Заўтра ёсьць учора
Кастусь Акула
Выдавец: Медысонт
Памер: 200с.
Мінск 2008
Ен разьюшана зь сілай завярнуўся, і абедзьве пакаціліся па падлозе. У той жа момант у маленечкім пакоі выбухнула, як бліскавіцай.
Марыю скасіла з ног, і сьвет павольна паплыў у цемру...
7
АБУДЖЭНЬНЕ
Марыя паспрабавала расплюшчыць вочы. Вейкі былі цяжкія, бы налітыя сьвінцом. Вялікім намаганьнем яна падняла іх і заплюшчыла зноў.
Цяжкая млоснасьць пры першым вярганьні да жыцьця пераканаўча варажыла, што паўторная спроба таксама зьнясіліць яе.
Засмужанымі вачыма, зьнямогла яна паводзіла па нізкай драўлянай столі, якую падпіралі негабляваныя бярвёны. Праміж шурпатых, пакрытых імжой дошак працісквалася зьмерзлая зямля. Шэрыя, запыленыя промні сьвягла сцэджваліся няведама адкуль, недзе ззаду з па-над ейнай галавы.
Гэта была зямлянка, памерам зь вялікую гасьцёўню. Чатыры ложкі стаялі з аднаго боку, чатыры — з другога, між імі заставаўся вузкі праход. Поруч Марыі ляжаў мужчына, ладна накрыты, так што Марыя не магла пабачыць ягонага твару.
Ейны розум змагаўся за прытомнасьць, вагаючыся між падсьвядомасьцю й рэальнасьцю. Усё здавалася несапраўдным, настолькі розьнілася ад таго, што яна бачыла, прасынаючыся, дзе жыла раней, што яна зноў правалілася ў паўзабыцьцё.
Калі яна ачуняла пазьней, яна ўжо ясна ўбачыла ўсё, што ейны засмужаны розум адбіў тады ў падсьвядомасьці.
Яна ляжала, накрытая цяжжой коўдрай. Цяпер яна паспрабавала паварушыць сьцёгнамі й раптам моцны боль разануў у левым баку. Ніжэй рэбраў яна ўся была забінтаваная. Правай рукой яна пачала ўважліва абмацоўваць сябе пад коўдрай. На жываце вытыркоўвалася шчыльная таўстая перавязка. Але ногі рухаліся вольна, без перашкодаў.
Пасьля гэтых знаходак Марыін розум праявіў далейшую цікаўнасьць.
Яна паспрабавала ўспомніць.
Але пранікнуць празь цемру забыцьця, зь якой толькі што выкараскалася, аказалася ня так лёгка. ...Адчайная бойка ў хаце... Аленчын крык... а потым... Успышка грымотнай бліскавіцы!.. I ўвушшу зноў паўсталі пранізьлівыя енкі й лямант ейных дзяцей у той жахлівай агоніі...
Яна ўрапт хапіла паветра й задыхнулася, як ейныя грудзі цяжка зайшліся. У левым баку разануў востры боль і поўнасьцю пабудзіў яе. Тады яна сьцішылася й ляжала, прыслухоўваючыся да галасоў знедкуль звонку. Але яны сталі заціхаць, разам з гукамі крокаў, што адыходзілі прэч. Шостае пачуцьцё падказвала ёй, што нехта мусіць быць там, побач зь зямлянкай.
Хто? Вораг ці сябар?
Перабраўшы верагоднасьці, яна вырашыла: чырвоныя партызаны.
Чаму яна тут? I дзе ейныя дзеці й маці?
Дык што ж адбылося ў тую ноч? I колькі часу яна ўжо тут?
...Калі яна прачнулася наступным разам, першае, на што трапіў ейны пагляд, была постаць жанчыны, што сядзела, нахіліўшыся на лаве ў куце. Пад сьвятлом ад газавай лямпы жанчына праглядала нейкія паперы, і Марыя выразна бачыла рысы ейнага твару, як бы абрысаваныя месячным сьвятлом. Галава была плотна абвязаная хусткай, і ўся ейная постаць выяўляла спакой. Карціна падалася такой нерэальнай, што Марыя залыпала вачыма, каб прагнаць свой сон. He, гэта быў ня сон.
Патрэсканыя губы й засмаглае горла спанукнулі Марыю праявіць нейкія прыкметы жыцьця.
— Вады... — ледзь прашамкала яна.
Постаць за сталом заварушылася, паднялася й падышла да яе. Жанчына ўважліва паглядзела на Марыю.
— Ну, вось ты і ачуняла. He варушыся й не размаўляй. Я прынясу табе вады й паклічу лекара. Ён казаў паклікаць яго, як толькі ты апрытомнееш.
Мяккім, пяшчотным голасам яна мелася супакоіць Марыю.
— Дзе я? ...Хто вы? ...Дзе мае дзеці й маці? — узрушана шаптала адылі Марыя.
Твар жанчыны выяўляў мацярынскую спагаду.
— Я ж табе кажу: не варушыся й не гавары. Бачаць нябёсы, мы ўжо ледзь цябе не пахавалі. Чакай, я прынясу вады.
Яна завярнулася й выйшла.
Празь нейкі час яна вярнулася, разам зь ёй увайшоў каржакаваты мужчына з густой барадой і добразычлівым тварам. Жанчына бяз словаў паднесла да Марыіных вуснаў кубак з халоднай вадой, прыўзьняўшы ейную галаву на падушцы. Пакуль Марыя павольна цадзіла ваду, жанчына гаварыла:
— Маё прозьвішчаПруднікава. Я — медсястра тут. А гэта наш доктар, Посьнік. Ён зараз паглядзіць цябе.
Пруднікава саступіла ўбок, і Посьнік падсунуўся да Марыі. Гэта быў мужчына гадоў сарака. Ён праверыў пульс і прамацаў бінты пад коўдрай.
— Ну, як чуесься? — голас у яго быў спагадлівы.
— Я нават ня ведаю, доктар, — адказала Марыя ціха.
— Пульс усё яшчэ высокі, — працягваў доктар, гледзячы на свой наручны гадзіныіік. — Ніякіх напружваньняў, нават не размаўляць. Адно ляжаць ціха.
— Доктар, што са мной?
— Мы дасталі дзьве кулі. Ты згубіла столькі крыві, што не было ўжо ніякай надзеі, што ты выкараскаесься... Якая ў яе тэмпература, Пруднікава?
— Усё яшчэ высокая. Я мерала дзьве гадзіны таму. Памераць зараз?
— А дзе, доктар... дзе я? — падхапілася Марыя.
— Сярод сябраў. He хвалюйся, — патлумачыў доктар коратка.
— Партызанаў?
— Так. Яны выратавалі табе жыцьцё. Але на жаль...
— Дзе мае дзеці й мама? — Марыя хапіла доктара за рукаў, прыгатаваўшыся да самага горшага.
— Я ж сказаў, табе нельга хвалявацца. Ты яшчэ не перайшла крытычны стан. Будзеш паслухмянай — хутчэй ачуняеш.
Тое, што ён пазьбегнуў адказу на пытаньне, а таксама пабацькоўску спачувальны выраз ягонага твару гаварылі болей за словы.
Марыя зразумела.
Жахлівае ўсьведамленьне пранізала яе наскрозь. Па зьнямоглым целе прабеглі гарачыя й халодныя хвалі, у галаве замуцілася. Вусны ейныя заварушыліся, але ніякага гуку не зьявілася. Замест яго выкаціліся дзьве гарачыя сьлязіны з распухлых вачэй. Марыя заплюшчыла іх...
Наступнай раніцай яе пабудзіла нешта гучнае. Усе ложкі ў зямлянцы былі занятыя. Адзіны мужчына, што тады быў побач зь ёй, цяпер зьнік. Лекар, Пруднікава ды яшчэ адна жанчына, якую Марыя ня бачыла ўчора, размаўлялі ціха за два ложкі далей ад яе. 3 абрыўкаў іхнай гаворкі Марыя зразумела, што яны гавораць пра тое, куды й як прыняць новых параненых. Пэўна, недзе адбылася моцная бойка зь немцамі.
Маладзейшая жанчына стаяла насупраць выхаду, і Марыя добра ўбачыла ейны сілуэт: прыгожы профіль і бялявыя валасы, што выглядалі такімі сьвежымі, у зялёнай пілотцы з чырвонай зоркай. Яна ўважліва слухала, што гаварыў ёй лекар, час ад часу ківаючы галавой ув адказ.
«Што за дзяўчына? — стала шукаць Марыя ў сваёй памяці. — Здаецца, недзе бачыла яе раней...»
I раптам у памяці ўсплыў вобраз адной істоты — апошняй, каго Марыя хацела б пабачыць яшчэ раз у сваім жыцьці.
8
ВУЛЬГАРНАЯ ПРЫГАЖУНЯ
3 добрай доляй гіроніі адна беларуская казка апавядае, як Творцу падчас стварэньня жывёльнага й птушынага сьвету раптам не хапіла начыньня.
Вось якраз тады Нябесны Гаспадар хуценька вынайшаў і адразу ўпершыню ўвёў у дзеяньне закон кампэнсацыі. Менавіта тады за адсутнасьць разумовых здольнасьцяў бык быў кампэнсаваны моцнымі рагамі, за недахоп сьмеласьці й сілы зайцу дасталіся хуткія ногі, а непараўнальны пясьняр лесу салавей, ніякаваты з выгляду, быў узнагароджаны надзвычайным голасам.
Калі пакорпацца ў лябірынтах жыцьця й выцягнуць на сьвет Божы розныя тыпы чалавечых характараў, улучна з так званым чалавекам нармалёвым, можна ўпэўнена западозрыць, што Творца — насуперак сьцьвярджэньням Бібліі — прыклаў той самы закон і тады, калі вырабляў чалавека.
Ад таго яшчэ часу Адам усё вывучае штодня й намагаецца вытлумачыць разнаякасныя вартасьці й заганы Евы. Заўзятыя рупліўцы гэнай навукі часам нават могуць быць шчодра ўзнагароджаныя за свой імпэт: сярод кветак жаночых клюмбаў такі можна яшчэ напаткаць тое, што называецца ідэальным выпадкам —дзяўчына, у якой бы так ёмка спалучаліся процілегласьці паміж ейнымі фізычнымі й духоўнымі якасьцямі.
Марыя Каравай сустрэла такую дзяўчыну ў школе, хаця, зрэшты, ёй ніколі не прыходзіла на розум практыкаваць зь сябе дасьледчыка-аматара ў гэтай хітрасплеценай навуцы чалавечых душаў. Штодня занятая авалоданьнем розных галінаў навукі, яна не зьвяртала аніякай увагі на нейкую Ларысу Войнік — ажно да дзявятай клясы, калі ўсё ж давялося яе заўважыць. Бо менавіта на ёй, на Марыі, адбіліся разнаякія дэфэкты характару гэнай дзяўчыны.
Выгляд Ларысы ня мог ня ўражваць зь першага пагляду. У свае шаснаццаць яна была ўжо дзеўка ў саку, і, здаецца, нават школьная сукенка акрэсьлівала буйнасьць ейнай прыгажосьці. Можна рызыкнуць і параўнаць Лару зь нейкім рэдкім відам, што бывае раптам прарасьце сярод таго травастою за дварамі, якога тут процьма, у гэтай сельскай краіне. Нават даволі пераборлівы мастак знайшоў бы ў ёй удалы аб’ект, каб унесьмяроціць яго для будучых пакаленьняў.
Пекную, добра зладжаную постаць дапаўняў прыгожы тварык з блакітнымі вочкамі й русымі валасамі. Любы касмэтоляг даў бы добрую манэту, каб папрактыкаваць сваё мастацтва на гэтым твары, зробленым бы на замову, і спатрэбілася б толькі пара ўмелых дотыкаў майстра, каб прадставіць яго сьвету ў поўнай дасканаласьці.
Але ў савецкім грамадзтве, дзе жанчыны жылі як цяглавыя коні — клалі цэглу, варылі сталь, аралі зямлю, — не было месца для цэнтралізаванай вытворчасьці касмэтыкі для прыгожага полу. Школьніцам нават забаранялася карыстацца памадай для вуснаў. Так што прыгажосьць, што дасталася Лары, была цалкам ня штучнай, а ейнай собскай, прыроднай.
Пэўна ж, натуральна чакаць, што прыгожыя стварэньні й жывуць, і паводзяць сябе прыгожа.
Але... У выпадку з Ларай вы будзеце поўнасьцю расчараваныя, бо яна была да такой ступені амаральная, што нават ужо й не хавала заганаў свайго характару. Сьціпласьць — гэты істотны падмурак вонкавага шэдэўру — у ёй цалкам адсутнічала. Дзяўчына была агрэсіўнай і зьняважлівай, грубай і нахабнай. Калі й былі ў ёй якія дабраякасьці ад нараджэньня, то й яны ня мелі ніякага шанцу для разьвіцьця ў дзяржаўным дзіцячым доме.
Так, выхаваная савецкім грамадзтвам, у дзіцячым доме, так ніколі й ня зьведаўшы ні сямейнага цяпла, ні хрысьціянскай маралі, яна практычна стала ўвасабленьнем шматлікіх этычных вычварэньняў гэнага грамадзтва. Так што ў Ларыным выпадку клясычная марксісцкая догма аб тым, што чалавека выхоўвае атачэньне, можа быць выкарыстаная для доказу поўнай безгрунтоўнасьці гэнага самага савецкага атачэньня.
Назіраючы за Ларай у школе ці па-за ёй, хацелася падысьці ды па-бацькоўску параіць: «Паслухай, дзяўчына, ну ня будзь жа ты такой грубай. Ты ж такая прыіожанькая, але твае паводзіны й язык твой брыдкі псуюць усё на сьвеце. Ну, стрымлівай жа ты сябе, будзь сьціплай, добрай дзяўчынкай, і ўсе будуць адно захапляцца табой».