Жанчына ў пяску | Чужы твар
Коба Абэ
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 413с.
Мінск 1986
Мужчына стаяў збянтэжаны, расхваляваны. Ён раптам адчуў сябе няшчасным і бездапаможным. Карта аперацыі, дзе праціўнік і сваё войска былі размаляваны рознымі колерамі, ператварылася ў нейкі загадкавы малюнак няпэўнага колеру, на якім нічога нельга разабраць. I не варта было гэтак распаляцца з-за гэтага часопіса з карыкатурамі. Нікога тут не хвалюе, ці ты заліваешся дурным смехам, ці не... Ён замармытаў адрывіста, ледзь варочаючы языком...
— Канешне... Чужы клопат... Гэта праўда...
Потым у яго з губ сарвалася слова, якога ён і сам не чакаў, не звязанае з папярэдняю гаворкаю.
— Трэба было б, не адкладаючы, купіць гаршчок з якою-небудзь раслінаю.— Ён сам жахнуўся, але твар у жанчыны быў яшчэ болей заклапочаны, і ён ужо не мог адступіць.— Мёртва навокал, нават воку няма на чым адпачыць...
Жанчына адказала трывожна:
— Можа, хвою?
— Хвою?.. He, хвоі я не люблю... Увогуле, усё роўна што, можна хоць траву якую... Каля мыса многа яе расце, як яна завецца?
— Пушыца, ці што. Але ўсё ж дрэўца лепей, га?
— Калі дрэва, дык, можа, клён ці паўлонію з тон-
кімі галінкамі і вялікімі лістамі... Каб яны развяваліся на ветры...
Развяваліся... Трапяткія пучкі лістоў. Хай сабе і захочуць яны ўцячы — не ўцякуць,— моцна прыраслі яны да дрэва...
Невядома чаму дыханне ў яго раптам стала перарывістае. Ён гатовы быў расплакацца. Хутка нахіліўшыся да току, дзе былі рассыпаны пацеркі, ён нязграбнымі рукамі пачаў мацаць у пяску.
Жанчына паспешліва паднялася.
— Нічога, нічога. Я сама... На сіта ўсё хуценька прасею.
30
Аднойчы, калі мужчына зайшоў па патрэбе за хату і глядзеў на папялясты месяц, які вісеў над краем ямы і які, здавалася, можна было памацаць рукою, яго нечакана пранялі моцныя дрыжыкі. Можа, прастудзіўся?.. Ды не, не падобна. Яго шмат разоў праймалі дрыжыкі перад тым, як павышалася тэмпература, але цяпер было нешта другое. Яму не здавалася, што паветра калючае, і скура ў яго не зрабілася як курыная. Калатня чулася не ў скуры, а недзе ў касцях. Яна расходзілася кругамі, як рабізна на вадзе ад кінутага каменя. Тупы боль перадаваўся ад аднае кісці да другое, і было не падобна, што ён пройдзе. Такое адчуванне, быццам разам з ветрам уляцеў у душу ржавы бітон і з грукатам гуляе па целе.
Пакуль ён стаяў гэтак, калоцячыся, і глядзеў на месяц, у галаву прыйшлі самыя нечаканыя асацыяцыі. На што падобны гэты пляскаты месяц? Болька, укрытая рубцамі і сям-там прыпудраная мукою грубога памолу... Высахлае таннае мыла... Ці, можа, заплеснелая алюмініевая міска на сняданкі... А бліжэй да цэнтра зусім неверагодныя вобразы. Чэрап... Агульная
ва ўсіх краінах эмблема яду... Прысыпаныя парашком белыя крышталі на дне ў шклянцы на насякомых... Дзіўнае падабенства паміж месяцавай паверхняю і крышталямі, што асталіся пасля таго, як выпарыўся цыяністы калій. Гэтая бутля, напэўна, усё яшчэ стаіць каля дзвярэй, засыпаных пяском...
Сэрца стала даваць перабоі, нібыта трэснуты пінгпонгавы шарык. Нейкія недарэчныя асацыяцыі. Чаму ён думае ўвесь час пра такія злавесныя рэчы? I без таго ў кастрычніцкім ветры чуецца горыч і адчай. Ён праносіцца са сковытам, нібыта іграючы на дудцы, зробленай з пустога стручка.
Гледзячы на край абрыву, крышку асветлены месяцам, чалавек падумаў, што, можа, адчуванне, якое авалодала ім, быццам усярэдзіне ў яго ўсё спалена, проста зайздрасць. Зайздрасць да ўсяго, што ўвасабляе пакінутае ім наверсе,— да вуліц, трамваяў, светлафораў на перакрыжаваннях, рэкламы на тэлеграфных слупах, здохлых кошак, аптэк, дзе гандлююць цыгарэтамі. I гэтаксама, як пясок зжэр усярэдзіне сцены і слупы ў хаце, зайздрасць з’ела яго вантробы і ператварыла яго ў пустую каструлю, пакінутую на агні. Каструля ўсё болей распаляецца. Жара становіцца нясцерпнаю, вось-вось каструля расплавіцца. I раней чым гаварыць пра надзею, трэба падумаць, як пераадолець гэта імгненне і ці варта яго пераадольваць?
ХочацЦа лягчэйшага паветра! Хочацца хсць бы чыстага паветра, не змяшанага з тым, якое я ўдыхаю! Калі б можна было раз на дзень хоць паўгадзіны глядзець на мора, узлезшы на абрыў, было б так добра! Ну, гэта ўжо маглі б дазволіць. Вёска пільнуе яго залішне строга. Жаданне яго зусім натуральнае, тым болей што ён так шчыра працаваў гэтыя апошнія тры месяцы. Нават зняволенаму дазваляюць прагулкі.
— Гэта невыносна! Жыць так круглы год, уткнуўшыся носам у пясок. Гэта значыць быць жывым закан-
серваваным. Няўжо мне не дазволяць хоць сяды-тады гуляць каля ямы?
Жанчына, не знаходзячы адказу, маўчала. У яе быў такі выраз твару, быццам яна не ведала, што рабіць з дзіцем, якое капрызіць, згубіўшы цукерку.
— Хай паспрабуюць сказаць, што няможна! — Мужчына зазлаваўся. Ён зноў загаварыў пра тыя ненавісныя вераўчаныя лескі, якія выклікалі такія 'горкія ўспаміны.— Калі я ў той дзень уцякаў, дык бачыў іх на свае вочы... I ў нашым радзе ёсць некалькі хат, да якіх апушчаны лескі!
— Ёсць, але...— Яна гаварыла нясмела, быццам апраўдваючыся.— Большасць з іх вякамі жывуць у гэтых хатах.
— А на нас яны хіба не спадзяюцца, ці што?!
Жанчына пакорна апусціла галаву, нібыта сабака, гатовы да ўсяго. Калі б мужчына піў у яе на вачах цыяністы калій, яна б, напэўна, гэтаксама маўчала.
— Добра, паспрабую сам дамовіцца з гэтымі падлюгамі!
Праўда, у душы ён не дужа спадзяваўся, што ад гэтых перагавораў будзе нейкая карысць. Ён ужо прывык да расчараванняў. Таму, калі прыйшоў той самы дзед з другім пераносчыкам пяску і прынёс адказ, ён нават крыху разгубіўся. Але разгубленасць не ішла ні ў якае параўнанне з тым, што ён зведаў, зразумеўшы сэнс адказу.
— Ну добра...— Дзед гаварыў паволі, запінаючыся, нібыта перабіраў у думках старыя паперы.— Гэта, ну, увогуле, каб ужо зусім нельга было дамовіцца,— такога няма... Я, да прыкладу, канешне, але калі вы ўдваіх выйдзеце з хаты і перад намі, перад усімі... будзеце гэта рабіць, а мы глядзець... Ну, а тое, што вы просіце, гэта правільна, гэта можна будзе зрабіць, хай сабе...
— А што мы павінны рабіць?
— Ну, гэта... як яго, самец і самка што? Спарваюцца... Вось гэтак.
Пераносчыкі пяску дзіка зарагаталі. Мужчына аслупянеў, быццам яму сціснулі горла. Ён ледзь стаў разумець, пра што ідзе гаворка. Пачаў разумець, што ён разумее. I калі зразумеў, дык прапанова не здалася яму такім вялікім страхоццем.
Прамень кішанёвага ліхтара, быццам залатая птушка, праляцеў каля ног у мужчыны. Гэта быў нейкі сігнал. Услед за ім яшчэ сем ці восем промняў сталі кружыцца па дне ў яме. Прыгнечаны гэтым нецярпеннем людзей, што стаялі наверсе і хіба што не гарэлі, як смала, ён, яшчэ не знайшоўшы слоў, каб адкінуць прапанову, ужо сам нібы заразіўся іх шаленствам.
Ён паволі павярнуўся да жанчыны. Вось толькі што яна размахвала тут сваёю рылёўкаю, але цяпер некуды знікла. Можа, уцякла ў хату? Ён зазірнуў у дзверы і гукнуў яе.
— Што ж нам рабіць?
3-за сцяны пачуўся яе прыглушаны голас.
— Ну іх к чорту!
— Але ж хочацца выйсці адсюль...
— Нельга гэтак!
— Кінь ты, трэба глядзець на гэта прасцей...
Раптам жанчына, задыхаючыся, падступіла да яго.
— Вы што, здурнелі?.. He інакш як здурнелі... Мазгі звадзянелі! Ну хіба можна такое рабіць!.. Я ж не вар’ятка!
«Можа, і праўда?.. Можа, я і напраўду здурнеў?..» Лютасць жанчыны прымусіла яго адступіць, але ўсярэдзіне расла і шырылася нейкая пустата... Ён атрымаў гэтулькі ногцаў! Якое ж значэнне маюць цяпер гонар і годнасць?.. Калі на цябе глядзяць, а ты робіш нешта гадкае — гэта гадкае ў аднолькавай меры ганьбіць і тых, хто глядзіць... Быць убачаным і бачыць — няма патрэбы ставіць сцяну між гэтымі двума паняццямі...
Невялічкае адрозненне паміж імі, ведама, ёсць, але каб яно знікла, я наладжу ім гэты маленькі спектакль... Трэба браць пад увагу яшчэ і тое, якую ўзнагароду ты атрымаеш за гэта!.. Свабодна разгульваць па зямлі!.. Я хачу выцягнуць галаву з гэтага затхлага балота і ўздыхнуць на ўсе грудзі!
Вызначыўшы, дзе знаходзіцца жанчына, ён нечакана кінуўся на яе. Жаночы крык, шум падзення сплеценых іх целаў каля сцяны выклікалі наверсе жывёльную ўзбуджанасць. Пачуўся свіст, плясканне ў ладкі, пажадлівыя выкрыкі... Людзей там большала, сярод іх былі, здаецца, і маладзіцы. Ліхтароў, нацэленых на дзверы ў хаце, стала разоў у тры болей, чым напачатку.
Дзякуючы таму, што ён застаў жанчыну знянацку, яму ўдалося вывалачы яе на двор. Ён здушыў ёй шыю, і жанчына абмякла, як мяшок. Паўкруг агнёў над ямаю нагадваў святочную ілюмінацыю. Хоць не было асабліва горача, у яго пад пахамі цёк пот, змакрэлі валасы, нібыта на яго вылілі цэбар вады. Крыкі гледачоў, нібыта рэха, адбіваючыся ў вушах, вялізнымі чорнымі крыламі ўслалі неба. Мужчыну здавалася, што гэта яго крылы. Ён адчуваў гэтых людзей, якія напружана глядзелі з абрыву, так натуральна, як самога сябе. Яны былі часткаю яго. Гэта ад яго жадобы ў іх цякла сліна. Ён ужо адчуваў сябе не ахвяраю, а, найхутчэй, прадстаўніком катаў.
Было цёмна, дый рукі дрыжалі і пальцы сталі нібыта ў два разы таўсцейшыя. Калі нарэшце ён абхапіў яе, яна выгнулася і спрытна выслізнулася ў яго з рук. Топячыся ў пяску, ён кінуўся за ёю. Ды яна зноў адкінула яго, быццам стальная спружына. Нарэшце, схапіўшы яе, мужчына пачаў умольваць:
— Прашу... Прашу цябе... Я ж усё роўна не магу... Давай зробім толькі выгляд...
Але яму ўжо не трэба было стрымліваць яе. У жанчыны, здавалася, прапала жаданне ўцякаць. Раптам
затрашчала адзенне, і ў тое ж імгненне ён пачуў моцны ўдар у ніз жывата — жанчына стукнула локцем, уклаўшы ў гэты ўдар усю сваю злосць і цяжар свайго цела. Мужчына скурчыўся анямела і абхапіў рукамі калені. Нахіліўшыся над ім, жанчына таўкла яго кулакамі па твары. Напачатку магло здацца, што рухі яе вялыя, але кожны ўдар быў важкі, быццам таўкла яна груды солі. 3 носа хлынула кроў. На кроў наліп пясок, і яго твар ператварыўся ў камяк зямлі.
Узбуджанасць наверсе апала, быццам парасон, у якім абламалі пруткі. Змяшаліся разам выкрыкі гневу, насмешкі, падбадзёрванні, але яны былі нейкія бязладныя, абрывістыя. П’яныя, непрыстойныя воклічы таксама не маглі падняць настрой гледачоў. Нехта кінуў нешта ўніз, але другі адразу ж аблаяў яго. Канец быў гэтакі ж нечаканы, як і пачатак. Здалёку пачуліся галасы, якія клікалі да працы. Доўгі хвост агнёў растаў, быццам яго пацягнулі ўгору. I толькі дзьмуў цёмны паўночны вецер, зносячы апошнія сляды шалу.