• Газеты, часопісы і г.д.
  • Жанчына ў пяску | Чужы твар  Коба Абэ

    Жанчына ў пяску | Чужы твар

    Коба Абэ

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 413с.
    Мінск 1986
    73.13 МБ
    Мужчына, збіты і засыпаны пяском, невыразна адчуваў, што ўсё ішло як па пісаным. Гэтая думка цеплілася недзе ў куточку свядомасці, якая нагадвала прамочаную потам бялізну, пад якою толькі біццё сэрца было да болю выразнае. Гарачыя, як агонь, жаночыя рукі ляжаць у яго пад пахамі, і пах яе цела, нібыта шыпулямі, б’е ў нос. Яму ўявілася, што ён у яе пяшчотных руках, як маленькі каменьчык у рэчышчы спакойнай ракі.
    31
    Праходзілі аднастайныя ночы пяску, міналі тыдні.
    Варон, як і дагэтуль, не вабіла «Надзея». Прынада — вяленая рыба — ужо перастала быць вяленаю рыбаю. Яна не спакусіла варон, затое бактэрыі, відаць, былі неразборлівыя. Аднойчы раніцаю ён пакратаў
    прынаду палкаю — ад рыбы асталася толькі скура, a сама яна ператварылася ў чорную ліпкую мешанку. Замяняючы прынаду, ён вырашыў яшчэ раз праверыць, ці не сапсавалася яго канструкцыя. Ён адгроб пясок, падняў вечка і аслупянеў, здзіўлены. На дне ў бочачцы сабралася вада. Яе было ўсяго сантыметраў дзесяць, але гэта была амаль празрыстая вада, намнога чысцейшая за тую, іржавую, якую ім прывозілі штодня. Хіба нядаўна ішоў дождж?.. He, дажджу не было тыдняў два, не менш... Тады, можа, гэта вада, што асталася ад дажджоў, якія ішлі раней?.. Яму хацелася б гэтак думаць, але бянтэжыла тое, што бочачка была цякучая. Напраўду, калі ён падняў яе, праз днішча пацякла вада. На такой глыбіні не магло быць падземнае крыніцы, таму напрошвалася думка, што вада, якая выцякае з бочачкі, аднекуль зноў у бочачку назбірваецца. Ва ўсякім разе, гэтак выходзіць тэарэтычна. Але адкуль ёй брацца ў гэтым перасохлым пяску?
    Мужчына ледзь стрымліваў хваляванне, якое ўвесь час расло. Можна было ўявіць сабе толькі адзін адказ. Капілярнасць пяску. Паверхня пяску з-за высокай удзельнай цеплаёмістасці звычайна высушана, але калі крыху паглыбіцца, пясок там заўсёды сыры. Гэта адбываецца, безумоўна, таму, што выпарэнне з яго паверхні дзейнічае як помпа, якая выцягвае вільгаць з ніжэйшых пластоў. Уявіўшы сабе гэта, можна лёгка растлумачыць і густы туман, які падымаецца раніцаю і вечарам з дзюнаў, і незвычайную сырасць, якая пранізвае драўляныя сцены і слупы ў хаце і выклікае гніенне. Урэшце сухасць пяску тлумачыцца не проста недахопам вады, а хутчэй тым, што ўсмоктванне вады цераз капіляры ніколі не дасягае хуткасці выпарэння. Іначай кажучы, папаўненне вады ідзе няспынна. Толькі гэтая цыркуляцыя адбываецца з хуткасцю, непамыснай у звычайнай глебе. I, напэўна, яго «Надзея» недзе парушыла гэтую цыркуляцыю вады. Відаць, pas-
    мяіпчэнне ўкапанае бочачкі, шырыня шчыліны паміж ёю і вечкам — усё гэта не дало прасочанай знізу вадзе выпарыцца, і яна збіралася на дне. Якое гэта размяшчэнне і як усё гэта звязана між сабою, ён не мог яшчэ дакладна растлумачыць, але пасля стараннага вывучэння змог бы, безумоўна, паўтарыць свой дослед. I не выключана, што яму ўдалося б пабудаваць яшчэ болей эфектыўную канструкцыю для збірання вады.
    Удадуцца доследы — і яму не давядзецца болей капітуляваць, калі перастануць прывозіць ваду. Але яшчэ важней другое: выходзіць, увесь пясок — вялізазная помпа. Яму здавалася, што ён сядзіць на гэтай помпе. Шалёна калацілася сэрца. Каб супакоіць яго, яму давялося перадыхнуць. Пакуль нельга нікому пра гэта гаварыць. На выпадак чаго — гэта важная зброя.
    Ён не мог стрымаць радаснага смеху, Хоць ён павінен быў маўчаць пра сваю «Надзею», вельмі цяжка было схаваць гонар, які перапоўніў яго сэрца. Нечакана мужчына закрычаў тонкім голасам, абхапіў ззаду жанчыну, якая слала пасцель. Але яна выкруцілася, а ён упаў на спіну і стаў рагатаць, дрыгаючы нагамі, быццам жывот яму казытаў папяровы шар, напоўнены лёгкім газам. Яму здавалася, што рука, якую трымаў ён каля твару, свабодна плавае ў паветры.
    Жанчына таксама смяялася, але неяк змушана — проста каб не псаваць яму настрою. Мужчына ўявіў сабе распасцёртую бязмежна чыстую сетку падземных ручайкоў, якія тонкімі серабрыстымі ніткамі падымаюцца ўгору па вузенькіх шчылінах між пясчынкамі. А жанчына падумала пра іншае — не іначай, як пра полавы акт, які адбудзецца пасля гэтага. Ну і няхай сабе. Толькі той, хто перажыў караблекрушэнне і цудам не патануў, можа зразумець чалавека, якому хочацца смяяцца ўжо таму, што ён дыхае.
    Хоць і цяпер ён быў на дне ў яме, ім авалодала такое адчуванне, быццам падняўся на высокую вежу.
    Можа, увесь свет стаў навыварат, і цяпер узгоркі і даліны памяняліся месцамі. Ва ўсякім разе, ён знайшоў у пяску ваду. А гэта значыць, што вяскоўцам справіцца з ім не так проста. Няхай цяпер не прывозяць вады, ён абыдзецца без іх. I ён зноў пачынаў нястрымна рагатаць, варта было толькі падумаць яму, як яны забегаюць. Яму нават здавалася, быццам ён ужо выбраўся з ямы. Ён агледзеўся, і ўся яма была ў яго перад вачыма. Вельмі цяжка меркаваць пра мазаіку, калі глядзець на яе зблізку. Падышоўшы блізенька, вы заблудзіцеся ў дэталях. Да гэтага часу ён бачыў, найхутчэй, не пясок, а толькі асобныя пясчынкі.
    Тое самае мог бы сказаць ён пра тую, другую, жанчыну і пра сваіх калег. Дагэтуль ён успамінаў толькі асобныя дробныя дэталі, якія незвычайна разрасліся ў яго ўяўленні: ноздры ў мясістым носе... зморшчаныя губы... гладкія тонкія губы... тупыя пальцы... зоры ў вачах... доўгая бародаўка пад ключыцаю... па грудзях бягуць ліловыя жылкі... Зблізку глядзець — бярэ на рвоту. Але здалёку ўсё здаецца малюсенькім, не большым за насякомае. Вунь там, далёка, варушацца калегі — п’юць чай у настаўніцкай. А вунь там, у кутку, тая жанчына, голая, ляжыць у сырой пасцелі, прыплюшчыўшы вочы, не варушачыся, хоць попел у яе з цыгарэты вось-вось упадзе. Без ніякай зайздрасці думаў ён пра гэтых маленькіх насякомых, быццам гэта былі формы на пячэнне, пустыя ўсярэдзіне. I не трэба быць такім фанатычным пірожнікам, каб упарта пячы пячэнне, якога ніхто не прасіў,— абы толькі скарыстаць формы. Калі яму надарыцца яшчэ раз завязаць з імі адносіны, дык давядзецца пачынаць усё з самага пачатку. Перамены, што адбыліся ў пяску, былі адначасна пераменамі і ў ім самім. У пяску разам з вадою ён быццам выявіў новага чалавека.
    Гэтак нажыў ён сабе яшчэ адзін клопат — сканструяваць збудову для збору вады. Назбірваліся лічбы
    і дыяграмы... выбіралася мясціна, дзе павінен быць укапаны бачок... форма бачка... сувязь паміж часам, калі свеціць сонца, і хуткасцю назбірвання вады... уплыў тэмпературы і атмасфернага ціску на эфектыўнасць збудовы. Жанчына ніяк не магла зразумець, чаму ён гэтак рупліва корпаецца з сілом на варон. Яна пераконвала сябе, што ні адзін мужчына не можа абысціся без якой-небудзь цацкі, і калі ён мае ўцеху ад гэтага — дык і добра. Апрача таго, у яго расла цікавасць да яе хатняе працы. Ва ўсім гэтым не было нічога благога. Дык і няхай забаўляецца. Але мужчына меў тут свой інтэрас. Яго даследаванне нечакана наткнулася на сур’ёзную перашкоду і вымагала супастаўлення і ўвязкі цэлага шэрагу ўмоў. I хоць колькасць сабранага матэрыялу расла, ён ніяк не мог знайсці заканамернасць, якая дала б магчымасць аб’яднаць яго ў стройную сістэму. Дый калі ён хацеў атрымаць дакладны матэрыял, трэба было мець радыёпрыёмнік, каб слухаць паведамленні сіноптыкаў і прагнозы надвор’я. Прыёмнік стаў у абаіх агульнаю мэтаю.
    На пачатку лістапада вады ў бачку назбірвалася па чатыры літры за дзень, а потым штодня вады стала прыбываць усё меней. Можа, пад уплывам температуры? Але каб правесці доследы ў поўным аб’ёме, трэба, відаць, чакаць вясны. Настала доўгая суровая зіма, і разам з пяском у паветры пачалі насіцца льдзінкі. Каб купіць дабраваты прыёмнік, ён вырашыў хоць крыху памагчы жанчыне. Яма таксама мела свае перавагі — у яе не залятаў вецер. Але затое і сонца амаль не зазірала. Нават у тыя дні, калі пясок прамярзаў, у паветры яго насілася не меней, чым звычайна, і трэба было нястомна адграбаць яго ад хаты. Скура на руках патрэскалася і крывавілася.
    Нарэшце зіма кончылася. Падышла вясна. У пачатку сакавіка прыёмнік купілі. На страсе паставілі высокую антэну. Жанчына, радасна і здзіўлена, паўдня
    круціла ручкі. У канцы месяца яна пачула, што цяжарная. Прайшло яшчэ два месяцы. Вялізныя белыя птушкі тры дні ляцелі з захаду на ўсход. А яшчэ праз дзень жанчына пажалілася на нясцерпны боль. Яна ўбачыла, што ўся ў крыві. Нехта з вёскі — у яго ў радні быў ветэрынар — паставіў дыягназ: выкідыш. Вырашылі завезці яе на пікапе ў горад, у бальніцу. Чакаючы машыну, мужчына сеў побач, дазволіўшы ўзяць сябе за руку, а другою гладзіў ёй жывот.
    Ды вось да ямы пад’ехаў пікап. Упершыню за паўгода былі спушчаны вераўчаныя лескі. Жанчыну, уверчаную ў коўдру, як кокан, на вяроўцы паднялі наверх. Да апошняй хвіліны яна ўмольна глядзела на яго вачыма, поўнымі слёз. Быццам не заўважаючы, ён адвярнуўся.
    Пасля таго як яе павезлі, вяровачныя лескі асталіся вісець. Мужчына нясмела падышоў да іх і дакрануўся кончыкам пальца. Пераканаўшыся, што яны не знікаюць, ён стаў паволі падымацца. Неба было нейкага брудна-жоўтага колеру. Рукі і ногі цяжкія, быццам ён выйшаў з вады. Вось яны, доўгачаканыя лескі...
    Вецер, здавалася, вырываў дыханне з рота. Абышоўшы вакол ямы, ён падняўся вышэй, адкуль відно было мора. Мора таксама было мутна-жоўтае. Ён глыбска ўздыхнуў, але паветра было шурпатае, зусім не такое, якое яму ўяўлялася. Азірнуўшыся, ён убачыў воблака пылу ў канцы вёскі. Напэўна, пікап з жанчынаю... Дарэмна ён, напэўна, не расказаў ёй усяго пра пастку да таго, як пайсці.
    У яме на дне нешта заварушылася. Гэта быў яго цень. Крышку вышэй над ценем збудова для збору вады. Адна планка адышла. Напэўна, наступілі, як неслі жанчыну. Ён заспяшаўся назад, каб паправіць планку. Вада, як ён і разлічваў, паднялася да чацвёртае меткі. Паломка была не страшная. У хаце траскучым голасам спявала радыё. Ледзь стрымліваючы слёзы, ён апусціў
    рукі ў бачок. Вада апякла холадам. Але ён не паварушыўся, так і астаўся стаяць на кукішках.
    Спяшацца ўцякаць няма вялікай патрэбы. Цяпер у яго ў руках білет у абодва канцы — чысты бланк, і ён можа сам, як яму зажадаецца, запісаць у ім і час выезду, і месца прызначэння. Дый яму вельмі карцела расказаць каму-небудзь пра сваю збудову для збору вады. I калі ён наважыцца гэта зрабіць, слухачоў, удзячнейшых за вяскоўцаў, яму не знайсці. He сёння, дык заўтра каму-небудзь ён усё раскажа.