З крыніц спрадвечных  Уладзімір Сысоў

З крыніц спрадвечных

Уладзімір Сысоў
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 415с.
Мінск 1997
75.4 МБ
У час смерці гаспадара расчынялі ўсе дзверы ў хаце і ў хляве. Усякія работы на гэты момант прыпыняліся. А калі тапілася печ ці тлелі ў ёй гарачыя вуголлі, то іх залівалі вадой.
Адразу пасля смерці чалавека ўсе хрысціліся і маліліся за нябожчыка, жадаючы яму «вечнага спакою, царства нябеснага і рая светлага». Абавязкова глядзелі, каб у памёршага былі самкнуты вусны і закрыты вочы, у іншым выпадку іх прыкрьівалі меднымі грашыма ці халоднымі вуголлямі, якія потым кідалі ў труну. Тлумачылі гэта тым, што нябожчык можа выглядзець і ў хуткім часе забраць да сябе яшчэ каго-небудзь з членаў сям'і ці сваякоў.
Паўсюдна на Беларусі з наступленнем смерці ў хаце спыняюць гадзіннікі, закрываюць люстэркі, на акно ставяць стакан з вадой і побач вешаюць рушнік. На Віцебшчыне яшчэ клалі на акно на талерцы хлеб і соль. Верылі, што душа, разлучыўшыся з целам, павінна памыцца і паесці.
Калі ў час смерці ў хаце дзе-небудзь стаяла вада, яе абавязкова вылівалі, бо баяліся, што ў такую ваду магла акунуцца душа і той, хто яе нап'ецца ці выкарыстае для прыгатавання ежы, у хуткім часе памрэ.
Адзін са сваякоў ішоў у царкву і прасіў пазваніць у царкоўныя званы па душы нябожчыка.
Плакаць у час смерці чалавека ці галасіць па ім катэгарычна забаранялася. I толькі пасля яго смерці сваякі давалі волю сваім пачуццям. Першыя галашэнні па нябожчыку ўяўляюць лагічна непаслядоўныя і незакончаныя тэксты. Хутчэй гэта надрыўны ўсплеск чалавечага гора, жалю і смутку, калі плакальшчыца, акрамя зварота да нябожчыка і двух-трох выказванняў да яго, заліваючыся плачам і горкімі слязамі, не магла больш прамовіць ні слова. Прыкладам такога галашэння можа быць тэкст, запісаны ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці:
А, мамулічка мая, шэрая зязюлечка!
А куды ж ты ад міне ўлітаіш? А што ж ты міне адні кідаіш? Божачкі ж мае! Ай-я-я-я-яй!..
(8-89-244-2, л. 16)
Жывы чалавек не мог імгненна ўспрыняць смерць свайго суродзіча. Ва ўладзе эмацыянальнастрэсавага зрыву ад уражання яшчэ не да канца зразумелай страты і гора для сваякоў нябожчыка пачыналіся сумныя і жалобныя дні провадаў свайго сем’яніна на «той свет».
Пасля смерці чалавека пакідалі прыкладна на дзве гадзіны на тым месцы, дзе ён памёр, а потым пачыналі мыць і пераапранаць у пасмяротнае адзенне. Звычаі, звязаныя з абмываннем нябожчыка, маюць шматлікія лакальныя асаблівасці.
Па звестках М. П. Шпілеўскага, у паўночнаўсходняй частцы Беларусі ў хату да памёршага запрашалі «мертвячых», якія адразу пасля смерці распальвалі ў печы агонь і ставілі туды вялікі
гаршчок з вадою. Ваду не проста награвалі, а варылі ў ёй розныя травы: руту, барвенак, бяліцу, расходнік, папаратнік, казелец, жабіну лапку, з якіх атрымлівалі моцны адвар. На Палессі і ў Магілёўскай губерні награвалі ваду і абмывалі нябожчыка, як правіла, жанчыны сталага ўзросту або далёкія сваякі ці суседзі. У Гродзенскай вобласці гэтым займаецца павівальная бабка з дапамогай іншых жанчын. У Горацкім павеце Магілёўскай губерні адна з жанчын, якая пражывала ў сям'і памёршага, ці суседка распальвала печ саломай, а потым падкідвалі ў агонь тонкія сасновыя паленцы і грэлі на такім агні ваду.
Калі вада награвалася, «ст'анавілася цёпленькай», пачыналі абмываць «нябогу». Рабілі гэта звычайна два-тры чалавекі — блізкія сябры памёршага. Яны распраналі яго і садзілі на лаўку, пад якой стаялі «вялікія ночвы», а потым абмывалі ўсё цела вадой. У іншых рэгіёнах, напрыклад, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні, памёршага мылі ў карыце, зробленым з дрэва, у сем'ях стараабрадцаў, якія пражывалі сярод беларусаў, «пакойніка» садзяць на падлозе на салому з абавязковым напрамкам яго твару на ўсход. Дарэчы, і ў сучасных пахавальных абрадах Магілёўшчыны нябожчыка ў час абмывання садзяць «ліцом тока да абразоў» (8-96-290-1, л. 7). У час абмывання памёршага чалавека забаранялася, каб у пакоі, акрамя тых, хто яго мылі, прысутнічаў яшчэ хтонебудзь. Перш за ўсё гэта табу тычылася цяжарных жанчын і моладзі: ім катэгарычна не дазвалялася не толькі глядзець, «як мыюць мерцвяка», але нават і заходзіць у гэты момант у яго дом.
Ваду пасля абмывання памёршага выносілі з хаты і вылівалі там, дзе менш за ўсё хадзілі людзі і жывёла, напрыклад пад вугал нейкай нежылой пабудовы, у якім-небудзь нізкім месцы за агародам і г. д. Такой вадзе часцей надавалі якасці нежывой вады. Згодна з народнымі ўяўленнямі, калі гэту ваду выліць на агародзе, то на тым месцы нічога не будзе радзіць. «...Ее нільзя ліць на
жывоя», — тлумачаць палешукі, а ў многіх мясцовасцях увогуле лічаць, што калі паходзіш ці пастаіш там, дзе вылілі «ваду з мерцвяка», то ў хуткім часе і сам памрэш (8-89-244-3, л. 8).
Адзенне, якое было ў смяротны час на нябожчыку, салому або коўдру, прасціну, на якой ён паміраў, спальвалі на перакрыжаванні дарог за вёскай.
Памыўшы, нябожчыка прычэсваюць і пачынаюць адзяваць. Амаль усюды старыя людзі яшчэ пры жыцці рыхтавалі для сябе адзенне на смерць, якое павінна было быць чыстым і новым, і пажадана, каб чалавек хоць адзін раз пабываў у ім у царкве або касцёле. Калі ж смерць была нечаканай і памёршы чалавек не падрыхтаваў пасмяротнае адзенне, яго сваякі ішлі да любой швачкі і прасілі яе пашыць «адзенне на пахаванне». Пры такой просьбе работа выконвалася неадкладна, адмова, як верылі, магла б выклікаць гнеў нябожчыка, што было зусім непажадана. Прычым тканіну на адзенне памёршаму не рэзалі нажніцамі, а разрывалі палатно рукамі і сшывалі яго ў адну нітку, накіроўваючы іголку ад сябе (8-89-243-1, л. 9—10).
Пасмяротнае адзенне мала чым адрознівалася ад таго, якое чалавек апранаў пры жыцці ў святочныя дні. Маладых жа нябожчыкаў — хлопца або дзяўчыну апраналі так, як пад вянец.
Ложа, на якім памёршы ляжыць да пераносу яго ў труну, робяць на лаве пад абразамі, але для мужчын на лаўцы, якая стаяла ў правы бок ад абразоў, а для жанчын — у левы бок. Лаўку засцілаюць сенам або саломай ці кладуць на яе сяннік, на якім чалавек паміраў, і падушку, набітую сенам, а зверху ўсё гэта пакрываецца прасціной або посцілкай. Пасмяротнае ложа заставалася ляжаць засланым на куце да дзевятага дня пасля смерці нябожчыка, а потьім выносілі з хаты і спальвалі. Памёршага хрысціяніна кладуць на лаве галавою да абразоў. Зверху яго да грудзей пакрываюць белым палатном, наміткаю ці белымі
тканінамі тыпу марлі, гардзін і г. д. Рукі складваюць крыжападобна на грудзях і перавязваюць у кісцях белай марлевай павязкай. У левую руку памёршаму даюць васковы крыжык і невялікі абразок ці хусцінку, а ў правую — свечку або ўвогуле нічога, «бо правуй рукой хрысціцца яму трэба ўжо на тум свеці» (8-93-270-4, л. 32). На галаву накладваюць «венчык», які купляюць у царкве ці касцёле, а на лоб і грудзі — спецыяльныя папяровыя «сцелькі» з намаляваным лікам Ісуса Хрыста і надпісам «Вечная памяць». У такім выглядзе, па народных уяўленнях, памёршы павінен быў з'явіцца ў замагільны свет продкаў.
Варта зазначыць, што з пачатку абмывання і пераапранання памёршага і да пераносу яго на пасмяротнае ложа галасіць па нябожчыку катэгарычна забаранялася. У Мазырскім раёне гэта табу тлумачаць так: «...Не плачуць, каб можна было яго адзець, прыбраць, а еслі галосяць, дык цела прама дубовае становіцца, няможна яго ўвярнуць» (8-89-243-1, л. 32). Таму, як толькі нябожчыка «прыбяруць» і пакладуць на кут, родныя давалі волю сваім пачуццям, выказваючы іх у слёзных галашэннях:
Мамулічка мая родная, жаласніца маяі Верная сустраканніца мая прыхільная, Правадніца мая шчырая!
Хто ж мяне так сустрэнець, Хто ж мяне так правядзець, Як мая мамулічка, як ты, мая родная? Хто ж у мяяе аб здароўі папытаець, Хто ж пра маю худобаньку лраведаець, Хто ж пра майго няўдаліцу так распросіць, Як ты, мая мамулічка, як ты, мая родная?..
А дубочак ты мой зялёненькі, А бярозка мая кудравая, А ці ветры ж цябе падвеялі, А ці буры цябе падламілі? А супружачык мой міленькі, А куды ж ты гэта прыбраўся, А нашто ж ты мяне пакінуў? А к каму ж я цяпер прыхівуся: Няма ж у мяне нікога роднага!..
У першы ж дзень пахавання прасілі мясцовых майстроў зрабіць труну і крыж. На іх выраб кожны гаспадар «на ўсякі выпадак» трымаў у запасе сасновыя ці яловыя дошкі і брускі, якія захоўвалі на гарышчы, дрывотні ці іншым зручным месцы. Труну і крыж рабілі на двары памёршага. Але калі ў яго гаспадарцы была сівая карова або чорны певень, то падобны заказ выконвалі ў кагонебудзь з суседзяў. У такім выпадку зробленую труну хуценька неслі ў хату да памёршага, a крыж ставілі каля брамы на вуліцы або на двары з боку кутняга акна. Для маленькіх дзетак «дамовачку», як называюць у нас у абрадзе труну, рабілі без цвікоў, бо ў адваротным выпадку баяліся, што ў сям'і больш не будзе дзяцей. Святар, які маліўся над нябожчыкам, акрапляў труну святою вадою, пасля чаго яе ўсцілалі знізу рэшткай стружак, што заставаліся пасля габлявання дошак, галінкамі бярозавых венікаў, сенам і засцілалі паверх адрэзам белага палатна. Века — крышку труны і яе бакавіны аббівалі таксама льняным палатном або, як гэта робяць у наш час, белай атласнай ці шаўковай матэрыяй, а зверху чырвоным або сінім сітцам. Зробленую і асвечаную труну нельга было ні на хвіліну пакідаць пустою, баяліся, што ў ёй можа пасяліцца «нячыстая сіла», якая будзе дакучаць целу нябожчыка ў яго замагільным жыцці. Таму, заслаўшы і ўбраўшы «дамовачку памёршага», у яе адразу пераносілі яго цела.
Паўсюдна ў беларусаў, як і ў іншых славянскіх народаў, у труну «мерцвяку» клалі некаторыя прадметы дамашняга ўжытку адпаведна яго заняткам пры жыцці, а таксама ежу — бліны, кашу, гарэлку, курыва і г. д. Па ўяўленнях нашых продкаў, такія прадметы патрэбны былі памёршаму ў яго замагільным жыцці для гаспадарчай дзейнасці, а гарэлка, ежа і курыва — для пачастунку родных і знаёмых, калі ён прыйдзе на «тэй свет». 3 падобнай мэтай жанчыне, памёршай у час родаў, у труну кладуць пялёнкі, кашульку і
хусцінку для спавівання і дагляду дзіцятка, а нябожчыку-дзіцятку — цацкі, цукеркі.
Труна-«хатачка» ўпадабляецца ў народным асэнсаванні жыллю, якое, па ўяўленнях жывых, было такой жа неабходнасцю на «тым свеце», як і ў рэальным жыцці, што выразна перадаецца ў галашэннях:
А мамулька, А зязюлька, А ты ж адзавіся, А ты ж адгукніся, А мае ж ножачкі, А мае ж слядочкі, А пазарастаюць, А пазаплываюць.