• Часопісы
  • Запісы 40

    Запісы 40


    Памер: 811с.
    Мінск, Нью Йорк 2018
    183.21 МБ
    Першая памяць захавалася ў Язэпа да старасьці: сядзіць ён на печы за стаўпом і глядзіць на застольле, а там поўна людзей, бабы ў белых хустках. Гэта былі хрэсьбіны ягонага наступнага брата, калі самому Язэпу было два гады й пяць месяцаў. Далей ён памятае: калі яму быў трэці год, як сядзіць ён у некага на руках, а той іншы сядзіць на нейкай чужой печы, а за сталом іграюць музыкі. Язэп тады першы раз
    69 Ружанцовая (нядзеля) — першая нядзеля кастрычніка.
    70 Палуднаваць, палудневаць — есьці галоўны абед (АВ).
    71 Палагавы — радзільны, ад палог ‘роды’.
    72 Скула — болька, якая ўтварылася ад захрасаньня потавай адтуліны (АВ).
    73 Настроіць — нарадзіць (АВ).
    пачуў голас скрыпкі, але яму й цяпер здаецца, што тыя музыкі ігралі не смыкамі, але пілачкамі.
    Яшчэ Язэп памятае бадай што першую сваю інтэлектуальную праяву: хата адчыненая насьцеж, ён стаіць ля парогу, а парог яму ледзь не да барады. Ён, аднэй рукой апёршыся на парог, друтой трымае кветку альясу74 й гэтай кветкай адбівае такты аб парог ды сьпявае: “Ак, ак, ак, ак. А-ка-ка-ка-ка-ка-ка-а-а-а”.
    Язэп убачыў, што маці кагось кранула пад бок, ды яны абое сталі сьмяяцца. Ён бадай што ўпершыню адчуў сорам і спыніў свае сьпевы. Хлопец налёгся грудзьмі на парог, тады ногі перакінуў праз парог, як і заўсёды, калі пералазіў праз гэтую перашкоду, і выйшаў у сенцы ды пайшоў на двор.
    Калі Язэпу было тры гады, ён нечакана й для сябе, і для маці зрабіў экскурс на прыроду. Ён бачыў, што бацька праз вуліцу пайшоў у гарод; пачакаўшы, і ён туды надумаўся пайсьці. Бацька выйшаў за гарод, павярнуў направа да свайго шваГра, там абуў боты дый падаўся ў К[орань] на кірмаш. А хлапец, выйшаўшы з гароду, пасунуўся мяжой проста на поле. Сышоўшы на аселачку75, ён убачыў шмат красак. Зьбіраючы гэтыя краскі, Язэп падаваўся ўсё далей і далей ад дому. Ён памятае, як ішоў у лагу Рымаўшчына каля сажалак, далей апынуўся каля балота на хутары Пятроўскага — больш за два кілямэтры ад свае вёскі. Нейкая дзяўчына несла яго на руках, ён думаў, што гэта ягоная старэйшая сястра Ганна. Памятае, што, калі яна стала перамяніцца з рукі на руку, ён ачхнуўся76. Было ўжо хмарна. Дзяўчына ішла па лагу між высокай травы. Хлопчык палажыў галаву ёй на плячо ды зноў заснуў і ня памятае, як яна прынесла яго ў вёску й дапыталася, чыё гэта дзіця. Матка, прыйшоўшы з кірмашу, не знайшла ў хаце хлапца. Яна ўсюды шукала, нават у бліжэйшых студнях крукам ваду боўтала, бо думала, што можа дзе ў студню ўваліўся. Нарэшце вечарам пачула, што Пятроўскага Міхаліна прынесла ў вёску дзіця, якое да іх прыблудзіла.
    Першую вялікую крыўду адчуў Язэп ад людзей, калі яму было чатыры гады. Ён выйшаў на вуліцу й стаў, аж выбягае з свайго двара Мацеяў77 Антось і падбягае да яго. Гэты Антось сагінаецца й бярэ зь зямлі ў рукі жыдкога кароўяга калу — поўныя прыгаршчы, а тады як кіне, ды Язэпу на жывот: зарабіў кашулю аж да падала78. Антось пабег дамоў (ён быў старэйшы за Язэпа на паўтара года). Язэп стаў плакаць, але баяўся й стыдаўся ў гэткім убраньні ісьці дамоў, а пайшоў да карыта
    74 У машынапісе: slasu.
    75 Асёлачка — малая аселіца; асёліца — прысялібная сплаўная сенажаць (АВ).
    76 Ачхнуцца — разбудзіцца (АВ).
    77 Мацеяў — форма роднага склону множнага ліку ад вулічнага імя Мацей.
    78 Падол — самы ніз адзежыны (АВ).
    ля студні на вуліцы, каб замыць кашулю, аднак толькі горай распэцкаў. У гэты час ягоны бацька выходзіў з двара араць ды ўбачыў, як Язэп, запэцканы, пялешчацца ў карыце, дык ён некалькі разоў ужарыў79 ароміцай80, а сам пайшоў араць.
    Язэп першы раз у жыцьці пачуўся так моцна пакрыўджаным, зусім бязьвінна пакараным — то й ад чужых, але й ад сваіх. Ён на дварэ нават і не застанавіўся, бо як жа ён пойдзе ў хату ў такой кашулі; хлопец пабег, плачучы, праз двор, праз гумно ды на поле. Там, за гумном, трохі раней сьвіньні былі пакапалі ямы, дык ён проста й накіраваўся туды. Там Язэп астаўбаваўся81 ў аднэй яме й зорка сочыць за сваім гумном. Выходзіла за гумно матка й клікала яго, каб ішоў дамоў; выходзіў і старэйшы брат ды клікаў яго дамоў, але ён пастанавіў сабе ня йсьці дамоў. Як толькі хто памкнецца ісьці да яго, дык ён пакідаў яму й бег далей на поле. 3 воранкі вярнуўся бацька, яму й расказалі пра гэтую прыгоду. I калі бацька, выйшаўшы за гумно, крыкнуў: “Ідзі дамоў!”, то ў Язэпа крыўда й жаль ператварыліся ў невыразны страх перад бацькам, і хлопец, як малы зьвярок бяжыць на льва пры ягоным рове, з гэткім жа страхам пабег у бок гумна да бацькі.
    Мусіць, праз год Язэпу ўзноў прыйшлося апынуцца ў бацькавых руках. У старэйшай сястры Ганны была аздобненькая82, бляшаная, з двума вечкамі скрыначка ад гарбаты. Яна там хавала свае іголкі, шпількі, напарстак, касьнікі. Язэп быў адзін у хаце й, дабраўшыся да гэтай скрыначкі, адчыніў яе, пачаў разглядаць гэтыя рэчы ды парассыпаў іх у пясок. Ганна, убачыўшы, што больш за палову яе рэчаў няма, заплакала й пабегла ў гумно паскардзіцца бацьку. Язэп, памятаючы леташнюю бацькаву пугу, пусьціўся на хітрыкі. Гэта было ўжо зусім пад вечар, то ён лёг у пасьцель і накрыўся, бо ўжо ведаў: сонных біць няможна. Калі бацька ўвайшоў у хату, зразу зьвярнуўся да Язэпа:
    — Ты сьпіш?
    Хлапчук адказаў:
    — Сплю!
    Тады бацька сьцягнуўяго за руку з ложка ды, не выпускаючы з рук і круцячы каля сябе, сьцебануў некалькі разоў нейкай балючай аборкай, прымаўляючы:
    — Чаго не палажыў — не чапай! Чаго не палажыў — не чапай!
    Як толькі бацька выпусьціў з сваіх рук, Язэп з жалю хацеў расплысьціся сьлязьмі, але бацька так пагрозна крыкнуў, каб змоўк, што плач
    79 Ужарыць — сьцебануць пугай, бізуном (АВ).
    80 Аролііца — пуга, якой карыстаюцца пры воранцы (АВ).
    81 Астаўбавацца — часова спыніцца (АВ).
    82 Аздоба — хараство (АВ).
    адразу спараліжаваўся. Хлопец хацеў легчы на ложак пад дзяругу, каб хоць ціхенька паплакаць, але бацька зноў рашуча загадаў сесьці за стол на вячэру (ужо пачыналі вячэраць). АЯзэпава месца было за сталом ля бацькі. Прыйшлося сесьці й хоць нехаця, але мусіў есьці.
    У раньнія дзіцячыя гады Язэп цацак для гульняў ня меў, а таксама й сяброў не было. Прыкра было зіму праводзіць у хаце бальшынёй на печы, але затое летам было прывольна сярод прыроды. Зь вялікай урачыстасьцю й высокім настроем душы спатыкаў ён вясновыя зьявы, з сумным настроем сустракаў жоўтае лісьце ўвосень.
    Ня ведаю, ці гэта ва ўсіх дзяцей у вольны час галава бывае занятая думкамі, ці гэтак было толькі са мною. Асабліва шмат было думакфантазіяў у зімовую бязьдзейнасьць, але не пакідалі яны мяне й летам. Часам гэтыя думкі імкнуліся да геройства, да славы. Іду далёка мяжой на поле за васьмёра гоняў ад вёскі й думаю сабе: а што я рабіў бы, каб тут да мяне воўк прыстаў? Пры мне ёсьць торба й хвастач83. Трэба набрацца спрыту, каб надзець ваўку на галаву торбу ды завязаць на шыі, а пасьля зачапіць хвастач і прывесьці яго ў вёску.
    Але больш за ўсё мяне цяпер цікавіць фантазія колераў. У веку чатырох, а мо й пяці гадоў, калі я ўспрымаў новы прадмет, ён павінен быў застацца ў маёй памяці наглядным — пэўнай формы й колеру. Калі я чуў пра рэчы далёкія, якіх я ня мог бачыць, а таксама прадметы разумовыя, якіх не мажліва бачыць, гэтыя прадметы ў маім уяўленьні мелі туманную, неакрэсьленую форму, але колер мелі. Гэтыя колеры былі вельмі размаітыя. Некаторыя я й да цяпер вельмі добра памятаю, напрыклад: Лагойск — на цёмным фоне шмат светла-жоўтых крывуль, як ад палазоў; Менск — амаль гэткія самыя крывулі, але цёмна-жоўтага (залацістага) колеру сярод такога ж цёмнага фону. Нядзелька — ружовага колеру, як той камень, што ляжыць каля пярэклеці84: па ім усходзілі на пярэклець, калі ў клець ішлі. Пост85 — колерам і формай шэры як той камень, што ляжаў пад вуглом клеці. Мысьлі — на цёмным фоне група белых плям адна ля аднэй. Думка — сярод цёмнага фону група сівых плямак з жаўтаватым адценьнем па краёх, адна ля аднэй, форма іх падобная да вока, a сярэдзіна плямкі цямнейшая. Вёска Лішчыцы — на цёмным фоне група сівых плямаў з пунсовымі краямі. Вёска Прудкі — група стоцевых86, сівых, падобных да лясковых87, кійкоў. Вёска Церахі — гру[па] сівых хваль. Вёска Чэрнева —
    83 Хвастач — ручнік з махрамі на канцы (АВ).
    84 Пярэклець — шырокі Ганак перад клецьцю (АВ).
    85 У машынапісе: Poast.
    86 Стоць — проста з гары на дол (АВ). Стоцевы — вэртыкальны; стоцевая (як назоўнік) — вэртыкаль.
    87 Ляска — прыгожы кірмашовы кіёчак (АВ).
    група чорных хвалістых лініяў адна на аднэй, якія адрожняюцца88 адна ад аднэй вузенькімі сіваватымі. Вёска Грамніцы — група пунсовых хваляў. Вёска Корань (Клябанія)89 — сьветла-сінія паўкругі. Калі толькі вялікія гавораць, а я слухаю й засвойваю новыя словы, дык адразу мне ўяўляецца й іх колеры. Калі часам уночы ня спаў, а глядзеў у цемру, то перад вачмі нібы на экране праходзіла фільмовая стужка: рознакалёрныя плямы розных формаў. Але калі стаў падрастаць, дык колеры перасталі цікавіць мяне, а да маляваньня я ня меў ні здольнасьці, ні ахвоты.
    Як я пачаў падрастаць, у мяне стаў у вялікай меры праяўляцца непатрэбны, беспадстаўны сорам. Калі чужыя людзі прыходзілі ў хату, я ўцякаў на печ, але найгорай было, калі я быў за сталом ды не пасьпеў уцячы, а чужыя людзі паселі ў канцы стала. Тады я закрываў вочы рукамі й клаўся ніц за сталом і ляжаў датуль, пакуль чужы чалавек ня пойдзе. Аднаго разу прыйшоў Карвацкага Антось, татаў хрышчэньнік90, а я ня справіўся ўцячы, лёг на лаве. Ён пранёс міску смажаных пахучых кілбасаў і паставіў на стале. I нашы зь мяне сьмяяліся й ён. А тады ён падсунуў да мяне гэтыя кілбасы й сказаў, каб я браў ды еў. Ён доўга ў нас сядзеў, а кілбасы стаялі перада мной, але я ляжаў аж датуль, пакуль ён не пайшоў.
    Гэты празьмерны непатрэбны сорам быў вялікай перашкодай бадай на працягу ўсяго майго жыцьця, хоць можа й ня раз перасьцярог мяне ад шкодных чынаў. Гэтая рыса характару часта мяне адпіхала ад людзкога асяродзьдзя й набліжала да прыроды. Калі я меў пяць-шэсьць гадоў, дык блізка91 гадзінамі пазіраў з узгорку, ад свайго гароду, на захад, дзе на адлегласьці двух кілямэтраў пачыналася наша балота, зь якога выплывае рака Іля. Блізка нашага поля гэтае балота было зялёнае, а чым далей на захад, тым яно выглядала ўсё больш сінейшым, а далёка-далёка сярод гэтай сіняй смугі вытыркала ўгору белая Крамянецкая гара (каля 16 км ад нас).