Жанчына ў пяску | Чужы твар  Коба Абэ

Жанчына ў пяску | Чужы твар

Коба Абэ
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 413с.
Мінск 1986
73.13 МБ
таго часу, калі звычайна прывозяць ваду,— не ўжо, дзякуй... Па-першае, такія высушаныя мы і працаваць не зможам. Праўда? Любым спосабам неадкладна звяжыся з імі... У самой, напэўна, таксама ў роце перасохла?
— Калі пачнём працаваць, яны адразу дазнаюцца... Заўсёды хто-небудзь з пажарнае вышкі глядзіць у бінокль.
— Пажарная вышка?
He жалезныя вароты, не глухія сцены, а маленькае вочка ў дзвярах у камеры — вось што найболей напамінае чалавеку пра няволю. Мужчына, сціснуўшыся, стаў азіраць у думках наваколле. На даляглядзе — неба і пясок, болей нічога... Няма там ніякае пажарнае вышкі. А калі яе не відаць адсюль, дык наўрад ці бачаць нас адтуль...
— Калі пагледзіце ад тае сцяны абрыву, адразу ўсё зразумееце...
Мужчына нагнуўся і падняў рыдлёўку. Думаць цяпер пра сваю годнасць — усё роўна што старанна прасаваць выкачаную ў гразі рубашку. Ён выскачыў на двор, быццам за ім нехта гнаўся.
Пясок гарэў, як пустая патэльня на агні. Ад спякоты перацяло дыханне. Паветра пахла мылам. Але трэба ісці наперад. Толькі так можна наблізіцца да вады. Калі ён спыніўся перад абрывам, павернутым да мора, і паглядзеў угору, дык напраўду ўбачыў макаўку чорнае вышкі, велічынёю з кончык мезенца. А малюсенькі выступ наверсе, можа, назіральнік. Ужо, напэўна, заўважыў. Ён нябось з нецярпеннем чакаў гэтага моманту.
Мужчына павярнуўся да чорнага выступу і, падняўшы рыдлёўку, энергічна памахаў ёю. Ён стараўся трымаць яе пад такім вуглом, каб назіральнік заўважыў бляск выгладжанага ляза... У вачах разліваецца
гарачая ртуць... Што там робіць гэтая жанчына? Магла б прыйсці памагчы...
Раптам упаў цень, быццам вільготная хустка: воблака, не большае за апалы лісток, якое вецер гнаў на краі неба. Ліха на яго, пайшоў бы дождж, не давялося б рабіць гэтага... Эх, выставіў бы абедзве рукі, a яны поўныя вады... Ручаі вады на шыбах... Струмені вады б’юць з жолаба... Пырскі дажджу дымяцца на асфальце...
Сніцца яму — ці прывід ператварыўся ў рэальнасць,— нечакана вакол яго ўзнік шум і рух. Калі ён апамятаўся, дык убачыў, што стаіць у сярэдзіне пясчанае лавіны. Ён кінуўся да хаты і прытуліўся да сцяны. Косці сталі мяккія, як у кансерваванае рыбы. Смага стукала ўжо недзе ў скронях. I драбочкі яе рассыпаліся на паверхні свядомасці цёмнымі плямамі. Выцягнуўшы ўперад падбародак, паклаўшы рукі на жывот, ён змагаўся з ірвотаю.
Пачуўся жанчынін голас. Павярнуўшыся да абрыву, яна нешта крычала. Мужчына ледзь падняў цяжкія павекі і лаглядзеў у яе бок. Той самы дзед, што прывёў яго сюды, асцярожна апускаў на вяроўцы вядро. Вада!.. Прынеслі нарэшце!.. Вядро нахілілася, і на пясчаным схіле асталася мокрая пляма. Сапраўдная, самая сапраўдная вада!.. Мужчына закрычаў і кінуўся да вядра.
Калі вядро апусцілася так, што можна было дастаць яго, ён адпіхнуў жанчыну і, расставіўшы ногі, стаў асцярожна, дзвюма рукамі, прытрымліваць яго. Ён адвязаў вяроўку і — увесь нецярпенне — нагнуўся над вядром, і ўсё цела яго ператварылася ў помпу. Ён падымаў галаву, перадыхаў і зноў прыпадаў да вядра. Калі ён трэці раз адарваўся ад вядра, у яго з носа і губ лілася вада, ён задыхаўся. У яго падагнуліся калені, вочы заплюшчыліся. Цяпер была жанчыніна чарга. Яна яму не паддалася: з шумам, быц-
цам цела яе — гумовы поршань, за імгненне яна выпіла паўвядра.
Узяўшы вядро, жанчына вярнулася ў хату, а дзед стаў выцягваць вяроўку. Ды тут мужчына павіс на ёй і пачаў жаласна:
— Пачакайце! Я хачу, каб вы мяне выслухалі. Толькі выслухалі. Прашу вас, пачакайце!
Дзед не працівіўся, спыніўся. Ён збянтэжыўся і замаргаў вачыма, але выраз твару ў яго амаль не змяніўся.
— Раз вы прынеслі ваду, я зраблю тое, што павінен зрабіць. Я гэта абяцаю і хачу, каб вы мяне выслухалі. Вы моцна памыляецеся... Я школьны настаўнік... У мяне ёсць сябры, ёсць прафсаюз, педагагічны савет і Асацыяцыя бацькоў і педагогаў, і ўсе чакаюць мяне... Што ж, вы думаеце, грамадскасць будзе маўчаць пра маё знікненне?
Дзед правёў кончыкам языка па верхняй губе і абыякава ўсміхнуўся. He, мабыць, гэта і не была ўсмешка — проста ён прыжмурыў вочы, каб у іх не папаў пясок, які нёсся разам з ветрам. Але ад растрывожанага мужчыны не схавалася б нават маршчынка.
— Што? У чым справа?.. Хіба вы не разумееце, што вы на мяжы злачынства?
— Злачынства? Прайшло ўжо дзесяць дзён з таго часу, а паліцыя маўчыць...— Дзед гаварыў мерна, слова за словам.— А калі цэлых дзесяць дзён маўчыць, дык што ўжо там...
— He дзесяць дзён, тыдзень!
Дзед не адказаў. Папраўдзе, такая размова нічога цяпер не дасць... Мужчына патушыў узрушэнне і стараўся гаварыць далей спакойным голасам:
— Хай сабе, гэта не так важна... Лепей, можа, вы спусціцеся сюды і мы з вамі сядзем спакойна і пагаворым? Я вам нічога не зраблю. Ды калі б і хацеў
што-небудзь зрабіць, усё роўна не змог бы. Проці вас я слабы. Абяцаю.
Дзед маўчаў. Мужчына задыхаў часцей.
— Я ж разумею, як важна вёсцы адграбаць пясок. Што ні кажы — пытанне жыцця... Вельмі вострае пытанне... Добра разумею... Калі б мяне не прымушалі сілаю, можа, я сам, па добрай волі, астаўся б тут... Клянуся вам! Варта ўбачыць, якое тут жыццё,— і кожны з простай чалавечнасці захоча вам памагчы. Але хіба тое, што я раблю, можа лічыцца сапраўднаю дапамогаю?.. Сумняваюся... Чаму вы не падумаеце пра якія-небудзь іншыя, болей прымальныя спосабы супрацоўніцтва?.. Людзей трэба расстаўляць разумна... Самае добрае жаданне памагчы будзе зламана, калі чалавеку не знойдзецца правільнага месца... Праўду кажу?.. Хіба нельга было знайсці лепшага спосабу выкарыстаць мяне, не ідучы на такую рызыку?
Дзед з такім выглядам, што не зразумееш, слухае ён ці не, павярнуў галаву і махнуў рукою, быццам адганяў кацяня, якое дужа разгулялася. А можа, баіцца на вачах у назіральніка з вышкі весці тут размовы?
— Згадзіцеся... Адграбаць пясок справа сапраўды важная... Але гэта сродак, а не мэта... Мэта — гэта папярэдзіць страшную небяспеку... Праўда ж? На шчасце, я даволі доўга даследаваў пясок. Я глыбока цікавіўся гэтым пытаннем. Таму я і прыехаў у такую мясціну. Што ні кажы, а пясок у нашы дні вабіць чалавека... Можна з поспехам гэта выкарыстаць... Ператварыць тутэйшыя мясціны ў турысцкі раён... Выкарыстаць пясок, ідучы за ім, а не працівячыся яму... Карацей кажучы, паспрабуйце думаць інакш...
Дзед падняў вочы і сказаў абыякава:
— Які там турысцкі раён, калі тут няма гарачых крыніц... Дый усе ведаюць, што на турызме нажываюцца адны гандляры і наезджыя...
Мужчына пачуў у яго словах насмешку, і тут ён
успомніў жанчынін расказ пра паштовачніка, якога напаткаў такі самы лёс, і пра тое, як ён захварэў і памёр.
— Ведама, тое, што я сказаў,— гэта толькі да прыкладу... Ці думалі вы пра спецыяльныя сельскагаспадарчыя культуры, якія адпавядалі б уласцівасцям пяску?.. Увогуле, няма ніякай патрэбы гэтак моцна трымацца за даўнейшы лад жыцця...
— Мы тут усяляк прыкідвалі. Спрабуем садзіць і земляныя арэхі, і расліны, корань у якіх цыбулінаю... Паглядзелі б, як тут цюльпаны растуць...
— А як вядуцца работы па ахове ад пяску?.. Сапраўдныя работы па ахове ад пяску... Адзін мой таварыш працуе карэспандэнтам... 3 дапамогаю газеты ўдасца падняць грамадскую думку. У гэтым няма нічога немагчымага.
— Колькі б гэта ваша грамадская думка ні шкадавала нас, яна нічога не вартая, калі мы не атрымаем грашовае дапамогі.
— Вось я і прапаную пачаць кампанію за атрыманне такіх субсідый.
— Пяскі, што гоніць вецер, улады не лічаць стыхійным няшчасцем і страт нам не пакрываюць.
— Трэба іх прымусіць!
— Ды хіба ў нашай жабрацкай прэфектуры можна чаго-небудзь дамагчыся... А калі спадзявацца на ўлады, дык пакуль яны там будуць лічыць ды прыкідваць, нас якраз пясок і накрые...
— Але ж у мяне, у мяне ж ёсць сваё месца! — закрычаў мужчына на ўсю сілу сваіх лёгкіх.— Вось вы, хіба вы не бацькі сваім дзецям? Вы не можаце не разумець, што такое абавязак настаўніка!
У гэты самы момант дзед тузануў вяроўку ўверх. Заспеты знянацку, мужчына выпусціў яе. Што ж гэта такое?.. Няўжо дзед прыкідваўся, што слухае яго, толькі каб улучыць момант і вырваць у яго з рук
вяроўку?.. У разгубленасці ён вадзіў у паветры выцягнутымі рукамі.
— Вы вар’яты... Вы ненармальныя... Нават малпа, калі яе навучыць, зможа адграбаць пясок... Я здольны на большае... А чалавек абавязаны цалкам выкарыстаць свае магчымасці...
— Угу...— кінуў дзед абыякава, паказваючы ўсім сваім выглядам, што яму надакучыла гэта балбатня.— Ну добра, выбачайце, калі што не так. Усё, што мы можам, зробім дзеля вас...
— Пачакайце! Я ж сур’ёзна! Гэй, пачакайце, калі ласка!.. Пашкадуеце! Вы ж яшчэ нічога не зразумелі!.. Прашу... Ну пачакайце!..
Але дзед нават ні разу не аглянуўся. Згорбіўшыся, быццам нёс на плячах цяжкую паклажу, ён устаў і пайшоў. Праз тры крокі зніклі яго плечы, а пасля чацвёртага ён зусім прапаў з вачэй.
Знямоглы мужчына прыпёрся да сцяны. Рукі і галаву ён акунуў у пясок. I пясок пасыпаўся за каўнер, распіраў рубашку. I раптам густы пот выступіў на шыі, твары, між ног. 3 яго выйшла ўся толькі іпто выпітая вада. Злучыўшыся, пот і пясок утварылі He­rnia накшталт гарчычніка, шчытна прыліплага да скуры. Скура распухла і стала падобная на гумовы плашч.
Жанчына ўжо ўзялася за працу. Мужчына раптам западозрыў, што яна выпіла рэшту вады. У паніцы ён кінуўся ў хату.
Вада стаяла нечапаная. Адным духам каўтнуў ён тры-чатыры разы і зноў здзівіўся са смаку гэтага празрыстага мінералу. Ён не мог схаваць трывогі. Да вечара яму гэтым не пратрымацца. А на гатаванне яды, ведама, не хопіць. Дакладна гэтыя тыпы разлічылі. Страх перад смагаю — гэта лейцы, на якіх яны збіраюцца вадзіць яго, як захочуць.
Насунуўшы на самыя вочы вялікі саламяны капя-
люш, ён выскачыў на двор, быццам за ім гналіся. Яго думкі і развагі перад постаццю смагі ператварыліся ў мізэрныя сняжынкі, што ўпалі на гарачы лоб. Калі дзесяць шклянак — прыкры сіроп, дык адна шклянка — напэўна, бізун.
— Ну дзе яна там, гэта рыдлёўка?
Жанчына паказала на павець і, стомлена ўсміхнуўшыся, выцерла рукавом пот з ілба. Хоць была яна ўся знявечаная, але ні на хвіліну не забылася, дзе стаяць інструменты. Гэта звыклы лад мыслення, натуральна набыты чалавекам, што жыве ў пяску.