Жанчына ў пяску | Чужы твар
Коба Абэ
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 413с.
Мінск 1986
Цяпер асталося толькі адно пытанне — час ажыццяўлення плана. Выбрацца з ямы найболей зручна ўдзень, калі жанчына спіць. Гэта вырашана. Але ісці цераз вёску повідну — нікуды не гадзіцца. Мабыць, найлепей зрабіць гэтак: вылезці наверх перад тым як прачнецца жанчына, схавацца ў надзейным месцы і, пачакаўшы, пакуль зойдзе сонца, пачаць выбірацца з вёскі. Карыстаючыся цемраю, пакуль узыдзе месяц, можна будзе лёгка дабрацца да шашы, па якой ходзяць аўтобусы.
Увесь гэты час мужчына стараўся выведаць у жанчыны рэльеф мясцовасці і размяшчэнне вёскі. Як вядзе гаспадарку вёска, якая не мае ніводнага рыбацкага судна, хоць і стаіць на беразе мора?.. Калі апынулася яна ў такім становішчы? Колькі ўсяго людзей жыве ў вёсцы?.. Хто і дзе вырошчвае цюльпаны?.. Якою дарогаю ходзяць дзеці ў школу?.. Паяднаўшы
атрыманыя такім шляхам ускосныя весткі пра вёску з сваімі цьмянымі ўспамінамі таго адзінага дня, калі бачыў яе сваімі вачыма, ён здолеў мысленна намаляваць прыкладны план мясцовасці.
Было б ідэальна ўцячы, не заходзячы ў вёску, абмінуўшы яе. Але з захаду дарогу засланяе абрывісты мыс. Ён не вельмі высокі, але хвалі з даўніх часоў угрызаюцца ў яго і ператварылі яго ў нагрувашчванне стромых скал. Там, праўда, ёсць сцежкі, па якіх караскаюцца вяскоўцы, калі ходзяць збіраць галлё, але яны схаваныя ў зарасніках, і знайсці іх не так проста. Назойлівыя роспыты маглі выклікаць у жанчыны падазрэнне. А на ўсход ад вёскі ў сушу глыбока, кіламетраў на дзесяць, удаецца заліў, акружаны бязлюднымі дзюнамі. Ён робіць рэзкі паварот і падыходзіць амаль да самае вёскі. Такім чынам, яна знаходзіцца як быццам у пясчаным мяшку, завязаным пад горлам стромымі скаламі і залівам. Чым блудзіць і даць магчымасць гэтым тыпам наладзіць пагоню, найлепей зрабіць смелы прарыў цераз цэнтр.
Але ўсё гэта яшчэ не значыць, што праблема вырашана. Ну, хоць бы назіральнік на гэтай няшчаснай пажарнай вышцы. Апрача таго, трэба баяцца, што жанчына, убачыўшы, што ён уцёк, падыме вэрхал, і выхад з вёскі будзе перакрыты раней, чым ён яе абміне. Можа, дзве гэтыя праблемы ўдасца звесці да аднае. Першыя пераносчыкі пяску заўсёды прывозяць ваду і ўсё астатняе пасля захаду сонца. I калі жанчына захоча паведаміць ім, што ён уцёк, яна зможа зрабіць гэта толькі цераз назіральніка на пажарнай вышцы. Таму пытанне зводзіцца да таго, як быць з назіральнікам.
На шчасце, у гэтай мясціне, відаць, з-за рэзкай змены тэмпературы, прыкладна трыццаць мінут, а часам і цэлую гадзіну перад захадам сонца зямлю засцілае лёгкі туман. Адбываецца гэта па той прычыне, што
крэмніевая кіслата, якая ёсць у пяску, які мае малую цеплаёмкасць, хутка аддае паглынутае за дзень цяпло. Калі глядзець з вышкі, уся гэтая мясціна знаходзіцца ў адносінах да яе пад вуглом адбівання святла, і нават невялікі туман ператвараецца перад назіральнікам у тоўстую белую пялёнку, скрозь якую ён не можа нічога разгледзець. Для пэўнасці ён яшчэ раз пераканаўся ў гэтым пазаўчора: каля падножжа абрыву, павернутага да мора, нейкі час размахваў ручніком, нібыта сігналіў пра нешта, але, як і думаў, рэакцыі не было ніякай.
Ажыццявіць свой план ён вырашыў на чацвёрты дзень пасля таго, як прыдумаў яго: выбраў суботні вечар, калі прывозяць ваду мыцца. Уночы перад уцёкам ён вырашыў прыкінуцца прастуджаным, каб добра выспацца. 3 асцярогі зрабіў нават так, каб яго прымусілі выпіць аспірыну. Таблеткі, відаць, недзе доўга валяліся ў краме — зусім страцілі колер. Ён каўтнуў дзве таблеткі, запіў вадою. Яны падзейнічалі. Пакуль жанчына не вярнулася з працы, ён не чуў ні гуку — толькі адзін раз падымалі кашы з пяском.
Жанчыне пасля доўгага перапынку зноў давялося працаваць адной, і яна падала з ног ад зморанасці. Пакуль яна спяшалася згатаваць паесці, а было ўжо позна, ён ляніва балбатаў пра ўсё-ўсялякае — гаварыў, напрыклад, што добра было б адрамантаваць умывальнік, які даўно прадзіравіўся. Жанчына не злавалася — шанавала яго здароўе, і яна лічыла, напэўна, што эгаізм яго гаворыць пра тое, што ён тут пусціў ужо карані. Пасля працы кожнаму хочацца памыцца. Асабліва раздражняе пясок, што прыліп да скуры, потнай пасля сну... А тут якраз дзень, калі прывозяць ваду мыцца, дый ёй прыемна мыць яго, так што сёння яна, напэўна, будзе лагодная.
Пакуль жанчына мыла яго, яму раптам закарцела, і ён садраў з яе кімано. Ён таксама захацеў памыць
яе. Жанчына збянтэжылася і аслупянела, чакаючы. Потым з пратэстам падняла руку, але было незразумела, чаму, папраўдзе, яна працівіцца. Мужчына спехам выліў на яе коўш гарачай вады і без мачалкі, мыльнымі рукамі пачаў церці яе цела. Рукі слізгалі ад шыі да падбародка, па плячах, і адна дабралася да грудзей. Жанчына крыкнула і прытулілася да яго. Яна чакала. Але мужчына марудзіў. Яго рукі ўсё яшчэ гладзілі яе цела.
Жанчыніна юрлівасць перадалася нарэшце і яму. Ды раптам на яго найшла нейкая туга. Жанчына ўся свяцілася з сярэдзіны, быццам у ёй гарэлі светлячкі. Здрадзіць ёй цяпер — усё роўна што дазволіць уцякаць прыгаворанаму да смерці і адразу ж выстраліць яму ў спіну, Ён шалёна накінуўся на яе, падганяючы жаданне, якое прачнулася зноў. Ды любы запал мае межы. Спачатку жанчына, якая так чакала ласкі, спалохалася шаленства мужчыны, і ён упаў у прастрацыю, нібыта ўжо задаволіў жаданне. Потым зноў пачаў распальваць сябе, бударажачы ўяўленне рознымі рызыкоўнымі сітуацыямі, цалуючы яе грудзі, ірвучы за цела, якое ад мыла, поту і пяску здавалася ўкрытым машыновым маслам, змяшаным з жалезнымі апілкамі. Ён гатовы быў прадаўжаць так хоць дзве гадзіны. Але жанчына нарэшце нават зубамі заскрыгітала ад болю і прысела на кукішкі. Ён кінуўся на яе... Імгненне — і ўсё было кончана. Ён стаў паліваць яе вадою, каб змыць мыла, а лотым сілаю прымусіў выпіць гарэлкі з растворанымі ў ёй трыма таблеткамі аспірыну. Цяпер да самага захаду сонца, а калі пашанцуе, дык і да таго часу, пакуль яе не разбудзяць крыкамі пераносчыкі пяску, яна будзе моцна епаць.
Жанчына сапла ў сне, быццам нос ёй заткнулі папяровым коркам... Яна глыбока дыхала. Мужчына паволі пакратаў яе за пятку, але яна нават не пашавялілася. Пусты цюбік, з якога выціснулі адчувальнасць.
Ён паправіў ручнік, што прыкрываў ёй твар, і абцягнуў да каленяў кімано, скручанае, як вяроўка, і задранае ўгору. На шчасце, ён заняты апошняю падрыхтоўкаю і ў яго няма часу аддавацца сантыментам. Калі ён кончыў варажыць са старымі нажніцамі, якраз настаў патрэбны момант. Апошні раз зірнуўшы на жанчыну, ён, як і чакаў, адчуў, што ў яго сціснулася сэрца.
Па сценах у яме, прыкладна за метр ад верху, разлівалася слабое святло. Паводле падлікаў, павінна быць палавіна сёмай — без дваццаці сем. Самая пара. Ён з сілаю закінуў рукі назад і зрабіў некалькі рухаў шыяй, выпростваючы здранцвелую спіну.
Спачатку трэба ўзлезці на страху. Найлепей кідаць прадмет пад вуглом, блізкім да сарака пяці градусаў. Ён хацеў паспрабаваць узлезці на страху з дапамогаю вяроўкі, але не адважыўся — стук нажніц аб страху мог разбудзіць жанчыну. Таму лепей адмовіцца ад такога эксперыменту, а абысці хату і ўзлезці на яе па разваленай павеці, пад якою некалі сушылі бялізну. Тонкія чатырохкантовыя бэлькі амаль згнілі, і гэта яго палохала. Але самае горшае было наперадзе. Страха, адпаліраваная пяском, што насіўся ў паветры, зіхацела белымі дошкамі, як новая. Але як толькі ён на яе ўскараскаўся, выявілася, іпто яна мяккая, як бісквіт. Вось будзе клопату, калі праваліцца. Распластаўшыся, ён асцярожна папоўз уперад. Нарэшце дабраўся да грывы і, асядлаўшы яе, стаў на калені. Ужо і верх страхі быў у цяні, і ярка пазначаныя зярняты пяску, колерам як зацукраваны мёд, на краі ямы з заходняга боку гаварылі пра тое, што пачынае спускацца туман. Цяпер можна пе асцерагацца назіральніка з вышкі.
Узяўшыся праваю рукою за вяроўку прыкладна за метр ад нажніц, ён стаў размахваць ёю над галавою, цэлячыся ў тыя самыя мяшкі, што выкарыстоўвалі
замест блокаў на пад’ёме кашоў. Калі яны вытрымліваюць вераўчаныя лескі — значыць, надзейна ўкапаныя. Ён махаў вяроўкаю ўсё хутчэй, потым, прыцэліўшыся, кінуў яе. Але яна паляцела ў другі бок. He разлічыў. Нажніцы павінны ляцець па датычнай да акружнасці; таму вяроўку трэба выпускаць з рук у той момант, калі яна будзе пад прамым вуглом да цэлі ці за імгненне да гэтага. Гэта праўда... Шкада, нажніцы, стукнуўшыся аб сярэдзіну абрыву, упалі ўніз. Відаць, былі недастатковыя скорасць вярчэння і вугал павышэння.
Робячы новыя і новыя спробы, ён нарэшце дакладна вызначыў адлегласць і кірунак. Да поспеху, праўда, было яшчэ далёка. Ён быў бы рады хоць маленькаму пробліску надзеі. Але пакуль не відаць, каб ён набліжаўся да мэты,— наадварот, стома і нервовасць вялі яго ўсё далей ад яе. А бачылася яму ўсё гэта куды прасцей. Ён нерваваўся, злаваўся і гатовы быў расплакацца, хоць яго ніхто і не абнадзейваў.
А напэўна ж, закон верагоднасці, паводле якога магчымасць прапарцыянальная колькасці спроб, не такі ўжо няправільны. I калі ён, невядома нават які раз, проста так, без ніякай надзеі кінуў вяроўку, яна нечакана проста трапіла на мяшкі. Мужчына аслупянеў, разявіўшы рот. Пацякла з рота сліна. Але радавацца яшчэ рана... У яго ў руках пакуль толькі грошы, на якія можна купіць латарэйны білет... Выйграе білет ці не выйграе — пакажа час. Кожны яго нерв быў нібыта прывязаны да вяроўкі. Ён пацягнуў яе да сябе, асцярожна, быццам ніткаю павуціны падцягваў зорку.
Адчуў супраціўленне. Спачатку цяжка было ў гэта паверыць, але вяроўка напраўду не падалася. Пацягнуў мацней... Наструніўшыся, чакаў — вось-вось сарвецца... Але ўжо ніякіх сумненняў не было. Нажніцы, ператвораныя ў крукі, моцна ўпіліся ў мяшкі. Так
пашанцавала!.. Надзвычай пашанцавала!.. 3 гэтай хвіліны ўсё пойдзе добра! Абавязкова!
Мужчына хутка злез з страхі і падбег да вяроўкі, якая цяпер спакойна звісала ўніз, пераразаючы пясчаную сцяну. Вунь там, там паверхня зямлі... Так блізка, што проста не верыцца... Твар напружыўся, рукі дрыжалі. Калумбава яйцо было, безумоўна, крутое. Але калі зварыць яйцо залішне крута, дык усё сапсуеш.
Ухапіўшыся за вяроўку, ён павіс на ёй усім целам. I адразу яна стала цягнуцца, як гумовая. Ад перапалоху яго кінула ў пот. На шчасце, выцягнуўшыся сантыметраў на трыццаць, вяроўка перастала расцягвацца. Ён зноў павіс на ёй. На гэты раз не было прычыны, каб хвалявацца. Папляваўшы на далоні, ён абхапіў вяроўку нагамі і стаў падымацца, Ён караскаўся, нібыта цацачная малпачка на цацачную пальму. Мабыць, ад узрушанасці пот, што выступіў на лбе, быў халодны. Каб пясок не сыпаўся на яго, мужчына лез, чапляючыся толькі за вяроўку, ад гэтага цела яго вярцелася. Усё ішло намнога павальней, чым ён думаў. Зямное прыцяжэнне напраўду страшнае. I адкуль узяліся гэтыя дрыжыкі? Рукі рухаліся самі па сабе, здавалася, ён сам сябе выкідае наверх. У гэтым не было нічога дзіўнага, калі ўспомніць сорак шэсць дзён, атручаных ядам. Калі ён падняўся на метр, дно ямы сплыло ў глыбіню на сто метраў, калі падняўся на два — дно апусцілася на дзвесце. Глыбіня ўсё большала, нарэшце ператварылася ў бездань. Да смерці стаміўся. He трэба глядзець уніз!.. Ды вось ужо і паверхня. Зямля, аперазаная дарогамі, па якіх можна свабодна ісці куды хочаш, хоць на край свету... Калі ён дабярэцца да верху, усё, што тут было, ператворыцца ў маленькія кветкі, засушаныя на памяць між старонкамі запісное кніжкі... I атрутныя, і драпежныя — усе яны ператворацца ў тонкія, амаль празры-