Замкі і фартэцыі Радзівілаў на беларускіх землях у XVI - пачатку  XVIII ст  Мікола Волкаў

Замкі і фартэцыі Радзівілаў на беларускіх землях у XVI - пачатку XVIII ст

Мікола Волкаў

Выдавец: Беларуская навука
Памер: 215с.
Мінск 2021
76.11 МБ
Мал. 27. Нясвіжскі замак. Т. Макоўскі. Пачатак XVII ст.
па гравюры Т. Макоўскага, вал першапачаткова не меў бруствера. На пачатку вайны 1654-1667 гг., калі замак пачалі рыхтаваць да абароны і ўдасканальваць яго фартыфікацыі, на валах і бастыёнах быў насыпаны земляны бруствер. Зверху на ім былі пастаўлены малыя габіёны, ці плеценыя кашы, насыпаныя зямлёй.
Ніжні вал з’яўляўся другім узроўнем абароны фартэцыі (мал. 28-29). Ён быў цалкам абкладзены цэглай і завяршаўся мураваным брустверам з амбразурамі. 3 іншага боку даволі глыбокага рова знаходзіўся цагляны контрэскарп. Мураваная абкладка эскарпа і контрэскарпа надзвычай ускладнялі перадоленне рова для непрыяцеля. Пры гэтым муры былі схаваны ад вачэй непрыяцеля, і іх нельга было разбурыць з дапамогай артылерыі. Магутнасць мураванага эскарпа ніжняга вала і контрэскарпа рова ацанілі і шведы, якія ўвайшлі ў замак у 1706 г.313 Амбразуры ў брустверы ніжняга вала прызначаліся для стральбы з гармат. На самым пачатку Вялікай Паўночнай вайны месцы, у якіх мураваны бруствер абваліўся, заклалі драўлянымі брусамі, а ў іх зрабілі мушкетныя байніцы. Тады ж у каменданта замка Любарта Полемана ўзнікла ідэя павесіць на эскарп вала бярвенні для скідвання іх на праціўніка ў выпадку штурму314.
Паміж знешнім схілам галоўнага вала і мураваным брустверам ішла валавая дарога ніжняга вала, якую выкарыстоўвалі для перамяшчэння жывой сілы, а таксама ўстаноўкі артылерыі. Выхад на гэтую дарогу ажыццяўляўся праз двое варот у мураванай браме. Праз іх на ніжні вал выцягваліся лёгкія гарматы. Выхад жаўнераў на ніжні вал быў магчымы таксама праз мураваныя галерэі ў фланках бастыёнаў.
313 Adlerfeld G. The military history of Charles XII. King of Sweden. London, 1740. Vol. II. P. 230.
314 AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 12 044. S. 5-8; Sygn. 16 645. S. 22.

Мал. 28-29. Рэканструяваны заходні бастыён Нясвіжскага замка
На шпіцах ycix чатырох бастыёнаў Нясвіжскага замка меліся мураваныя вартавыя вежачкі, якія навісалі над эскарпамі, што дазваляла жаўнерам, якія стаялі на варце, аглядаць роў і ўсе падыходы да бастыёнаў і курцін. Шпіцы бастыёнаў з’яўляліся, такім чынам, месцам размяшчэння г. зв. шыльдваха, ці варты, якая ў ваенны час павінна была пільнаваць падыходы да замка і не дапусціць варожай дыверсіі ці нечаканага штурму.
Фланкі бастыёнаў на ўзроўні ніжняга вала прыкрываліся паўкруглымі арылонамі. У саміх фланках размяшчаліся батарэі альбо выхады да рова. Гарматы ў фланках ставіліся для абстрэлу ворага, які спрабаваў перайсці роў і падысці да эскарпа ніжняга вала. На заходнім бастыёне фланкавая батарэя размяшчалася ніжэй за ўзровень валавай дарогі і прыкрывала падыходы да замкавай брамы, якая была слабейшым месцам у ланцугу ўмацаванняў.
У 1706 г. брама часоў Сіроткі была ўзарвана шведамі. Разбурэнні былі настолькі значныя, што для ўзвядзення новай брамы давялося разбіраць падмуркі старой. Брама, якая захавалася да нашага часу і з’яўляецца помнікам першай чвэрці сярэдзіны XVIII ст., толькі ўскосна можа сведчыць пра выгляд брамы канца XVI пачатку XVII ст.315 Праезд першай замкавай брамы меў даўжыню 28 м, што адпавядала шырыні галоўнага і ніжняга валоў замка. Са знешняга боку брама зачынялася акаванымі жалезам масіўнымі падвойнымі дубовымі варотамі. Перад імі меўся акаваны жалезам узвод, які падымаўся з дапамогай калаўротаў унутры брамы. У глыбіні брамы меліся яшчэ адны вароты для выхаду на замкавы дзядзінец. У іх мелася фортка для праходу пешых. Перад брамай праз роў быў перакінуты драўляны мост з парэнчамі. Са знешняга боку ён меў драўляныя вароты.
Галоўны роў Нясвіжскага замка напаўняўся вадой з суседняга става. Вядома, што на працягу другой паловы XVII пачатку XVIII ст. роў Нясвіжскага замка заставаўся сухім. Адной з прычын асушэння рова магло быць імкненне захаваць мураваны эскарп і контрэскарп, якія ўтваралі сценкі рова і пры ўзаемадзеянні з вадою хутчэй разбураліся. Пасля гэтага ўнізе рова ў сярэдзіне XVII ст. была выкапана так званая фасета, ці невялікі равок, які запаўняўся вадою. У 1702 г., калі замак інтэнсіўна рыхтавалі да абароны ад шведаў, у рове перад эскарпам быў пастаўлены палісад316.
За ровам ішла прыкрытая дарога з гласісам, якая дазваляла весці актыўную абарону з дапамогай вылазак жаўнераў з фартэцыі. Упершыню гласіс быў апісаны ў 1554 г., а рэалізаваны ў Італіі ў 1567 г., што ўсяго на 20 гадоў раней за пачатак будаўніцтва Нясвіжскага замка. Выхад з прыкрытай дарогі на перадполле, ці эспланаду, ажыццяўляўся з паўночна-заходняга і паўночнаўсходняга бакоў па дарогах, якія прастрэльваліся з прыкрытага ходу, а з напольнага боку былі закрыты брустверам. На гэтай дарозе меліся спецыяльныя плацдармы для канцэнтрацыі жаўнераў перад вылазкамі. Звонку за гласісам меўся дадатковы вадзяны роў, праз які ў месцах падыходу дарог былі
315 Волкаў М. Нясвіжскі замак у Вялікай Паўночнай вайне. С. 229-237.
316 AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 12044. S. 5-8; Sygn. 16 645. S. 22.
перакінуты драўляныя масткі. Прыкрытая дарога з гласісам, такім чынам, з’яўляліся трэцяй лініяй абароны замка разам з галоўным і ніжнім валамі. На яе жаўнеры выходзілі альбо праз галоўны мост перад брамай, альбо праз таемныя выцечкі ў бастыёнах і валах замка.
Вызначэнне абарончай сістэма, паводле якой быў збудаваны Нясвіжскі замак, з’яўляецца няпростай справай. Паводле Ф. Маркоўскага, у Нясвіжскім замку была рэалізавана стараітальянская бастыённая сістэма, А. Грушэцкі бачыў тут французскі ўплыў, a М. А. Ткачоў адносіў яго да новаітальянскай бастыённай сістэмы317. Сама форма бастыёнаў, мураваныя эскарп вала і контрэскарп рова, а таксама гласіс з прыкрытай дарогай сведчаць пра рэалізацыю прынцыпаў новаітальянскай бастыённай сістэмы. Высокія земляныя насыпы на бастыёнах, што ў крыніцах называліся «рандэлямі», таксама знаходзяць месца ў рамках тэорыі і практыкі тагачаснай фартыфікацыі і адпавядаюць так званым кавальерам, якія прызначаліся для ўстаноўкі гармат. Такія кавальеры былі рэалізаваны, напрыклад, у бастыённым замку ў Ляхавічах. Аднак земляныя валы між гэтымі «рандэлямі» гэта элемент, аналагаў якому знайсці цяжка. Фактычна ў дадзеным выпадку мы маем справу з двайной структурай вала, што было характэрна для старагаландскай сістэмы, якая распаўсюдзілася пазней. Таму ў выпадку Нясвіжскага замка, на нашу думку, варта казаць аб эксперыментальнай форме ўмацаванняў, калі навінкі італьянскай абарончай архітэктуры былі адаптаваны да патрэб канкрэтнага збудавання. Пры гэтым можна ўпэўнена казаць пра ўплыў мясцовай традыцыі, бо «рандэлі» Нясвіжскага замка па сваіх параметрах адпавядаюць бастэям Мірскага замка.
Бастыённы замак у Нясвіжы быў збудаваны паводле правілаў новаітальянскай фартыфікацыйнай сістэмы і з’яўляўся першакласным фартыфікацыйным умацаваннем. Таму ён захоўваў абарончы патэнцыял да пачатку XVIII ст. Разам з тым адной з важнейшых прычын узвядзення Нясвіжскага замка было імкненне ўласніка стварыць рэзідэнцыю, якая б сведчыла аб яго высокіх пазіцыях на палітычнай арэне дзяржавы. Справа ў тым, што ў Італіі, адкуль паходзіць бастыённая фартыфікацыя, ці ў Нямеччыне будаўніцтва бастыённых замкаў не заўжды было выклікана ваеннымі патрэбамі, а часта дыктавалася меркаваннямі прэстыжу для іх уладароў318. Гэтаксама няма падстаў сцвярджаць, што будаўніцтва новага замка ў Нясвіжы было абгрунтавана выключна ваеннымі патрэбамі. Справа ў тым, што казакі, якія на зломе XVIXVII стст. уяўлялі адзіную рэальную пагрозу для гэтага рэгіёна, не мелі добрай артылерыі і вопыту вядзення аблог. Такім чынам, бастыённыя замкі былі важным элементам архітэктурнай рэпрэзентацыі палітычнай эліты грамадства, сімвалам самасцвярджэння і дамінавання магнатэрыі, а Нясвіжскі замак Сіроткі стаў адной з першых рэзідэнцый такога кшталту на тэрыторыі ВКЛ.
Markowski F. Zamek Mikolaja Krzysztofa RadziwiHa Sierotki w Nieswiezu. S. 159; Gruszecki A. Fortyfikacja zamku w Nieswiezu. S. 144; Ткачоў M. A. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. С. 82.
318 Burger D. Die Festungen der Hohenzollern in Brandenburg und Franken. S. 43-44.
3.5.	Бастыённыя ўмацаванні старагаландскай сістэмы
У 1620-1630-я гг. у Вялікае Княства Літоўскае пранікла моцная хваля ўплыву галандскага ваеннага мастацтва. Значным стымулам для гэтага сталі зацяжныя войны са шведамі ў Інфлянтах, праціўнікам, які хутка авалодаў дасягненнямі галандцаў, творча адаптаваў і актыўна іх выкарыстоўваў319. Падобным стымулам для нямецкіх земляў стала Трыццацігадовая вайна (1618— 1648 гг.), адным з галоўных удзельнікаў якой былі тыя ж шведы. Апроч таго, многія магнаты ВКЛ, у тым ліку Радзівілы, у час замежных вандровак мэтанакіравана ездзілі для адукацыі ў Нідэрланды. Галандскі ўплыў увасобіўся ў значных зменах у арганізацыі арміі, тактыцы вядзення бою, а таксама артылерыі і фартыфікацыі. Менавіта як частку шырокага працэсу мадэрнізацыі вайсковай справы ў ВКЛ у другой чвэрці XVII ст. трэба разглядаць прыход на нашыя землі так званай старагаландскай фартыфікацыйнай манеры.
Выпрацоўка прынцыпаў старагаландскай фартыфікацыйнай школы пачалася ў Нідэрландах у другой палове XVI ст., а ў 1620-1630-я гг. яна пашырылася ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Асаблівую ролю ў гэтым адыграла кніга немца з Торуня А. Фрэйтага «Architectura militaris nova et aucta», што пабачыла свет y 1631 г. y Лейдэне, a пасля шмат разоў перавыдавалася320. Сістэматызаваныя А. Фрэйтагам правілы ўзвядзення ўмацаванняў аказвалі моцны ўплыў на фартыфікацыйную практыку цягам усяго XVII ст. Польскія даследчыкі падкрэсліваюць выключную ролю ў пашырэнні старагаландскай манеры ў Рэчы Паспалітай караля Уладзіслава IV, якому, урэшце, і была прысвечана кніга А. Фрэйтага. Ён жа ініцыяваў рэфармаванне польскай артылерыі321. Аднак Вялікае Княства Літоўскае караля цікавілі менш, а сапраўднымі праваднікамі ўплыву галандскага ваеннага мастацтва на нашых землях сталі Радзівілы біржанскай лініі, якія фактычна лічылі занятак ваеннай справай сваёй дынастычнай традыцыяй. Асабліва шмат для распаўсюджання новых уплываў, у тым ліку старагаландскай фартыфікацыйнай манеры, зрабілі Крыштаф II Радзівіл, яго сын Януш і пляменнік Багуслаў. Той жа А. Фрэйтаг быў завербаваны Янушам Радзівілам і, вярнуўшыся ў Рэч Паспалітую, доўгі час працаваў на Радзівілаў біржанскай лініі. Вядома, што ён прымаў удзел у праектаванні новых земляных бастыённых фартыфікацый вакол Біржанскага замка322.