўленне засцерагальнай функцыі старажытнай магіі ад злых Духаў і розных дэманічных істот, якія нібыта перашкаджалі больш лёгка і хутка паміраць хвораму.
У самыя апошнія хвіліны жыцця чалавека ў хаце наступала поўная цішыня. Верылі, што калі
м
чалавеку перабіць момант смерці, то ён будзе паміраць у цяжкіх пакутах цэлыя суткі. Нішто не павінна было перашкодзіць душы адысці ад цела, і, калі бачылі, што паміраючы доўга не можа сканаць, да яго не падыходзілі блізка, «каб не палохаць душу». У гэты ж час запальвалі васковую свечку, звычайна прынесеную з царквы на Грамніцы ці Чысты чацвер, і давалі яе ў левую руку паміраючаму. У народзе тлумачаць, што правая рука павінна быць вольная, каб можна было хрысціцца, «як пакойнік будзя іцці на тэй свет». Адначасова запальвалі лампады ці свечку перад абразамі. Калі паміраючы ўтрымліваў у руках свечку да наступлення смерці і яна працягвала гарэць далей, падобнае лічылася для яго добрай прыкметай. У некаторых мясцовасцях Віцебшчыны, Віленшчыны і Гродзеншчыны, калі свечка патухала, глядзелі, як разыходзіцца ад яе дым: пойдзе за дзверы — хворы вось-вось памрэ, a як разойдзецца па хаце, то верылі, што ён пражыве яшчэ цэлыя суткі.