Жанчына ў пяску | Чужы твар
Коба Абэ
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 413с.
Мінск 1986
У гэтай пякельнай цемры жанчына вырысоўвалася яшчэ цямнейшаю плямаю. Ён ледзь даплёўся да пасцелі і не бачыў самой жанчыны, хоць яна яго і падтрымлівала. I не толькі яе — усё навокал расплывалася, нібыта ў тумане. Нават паваліўшыся на пасцель, ён усё яшчэ бег па пяску... I ў сне ён не пераставаў бегчы. Спаў неспакойна. Добра помніў шаргаценне кашоў, якія апускаліся і падымаліся, далёкі брэх сабак. Ведаў, што жанчына вярталася сярод ночы, каб паесці, і запальвала лямпу, якая стаяла каля яго пасцелі. Але зусім прачнуўся, толькі калі ўстаў напіцца вады. Пайсці памагчы жанчыне не было ў яго сілы.
Ён запаліў лямпу і закурыў, рассеяна азіраючыся па баках. Тоўсценькі, але жвавы павучок забегаў вакол лямпы. Калі б гэта быў матылёк, ён бы не здзівіўся, але што святло вабіла павука — дзіва. Ён хацеў ужо быў прыпячы яго цыгарэтаю, але перадумаў. Павук з дакладнасцю секунднае стрэлкі кружыўся вакол лямпы на адлегласці пятнаццаці — дваццаці сантыметраў. Можа, не толькі святло вабіла яго? He, ён чакаў і дачакаўся, калі на агонь прыляцеў начны матылёк. Матылёк некалькі разоў стукнуўся аб шкло ў лямпе, і цень яго буйна адбіўся на столі, потым упаў на мета-
лічную падстаўку і болей не кратаўся. Нейкі д.зіўны матылёк — вельмі агідны. Ён прыткнуў да яго цыгарэту. Нервовыя цэнтры былі паралізаваны, і ён падкінуў яшчэ жывое насякомае на тую дарожку, дзе бегаў павук. Разгарэлася драма, якую ён прадбачыў. Імгненна павук падскочыў і ўчапіўся ў матылька. Потым ён зноў стаў кружыцца, цягнучы сваю ахвяру, цяпер ужо нерухомую. Так ён, напэўна, цешыўся, смакуючы наперад, як будзе жэрці сакаўнога матылька.
Ён і не ведаў, што ёсць такія павукі. Так разумна выкарыстаць замест павуціны лямпу. Плетучы павуціну, астаецца толькі чакаць, каб хто-небудзь папаўся ў яе, а з лямпаю ахвяру можна самому завабіць. Патрэбна толькі прыдатная крыніца святла. У прыродзе, на жаль, яе няма. Месяц ці лясныя пажары наўрад ці падыдуць на гэта. He выключана, што гэты павук — прадстаўнік нейкага новага віду, які выпрацаваў свае інстынкты, эвалюцыянуючы ўслед за чалавекам... Тлумачэнне, напэўна, неблагое... Але як тады растлумачыць, што святло прываблівае матылькоў?.. Матылькі — не тое, што павукі, наўрад ці святло лямпы спрыяе іх зберажэнню. Аднак з’ява гэтая ўзнікла зноў жа пасля таго, як паявілася штучнае святло. Доказам можа служыць хоць бы тое, што матылькі не сабраліся ў чароды і не паляцелі да месяца.
Было б яшчэ зразумела, калі б падобным інстынктам валодаў нейкі адзін від насякомых. Але ж ён агульны ўсім матылькам, якіх налічваецца тысяч дзесяць відаў. Значыць, гэта нейкі пэўны, нязменны закон. Сляпое, шалёнае трапятанне крылаў, выкліканае штучным святлом. Патаемная сувязь паміж святлом, павукамі і матылькамі... Калі закон можа выяўляцца так неразумна, дык у што ж тады верыць?
Мужчына заплюшчыў вочы... Паплылі мутныя блікі...
Калі ён выцягваў руку, каб схапіць іх, яны пачыналі мітусіцца і знікалі... Быццам цені шпанскіх мушак на пяску...
Яго разбудзіў плач.
— Чаго плачаш?
Жанчына, стараючыся схаваць збянтэжанасць, паспешна паднялася.
— Даруйце... Хацела згатаваць вам чаю...
Яе здушаны голас, змочаны слязамі, азадачыў мужчыну. Калі яна нагнулася і стала распальваць у печцы, яе спіна неяк дзіўна ўздрыгвала, і ён доўга не мог зразумець, у чым справа. Разумеў ён слаба, быццам вяла перагортваў старонкі заплеснелай кнігі. Але добра яшчэ, што мог перагортваць старонкі. Нечакана яму стала нясцерпна шкада сябе.
— He выйшла...
— Ага...
— I так па-дурному ўсё правалілася.
— Але ж нікому не ўдавалася... ні разу яшчэ...
Яна гаварыла праз слёзы, але ў яе голасе гучалі ноткі ўпэўненасці, быццам яна апраўдвала і растлумачвала яго правал. Што ні кажы — жаласлівае спачуванне. Было б дужа несправядліва не адгукнуцца на яго.
— Шкада ўсё-такі... Я ўжо вырашыў, калі ўдасца ўцячы, адразу куплю і прышлю табе прыёмнік...
— Прыёмнік?
— Ты ж даўно хацела яго.
— Ды нічога, не трэба... — Жанчына гаварыла нясмела, быццам прасіла прабачэння.— Калі я добра папрацую, змагу і тут купіць. Калі ў растэрміноўку, дык на першы ўзнос грошай хопіць, напэўна.
— Ведама, калі ў растэрміноўку...
— Калі вада нагрэецца, памыемся?
Раптоўна ў ім паднялася туга, шэрая, як світанне. Трэба залізваць раны адно аднаму. Але калі бяс-
конца залізваць раны, якія не зажываюць, дык ад языка нічога не астанецца.
— Ну добра, не трэба суцяшаць... Жыццё не такая штука, каб пражыць яго на суцяшэннях... Там сваё жыццё, тут — сваё, і заўсёды здаецца, што чужсе жыццё саладзейшае... Самае агіднае — думаць: што, калі жыццё будзе вось так ісці?.. Што гэта за жыццё? Гэтага ж ніхто не ведае... Эх, лепей быць да горла заваленым працаю і не думаць пра ўсё гэта...
— Памыемся?..
Жанчына сказала гэта нібыта дзеля таго, каб падбадзёрыць яго. Мякка, ласкава. Мужчына паволі стаў расшпільваць гузікі ў рубашцы, здымаць штаны. Ён увесь, з ног да галавы, быў укрыты пяском. (Што робіць цяпер тая, другая?) Усё, што было да ўчарашняга дня, здавалася далёкім мінулым.
Жанчына пачала намыльваць ручнік.
Ч а с т к а трэцяя
28
Кастрычнік.
За дзень лета, якое ўсё яшчэ не хацела адыходзіць, так распальвала пясок, што босы на ім і пяці мінут не прастаіш. А як толькі садзілася сонца, золкі холад пранікаў праз дзіравыя сцены, і, перш чым распаліць агнішча, даводзілася сушыць адсырэлы попел. Раніцаю і вечарам, калі не было ветру, з-за рэзкіх скачкоў тэмпературы падымаўся туман, які нагадваў мутную рэчку.
Мужчына змайстраваў за хатаю сіло, каб лавіць варон. Ён назваў яго «Надзея». Яно было простае, з улікам уласцівасцяў пяску. Ён выкапаў глыбокую яму
і ўкапаў туды бочачку. Трыма кліночкамі, велічынёю з запалку, замацаваў вечка, крышку меншае за бочачку. Да кожнага кліночка прывязаў тонкую нітку. Ніткі працягваліся цераз дзірачку ў цэнтры вечка, прывязваліся да дроціка звонку. На кончык дроціка ён насаджваў нажыўку — вяленую рыбу. Усё прыстасаванне старанна засыпаў пяском, пакінуўшы звонку толькі нажыўку ў невялікай пясчанай выемцы. Як толькі варона схопіць нажыўку, адразу злятаюць кліночкі, вечка падае ў бочачку на дно і адбываецца пясчаны абвал; варона жывая пахавана... Выпрабаваў некалькі разоў сваё прыстасаванне. Дзейнічала яно спраўна... Яму ўжо добра бачылася няшчасная варона, так хутка засыпаная пяском, што нават крыламі не паспела махнуць.
...Калі пашанцуе і ўдасца злавіць варону, можна будзе напісаць пісьмо і прывязаць ёй да лапкі... Але, ведама, як пашанцуе. Па-першае, вельмі мала шанцаў, што выпушчаная варона другі раз трапіць чалавеку ў рукі... Дый не дазнаешся, куды яна паляціць... Звычайна раён палёту варон вельмі абмежаваны... А можа быць і такое: калі гэтыя тыпы з вёскі супаставяць два факты — мая варона ўцякла, а ў чарадзе паявілася варона, у якое да нагі прывязаны кавалак белае паперы, дык яны адразу зразумеюць мае намеры... I ўсё, што было так добра прадумана, з такім цярпеннем зроблена, прападзе дарэмна...
Пасля няўдалых уцёкаў мужчына стаў вельмі асцярожны. Ён прыстасаваўся да жыцця ў яме, нібыта ўпаў у зімовую спячку, і клапаціўся толькі пра тое, каб рассеяць падазронасць у вяскоўцаў. Кажуць, што бясконцы паўтор таго самага — найлепшая маскіроўка. I калі ўбачаць, што тваё жыццё складаецца з паўтораў таго самага, дык можа быць, што ўрэшце пра цябе забудуць.
Паўтор можа даць і такую карысць. Ну, напрыклад,
два апошнія месяцы жанчына штодзень, не падымаючы галавы, ніжа пацеркі і так захапілася гэтаю працаю, што ў яе нават твар апух. Доўгая іголка толькі мільгае, калі яна вострым канцом падчэплівае насыпаныя ў кардонную коробку пацеркі, якія зіхцяць металам. Яна сабрала, напэўна, каля дзвюх тысяч іен. Папрацуе так яшчэ з паўмесяца — і хопіць грошай на першы ўзнос за прыёмнік.
У іголцы, што скача вакол каробкі з пацеркамі, гэтулькі важнасці, быццам гэтая каробка — цэнтр сусвету. Паўтор афарбоўваў сучаснае, даваў адчуванне рэальнасці навакольнага. I мужчына вырашыў таксама цалкам аддацца аднастайнай фізічнай працы. Змятаць пясок з гарышча, прасяваць рыс, мыць — усё гэта стала яго штодзённым абавязкам. Пакуль ён працаваў, напяваючы сабе пад нос, час, ва ўсякім разе, ляцеў хутчэй. Сабе на ўцеху ён змайстраваў полаг з поліэтылену, каб у часе сну на іх не сыпаўся пясок, і прыдумаў прыстасаванне варыць рыбу ў гарачым пяску...
Каб не хваляваць сябе, з таго часу ён не чытаў газет. Даволі было пацярпець тыдзень, і чытаць ужо амаль не хацелася. А праз месяц ён увогуле забыўся пра іх. Некалі ён бачыў рэпрадукцыю гравюры, якая называлася «Пекла адзіноты», і яна яго ўразіла. Там быў адбітак чалавека ў дзіўнай позе, які плыве па небе. Яго шырока расплюшчаныя вочы поўныя страху. Уся прастора вакол запоўнена амаль празрыстымі ценямі нябожчыкаў. Яму цяжка прабірацца праз іх натоўп. Нябожчыкі, жэстыкулюючы, адпіхаючы адзін аднаго, нешта бесперастанку гавораць чалавеку. Чаму ж гэта «Пекла адзіноты»? Ён тады падумаў, ці не пераблытана назва. Але цяпер зразумеў. Адзінота — гэта неспатольная прага мары.
Іменна таму грызуць пазногці, не знаходзячы супакаення ў біцці сэрца. Кураць тытунь, не могучы задаволіцца рытмам мыслення. Нервова калоцяцца, не зна-
ходзячы задавальнення ў полавым акце. I дыханне, і хада, і перыстальтыка кішэчніка, і штодзённы расклад, і нядзеля, якая надыходзіць кожны сёмы дзень, і школьныя экзамены, якія паўтараюцца кожныя чатыры месяцы,— усё гэта не толькі супакойвала яго, але, наадварот, штурхала на ўсё новыя і новыя паўторы. Хутка колькасць скураных цыгарэт павялічвалася, яму сніліся страшныя сны, у якіх ён разам з нейкаю жанчынаю, у якой былі брудныя пазногці, увесь час шукаў утульнага кутка, каб схавацца ад людскіх вачэй. I калі ўрэшце ён выявіў сімптомы атручэння, дык адразу ў думках стаў звяртацца да нябёсаў, якія падтрымліваюцца простым цыклічным эліптычным рухам, да пясчаных дзюнаў, дзе пануюць хвалі даўжынёю адна восьмая міліметра.
Ён адчуваў пэўнае задавальненне ад бясконцай барацьбы з пяском, ад свае штодзённае працы, ператворанай ім ва ўрок, але нельга сказаць, што гэта было чыстае самакатаванне. Ён бы не здзівіўся, знайшоўшы ў гэтым дарогу да выздараўлення.
Але аднойчы раніцаю разам з прадуктамі, што ім прывозілі, да яго трапіў часопіс карыкатур. Часопіс як часопіс, нічога асаблівага. Вокладкі парваныя, увесь ён у плямах ад мурзатых пальцаў,— пэўна ж, купілі яго ў нейкага анучніка. I хоць на выгляд часопіс быў непрывабны, само паяўленне яго можна было расцаніць як клопат пра яго вяскоўцаў. Найболей ён быў азадачаны тым, што, чытаючы часопіс, ад смеху качаўся па зямлі, біў нагамі, нібыта ў яго пачаліся канвульсіі.