Жанчына ў пяску | Чужы твар
Коба Абэ
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 413с.
Мінск 1986
Зазваніў звон. Дзеці моцна плакалі... Сабакі не пераставалі брахаць... Ад кожнага груку звана сэрца балюча сціскалася. Безліч насякомых, як рысавае зерне, папаўзлі з пракрытых нор. Адзін кішанёвы ліхтар, відаць, меў прыстасаванне для канцэнтравання святла — промень яго то расплываўся, то раптам праколваў тонкаю распаленаю іголкаю.
Кінуцца, ці што, проста на іх і пазбіваць з ног?.. Калі ўдасца прарвацца, тады ўжо ён будзе за вёскаю... Давядзецца яму раскайвацца ці не — усё залежыць ад гэтай хвіліны... Ну, хопіць марудзіць!.. А не — дык будзе позна... Яшчэ трохі, і даганятыя могуць апынуцца ззаду — тады ўсё прапала!
Пакуль ён вагаўся, ліхтары пачалі акружаць яго, падступаючы справа і злева, усё скарачаючы і скарачаючы адлегласць. Мужчына мацней сціснуў вяроўку і ўвесь напружыўся, але ніяк не мог адважыцца. Ногі ўсё глыбей уваходзілі ў мяккую глебу. Прагалы, што пашырыліся між людзьмі, запоўнены ценямі людзей. Колькі іх? А на краі дарогі нешта падобнае абрысамі на яму — а не, гэта пікап. Калі ён і прарвецца наперад, яго схопяць ззаду. За спіною пачуў ён тупат дзяцей, якія ўцякалі адсюль — яны ўжо не плакалі. На імгненне прамільгнула адчайная думка. Схапіць іх і выкарыстаць як шчыт! Яны будуць заложнікамі, і ён не дасць гэтай погані падысці! Але калі павярнуўся, каб схапіць іх, убачыў яшчэ агні, якія яго падпільноўвалі. Дарога адрэзана.
Нібыта адпушчаная спружына, ён кінуўся назад і
колькі было сілы пабег па той самай дарозе, па якой дабраўся сюды. Ён рабіў гэта амаль несвядома, спадзеючыся знайсці месца, дзе б мог перасекчы дзюну, якая была як бы прадаўжэннем мыса. 3 крыкам гналася за ім, здавалася, уся вёска. Ад вельмі вялікага напружання ногі аслабелі, быццам з іх выцягнулі сухажылле. Але, можа, таму, што яго даганятыя былі заспеты знянацку, яму ўсё яшчэ ўдавалася трымаць дыстанцыю, якая дазваляла час ад часу азірацца і глядзець, дзе яны.
Колькі ён прабег?.. Ужо перасек некалькі дзюнаў. I чым болей траціў ён сілы, тым болей яму здавалася, што ўсё дарэмна, што ён бяжыць на месцы, як у сне. Ды не цяпер разважаць пра тое, як эфектыўна расходуе ён сваю сілу. У роце паявіўся прысмак крыві, змяшанай з мёдам. Ён хацеў плюнуць, але сліна была вязкая і ніяк не выплёўвалася. Давялося выскрабаць пальцам.
Звон не пераставаў званіць, але да яго было ўжо далёка, і часам гук зусім знікаў. Сабакі таксама адсталі і брахалі аднекуль здалёку. Чуцён быў гук толькі свайго дыхання, які нагадваў скрыгат напільніка аб метал, Ліхтары даганятых — усе тры,— як і дагэтуль, выцягнуўшыся ланцужком і пагойдваючыся ўверх і ўніз, як быццам не набліжаліся, але і не аддаляліся. I ўцекачу, і тым, хто гнаўся за ім, было аднолькава цяжка бегчы. Цяпер пераможа той, хто трывалейшы. Але гэта не цешыць. Можа, ад вельмі доўгага напружання воля надламалася, падкралася слабасць — жаданне, каб сіла хутчэй пакінула яго. Небяспечны сімптом... Але пакуль ён разумее гэтую небяспеку, яшчэ нічога...
Поўныя чаравікі пяску, баляць пальцы. Азірнуўся. Даганятыя асталіся метраў на семдзесят — восемдзесят, крыху справа. Чаму яны збіліся ўбок? Стараліся, напэўна, абмінуць пад’ёмы, вось і выйшла такое.
Мусіць, і яны натаміліся... Кажуць жа, той, хто даганяе, томіцца хутчэй. Ён мігам разуўся і пабег босы... Калі пакласці чаравікі ў кішэні, будуць замінаць, і ён запхнуў іх за рэмень. Перадыхнуўшы, адным махам адолеў круты пад’ём. Калі так пойдзе, дык ён, напэўна, здолее ўцячы ад гэтых гадаў...
Месяц яшчэ не ўзышоў, але святло зорак усыпала ўсё навокал цёмнымі і светлымі плямамі, і грабяні далёкіх дзюнаў добра пазнаваліся. Ён бег як быццам да мыса. Зноў руль бярэ ўлева. Толькі ён хацеў быў змяніць кірунак, як раптам сцяміў, што гэтым ён скароціць адлегласць між сабою і даганятымі. Тады вось зразумеў ён іх план і спалохаўся. Напраўду, нібыта няўмела выбраны імі шлях на самай справе добра прадуманы: яны стараліся прыціснуць яго да мора. He ведаючы гэтага, ён увесь час быў у іх руках. Падумаўшы, ён зразумеў, што і кішанёвыя ліхтары служылі ім для таго, каб паказваць яму, дзе яны. Значыць, і тое, што яны не набліжаюцца і не аддаляюцца, а ўвесь час трымаюцца на адной адлегласці,— не так сабе.
He, здавацца яшчэ рана. Недзе павінна быць дарога, каб падняцца на скалы, і калі не будзе другога выйсця, можна морам, плывучы, абагнуць мыс. Трэба адкінуць усякія хістанні — варта толькі ўявіць сабе, як яго схопяць і кінуць назад у яму.
За доўгім пакатым пад’ёмам — круты спуск... За крутым пад’ёмам — доўгі пакаты спуск... Раз ступіў, яшчэ раз — быццам пацеркі нанізваюцца адна на адну — выпрабаванне цярпення. На нейкае імгненне змоўк звон. Цяжка пазнаць, што ён чуе: сковыт ветру, шум мора ці гэта проста звон у вушах. Падняўшыся на адно ўзвыпппа, ён азірнуўся. Агні даганятых прапалі. Пачакаў крыху — не паяўляюцца.
Здорава. Няўжо ўдалося ўцячы ад іх?
Надзея прымусіла моцна біцца сэрца. Калі гэта праўда, дык адпачываць цяпер тым болей не трэба...
Уздыхнуць яшчэ разік — і наперад, да наступнае дзюны!
Але чамусьці вельмі цяжка бегчы. Ногі вельмі цяжкія. I цяжар нейкі незвычайны. Ён не проста чуў яго — ногі зусім сталі тапіцца ў пяску. Быццам снег, падумаў ён, калі ногі да лытак былі ўжо ў пяску. Спалохаўшыся, ён паспрабаваў выцягнуць адну нагу, але другая ўгрузла да калена. Што такое? Ён чуў, нібыта ёсць пяскі, якія праглынаюць чалавека... Ён з усяе сілы стараўся выбрацца, але чым болей тузаўся, тым глыбей апускаўся. Ногі патанулі ўжо амаль да сцёгнаў.
А можа, гэта проста пастка?! Яны і заганялі яго не да мора, а іменна сюды!.. Яны проста хочуць загубіць яго, не трацячы намаганняў, каб злавіць!.. Гэта сапраўднае знішчэнне... Фокуснік са сваёю хусцінкаю танчэй не зрабіў бы... Яшчэ парыў ветру — і ён з галавою схаваецца ў пяску... I тады яго не знойдзе нават паліцэйскі сабака, які атрымаў на конкурсе періпую прэмію... Гэтыя паганцы цяпер ужо, напэўна, не пакажуцца!.. Яны нічога не бачылі, нічога не чулі... Нейкі дурань, нетутэйшы, сам заблудзіўся і прапаў... I ўсё, сволачы, зрабілі, нават рук не замараўшы...
Таплюся... Таплюся... Вось ужо і па пояс у пяску... Што ж рабіць? Калі ўдасца павялічыць плошчу апоры на пясок, ціск цела ў кожным пункце паменшыцца, і ён, напэўна, перастане апускацца... Распластаўшы рукі, ён лёг грудзямі на пясок... Але было позна. I хоць ён ляжаў на жываце, ніжняя частка цела застыла ў вертыкальным становішчы. Яму балела паясніца, і ён ужо не мог болей аставацца сагнутым пад прамым вуглом. Дый любы, нават трэніраваны спартсмен не змог бы доўга прабыць у такім становішчы.
Цёмна, як... Увесь свет засланіў вочы і заткнуў вушы. Здохнеш тут, і ніхто нават не гляне ў твой бок! Страх, які затаіўся недзе глыбока ў горле, раптам вы-
рваўся вонкі. Мужчына разявіў рот і зароў, як жывёліна:
— Памажыце!
Пустое слова!.. Ну і няхай сабе пустое... На краі гібелі пе да арыгінальнасці. Жыць што б там ні было — нават калі яго жыццё будзе цюцелька ў цюцельку падобнае на жыццё ўсіх астатніх, як таннае пячэнне, спечанае ў адной форме! Хутка пясок дойдзе да грудзей, да падбародка, да кончыка носа... He магу болей!
— Памажыце!.. Абяцаю ўсё, што захочаце!.. Прашу вас, памажыце!.. Прашу вас!
Мужчына не вытрываў. Спачатку ён толькі ўсхліпваў, а потым заплакаў наўзрыд. Ён з жахам зразумеў, што ўсё прапала. Цяпер усё роўна — ніхто яго не бачыць... Шкада, ведама, што ўсё гэта адбываецца без патрэбнай у такіх выпадках працэдуры... Калі памірае прыгавораны да смерці, ён можа пакінуць свае запіскі... Тут колькі ні крычы... ніхто табе не спагадае. Блага!
Ён нават не вельмі здзівіўся, калі ззаду пачуліся раптам галасы. Ён быў пераможаны. Адчуванне сораму перагарэла і ператварылася ў попел, як страказінае крылца, да якога паднеслі агонь.
— Гэй, хапайся!
Уніз спаўзла доўгая дошка і ўперлася яму ў бок. Прамень святла абрысаваў у цемры кола і асвяціў дошку. Мужчына з цяжкасцю павярнуў скаванае тулава ў той бок, адкуль чуліся галасы, і жаласна папрасіў:
— Даруйце, можа, вы мяне выцягнеце гэтай вяроўкай...
— Ды не, вы ж не пень, каб вас карчаваць...
Ззаду засмяяліся. Добра не пазнаць, але там іх чалавек пяць-шэсць.
— Пацярпіце яшчэ трохі, ужо пайшлі па рыдлёўкі... Упрыцеся локцямі ў дошку, і ўсё будзе ў парадку...
Як яму і прапаноўвалі, ён абапёрся локцямі аб
дошку і апусціў галаву на далоні. Валасы змакрэлі ад поту. Ён нічога не адчуваў, толькі хацелася як найхутчэй збавіцца ад гэтага сораму.
— А ведаеце... Вам яшчэ пашанцавала, што мы беглі ўслед за вамі. Тут такая багна — сабакі і тыя блізка не падыходзяць... Вы былі ў вялікай небяспецы... Нават не ведаю, колькі людзей, нічога не падазраючы, завалакаліся сюды, так і не вярталіся... Тут, за гарамі, мясціна зацішная, вось і намятае сюды пяску... Калі прыходзіць зіма — наносіць снегу... На яго зноў пясок... Потым зноў снег, і гэтак гадоў сто — як недапечаная слоеная вафля... Гэтак гаварыў нам сын колішняга старшыні арцелі, той, што паехаў у горад вучыцца. Цікава, праўда?.. Калі паспрабаваць дакапацца да дна, можа, здабудзеш што-небудзь вартае.
Нашто ён усё гэта?! Гаворыць з такім выглядам, быццам ён чысценькі і ні ў чым не вінаваты. Мог бы кончыць сваю балбатню... Куды разумней было б цяпер павыскаляцца. Ці лепей няхай ужо пойдзе і пакіне яго аднаго з надзеямі, якія загінулі...
Нейкае ажыўленне,— відаць, прынеслі рыдлёўкі. Трое мужчын, прымацаваўшы да падэшваў дошкі і ледзь трымаючы раўнавагу, на нейкай адлегласці сталі адкопваць вакол яго пясок. Пласт за пластам. I мары, і сорам, і адчай — усё было пахавана пад гэтым пяском. I ён нават не здзівіўся, калі яго ўзялі за плечы. Загадалі б яны, і ён мог бы спусціць штаны і на іх вачах пачаць выпаражняцца. Неба пасвятлела — цяпер вызірне, напэўна, месяц. 3 якім выразам твару сустрэне мяне жанчына?.. Усё роўна з якім... Цяпер яго могуць лупцаваць як хочуць — ён павінен цярпець.
27
Чалавека абвя.залі пад пахамі вяроўкаю і, як мяшок, зноў апусцілі ў яму. Ніхто не вымавіў ні слова. Здавалася, яны прысутнічаюць на яго пахаванні. Яма глыбокая, цёмная. Месячнае святло агарнула дзюны тонкім бліскучым шоўкам: узоры, вычарчаныя ветрам, нават сляды яго ног ператварыла яно ў зіхатлівае, застылае ў складках шкло. I толькі яма, не жадаючы ўліцца ў гэты пейзаж, асталася ў цемры. Ды ўсё гэта яго не трывожыла. Калі ён падняў галаву і паглядзеў на месяц, яму стала млосна і закружылася галава — да смерці ён натаміўся.