З неапублікаванай спадчыны Манаграфіі, артыкулы, вершы, матэрыялы навуковай канферэнцыі, успаміны сучаснікаў Аляксей Мельнікаў

З неапублікаванай спадчыны

Манаграфіі, артыкулы, вершы, матэрыялы навуковай канферэнцыі, успаміны сучаснікаў
Аляксей Мельнікаў
Выдавец: Чатыры чвэрці
Памер: 592с.
Мінск 2005
136.2 МБ
У прадмове да выдання гэтай кнігі (1997) яна названа яго лебядзінай песняй. Аднак сапраўднай песняй песняў А.Мельнікава-даследчыка, відаць, усё ж трэба прызнаць манаграфію на самую ўлюбёную яго тэму — пра жыццё і жыціе Еўфрасінні Полоцкай, над якой ён працягваў працаваць і пасля абароны дысертацыі. Дзякуючы старанням старшага навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі, кандыдата філалагічных навук Л.В.Ляўшун, якая змагла своечасова перазняць тэкст з кампутара нябожчыка, вывучыць яго і падрыхтаваць да друку, гэтая вельмі цікавая, арыгінальная і каштоўная праца маладога даследчыка была выратавана для навукі і справядліва адкрывае гэтьі мемарыяльны збор пераважна неапублікаваных твораў А.Мельнікава. Карпатлівую працу па дадатковай пераправерцы, удакладненні і вытлумачэнні асобных, асабліва складаных месцаў тэксталагічнага раздзела манаграфіі прарабіў старшы навуковы супрацоўнік гэтага ж Інстытута, кандыдат філалагічных навук С.Л.Гаранін.
Багацце гістарычна-літаратурнага матэрыялу, наяўнасць шматлікіх спісаў і розных рэдакцый вядомага агіяграфічнага помніка, прысвечанага славутай падзвіжніцы Полаччыны, далі магчымасць А.Мельнікаву ўсебакова разгарнуцца, праявіць свае выдатныя здольнасці і майстэрства як удумлівага літаратуразнаўцатэкстолага і гісторыка даўняга пісьменства.
3 неаслабнай увагаю і цікавасцю чытаецца яго віртуозная рэканструкцыя рэальнай біяграфіі беларускай асветніцы XII ст., заснаваная на тонкім аналізе жыція з выкарыстаннем разнастайных крыніц, глыбокім веданні палітычнай і царкоўнай гісторыі тагачаснай Русі. 1 хоць не ўсё бясспрэчна і пераканаўча ў назіраннях, разважаннях і вывадах А.Мельнікава, у іх ёсць нямала і гіпатэтычнага, што прызнае і сам даследчык, сустракаюцца і асобныя фактычныя
недакладнасці (пазначаны намі ў каментарыях), аднак трэба пагадзіцца, што такая разгорнутая і дасведчаная рэканструкцыя жыццяпісу Еўфрасінні Полацкай праведзена ўпершыню ў навуцы.
Важкую, а са строга навуковага пункту гледжання можа нават самую каштоўную частку манаграфіі складае раздзел, прысвечаны даследаванню літаратурнай гісторыі жыція. Уніклівы тэксталагічны разгляд шматлікіх спісаў помніка, іх грунтоўнае параўнанне, выяўленне і скурпулёзны аналіз розначытанняў, вызначэнне рэдакцый і ўзаемаадносінаў розных спісаў, што наглядна адлюстравана на 13 стэмах — уражваюць нават дасведчанага чытача. Назіранні і вывады навукоўца абапіраюцца на агромністым фактычным матэрыяле, на працаёмкім і кваліфікаваным даследаванні амаль сотні рукапісных і друкаваных спісаў гэтага твора, што захоўваюцца за межамі Беларусі, і таму падаюцца даволі абгрунтаванымі і пераканаўчымі. Яны падмацаваны яшчэ змястоўным дадаткам — археаграфічным аглядам 90 спісаў жыція. Зразумела, немагчыма было з ўсёй дакладнасцю прасачыць літаратурную гісторыю гэтага твора, паходжанне розных рэдакцый, узаемаадносіны іх спісаў, бо многія рукапісы не захаваліся, а іншыя былі недаступныя даследчыку. Таму асобныя яго меркаванні і вывады, што адлюстраваны на некаторых стэмах, трэба лічыць папярэднімі, яны патрабуюць дадатковай аргументацыі, канкрэтызацыі і ўдакладнення. У цэлым жа манаграфія А. Мельнікава, прысвечаная «Жыцію Еўфрасінні Полацкай» і выкананая на высокім навуковым узроўні, з любасцю і натхненнем — узорнае літаратуразнаўчае даследаванне аднаго помніка агіяграфічнага жанру.
Укладальнікі слушна палічылі неабходным змясціць у гэтым зборніку і апошнюю аўтарскую рэдакцыю каштоўнага навукова-даследчага нарыса А.Мельнікава «Жыціе і жыццё свяціцеля Кірыла, епіскапа Тураўскага», што складае першы раздзел яго манаграфіі пра гэтага пісьменніка.
Здзіўляюць і ўражваюць напружанасць і выніковасць працы навукоўца ў апошнія гады жыцця. Сур’ёзныя навуковыя даследаванні ў Інстытуце літаратуры ён спалучаў з рознабаковай навучальна-асветніцкай і папулярызатарскай дзейнасцю, выкладаннем у Мінскай духоўнай семінарыі і Беларускім дзяржаўным педуніверсітэце, шчыраваннем у Мінскім епархіяльным упраўленні і інш. Ён не даваў сабе расслабіцца. Працаваў упарта , мэтанакіравана і захоплена. I будаваў смелыя пражэкты, выношваў новыя задумы. У прыватнасці, пасля завяршэння даследаванняў пра Еўфрасінню Полацкую і Кірылу Тураўскага А.Мельнікаў збіраўся неадкладна грунтоўна заняцца жыццём і жыціем Аўрамія Смаленскага і стварыць такім чынам своеасаблівы трыпціх.
За што б ён ні браўся, рабіў тое сумленна, прафесійна, салідна. Пра гэта пераканаўча сведчыць і курс лекцый па гісторыі беларускай старажытнай літаратуры, які А.Мельнікаў чытаў у 19931994 гг. у Беларускім педуніверсітэце на факультэце беларускай філалогіі і культуры. Даследчык не меў часу напісаць іх.разгорнуты тэкст, а пакінуў толькі сціслы, выкладзены ў тэзіснай.форме, энцыклапедычным стылем рабочы варыянт, фактычна пашыраную праграму курса. Але якая яна змястоўная, як густа напісана!
Гэты кароткі курс лекцый практычна ахоплівае ўсю гісторыю даўняй беларускай літаратуры амаль за восем стагоддзяў яе развіцця (XI-XVIII) ад зараджэння да заняпаду. Прадстаўлены ўсе асноўныя віды, жанры і помнікі шматмоўнай літаратурнай спадчыны Беларусі таго часу, вельмі сцісла, але кампетэнтна ахарактарызавана творчасць многіх пісьменнікаў розных эпох і напрамкаў. Закрануты праблемы перыядызацыі даўняй беларускай літаратуры, дасведчана раскрыты яе спецыфічныя асаблівасці, асабліва тонка і глыбока — паэтыка літаратуры барока, падмацаваная сціслым разглядам трактатаў М.Сарбеўскага, і інш. Фактычны матэрыял ахоплены месцамі шырэй і паўней, чым у існуючых падручніках і нават у акадэмічнай гісторыі і ў цэлым адпавядае універсітэцкай праграме па гісторыі беларускай літаратуры X1-XVIII стст. Багацце згаданых імёнаў і твораў, выкарыстаных фактаў, інфармацыйная насычанасць і тэарэтычная заглыбленасць, дасведчанасць выкладу гавораць аб вялікай эрудыцыі А.Мельнікава, грунтоўным асваенні ім агромністага фонду пісьмовых крыніц, добрым знаёмстве са спецыяльнай навуковай літаратурай.
На жаль, даследчык не паспеў напоўніць гэты занадта густы і сухаваты матэрыял жывой плоццю і кроўю і стварыць на яго грунце арыгінальны, цікавы і паўнацэнны падручнік па гісторыі даўняй беларускай літаратуры. Нягледзячы на гэта, а таксама на асобныя недакладнасці, спрэчнасць, аднабаковасць, a то і несправядлівасць некаторых ацэнак і вывадаў маладога навукоўца (напрыклад, яго сцверджанні пра фіяска дзейнасці Ф.Скарыны і І.Фёдарава, пра адмоўную ролю Рэнесансу і кнігадрукавання ў гісторыі літаратуры) гэты курс лекцый і ў наяўным варыянце будзе вельмі карысны ўсім, хто з ім пазнаёміцца, а студэнтам і выкладчыкам паслужыць хоць і не лёгкім, але каштоўным дапаможнікам у працы.
Актыўная і плённая навукова-даследчая праца і літаратурнаасветніцкая дзейнасць А.Мельнікава шчасліва супалі з пачаткам новага беларускага нацыянальнага Адраджэння, што не магло не паслужыць яму дадатковым стымулам. Менавіта ў гэты надзвычай спрыяльны, сапраўды зорны час, які абудзіў лепшыя нацыянальнатворчыя сілы беларускага народа, ён працаваў з асаблівым натх-
неннем, паскорана рос і сталеў як вучоны, напісаў самыя выдатныя свае працы, паспяхова ажыццявіў шэраг вельмі важных сваіх задум. Ён актыўна ўключыўся ў працу Біблейскай камісіі, зацікаўлена і прафесійна ўдзельнічаў у выпрацоўцы і ўдасканаленні беларускай царкоўна-літургічнай і багаслоўскай тэрміналогіі і інш.
Да гэтага ж перыяду належыць і разгорнутая рэцэнзія А.Мельнікава на «Беларускі праваслаўны каляндар» (1994), якая сваім зместам значна выходзіць за рамкі прыватнага водгуку на кнігу. Яна закранае важную праблему адэкватнай перадачы багаслоўскіх тэрмінаў і паняццяў сродкамі беларускай літаратурнай мовы, раскрывае характар падыходаў і пошукаў маладога, але дасведчанага навукоўца ў гэтым напрамку. Гэтая рэцэнзія паказвае таксама і на ў цэлым вельмі ўдумлівае стаўленне даследчыка да гэтай складанай і актуальнай праблемы, хоць і не ўсе яго ўласныя моўна-стылёвыя прапановы падаюцца ўдалымі і слушнымі.
Вялікі навукова-творчы патэнцыял А.Мельнікава, сур’ёзнага, усебакова падрыхтаванага даследчыка нашай даўняй духоўнай спадчыны, неардынарнай асобы, на жаль, змог раскрыцца толькі часткова. Але і тое, што ён паспеў зрабіць і пакінуў нам, робіць гонар маладой беларускай медыявістыцы і надоўга застанецца ў ліку лепшых яе старонак.
Малады даследчык выдатна праявіў сябе і як таленавіты перакладчык, тонкі знаўца роднага слова. Ен па-майстэрску пераклаў на сучасную беларускую мову ўсе вядомыя помнікі беларускай агіяграфіі эпохі Сярэднявечча, малітвы Кірылы Тураўскага і шэраг іншых твораў гэтага пісьменніка і нават паспрабаваў прадоўжыць вялікую справу Ф. Скарыны — перакласці на родную мову Псалтыр і Новы запавет, што яму часткова і ўдалося ажыццявіць. Ацэньваючы такі багаты творчы плён навукоўца за такі кароткі жыццёвы шлях, не будзе перабольшаннем назваць яго сапраўдным духоўным подзвігам.
Рамантык, паэт па натуры А.Мельнікаў пакінуў нам таксама і свае таленавітыя лірычныя вершы — люстра яго глыбокіх асабістых перажыванняў, яго неабыякавай, прыгожай хрысціянскай душы, якая ўзнёсла імкнулася да дахоўнага ідэалу. Ен імкнуўся ў нязведаныя далі, у недасяжныя вышыні. Як прызнаецца навуковец у сваім вершы пра Ікара, з юначых гадоў яго вабіла зорнае неба. Ён «пазіраў на неба і шукаў, якая з зор мяне к сабе прыманіць і панясе мяне ў мой зорны шлях». 1 зайздросціў славутаму антычнаму герою, які загінуў у палёце да сонца. Нечакана, у маладыя гады, у палёце абарваўся і зямны шлях Аляксея Мельнікава. Але прадаўжаецца яго зорны шлях, шлях у вечнасць.
В.А. Чамярыцкі
МАНАГРАФІІ АРТЫКУЛЫ ВЕРШЫ
ЕУФРАСІННЯ ПОЛАЦКАЯ
ГЛАВА 1
Ад старога Уладзіміра да цяперашняга... Усяслава (ІХ-Х стст.)
Помянух днм древнмя, поучмхся.
Пс. 142, 5
Апавяданне пра Еўфрасінню Полацкую мы палічылі мэтазгодным пачаць з кароткага выкладу падзеяў, што адбываліся ў дзяржаве і ў Царкве Полацкай зямлі; і робім гэта не толькі таму, што дзяржаўная і царкоўная гісторыя Полаччыны гэтага часу сама па сабе ўяўляе немалую цікавасць, але і таму, што толькі з веданнем некаторых фактаў даўніны гэтага краю можна рабіць пэўныя высновы пра шмат якія асаблівасці біяграфіі прападобнай князёўныігуменні.