Жанчына ў пяску | Чужы твар
Коба Абэ
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 413с.
Мінск 1986
Але ўсё ж ніяк не верылася, што гэта мой твар. Другі... Зусім другі... Я не мог уявіць, што гэта тыя самыя п’яўкі, якія, дзякуючы люстэрку, да агіды мне знаёмыя... Безумоўна, гэты злепак твару з сурмы і мой адбітак у люстэрку — у іх левы і правы бакі памяняліся месцамі, і, можа, таму між імі бачылася пэўная розніца. Аднак такую самую розніцу колькі хочаш можаш бачыць з дапамогаю фатаграфіі, і гэта не так ужо важна.
Потым была, напэўна, праблема колеру? 3 кнігі французскага доктара Анры Блана «Твар», якую знайшоў у бібліятэцы, я дазнаўся, што паміж колерам
твару і яго выразам сувязь намнога цяснейшая, чым можна пра гэта думаць. Напрыклад, гіпсавая пасмяротная маска, калі надаць ёй пэўны колер, можа быць ці мужчынскаю, ці жаночаю маскаю. Тое самае можна бачыць і на такім прыкладзе: варта зрабіць чорнабелую фатаграфію мужчыны, пераадзетага ў жанчыну, і маскарад адразу будзе разгаданы. Значыць, усё залежыць ад колеру. Амаль непрыкметныя патаўшчэнні на злепку з сурмы,— калі не падае святло, іх і не згледзіш... Ледзь заўважныя няроўнасці — яны не вартыя, напэўна, усіх гэтых хваляванняў з маскаю. На нейкае імгненне я нават падумаў, ці не шарахаюся я ад прывіду, ці не ваюю з ворагам, створаным маёю фантазіяй. Але, можа, калі нават гэтыя спляценні металічных п’явак пафарбаваць у крывава-чырвоны колер мяса, дык яны імгненна пакажуць сваю пачварнасць. Хто яго ведае. Так шкада, што чалавек зроблены не з металу.
Калі колер такі важны, пры канчатковай фармоўцы маскі трэба вельмі ўважліва зрабіць афарбоўку. Быццам сляпы, які радуецца любому адчуванню, пяшчотна гладзячы яшчэ цёплы злепак з сурмы, я востра адчуў, які цярністы шлях да вырабу маскі, калі заканчэнне аднае работы адразу паварочваецца яшчэ адной цяжкасцю. Напраўду, я задумаў дзёрзкі выклік. Нават калі гаварыць пра аб’ём выкананай работы і пра затрачаны час, я павінен быў бы пайсці вельмі далёка, але варта падумаць і пра тое, што да гэтага часу я яшчэ зусім не браўся за галоўнае — за выбар прататыпа. Да гэтага прыбавілася новая цяжкасць — колер. Ці настане імгненне, калі я змагу ажыццявіць сваю мару — пачаць новае жыццё ў вобразе другога чалавека?..
Былі, ведама, не толькі благія прыкметы. Блукаючы ў думках паміж складкамі металічных п’явак, я думаў пра тое, якая недарэчная роля, якую выконвае
твар: з-за патаўшчэнняў на некалькі міліметраў чалавек павінен цярпець ганенні, як бадзяжны шалудзівы сабака, і раптам, быццам з вачэй упала заслона, я выявіў слабае месца ў галоўнага свайго ворага.
Гэтыя металічныя п’яўкі самі па сабе могуць існаваць толькі як негатывы для стварэння ўнутранага боку маскі. Іншымі словамі — адмоўнае існаванне, якое павінна быць прыкрыта і знішчана з дапамогаю маскі. Але ці толькі гэта? Ведама, адмоўнае існаванне, гэта безумоўна. Але калі не зрабіць яго асноваю, не можа існаваць і маска, якая павінна яго знішчыць. Дык вось, металічная аснова — гэта мэта, якую маска павінна знішчыць, і адначасна — зыходны пункт стварэння маскі.
Уявім сабе праблему крыху канкрэтней. Напрыклад, калі гаварыць пра вочы — іх астаецца толькі выкарыстаць, не мяняючы ні размяшчэння, ні формы, ні велічыні. Але, дапусцім, я асмеліўся і прыклаў да іх рукі, тады, пазначыўшы як мяжу размяшчэнне вачэй, ці павінен зрабіць я выпуклы толькі лоб, які ляжыць над ёю, ці, наадварот, зрабіць выпуклую толькі частку твару, якая ляжыць пад ёю, а калі не тое і не другое,— можа, зрабіць лупатыя вочы і моцна выстаўлены наперад твар? Могуць быць толькі гэтыя варыянты. Тое самае можна сказаць, калі справа дойдзе да носа ці рота. Тады выбар тыпа твару ўжо не здасца такім няясным. Абмежаванне? Можа, і абмежаванне. Але, па мне, гэта куды лепей, чым танная, эфемерная свабода. Ва ўсякім выпадку, яно паказвала мне мэту, якой я павінен дасягнуць. I нават калі я пайду кружною дарогаю памылак, спачатку найлепей ласпрабаваць правільна змадэліраваць твар і, падганяючы яго да арыгінала, вывучыць, які тып найболей падыходзіць. Гэтая дарога мне найболей падыходзіла. (He вучоны, а ўсяго толькі тэхнік,— так гавораць пра мяне калегі, і, можа, у нечым іх праўда.)
Прыкладваючы палец Да розньіх частак металічнаё асновы, прыкрываючы яе абедзвюма рукамі, засланяючы яе, я, сам таго не заўважаючы, аддаўся марам. Якая ўсё ж гэта тонкая штука... Даволі крануць пальцам — і вось ужо другі чалавек, і не тое што брат ці дваюрадны брат... Прыкладзеш далонь — зусім незнаёмы... 3 таго часу, як я ўзяўся рабіць маску, напэўна, упершыню ў мяне быў такі бадзёры, дзейны настрой.
...Напраўду, можна смела сказаць: тое, што я перажыў у тую ноч, было вельмі важнаю вяршыняю ўсяе мае працы. Яна не была такая ўжо крутая, не была і велічна-высокая, але затое, здаецца мне, у ёй угадвалася выдатная мясціна рэльефу, якая давала пэўны кірунак водам, што выцякалі з крыніцы, і валодала, увогуле, вялікаю сілаю, якое хапала, каб кіраваць патокам, I гэта таму, што з таго моманту паміж праблемаю крытэрыю выбару твару і праблемаю тэхнічнага ўвасаблення плана ў жыццё, якія да гэтага часу ішлі як дзве паралельныя лініі, сапраўды пралегла нешта падобнае на ледзь пазначаны канал. Злепак твару з сурмы, хоць і не даваў ніякіх перспектыў у сэнсе метаду вырабу маскі, падбадзёрваў мяне, даваў веру ў тое, што, дзякуючы штодзённай канкрэтнай рабоце, мае магчымасці будуць усё болей пашырацца.
Я вырашыў назаўтра раніцаю купіць гліны і пачаць мадэліраваць твар. Выразнай мэты ў мяне не было, і я ішоў да яе вобмацкам. Звяраючыся з анатамічным атласам мімічнае мускулатуры, я накладваў адзін на адзін тонкія слаі гліны. Праца трагічна напружаная, нібыта ўдзельнічаеіп у працэсе эмбрыянальнага развіцця чалавека, быццам крытэрый выбару, які, увогуле, і не ўхопіш, пачынае зацвердзяваць, нібыта астуджаны жэлацін,— з такім адчуваннем я паступова надаваў форму падатліваму матэрыялу. Ёсць геніяль-
ныя сышчыкі, якія знаходзяць злачынца, седзячы ў крэсле, а ёсць звычайныя сышчыкі, якія, не шкадуючы ног, ганяюцца за доказамі. Я таксама найболей люблю дзейнічаць, працаваць рукамі.
Якраз у гэты час я зноў зацікавіўся кнігаю Анры Блана «Твар», якую я ўжо ўспамінаў. Калі яна першы раз трапілася мне на вочы, аналіз у ёй прыняў я за скрупулёзную класіфікацыю, якую так любяць вучоныя, і нават падумаў з раздражненнем: ну што могуць даць усе гэтыя разважанні мне, чалавеку, занятаму канкрэтнаю справаю. Але калі я літаральна навобмацак падышоў да праблемы стварэння маскі, дык выявіў нарэшце, што ў Бланавай тэорыі формаў ёсць нешта большае, чым тое, што можна знайсці ў звычайным даведніку. Вось гэтак здаецца, што карта знаёмай мясціны і карта чужое краіны зусім розныя.
У агульных рысах Бланава класіфікацыя мае такі выгляд.
Спачатку рысуецца вялікая акружнасць, цэнтрам якой служыць hoc, а радыусам — адлегласць ад кончыка носа да нізу падбародка. Потым рысуецца малая акружнасць, радыус якой — адлегласць паміж носам і губамі. Залежна ад суадносін гэтых акружнасцяў твары падзяляюцца на два тыпы: з цэнтрам, зрушаным уніз, і з цэнтрам, зрушаным угору. А твары падзяляюцца на сухі і поўны. Такім чынам, усяго вылучаюцца чатыры тыпы твару:
1. Цэнтр зрушаны ўніз, сухі — на лобе, шчоках, падбародку моцныя жаўлакі.
2. Цэнтр зрушаны ўніз, поўны — на лобе, шчоках, падбародку мяккія тлушчавыя адклады.
3. Цэнтр зрушаны ўгору, сухі — завостраны каля носа твар.
4. Цэнтр зрушаны ўгору, поўны — твар мякка выдаецца наперад каля носа.
Усе тыпы твару імі, ведама, не вычэрпваюцца. Гэ-
тыя чатыры ствалы бясконца разгаліноўваюцца залежна ад сінтэзу шэрагу важных элементаў, якія ўзаемавыключаюцца, ад падкрэслівання пэўных частак, ад затушоўвання дэталяў. Але мне не было патрэбы ўдавацца ў тонкасці. I паколькі я накладваў слой за слоем, пачынаючы з ніжняга, можна было не прымаць усяго гэтага пад увагу. Галоўнае — не забыцца пра самае важнае, а далей хай ідзе як ідзе.
Калі разглядаць згаданыя чатыры асноўныя тыпы ў святле псіхамарфалогіі, дык атрымаем вось што. Першыя два — гэта тып людзей інтравертных, засяроджаных на сваім унутраным свеце, а два апошнія — экстравертных, засяроджаных на тым, што адбываецца вакол іх. Тыпы пад няцотнымі нумарамі варожыя ці, ва ўсякім выпадку, супраціўляюцца навакольнаму свету. Тыпы ж пад цотнымі нумарамі, наадварот, маюць тэндэнцыю прымірыцца з ім ці нават знаходзяцца ў згодзе. Шляхам спалучэння двух гэтых відаў класіфікацыі можна вызначыць спецыфічныя асаблівасці кожнага тыпа.
Калі ж прыбавіць да метаду класіфікацыі ідэю таго самага Блана пра каэфіцыент мімікі, дык праблема набудзе яшчэ большую стройнасць. Каэфіцыент мімікі — гэта колькаснае вызначэнне ўплыву на выраз твару кожнага з размешчаных па ступені рухомасці дзевятнаццаці пунктаў, выбраных болей чым з трыццаці мімічных мускулаў. Вельмі цікавы і метад, якім праводзіўся падлік. Паслядоўна сфатаграфаваўшы прыкладна дванаццаць тысяч выпадкаў выяўлення радасці і смутку і метадам праектавання падзяліўшы на гарызанталі, як тапаграфічную карту, Блан вызначыў сярэднюю велічыню рухомасці кожнага пункта. Вывады, да якіх ён прыйшоў, у агульных рысах такія. Шчыльнасць каэфіцыента мімікі асабліва высокая ў трохвугольніку, абмежаваным кончыкам носа і куткамі губ. Потым яна паступова памяншаецца ў такой
паслядоўнасці: мясціна паміж ротам і скуламі, мясціна пад вачыма і, нарэшце, пераносіца. Самы нізкі каэфіцыент мае лоб. Такім чынам, мімічная функцыя канцэнтруецца ў ніжняй частцы твару, найперш вакол губ.
Усё гэта — размеркаванне каэфіцыента залежна ад месца. Але на яго ўплывае і характар падскурнае тканкі. Шчыльнасць каэфіцыента падае прапарцыянальна яе таўшчыні. I ўсё ж, мабыць, гэта не тое самае, калі невялікі каэфіцыент і калі няма мімікі. Нават пры высокай шчыльнасці каэфіцыента можа быць колькі хочаш выпадкаў без мімікі, а пры вельмі малым каэфіцыенце бываюць выпадкі з багатаю мімікаю. Вынікае, што мімікі можа не быць і пры высокай і пры нізкай шчыльнасці каэфіцыента.
Пастскрыптум. Можа, паспрабуем ужыць Бланаў метад класіфікацыі да нашых твараў? Спачатку — да твайго. Калі гаварыць, які ён, дык яго варта, мабыць, залічыць да твараў з цэнтрам, зрушаным угору. Падскурная тканка мае тлушчавыя адклады. Значыць, ён набліжаецца да чацвёртага тыпу: каля носа твар выдаецца крыху наперад. 3 пункту погляду псіхамарфалогіі ты належыш да людзей экстравертных, засяроджаных на тым, што адбываецца вакол іх, і жывеш у згодзе з наваколыіым асяроддзем. Каэфіцыент мімікі параўнальна нізкі, і выраз твайго твару стабільны, мала паддаецца ваганням.