Заўтра ёсьць учора
Кастусь Акула
Выдавец: Медысонт
Памер: 200с.
Мінск 2008
3 гэтакае навіны твары ў напружаным натоўпе прасьвятлелі й пачуліся ўхвальныя галасы.
Лейтэнант паклікаў да парадку й працягваў.
Ув адказ на велікадушнасьць фюрэра вызваленыя мусяць дапамагаць трымаць новы парадак, дапамагаць немцам зьліквідоўваць рэшткі ненавіснага жыда-бальшавізму. Усе знаныя камуністы мусяць быць неадкладна выдадзенымі мясцовым нямецкім уладам, якія разьбяруцца зь імі адпаведна з новым законам. Уся зброя, радыё, машынапіскі й іншыя такога кшталту рэчы мусяць быць выдадзеныя немцам; дэзэртэрам Чырвонае Арміі ані ў якім разе не даваць прытулку, а паведамляць аб іх мясцовай нямецкай вайсковай камэндатуры. Карацей, немцы разьлічваюць на поўнае супрацоўніцтва. Любы, хто ня будзе выконваць гэтыя загады, будзе адпаведна пакараны.
Лейтэнант Вэрмахту скончыў чытаньне абвесткай, што заўтра ці пасьлязаўтра будзе зарганізаваны шкілет мясцовай адміністрацыі, каб дапамагаць руплівым немцам па ўкараненьні фюрэравага дабраславеньня. На дапамогу немцам і дзеля аховы саміх жа грамадзянаў будзе сфармавана і паліцыя.
Пасьля гэтага немцы хуценька дэпартавалі, відаць, каб прасунуць прамень фюрэравага сьвятла далей і надзяліць ягонымі дабраславеньнямі жыхароў наступнай калектываванай вёскі.
Загад, які зачытаў вэрмахтаўскі афіцэр, быў прышпілены да дзьвярэй школы.
Усеагульная ўвага сканцэнтравалася на гэтай файна надрукаванай паперцы, дзе пад раскінуўшым крылы арлом і свастыкай быў тэкст па-нямецку й па-беларуску. Яна выяўляла сабой незнаёмы твар новага гаспадара, якога належала было пільна разгледзець і дэталёва вывучыць. Сяляне ўзгарузьдзіліся вакол яе, павыцягваўшы шыі, камэнтавалі кожны параграф. Найважнейшы інтарэс выклікаў пункт пра ліквідацыю калгасаў і надзяленьне зямлёй кожнага, хто хоча апрацоўваць яе сам.
Асьцярожна, наўмысьля марудзячы, не жадаючы пакуль ляпіць ніякіх высноваў, сяляне павольна абмяркоўвалі такую вялікую навіну. Дадому ўжо ніхто не сьпяшаўся, хатнія справы пачакаюць. Зараз трэ было ўсе навіны абсмакаваць і даўпець, што можа прынесьці заўтрашні дзень.
Марыя засталася ўдома з Аленкай і Валодзем. У Аксіньні не было ні часу, ні сьмеласьці затрымлівацца з натоўпам. Паранены жаўнер у іхнай хаце стаў пагрозьлівым, як і само жыцьцё. Гэты дамоклавы меч, якога яшчэ раней трэ было пасьпешна пазбавіцца, цяпер у любы момант мог абрынуцца на іхныя жыцьці.
Ваня Калпакоў быў паеўшы, выспаўшыся. Ён зацікавіўся новым парадкам і правіламі немцаў і сам памеркаваў, што дзеля сваёй жа карысьці яму б варта было перабрацца ў якое іншае месца. Менавіта тады ўпершыню і ўзгадалася лесьнічоўка як магчымае месца для надзейнага прытулку.
Лесьнічоўка была жытлом лесьніка, прызначанага дзяржавай даглядчыка лесу. Хата была амаль за вярсту ад іх, у глыбіні лесу. 3-за характару савецкага рэжыму яна сама па сабе была аб’ектам нянавісьці тутэйшых, бо ўтрымлівала ў сябе дзяржаўнага функцыянера, які разам са сваімі сабакамі не даваў людзям карыстацца багацьцямі іхнага ж лесу. Вечна абцяжараным галечай і нястачай матар’ялаў людзям патрэбнае было дрэва на дровы й на будаваньне. Таксама як і дзікія ягады й грыбы, якіх у беларускіх лясах процьма. I да ўсяго гэтага, зрэшты, белару-
сы проста любяць лес і хараство прыроды гэтак жа моцна, як, скажам, ангельцы любяць мора.
Савецкі каляніяльны рэжым ніколі не зьвяртаў увагі ні на патрэбы, ні на зацікаўленасьці простых людзей. А гэта значыць, што людзям прыходзілася красьці «государственную собственность», у якую ўваходзіла ўсё, што толькі ні знаходзілася ў лесе, нават ягады й грыбы. 3 тымі, каму не пашанцавала й хто быў злоўлены за гэтым, распраўляліся вельмі жорстка.
У дадатак да гэтай шкоды абразай было й тое, што лесьніком заўсёды быў расеец — чужнік у гэтай калянізаванай краіне. Сам па сабе гэты факт быў прычынай на тое, каб ставіцца да такога чыноўніка з падазронасьцю й недаверам. Ён быў чужым бюракратам, які стаяў на варце ля брамы таго, што жыхары лічылі найбагацейшай доляй іхнай зямлі. Дый мала таго, але вартаўнік звычайна сам меў лыч у пуху: сам жа краў і прадаваў драўніну вышэйшаму начальству.
Карацей кажучы, аднаго сухога летняга дня, два гады таму, зайшлася хата лесьніка шызым дымам. Толькі пуня, што была падалёк ад згарэлай ушчэнт хаты, засталася адна сярод бярозак.
Улады так і не злавілі падпальшчыка. Цішком — бо навучыўшыся за іады паняволеньня — многія, адылі, намякалі, што былі надта ўсьцешаныя тым пажарам, хаця ненавісны чыноўнік проста пераехаў у іншую лесьнічоўку.
Пакінутая пуня падалася цяпер Марыі з маці магчымай схованкай для жаўнера пад іхнай апекай.
Уначы Марыя схадзіла ў суседнюю вёску, дзе жыў ейны стрыечны брат, і папрасіла дапамагчы вынесьці жаўнера з хаты. Разам яны зрабілі якіясь насілкі й па начной цемры занесьлі Калпакова да павеці былой лесьнічоўкі. Паклалі яго там на сене, дзе было выгодна, што ў тым ложку. Страха пуні, як ім падалося, была даволі крэпкая, каб захоўваць ад дажджу й сьнегу.
Усе, з жаўнерам разам, былі задаволеныя такім вырашэньнем. Марыя паабяцала штодня прыносіць ежу, мо, зацемна, каб пазьбегнуць суседзкіх цікаўных вачэй.
4
НАПАДЗЕНЬНЕ Ў ПУНІ
Прайшло ўжо пяць тыдняў з тае начы, як Ваня Калпакоў пастукаўся ў іхную хату.
Штоноч Марыя насіла ў лесьнічоўку ежу для жаўнера, кожнага разу крадучыся па лесе. Даводзілася быць вельмі пільнай, каб хаваць свае выправы ў сакрэце. Вакола было поўна пагалосак аб іншых і параненых, і здаровых дэзэртэрах. Адылі, погудкі ды пагалоскі нікому тут не абыходзілі. Шулаўцы былі занятыя зьдзяйсьненьнем і ўкараненьнем Новага Парадку. Яны дзялілі калгасную зямлю на прыватныя надзелы й рупіліся аб іх.
Само распалажэньне вёскі забясьпечыла шулаўцам выгодныя месцы ў партэры перад працэсам гісторыі. На ўсход рэгулярна праходзілі па чыгунцы, што была адразу за гасьцінцам, цягнікі і зь людзкімі рэсурсамі, і заладаваныя ўсялякім вайсковым рыштункам і амуніцыяй. У зваротным накірунку пайшлі шпіталёвыя цягнікі, запоўненыя параненымі.
Па гасьцінцы зашыбавалі тысячы ботаў і такія ж тысячы босых ног. Даўгія, шэрыя калёны савецкіх ваеннапалонных — схудзелых, галодных, змучаных, добра апранутых ці ў лахманах, здаровых ці параненых — цягнуліся на захад. Эўрапейскія ды азіяцкія расейцы, беларусы, украінцы, армяны, узбэкі й таджыкі, грузіны й казакі, калмыкі й бураты — усе нацыянальнасьці зь земляў, калянізаваных Масквой, былі шырака прадстаўленыя ў гэтым замундзіраваным людзкім моры.
Яны адмовіліся надалей праліваць сваю кроў дзеля абароны крамлёўскага дэспата, але пазьбегнуўшы Сцылы, апынуліся ў сьмяротных абдымках Харыбды. Канваіраваныя добра ўзброенымі, адкормленымі жаўнерамі зь вялізнымі аўчаркамі, тыя, хто ня ў сілах быў працягваць свой шлях на Галгофу, змораныя й зьнясіленыя, — былі страляныя на месцы. А мясцовае насельніцтва змабілізавалі рыць ямы ды закопваць іх.
Ніколі раней тутэйшыя не былі сьведкамі такой зьверскай жорсткасьці перад сваімі ж парогамі. Сталінскія жахлівыя каты хапалі свае ахвяры з ложкаў пасярод ночы, а гэтыя так званыя вызвольнікі не рабілі нават ніякіх спробаў закамуфляваць сваё зладзейства. Нават найстарэйшыя шулаўцы, як бы глыбака ні капаліся ў сваёй памяці, няздольныя былі прыгадаць такога, каб людзей адпраўлялі ў магілы настолькі адкрыта брутальна, не па-людзку, на вачах ва ўсіх, хто за гэтым наглядаў.
Усьведамляючы адказнасьць за свайго ачунялага падапечнага, Марыя малілася, каб хутчэй расьсьвёў той дзень, калі б жаўнер мог ладна акрэпнуць і сысьці. Ейным жа дзецям таксама былі патрэбныя ўвага й клопат, ды й школа магла зноў адкрыцца ўвосень. Яна спадзявалася, што ёй прапануюць вярнуцца да сваёй папярэдняй працы. Вядома, ніхто не сказаў бы зараз, якія
намеры маюць новыя гаспадары ў галіне адукацыі. Далёкі цяпер фронт уяўляў сабой пэўную няпэўнасьць, бо Сталінскі абяцаны «ответный удар», здаецца, не матэрыялізаваўся.
Аднаго дня Марыя зьезьдзіла ў Гарадок — мястэчка, што кілямэтраў за дзесяць ад вёскі, — у госьці да сваёй сяброўкі, настаўніцы Юстыны Мурашкі. Сяброўства іхнае пачалося яшчэ ў Менску, у Педагагічным інстытуце, дзе яны абедзьве вучыліся да вайны, і працягнулася й надалей, бо школы, дзе яны пачалі працаваць, былі недалёка адна ад адной. Цяпер Юстына жыла бліжэй да цэнтру падзей і таму ведала навінаў больш, чым Марыя ў сваёй вёсцы.
Юстына расказала — і гэта мусіла быць з надзейных крыніцаў, — што ў верасьні зноў адчыняцца школы з інструкцыямі і па-беларуску, і па-нямецку і што ёсьць некаторыя людзі, якія ўжо займаюцца праектам новай адукацыйнай сыстэмы. Напэўна, што й Марыю паклічуць зноў у школу, заверыла яе Юстына.
Цяпер Марыя ўжо тысячны раз абдумвала дэталі таго, што дазналася ад Юстыны. Ад гэтага залежала будучыня ейная й ейных дзяцей.
Аднаго дня яна ўзяла кошык і пайшла ў лес, як бы ў грыбы. Яна меркавалася пабачыць Калпакова пры дзённым сьвятле й пераканацца, у якім ён урэшце стане, бо ноччу яна не магла вызначыць, ачуняў жаўнер поўнасьцю ці не. Трымаўся ж ён відавочна як здаровы мужык. Часам, калі Марыя нахілялася бліжэй, каб глянуць на рану, ён хапаў яе рукамі й намагаўся зацягнуць на сена. Ёй ледзь удавалася вырвацца. Хлопец быў яўна галодны да любошчаў; і Марыя пару дзён таму падзялілася гэтым з маці.
— Ну, — прыжмурыла вочы Аксіньня, — можаш павіншаваць сябе: адкарміла ты яго, што ён кідаецца там, што той бык у стойле. А чаму б табе не паглядзець на яго днём? Цалкам можа быць, што тое, што яму патрэбна зараз, дык гэта — баба, а ня нянька.
Маці затрымалася, падумала, пасур’ёзьнела:
— Маня, глядзі, дзеўка. Час такі, што толькі дэзэртэра нам у хаце не хапала.
Матчына папярэджаньне мела рацыю. Яна ведала сваю дачку. I ведала, што, калі яна дазволіць Калпакову звабіць сябе, іхнае жыцьцё ўскладніцца па-за ўсімі раскладамі.
— Мама, не хвалюйся, — заверыла яе Марыя. — Я ўжо не дзіця.
Марыя выйшла на дзялянку й была цалкам зьбянтэжаная, як тая выглядала — зусім ня так, як яна прывыкла ўначы. Уломкі штабоў былой лесьніковай хаты зарасьлі кустаўём, ляпніна ўсё яшчэ крэпка трымалася дзе-нідзе на камянях, што стваралі некалі падмурак дому. Агню, пэўна, нішто не замінала, бо з драўлянага нічога не засталося. Вытыркнутая збоку разгірэчаная печ ды йржавыя шкілеты двох жалезных ложкаў маўкліва сьведчылі аб тым, што некалі тут было чалавечае жытло. Толькі сарока, уладкаваўшыся на вяршку касабокага ложка, патрэсвала хвастом, зь цікаўнасьцю аглядаючы прышлага чалавека.