Жанчына ў пяску | Чужы твар  Коба Абэ

Жанчына ў пяску | Чужы твар

Коба Абэ
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 413с.
Мінск 1986
73.13 МБ
Цягнік павярнуў, і той бок вагона, дзе я стаяў, павярнуўся да захаду, а ў шыбе ў дзвярах, як у люстэр-
ку, адлюстравалася сям’я з дзіцем, ззаду ў мяне. Хлопчык, яму гадоў пяць, сядзеў між маладымі бацькамі, якія горача нешта абмяркоўвалі і паказвалі пальцамі на рэкламу, што вісела ў вагоне (я потым убачыў, што рэкламаваўся продаж ваннаў у растэрміноўку), і акруглелымі вачыма неадрыўна глядзеў на мяне з-пад цёмна-сіняй матроскай шапачкі. Здзіўленне, трывога, страх, прасвятленне, недавер, ваганні, зачараванасць і, нарэшце, усе адценні цікаўнасці сабраліся ў яго вачах. Ён быў нібыта ў трансе. Я пачаў траціць самавалоданне. I бацькі таксама добрыя — не тое каб насварыцца на яго — слова яму не скажуць. Я рэзка павярнуўся да дзіцяці тварам, і яно, як я і чакаў, ад страху прытулілася да мацеры, а тая, адпіхнуўшы яго локцем, пачала ўшчуваць.
...А што, калі б я моўчкі ўстаў перад гэтымі бацькамі і дзіцем, з пагардаю гледзячы на іх збянтэжанасць, зняў акуляры, скінуў павязку і пачаў размотваць бінт? Збянтэжанасць перайшла б у разгубленасць, а потым у просьбу. Але я, не звяртаючы на гэта ўвагі, размотваў бы далей. Каб мацнейшы быў эфект, апошнія кругі сарваў бы разам. Узяў бы за верхні край бінту і рвануў бы ўніз. Але твар, які яны ўбачаць, будзе зусім не такі, як мой колішні твар. He, ён будзе адрознівацца не толькі ад майго твару —• ён будзе ўвогуле адрознівацца ад чалавечага твару. Змярцвела-белы, як воск, скрозь які прасвечваецца бронза ці золата. Але яны не змогуць дазволіць сабе далейшых удакладненняў. He паспеюць яны сцяміць, хто перад імі, бог ці чорт, як усе трое перавернуцца ў камяні, кучы свінцу, а можа, проста ў насякомых. А за імі следам пойдуць і другія пасажыры, якія прысутнічалі пры гэтым...
Нечаканы шум у вагоне прымусіў мяне ачуцца. Цягнік падышоў да мае станцыі. Я выскачыў на платформу, быццам за мною гналіся. Спусташальная стома ахапіла мяне. У канцы платформы стаяла лаўка. Як
толькі я сеў на яе, уся яна апынулася ў маім распараджэнні: ці то стараніліся мяне, ці то кожнаму хацелася пасядзець аднаму. Задумліва гледзячы на бязладны паток пасажыраў, я адчуваў, што вось-вось расплачуся ад роспачы, якая перапоўніла мяне.
Відаць, я надта светла маляваў сабе становішча. Ці знойдзецца ў гэтым бессардэчным і капрызным натоўпе добрая душа, якая згадзілася б прадаць мне свой твар? Наўрад. Нават калі я і выберу нейкага чалавека і паклічу яго, увесь гэты натоўп на платформе злосна вытрашчыцца на мяне. Вялізны гадзіннік пад страхою, што над платформаю... Агульны час усім людзям... Што ж гэта, аднак, такое — абыякавасць тых, хто мае твар? Ці можа валоданне тварам мець такое выключнае значэнне? Ці можна сказаць, што быць бачаным — гэта цана, якую плаціш за права бачыць?.. He, горай за ўсё, што мой лёс вельмі незвычайны, вельмі індывідуальны. У адрозненне ад голаду, кахання без адказу, беспрацоўя, хваробы, банкруцтва, стыхійнага няшчасця, выкрытага злачынства ў маім горы не было таго, што дазволіла б раздзяліць яго з другімі. Маё няшчасце назаўсёды астанецца толькі маім, і я ні з кім не змагу ім падзяліцца. Таму любы можа ігнараваць мяне, і яго не будзе дакараць сумленне. Мне ж не дазволена нават пратэставаць.
...Ці не тады я стаў ператварацца ў страшыдла? I хіба не сэрца страшыдла, чапляючыся вострымі кіпцямі, укрываючы цела халоднымі мурашкамі, быццам працавала электрычная піла, караскалася ўгору па маім пазваночніку? Безумоўна. Іменна тады я стаў ператварацца ў страшыдла. Карлейль, здаецца, сказаў: сутана робіць свяшчэнніка, мундзір робіць салдата. Можа, твар страшыдла стварае сэрца страшыдла. Твар страшыдла асуджае на адзіноту, а гэтая адзінота стварае сэрца страшыдла. I варта тэмпературы мае ледзяное адзіноты крыху панізіцца, як усё, што звязвае
мяне з грамадствам, з трэскам разарвецца, і я ператваруся ў страшыдла, абыякавае да свайго аблічча. Калі мне суджана ператварыцца ў страшыдла, дык якім страшыдлам я стану, чаго нараблю? Наперад не скажаш, пакуль ім не станеш. Але сама думка пра гэта была такая страшная, што хацелася выць.
Паметкі на палях. Цікавы раман, у якім апісана страшыдла Франкенштэйна. Калі страйіыдла б'е талеркі, гэта звычайна залічаюць на рахунак інстынкту разбурэння, якім яно надзелена. А тут наадварот — тлумачэнне знаходзяць у крохкасці талеркі. Лічачы сябе страшыдлам, яно хацела аднаго — пахаваць сябе ў адзіноце, і толькі крохкасць ахвяр бясконца рабілі яго забойцам, вось у чым справа. Значыць, пакуль на гэтым свеце існуе тое, над чым можна ўчыніць гвалт — што можна паламаць, разарваць, спаліць. чаму можна пусціць кроў, што можна задушыць,—• страшыдлу не астаецца нічога іншага, як бясконца чыніць гвалт. У паводзінах страшыдла, увогуле, не было нічога новага. Само страшыдла — не што іншае, як вынаходства сваіх ахвяр.
He, з рота ў мяне не вырвалася ні гуку, але, думаю, да таго моманту я ўжо пачаў выць. Памажыце! He глядзіце на мяне гэтак! Калі вы і далей будзеце на мяне гэтак глядзець, дык я напраўду стану страшыдлам!.. Нарэшце я не вытрываў і, як звер, які шукае ратунку ў нары, прадзіраючыся скрозь гушчыню людзей, з адчаем кінуўся ў самы блізкі кінатэатр — месца, дзе прадаюць цемру, адзінае месца, дзе можа схавацца страшыдла.
Які ішоў фільм, не памятаю. Я зашыўся ў самы куток на балконе і моцна ўхутаўся, нібыта ў шаль, 242
у штучную цемру. Паволі стаў супакойвацца, як крот, які знайшоў нарэшце сваю нару. Кінатэатр быў падобны на доўгі бясконцы тунель. Крэсла здавалася мне экіпажам, які шалёна мчыцца ў прасторы. Разрываючы цемру, я нястрымна нясуся наперад. Калі ляцець з такою хуткасцю, ніякія людзі не змогуць мяне дагнаць. Я абганяю іх, і яны застываюць марыянеткамі. Я буду першы ў свеце Вечнае Ночы. Я абвяшчаю сябе імператарам краіны, дзе няма нічога, апрача святла зорак, светлячкоў і расы... Быццам крадком смакуючы салодкі плод, я ўпіваюся марамі, падобчымі на дзіцячыя крамзолі. I не трэба смяяцца з мяне з-за таго, што цемры тае быў толькі маленькі лапік. Бо калі мысліць касмічнымі маштабамі, цемра — найважнейшая субстанцыя, якая займае найбольшую частку сусвету...
Раптам у крэслах перада мною пачалася нейкая ненатуральная мітусня. 3 цемры пачуўся прыглушаны, з сапеннем, жаночы смех. «Ш-ш»,— абарваў яе мужчына. Стала ціха. Гледачы сядзелі рэдка, адбылося гэта ў той момант, калі музыка з усёй сілаю, якую толькі мела, скаланула залу, і таму ніхто, апрача мяне, напэўна, не звярнуў на іх увагі. Хоць гэта не мела дачынення да мяне, я ўздыхнуў з палёгкаю. I ўсё ж не пераставаў пільна глядзець у той бок, не маючы сілы адарваць вочы. Экран пасвятлеў, і выразна ўсплылі абрысы дваіх людзей. Жанчына выпусціла з-пад каўняра белага калматага паліта падстрыжаныя, як у дзяўчынкі, валасы; да яе пляча тулілася галава мужчыны. I абое яны ўхутаныя да палавіны ў яго чорнае паліто. А што рабілася пад ім?
Асабліва кідалася ў вочы белая жанчыніна патыліца. Гэты белы кавалачак, здавалася, то тануў, то зноў усплываў у каўняры такога самага белага паліта. На самай справе жанчына, можа, рухалася ўверх і ўніз, а можа, наадварот, мае вочы ніяк не знаходзілі фокуса, і ў іх усё мільгала. А вось мужчыны я зусім
не разумеў. Становішча галавы яго было такое, нібыта ён нешта разглядаў на грудзях у жанчыны... Левая рука, якою ён дакранаўся да жанчыны, магла і бок яе пагладзіць, і пралезці да спіны і ніжэй. Вольная правая рука залезла недзе ўсярэдзіну, і ў яе была ўся магчымасць рабіць тое, што ёй хацелася. Я ўпіўся вачыма ў яе правае плячо — ад напружання нават слёзы выступілі. Але перада мною была карціна, напісаная чорнаю тушшу на чорнай дошцы. I калі мне здавалася, што плячо ўздрыгвае, дык таму, што мне хацелася, каб гэтак было, і калі мне здавалася, што яно рухаецца рытмічна, дык толькі таму, што я хацеў гэтага. Урэшце я сам захапіўся сваім захапленнем.
Нечакана жанчына зарагатала. Я схамянуўся, быццам мне далі аплявуху,— мне чамусьці здалося, што я віноўнік гэтага раптоўнага смеху. На самай справе смяялася не яна, а дынамік за экранам. I нібыта пераймаючы яе, на экране таксама забурліла пажадлівасць.
Увесь экран шырокім планам заняла белая жаночая шыя. Яна рашуча паварочвалася з боку ў бок, быццам пакутуючы і скардзячыся, а потым паступова стала апускацца ўніз, і замест яе на экране паявіліся губы, падобныя на толькі што звараныя сасіскі, і гэтыя губы расцягнуліся ў нейкую незвычайную ўсмешку, якая намнога перасягае вызначаныя ёй памеры. Потым ноздры — як дзіркі ў гумовым шланзе... За імі павекі, так сціснутыя, што зусім згубіліся ў маршчынах... I, нарэшце, смех, які нагадваў лопат крылаў спуджаных дзікіх птушак.
Стала прыкра на душы. Ці трэба, каб твар дэманстраваўся ў такім выглядзе? Кіно з самага пачатку ўяўлялася як відовішча, магчымае толькі ў цемры. I я думаю, раз у тых, хто глядзіць, няма твару, дык і таму, на каго глядзяць, твар не патрэбен...
Але ў жыцці не знойдзецца ніводнага акцёра, які
згадзіўся б зняць твар, хоць адзенне ён гатовы здымаць колькі хочаш. Мала таго, ён цалкам перакананы, што ўся яго ігра сканцэнтравана вакол твару. Хіба гэта не тое самае ашуканства: спакусіць гледача цемраю і падстроіць яму такую пастку?.. Ці вось, падглядваць брыдка, але ці можна сказаць, што калі толькі прыкідваешся, што падглядваеш, тады ўсё ў парадку? Стрымайце непатрэбную напышлівасць і ханжаства! (Смешна, што падобнае самасцвярджэнне ідзе ад калекі, які страціў твар? Але ж лепей за ўсіх разумее, што такое святло, не электрык, не мастак, не фатограф, а сляпы, які страціў зрок у сталыя гады. Калі ў багаііці ёсць мудрасць багацця, дык і ў галечы ёсць мудрасць галечы.)
Нібыта шукаючы дапамогі, я зноў паглядзеў на тую пару. Цяпер абое яны сядзелі ціха. У чым жа справа? Можа, і тая кіпучая пажадлівасць — не болей, чым плод мае фантазіі? Праз шчыліны ў бінце, быццам чэрві, папаўзлі ручайкі ліпкага поту. I, відаць, не толькі з-за таго, што батарэі былі вельмі гарачыя. Нешта накшталт гарчыцы прасачылася ў кожную пору, апякаючы ўсё цела. (Фальшам аказалася не цемра, а, як ні дзіўна, мой твар.) I калі б у гэтую секунду ў зале нечакана загарэлася святло, дык, цвёрда веру, не каго іншага, а мяне, няпрошанага тут госця, зганьбілі б і абсмяялі б гледачы...