Замкі і фартэцыі Радзівілаў на беларускіх землях у XVI - пачатку XVIII ст
Мікола Волкаў
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 215с.
Мінск 2021
162Кетра Т. Mikolaj Krzysztof Radziwill Sierotka (1549-1616) wojewoda wilenski. S. 160.
163 Bania Z. Poj^cie rezydencji w architekturze polskiej XVII i XVIII w. na przyktadzie Podhorzec i Brodow. S. 385-388; Idem. Nowozytne zamki polskiej magnaterii. Uwagi o reprezentacji na wybranych przykladach. S. 111-112.
164 Milunski M. Zarzad dobr Boguslawa Radziwilla w latach 1636—1669. S. 212—214, 221, 227.
перарабляць пад «адкрытую» рэзідэнцыю, а прадстаўнікі нясвіжскай галіны Радзівілаў засяродзіліся на забеспячэнні абароназдольнасці іх галоўнай рэзідэнцыі ў Нясвіжы.
Найбольш важным складнікам працэсу гаспадарчага развіцця маёнткаў буйных землеўласнікаў было заснаванне, ці лакацыя, гарадоў і мястэчак, што, як правіла, суправаджалася надзяленнем іх правам на самакіраванне. Лакацыяй называлі заснаванне новага гандлёва-рамеснага паселішча альбо карэнную рэарганізацыю горадабудаўнічай структуры старога. Перабудова і падвышэнне прававога статусу паселішча павінна было спрыяць яго росту і павелічэнню прыбытковасці. Гэта выразна дэкларавалася ў прывілеях на самакіраванне, у прыватнасці ў прывілеі Міру 1579 г.165
На працягу XVI-XVII стст. пераўтварэнні горадабудаўнічага характару закранулі найбольш значныя рэзідэнцыі Радзівілаў (Любча, Мір, Нясвіж, Слуцк). Пры гэтым будаўніцтва ўмацаванняў праводзілася адначасова з лакацыяй і наданнем права на самакіраванне. 3 гэтага вынікае, што пры распрацоўцы планаў паселішчаў пад увагу бралася неабходнасць будаўніцтва абарончых умацаванняў вакол іх. Сам жа абавязак будаўніцтва фартыфікацый ускладваўся на мяшчан і мусіў быць рэалізаваны на першым этапе развіцця рэфармаванага паселішча. Напрыклад, Нясвіж атрымаў права на самакіраванне ў 1586 г., а ўжо напачатку XVII ст. вакол горада, як сведчыць гравюра Т. Макоўскага, былі насыпаны земляныя ўмацаванні. Пры гэтым, аднак, трэба заўважыць, што будаўніцтва ўмацаванняў планавалася і рэалізоўвалася толькі вакол найбольш важных паселішчаў, у той час як большасць мястэчкаў, якія мелі характар другарадных гандлёва-рамесных паселішчаў, закладваліся адкрытымі.
Як і ў пытанні надання права на самакіраванне, так і ў горадабудаўнічай дзейнасці маглі прысутнічаць ідэалістычныя ўяўленні, якія былі складнікам культуры вышэйшых слаёў тагачаснага грамадства. Найбольш выразным адлюстраваннем рэнесанснага пераканання аб магчымасці і неабходнасці рацыянальнага пераўтварэння свету з’яўляецца канцэпцыя ідэальнага горада, якая была рэалізавана ў шэрагу паселішчаў Радзівілаў. Гэтая канцэпцыя ўключала і пытанне будаўніцтва ўмацаванняў, гэта значыць непасрэдна ўплывала на абарончую архітэктуру. Найбольш яскравым прыкладам рэалізацыі канцэпцыі ідэальнага горада з’яўляецца радзівілаўскі Нясвіж166.
Збіранне зямель Радзівіламі і ўтварэнне вялікіх зямельных латыфундый у XVI ст. дало моцны стымул для разбудовы рэзідэнцый, якія знаходзіліся ў іх цэнтрах. 3 аднаго боку, будаўніцтва рэзідэнцый было неад’емнай часткай працэсу гаспадарчага асваення зямель латыфундый, паколькі сядзібы стваралі
165 Скеп’ян А. Самакіраванне Капыля ў другой палове XVI ст. (рэканструкцыя па гарадской уставе Петрыкаву 1582 г.) Н Капыль : гісторыя горада і рэгіёна : да 360-годдзя надання Капылю прывілея на магдэбургскае права / уклад. : A. А. Скеп’ян, А. Б. Доўнар, I. В. Соркіна. Мінск, 2012. С. 49.
'^Волкаў М. Абарончы комплекс Нясвіжа ў XVI-XVIII стст. С. 178.
ўмовы для развіцця і жыццядзейнасці гандлёва-рамесных паселішчаў і сельскіх ваколіц. 3 іншага боку, дзейнасць магнатаў, скіраваная на павелічэнне прыбытковасці сваіх зямель праз іх узбуйненне, рэарганізацыю старой структуры, развіццё інфраструктуры і ўдасканаленне адміністрацыі, стварала перадумовы для ўзвядзення і функцыянавання магутных абарончых комплексаў у іх цэнтрах. Пры гэтым мадэрнізацыя эканамічнай сістэмы вялікіх зямельных комплексаў суправаджалася змяненнем канцэпцыі іх абароны, у выніку чаго ўсе сродкі скіроўваліся на забеспячэнне цэнтральных рэзідэнцый, а другарадныя прыходзілі ў заняпад.
2.5. Сімвалы самасцвярджэння
На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва абарончая архітэктура несла значную сімвалічную нагрузку. Фактычна яна ўвасабляла сабой грамадскі інстытут ці асобу, якая кіравала пэўнай тэрыторыяй. Магутны абарончы комплекс з’яўляўся дэманстрацыяй сілы, легітымацыяй улады яго ўласніка і аказваў псіхалагічны ціск на падданых. Таму абарончы выгляд на працягу XVIXVII стст. заставаўся абавязковым атрыбутам канцэпцыі рэзідэнцыі ўладара. У сваю чаргу, пры разглядзе прыватнаўласніцкіх абарончых умацаванняў мы, як правіла, маем справу з рэзідэнцыямі, якія ў значнай ступені былі падпарадкаваны патрэбе самарэпрэзентацыі ўласніка. Таму фактары неваеннага характару часам выступалі наперад і вызначалі форму ўмацаванняў
У выпадку, калі не ставілася на мэце стварэнне абарончага аб’екта альбо не было сродкаў для будаўніцтва магутных фартыфікацый, уласнік імкнуўся надаць рэзідэнцыі абарончы выгляд ці стварыць ілюзію абароназдольнасці. Таму ўзвядзенне ўмацаванай рэзідэнцыі магло быць выклікана не столькі неабходнасцю абароны, колькі патрэбай рэпрэзентацыі і жаданнем яго ўласніка прадэманстраваць свае пазіцыі ў дзяржаве. Асаблівую важнасць сімвалічная трактоўка ўмацаванняў мела ў саслоўным грамадстве ВКЛ і Рэчы Паспалітай. 3 аднаго боку, шляхта імкнулася ўсяляк адасобіцца ад ўсяго астатняга грамадства як адзінае саслоўе, якое мае права на ўжыванне сілы, а, з іншага, магнатэрыя рабіла захады, каб узвысіцца над агульным «шляхецкім народам» і замацаваць сваё дамінаванне на палітычным алімпе дзяржавы. У такіх умовах форма і выгляд абарончых рэзідэнцый набывалі істотнае значэнне ў справе самарэпрэзентацыі палітычнай эліты. Таму, каб болып глыбока пранікнуць у спецыфіку архітэктуры абарончых умацаванняў Радзівілаў, варта ўважліва разгледзець іх сімвалічны змест. Гэта, па-першае, дасць магчымасць больш дакладна інтэрпрэтаваць форму тых ці іншых рэзідэнцый, а па-другое, дазволіць правільна ацаніць іх рэальны абарончы патэнцыял, а таксама прычыны іх узвядзення і функцыянавання.
На думку Н. А. Скеп’ян, штуршком да будаўніцтва магнатамі мураваных рэзідэнцый стала пашырэнне кантактаў з дваром імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі і знаёмства вышэйшага саслоўя з культурай паўночнага Рэ-
несансу167. Уплыў імперыі на вышэйшыя пласты грамадства ВКЛ у ідэйным плане быў вельмі моцны і адбіўся, напрыклад, у імкненні многіх магнатаў, якія не мелі тытулаў, атрымаць іх з рук імператара. Адным з першых княжацкага тытула ў 1518 г. дамогся Мікалай II Радзівіл. Той жа стратэгіі па павышэнні статусу роду прытрымліваліся і яго пляменнікі. У 1547 г. Мікалай V Радзівіл Чорны атрымаў тытул князя на Нясвіжы і Алыцы для сябе і тытул князя на Дубінках і Біржах для свайго стрыечнага брата Мікалая IV Радзівіла Рудога. Таму на нямецкія землі варта звярнуць увагу для пошуку аналогій у грамадска-палітычным развіцці і рэзідэнцыянальным будаўніцтве ў ВКЛ.
3 другой паловы XV ст. у Свяшчэннай Рымскай імперыі пачынаецца ўмацаванне ўлады найбольш значных курфюрстаў і князёў. 3 аднаго боку, яны падпарадкоўваюць сабе дробных і сярэдніх феадалаў, а з іншага умацоўваюць свае пазіцыі адносна імператара. Гэта праявілася ў ліквідацыі аднаго з асноўных правоў, што належала ўсім феадалам, а менавіта права на вядзенне войнаў. У 1555 г. было канчаткова забаронена ініцыяваць і весці войны дробным і сярэднім феадалам, а права ўжывання ваеннай сілы было сканцэнтравана ў руках курфюрстаў і князёў. Час рыцараў, такім чынам, скончыўся168. Працэс умацавання магнацкай алігархіі ў ВКЛ шмат у чым падобны на працэсы, што адбываліся ў імперыі. Спроба абмежаваць уплыў магнатэрыі ў ВКЛ праз ажыццяўленне шырокіх рэформ і пашырэнне правоў сярэдняй і дробнай шляхты ў трэцяй чвэрці XVI ст. не прывяла да жаданых вынікаў, і на канец XVI першую палову XVII ст. прыпаў небывалы рост палітычнай магутнасці магнатэрыі. У гэты час была ўзведзена значная колькасць шыкоўных магнацкіх рэзідэнцый, у тым ліку новыя бастыённыя замкі Радзівілаў у Алыцы, Біржах і Нясвіжы.
Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што, як і ў Заходняй Еўропе, у ВКЛ абарончыя рэзідэнцыі з пачатку XVI ст. сталі адным з важнейшых элементаў дынастычна-станавага самаўсведамлення вышэйшай праслойкі землеўласнікаў. Пры гэтым ідэйнае сталенне магнацкай эліты і фарміраванне яе культурных арыенціраў выразна адбілася ў рэзідэнцыянальнай архітэктуры. 3 пачатку XVI ст. сярод прыватнаўласніцкіх рэзідэнцый распаўсюджваецца тып рэгулярнага замка з вуглавымі вежамі (Мір, Геранёны). Такога кшталту пабудовы маюць карані ў абарончым дойлідстве ВКЛ познія велікакняжацкія замкі-кастэлі ў Троках і Коўне. Разам з тым кастэлі з вуглавымі вежамі былі шырока распаўсюджаны ў Італіі і Францыі, а таксама ў нямецкіх землях, дзе яны мелі выразны княжацка-імперскі змест169. Такім чынам, у рэзідэнцыі такога кшталту ўкладваўся грунтоўны ідэйны і сімвалічны змест, які з лёгкасцю чытаўся і ў кантэксце мясцовай, і ў кантэксце заходнееўрапейскай традыцыі.
167 Скеп'ян Н. Пачаткі будаўніцтва прыватнаўласніцкіх мураваных замкаў у Вялікім княстве Літоўскім. С. 63.
168 Schutte U. Das SchloB als Wehranlage: befestigte SchloBbauten der friihen Neuzeit im alten Reich. S. 4, 12.
169 Ibidem. S. 235.
Для магнацкіх родаў някняжацкага паходжання, якімі былі Радзівілы, такога кшталту замкі былі сродкам сцвярджэння свайго роўнага з «князямі крыві» статусу і спосабам легітымацыі свайго ўваходжання ў склад кіроўных эліт дзяржавы. Іншымі словамі, замкі сталі своеасаблівай заменай старажытнага тытула для маладой магнацкай эліты170. Найбольш эфектнай дэманстрацыяй свайго статусу на тэрыторыі ВКЛ, напэўна, стаў узведзены Юрыем Іллінічам замак у Міры. Ніводная з рэзідэнцый магутных Гаштольдаў і Радзівілаў пачатку XVI ст. па маштабах і эфектнасці архітэктурнага вырашэння не магла параўнацца з гэтым замкам.
Хваля Рэнесансу, якая прыйшла ў ВКЛ у першай палове XVI ст., значна ўзрушыла ідэйнае, культурнае і палітычнае жыццё краіны. Гэта ўвасобілася, напрыклад, у імкненні многіх магнацкіх родаў, у тым ліку Радзівілаў, да канструявання родавай міфалогіі і вывядзення продкаў ад міфічных князёў балцкага ці, яшчэ лепш, рымскага паходжання171. Нават першапачаткі дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага выводзіліся з рымскай традыцыі. Таму не дзіўна, што хваля рэнесансных ідэй закранула і архітэктуру. Тып рэгулярных рэзідэнцыянальных і абарончых умацаванняў актуалізаваўся ў кантэксце абарончай архітэктуры эпохі Антычнасці. Правільная форма абарончага рымскага лагера стала ідэальным правобразам для ўмацавання, рэзідэнцыі і горада. 3 гэтага часу, акрамя прыгажосці і змястоўнасці знешняга выгляду архітэктурнага комплексу, пачала рабіцца стаўка на матэматычную дасканаласць яго плана, якая грунтавалася не столькі на практычным досведзе, колькі на ідэйных уяўленнях. Ідэальны (ці блізкі да ідэальнага) характар меў драўляны замак XVI ст. у Нясвіжы, які адлюстраваны на гравюры Т. Макоўскага. Пад выразным уплывам рэнесанснай традыцыі быў збудаваны і замак роду Кішкаў у Любчы, які пазней перайшоў да Радзівілаў. Абарончы патэнцыял гэтай рэзідэнцыі быў даволі абмежаваны, чаго нельга сказаць пра яго ідэйнае напаўненне. Традыцыйная для ВКЛ форма кастэлі з вуглавымі вежамі ў дадзеным выпадку была «абноўлена» рэнесансным зместам і асацыіравалася з антычнымі формамі172. У выпадку магнатаў ВКЛ наяўнасць такога кшталту рэзідэнцый была дадатковай магчымасцю сцвердзіць сваё «рымскае паходжанне». Падобнымі меркаваннямі мог кіравацца і Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, які ў 1570-1580-я гг. уклаў значныя сродкі ў перабудову і абнаўленне ў духу Рэнесансу замка-кастэлі ў Міры.