Замкі і фартэцыі Радзівілаў на беларускіх землях у XVI - пачатку XVIII ст
Мікола Волкаў
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 215с.
Мінск 2021
mJluna K. Теорія архітектурн, містнка i війна. Кн'ів, 2016. С. 45-49.
194 Schutte U. Das SchloB als Wehranlage: befestigte SchloBbauten der friihen Neuzeit im alten Reich. S. 296-297.
абароназдольнымі, паколькі ў іх увесь фронт максімальна ўніфікаваўся, а слабыя месцы, найбольш прыдатныя для штурму, практычна адсутнічалі. Таму выявіць, чым кіраваліся замоўца і архітэктар, абіраючы форму для ўмацавання, ідэалістычнымі перакананнямі ці ваеннымі абставінамі амаль немагчыма. Акрамя таго трэба мець на ўвазе два наступныя моманты. Па-першае, для людзей эпохі ранняга Новага часу містычнае і рэальнае не існавалі паасобку, а арганічна спалучаліся, што не заўжды зразумела для нас. Па-другое, эфектыўнасць той ці іншай формы для ўмацавання нельга было праверыць адразу, у тым ліку дакладна пралічыць памеры гарнізона, характар небяспекі і будучага ваеннага канфлікту. Таму замоўцы і архітэктары шмат у чым кіраваліся тэорыямі, на якія аказвалі ўплыў ідэалістычныя ўяўленні і містыка.
Вельмі цікавым з’яўляецца прыклад Нясвіжскага бастыённага замка канца XVI ст. Правільная ў плане фартэцыя мела чатыры дасканалыя бастыёны, што характэрна для бастыённых замкаў ВКЛ другой паловы XVI сярэдзіны XVII ст. Пры гэтым лічба 4 лічылася адной з ключавых лічбаў у містычнай карціне свету хрысціян: колькасць літар у імені Адама, чатыры бакі свету, чатыры пары года і г. д. Паводле Платона і Арыстоцеля, у прыродзе меліся чатыры стыхіі, ці элементы, а Вітрувій лічыў чатыры лічбай чалавека195. Аднак толькі сама форма замка не дазваляе адназначна сцвярджаць, што яго фундатар Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка кіраваўся нейкімі містычнымі ўяўленнямі. Пераканацца ў гэтым дазваляе артылерыйскі парк, які магнат вырабіў спецыяльна для новазбудаванай фартэцыі. У першай замове на гарматы мы бачым наступны пералік: дзве цяжкія гарматы «Св. Мікалай» і «Св. Крыштаф», чатыры «каменныя» гарматы з выявамі стыхій («Вада», «Зямля», «Паветра» і «Агонь») і чатыры такія ж з выявамі апосталаў («Св. Ян», «Св. Лука», «Св. Павел», «Св. Марк»), Такім чынам, і стыхіі, і святыя мусілі абараняць чатыры бастыёны Нясвіжскага замка. Аб непадзельнасці рэальнага прызначэння гармат, як зброі, і іх містычнай знакавай нагрузкі яшчэ больш сведчаць гарматы, адлітыя ў самім Нясвіжы Германам Мольцфельтам (4 цяжкія і 8 лёгкіх). Кожная з іх мае развітае дэкаратыўнае аздабленне і форму, якія выцякаюць з канцэпцыі гармат, увасабляюцца ў адмысловым дэвізе і назве («Саламандра», «Кракадзіл», «Георгій», «Аляксандр», «Гідра», «Цэрбер», «Вінаград» , «Цырцэя», «Папугай», «Сава», «Мелюзіна», «Хімера»). Такім чынам, зброя, прызначаная для абароны замка, фактычна з’яўлялася шэдэўрам ліцейнага мастацтва са значнай семантычнай нагрузкай.
3 пачатку XVI ст. у значнай ступені ў выніку культурных уплываў краін Цэнтральнай і Заходняй Еўропы абарончыя рэзідэнцыі сталі адным з важнейшых элементаў дынастычна-станавага самаўсведамлення вышэйшай праслойкі землеўласнікаў у ВКЛ. Пры гэтым абарончая архітэктура мела высокае
'^Лйпа К. Теорія архітектурн, містнка і війна. С. 49.
сімвалічнае значэнне, бо ўвасабляла магутнасць і становішча ў грамадстве ўласнікаў умацаваных рэзідэнцый. Знакавае напаўненне меў як увесь архітэктурны комплекс, так і асобныя яго дэталі. Таму выгляд рэзідэнцый быў вельмі важны для самарэпрэзентацыі статусу ўласнікаў. Паводле нямецкага даследчыка У. Шутэ, поспеху ў вывучэнні архітэктурных комплексаў рэзідэнцыянальнага прызначэння можна дасягнуць толькі тады, калі архітэктуру разглядаць не проста як адбітак палітычнай і сацыяльнай сітуацыі ці атрыбут панавання, але і як спецыяльную форму праяўлення ўласніка196. Калі браць яшчэ больш шырока, то архітэктуру трэба разглядаць у агульным сэнсе як сродак пераўтварэння навакольнага свету. У сваю чаргу рэзідэнцыянальныя аб’екты мелі велізарнае значэнне для стварэння каштоўнасных арыенціраў і ўладкавання жыццядзейнасці соцыуму.
196 Schutte U. Das SchloB als Wehranlage: befestigte SchloBbauten der friihen Neuzeit im alten Reich. S. 10.
Глава 3
елрончля лрхітэктррл
t Традыцыйныя драўляныя ўмацаванні t Мураваныя замкі
f Мадэрнізаваныя дрэва-земляныя ўмацаванні f Бастыённыя ўмацаванні новаітальянскай сістэмы t Бастыённыя ўмацаванні старагаландскай сістэмы
Фармальна пачатак прыватнаўласніцкага абарончага будаўніцтва ў ВКЛ можа быць звязаны з прывілеем Ягайлы 1387 г., які дазволіў прыватным асобам валодаць землямі з замкамі. Да гэтага часу валодаць значнымі ўмацаваннямі, якія кантралявалі вялікія воласці, акрамя манарха, маглі толькі князі з дынастый Гедымінавічаў і Рурыкавічаў, якія кіравалі ўдзельнымі княствамі пад уладай вялікіх князёў, а таксама група літоўскіх князёў, якія мелі спадчынныя ўладанні на тэрыторыі гістарычнай Літвы і Жамойці. Паводле прывілея 1387 г., права на валоданне землямі з замкамі было пашырана на баярства гістарычнай Літвы, ахрышчанае ў каталіцкую веру. Адной з прычын гэтага новаўвядзення было імкненне Ягайлы стварыць аснову для сваёй улады ў ВКЛ у супрацьвагу старой эліце і найперш Гедымінавічам, якія маглі прэтэндаваць на велікакняжацкі прастол. Адным з баярскіх родаў, узвышэнне якога пачалося ў выніку гэтай рэформы, былі Радзівілы. Паводле прывілеяў Ягайлы 1432 г. і Жыгімонта Кейстутавіча 1434 г., права на валоданне землямі з замкамі было пашырана на князёў і баяр праваслаўнага веравызнання. У 1447 г. гэтае права было замацавана агульназемскім прывілеем Казіміра Ягелончыка197. Атрыманыя ад гаспадара замкі ўласнікі маглі перабудоўваць, пераносіць на іншае месца альбо закладваць у сваіх землях новыя больш дасканалыя ўмацаванні.
У пісьмовых крыніцах да цяперашняга часу не ўдалося выявіць колькінебудзь пераканаўчых сведчанняў аб існаванні ў ВКЛ практыкі рэгулявання прыватнаўласніцкага абарончага будаўніцтва з боку цэнтральнай улады. Прычынай гэтаму, па ўсёй верагоднасці, была дэцэнтралізацыя сістэмы кіравання дзяржавай, якая была закладзена ў яе аснову яшчэ пры ўтварэнні ВКЛ. Гэта значыць, права на валоданне землямі з замкамі з самага пачатку мелі князі з дынастыі Гедымінавічаў і Рурыкавічаў, а таксама прадстаўнікі некаторых іншых княжацкіх родаў. 3 іншага боку, утрыманне абарончага ўмацавання ці замка магло разглядацца як натуральны абавязак землеўласніка па забеспячэнні абароны сваіх зямель і падданых. Для параўнання, справы з продажам ці набыццём зямлі доўгі час вымагалі дазволу вялікага князя. Таксама магнатам і шляхце забаранялася без згоды з боку манарха засноўваць у сваіх
191 Бохан Ю. М. Вайсковая справа ў Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV канцы XVI ст. С. 396.
землях гарады і мястэчкі з правам вольнага гандлю і збірання мыта і надаваць ім прывілеі на самакіраванне. Характэрным прыкладам з’яўляецца прывілей вялікага князя Аляксандра на пабудову замка і заснаванне мястэчка каля возера Іказнь, выдадзены ў 1504 г. на імя Івана Сапегі198. Замак у дадзеным выпадку згаданы ў сувязі з планаваным стварэннем новага прыватнаўласніцкага паселішча, якое набывала статус горада і ўсе звязаныя з гэтым правы і абавязкі. 3 прыняццем у 1588 г. Статута ВКЛ прыватным уласнікам было дазволена засноўваць гарады, аднак права надання прывілеяў на самакіраванне засталося за гаспадаром да канца існавання Рэчы Паспалітай199.
На зломе XV-XVI стст. у ВКЛ узрасло значэнне вузкай групы заможных баярскіх родаў літоўскага і рускага паходжання, у склад якой уваходзілі і Радзівілы. У далейшым з гэтай групы фарміруецца магнатэрыя, якая да канца XVIII ст. захоўвала эканамічнае і палітычнае дамінаванне ў дзяржаве. Працэс нараджэння новай эліты выразна адлюстроўвае ўсплёск будаўніцтва прыватнаўласніцкіх замкаў у канцы XV пачатку XVI ст. На месцы старых сядзіб буйныя землеўласнікі пачалі ўзводзіць новыя, больш дасканалыя ў рэпрэзентатыўным і абарончым плане рэзідэнцыі. Часам іх проста пераносілі на новыя месцы і будавалі «на сырым корані». Верагодна, адным з першых стаў мураваны замак Багдана Саковіча ў Мядзеле, збудаваны ў канцы XV ст. Пасля смерці магната ён перайшоў у валоданне Радзівілаў і стаў фактычна першай мураванай рэзідэнцыяй роду200. У 1504 г. I. Сапега атрымаў дазвол на будаўніцтва замка ў Іказні. У 1510-1520 гг. Альбрэхт Гаштольд узвёў мураваныя замкі ў Геранёнах і Койданаве, а Юрый Іллініч у Міры201.
У выніку велікакняжацкіх наданняў, праз шлюб, куплю ці абмен у валоданне розных галін Радзівілаў перайшла значная колькасць умацаваных рэзідэнцый. Усяго, па нашых падліках, у XVI пачатку XVIII ст. у валоданні Радзівілаў на землях Беларусі знаходзіліся 16 абарончых умацаванняў, якія выконвалі ці маглі выконваць рэзідэнцыянальныя функцыі. 3 іх 7 знаходзіліся ў цэнтрах найбольш значных зямельных уладанняў і для асобных галін роду ў розны час выконвалі ролю цэнтральных рэзідэнцый (Глуск, Клецк, Мір, Мядзел, Нясвіж, Слуцк, Пячкоўскі Гарадок), а іх забеспячэнню надавалася найбольшая ўвага. Астатнія 9 мелі выразна другасны характар (Давыд-Гарадок, Капыль, Койданава, Копысь, Любча, Магільна, Свержань, Свіслач, Старое Сяло).
'98Собранне государственных н частных актов, касаюаднхся нсторнн Лнтвы н соеднненных с ней владеннй (от 1387 до 1710 г.). / ред. М. Круповнч. Внльно, 1858. Ч. 1. С. 32.
тAlexandrowicz S. Studia z dziejow miasteczek Wielkiego Ksi^stwa Litewskiego. S. 12, 23.
200 Волкаў M. A., Плавінскі M. A. Мядзельскі замак y святле пісьмовых i археалагічных крыніц. С. 67-69, 85-86.
201 Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. С. 63, 94; Baronas D. Fortifications innovations of the Great Dutch of Lithuania during the reign of Sigismundus Augustus (1548-1572) // Zamek i dwor w sredniowieczu od XI do XV wieku I red. J. Wiesiolowski. Poznan. S. 80; Скеп’ян H. Пачаткі будаўніцтва прыватнаўласніцкіх мураваных замкаў у Вялікім княстве Літоўскім. С. 54-63.
Розная ўвага Радзівілаў да асобных рэзідэнцый адбівалася на іх архітэктуры і абарончым патэнцыяле. У выніку ў кожным асобным выпадку сфарміраваўся шмат у чым адметны абарончы комплекс. Таму для вывучэння характару ўмацаванняў і абарончага патэнцыялу рэзідэнцый Радзівілаў на розных этапах іх існавання мэтазгодна ўжыць пэўную класіфікацыю. Асноўным яе прынцыпам з’яўляецца характар абарончай архітэктуры. Мы выдзелілі пяць тыпаў умацаванняў, якія маюць выразныя асаблівасці: традыцыйныя драўляныя і мадэрнізаваныя дрэва-земляныя фартыфікацыі, мураваныя замкі, бастыённыя фартыфікацыі новаітальянскай і старагаландскай сістэмы. Паслядоўны разгляд гэтых тыпаў дазваляе зрабіць высновы аб абароназдольнасці асобных рэзідэнцый Радзівілаў у розныя перыяды іх існавання.