Жанчына ў пяску | Чужы твар
Коба Абэ
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 413с.
Мінск 1986
Сабраўшы ўсю сваю мужнасць, я адважыўся нарэшце выйсці на двор. Але ўсё ж не магу сказаць, што пошукі сховішча былі марныя. Я адчуў, што выклік мой намнога мацнейшы, чым быў спачатку,— кажучы інакш, хоць у гэтым я аднавіў сваю с у в я з ь з людзьмі.
Набліжаўся поўдзень. Па прывакзальнай вуліцы ліўся бясконцы паток людзей, як гэта бывае на люднай мясціне ў святочны дзень. Я ўліўся ў гэты паток
і пад паглядамі, ліпкімі, як назойлівыя мухі, бязмэтна блукаў прыкладна з гадзіну. Лічыцца, што хада мае пэўны псіхічны эфект. Возьмем, напрыклад, воінскую часць на маршы. Калона можа рухацца ў дзве ці ў чатыры шарэнгі, і салдату, каб не парушыць строй, трэба ўсяго толькі дзве нагі. Думаю, адначасна з пачуццём сумнай спустошанасці, страты твару і сэрца ў гэтым рытме бясконцага маршу ёсць і бяздушнае супакаенне. Мала таго, зусім не рэдкія выпадкі, калі ў час доўгага маршу людзі зведваюць полавую ўзбуджанасць.
Аднак нельга ж бясконца адганяць мух. Разумней, калі я ператваруся ў мушынае вока, якое ўсё бачыць, і палячу ў людскі натоўп. Я павінен знайсці ў ім нейкага чалавека, які захоча прадаць мне сваё аблічча. Пол — мужчынскі... Уладальнік гладкае скуры, па магчымасці без характэрных прыкмет... Рысы твару і памеры не маюць значэння, бо скура будзе расцягвацца і сціскацца... Узрост — ад трыццаці да сарака... Праўда, у саракагадовага мужчыны, які згодзіцца на маю прапанову з-за грошай, скура можа быць з мноствам шрамаў і мне не падыдзе, таму гаворка фактычна ідзе пра трыццацігадовага...
Я паспрабаваў узяць сябе ў рукі, але і гэтае намаганне, успыхнуўшы, як электрычная лямпачка, перагараючы, патухла — было вельмі цяжка падтрымліваць унутранае напружанне. Дый людзі, што ішлі па вуліцы, хоць і чужыя між сабою, стварылі суцэльны ланцуг, куды нельга было ўціснуцца. I ці зможа адно толькі валоданне выбраным мною тварам стаць такою трывалаю сувяззю? От жа нават адзенне, якоэ яны насілі, было ўзгоднена, быццам пароль. Выпушчаны ў велізарнай колькасці сённяшні пароль, назва якому — мода. Ці не ёсць гэтае адмаўленне формы разам з тым і нейкім новым відам формы? У тым сэнсе, што змены адбываюцца няспынна, гэта, відаць, адмаўленне фор-
мы, але ў тым сэнсе, што гэтае адмаўленне ажыццяўляецца масава, яно зноў жа бачыцца адзетым у форму. Можа, такая душа сённяшняга дня? I праз гэтую душу я стаў ерэтыком. I, хоць уяўленне пра моду, створанае штучным валакном, сапраўды падтрымлівалася маімі даследаваннямі, людзі, думаючы, напэўна, што чалавек без твару не мае і душьі, ні за што не дапусцяць, каб я зліўся з імі. Уся мая сіла была накіравана цяпер на тое, каб ісці.
Калі б я легкадумна гукнуў каго-небудзь з натоўпу, мая сувязь з людзьмі імгненна распаўзлася б, як намоклая папера ў сёдзі Мяне б, напэўна, шчытным плотам абступілі людзі і без ніякай спагады сталі б распытваць пра маю маску, такую недарэчную. Я разоў шэсць з канца ў канец прайшоў прывакзальную вуліцу, і ўвесь гэты час безупынна атрымліваў падобную перасцярогу. He, не таму, што я дужа многа думаў пра гэта. Хоць там была страшэнная штурханіна, вакол мяне, быццам гэта была зачумленая мясціна, заўсёды аставалася свабодная прастора, і ні разу ніхто не зачапіў мяне плячом.
Мне здавалася, што я ў турме. У турме і сцены, якія душаць цябе, і стальныя краты — усё ператварылася ў адпаліраванае люстэрка, і ты ўсюды бачыш свой адбітак. Тое, што ты не можапі у любую хвіліну ўцячы ад самога сябе,— вось у чым жах зняволення. Я таксама запратораны ў мяшок самога сябе — як ні біся, не вырвешся з яго. Нецярпенне ператварылася ў раздражненне, а раздражненне перайшло ў панурую злосць.
Але тут раптам прыйшла мне ў галаву ідэя: а што, калі я зайду ў рэстаран, што ва універмагу? Можа, таму, што ў мяне быў час, а можа, з-за таго,
1 С ё д з і — у японскай хаце рассоўныя перагародкі, абцягнутыя папераю.
што прагаладаўся. Але гэтая ідэя мела ў сабе яшчэ большы выклік. Інтуіцыя чалавека, загнанага ў куток, нарэшце падказала мне, дзе распораны мяшок, у які мяне запраторылі.
Людзі становяцца аднолькавыя, становяцца раз'яднаныя, становяцца безабаронныя, паказваюць сваю слабасць, становяцца слязліва-просьбітныя пераважна ў тыя хвіліны, калі спяць, ядуць і адбываюць натуральныя патрэбы. Дарэчы, «індывідуальнае» меню складае асаблівы гонар рэстаранаў ва універмагах.
Памяшканне, куды я спусціўся на эскалатары, было падобнае да залы прыёмаў. Рэстаран нібыта адразу ж за ім. Я быў пакіраваўся туды, але раптам проста перада мною выплыла вялізная аб’ява: «Выстаўка масак Но». На імгненне я аслупянеў і, збянтэжаны, павярнуў назад. «Безумоўна, гэта павінна было абавязкова здарыцца,— падумаў я.— Але калі я ўцяку, з мяне будуць смяяцца яшчэ болей». I хоць трапіць у рэстаран можна было, не заходзячы на выстаўку, я ўсё роўна пайшоў у гэтую залу.
Зрабіў я гэтак, можа, таму, што ўжо быў натхнёны рашэннем пайсці ў рэстаран. Ці проста гэта было выпрабаванне сілы перад тым, як кінуць выклік. Агляд масак Но чалавекам у масцы — што ні кажы, словазлучэнне незвычайнае. Трэба сабраць гэтулькі рашучасці, каб яе хапіла прайсці праз вогненнае кола.
Але, на шчасце, наведвальнікаў было так мала, што ўсё маё напружанне адразу выветрылася. Я міжволі ўціхамірыўся, у такім стане вырашыў абысці выстаўку. Ніякай асаблівай надзеі ў мяне не было. Паміж маскаю Но і тою, што была мне патрэбна, хоць называюцца яны аднолькава — «маска»,— вельмі вялікая розніца. Мне трэба была такая, якая знішчыла б перашкоду з п’явак і аднавіла б сцяжынку, што звязала б мяне з іншымі людзьмі, а маска Но, наадварот, перапоўнена імкненнем знішчыць усе сувязі з жыццём.
Добрым доказам гэтага можа, дарэчы, служыць адчувальная атмасфера тлену, якая пануе ў зале.
He магу, зразумела, не прызнаць, што ў масцы Но ёсць нейкая дасканалая краса. Тое, што мы называем красою, можа, і ёсць сіла пачуцця пратэсту, які паўстае супраць разбурэння. Цяжкасць узнаўлення можа служыць мераю дасканаласці мастацтва. Значыць, калі зыходзіць з немагчымасці масавай вытворчасці, давядзецца, безумоўна, прызнаць, што тонкае ліставое шкло — самая выдатная рэч на свеце. Але ўсё роўна самае недаступнае гэта тое, што ляжыць за ўсеагульным імкненнем шукаць такую рэдкую дасканаласць. Патрэба мець маску, як падказвае здаровы розум, адлюстроўвала жаданне людзей, якіх ужо не задавальняла аблічча жывога акцёра, убачыць нешта такое, што перасягала б гэтае аблічча. У такім выпадку, навошта трэба было надаваць ім знарок выраз твару вісельніка?
Я нечакана спыніўся каля жаночае маскі. Яна вісела на нізкай паўкруглай перагародцы, якая злучала дзве сцяны,— у такім размяшчэнні была пэўная задума. На фоне чорнага палатна гэтая маска, нібы адказваючы на мой пагляд, здавалася, павярнулася да мяне. I шырока, на ўвесь твар, усміхнулася, нібыта чакала мяне...
He, гэта была, безумоўна, галюцынацыя. Рухалася не маска, а святло, што падала на яе. Ззаду былі схаваны малюсенькія лямпачкі, яны ў пэўным парадку загараліся і тухлі, ствараючы незвычайны эфект. Напраўду, спрытна яны гэта падстроілі. I хоць я і разумеў, што гэта падетроена, ува мне ўсё яшчэ звінеў перапуд. I я без ніякага супраціўлення назаўсёды адмовіўся ад думкі, звыклай і наіўнай, што маскі Но не маюць выразу...
Маска не толькі была старанна прадумана. Яна адрознівалася ад астатніх і бліскучым выкананнем.
А вось адрозненне яе было незразумелае, міжволі раздражняла. Аднак, калі я яшчэ раз абышоў залу і вярнуўся да жаночае маскі, яна раптам стала бачыцца мне нібыта ў фокусе схаванае лінзы, і я разгадаў загадку. Тое, што бачыў я перад сабою, было не твар. Яно толькі прыкідвалася тварам, а на самай справе было звычайным чэрапам, абцягнутым тонкаю плёнкаю. У іншых масках, масках старых, намнога выразней праглядваліся рысы шкілета, але гэтая жаночая маска, на першы погляд нібыта круглая, калі прыгледзецца, болей за астатнія нагадвала іменна чэрап. Рэльефна вылучаліся косці пераносіцы, лоба, скулаў, падбародка. Яны былі ўзноўлены так дакладна, што на памяць прыходзіў анатамічны атлас, і рух ценяў услед за перамешчаным святлом ператвараўся ў міміку. Мутнасць клею, якая нагадвае стары фарфор... Сетка тонкіх трэшчын, што ўкрывае паверхню... Бель і цеплыня бярвёнаў, якія ляжаць на беразе пад ветрам і дажджом... А можа, маскі Но бяруць свой пачатак ад чарапоў?
Аднак не ўсе жаночыя маскі былі такія. Праз стагоддзі яны ператвараліся ў звычайныя твары без ніякага выразу, падобныя на абабраную дыню. Можа, таму, што няправільна была вытлумачана задума першых стваральнікаў масак і ўся ўвага аддадзена самому працэсу стварэння маскі, аказаліся выпушчанымі асноўныя косці і падкрэслена толькі страта выразу.
Нечакана я сутыкнуўся з жахліваю гіпотэзаю. Чаму стваральнікі першых масак Но спрабавалі адолець межы выразу і ўрэшце дайшлі да чэрапа? Ведама, не для таго, каб сцерці выраз. Адыход ад штодзённага выразу можна ўбачыць і ў іншых масках. Калі ж паглыбіць пошукі прынцыповае розніцы, дык яна, напэўна, будзе ў тым, што, у адрозненне ад звычайных масак, у якіх гэты адыход вырашаны ў пазітыўным кірунку, у масках Но ён ідзе ў негатыўным. Калі хочаш
наДаць выраз — можна надаць які хочаш, але ўсё роўна гэта будзе парожняя, пустая пасудзіна. Адлюстраванне ў люстэрку, якое можа ўсяляк змяняцца залежна ад таго, хто ў яго глядзіцца.
Гэта не значыць, безумоўна, што трэба вяртаць да чэрапа мой твар, хоць ён разросся гнездзішчамі п’явак. А ці не было ва універсальным метадзе стварэння масак Но, калі твар ператвараўся ў пустую пасудзіну, асноўнага прынцыпу, які выяўляўся б цераз любы твар, любы выраз, любую маску? He твар, які ствараеш сам, а твар, створаны другім... He выраз, які выбіраеш сам, а выраз, які выбірае другі... Гэта, напэўна, правільна... Страшыдла — гэта нешта створанае, а значыць, і чалавека можна назваць стварэннем... Творца ж, калі гаворка ідзе пра пісьмо, назва якому — выраз, выступае не як адпраўшчык, а хутчэй як атрымальнік.
Ці не вытлумачвае гэта ўсіх маіх цяжкасцяў з выбарам тыпу твару, усіх маіх бясконцых блуканняў?.. Колькі марак ні наклей на пісьмо без адраса, яно ўсё роўна вернецца назад... Пачакай, ёсць, здаецца, выйсце. Што, калі паказаць каму-небудзь альбом вызначаных тыпаў твару, які выкарыстоўваецца для даведак, і папрасіць, каб выбралі... Але каму ж, каму? Ну хіба не зразумела? Ведама, табе!.. Апрача цябе, ніхто не можа быць атрымальнікам маіх пісьмаў!