Заўтра ёсьць учора
Кастусь Акула
Выдавец: Медысонт
Памер: 200с.
Мінск 2008
Калі Лара гаварыла ці нешта рабіла паўсядзённае, ейны твар, які ў спакоі быў сама анёльская нявіннасьць, набываў недаравальную брыдоту. Ня дзіва, што хлопцы-аднакашнікі цэлы час намагаліся зацягнуць яе ў кусты, як нейкую вулічную бадзягу, якой яны яе й лічылі. Па вакрузе пайшлі розныя погудкі, калі яна, яшчэ вучыўшыся ў школе, рассупоніла сваю цягу да мужчынскага полу. Колькі там было праўды, у тых гісторыях, сказаць
цяжка, але тут варта прыгадаць унівэрсальную прымаўку, што дыму без агню не бывае.
Лара ўспрымала як належнае тое, што была здольная прыманіць хлопцаў папросту адным кіўком пальца, і ў гэтым, як погым аказалася, і палягалі карані ейнага разладу з Марыяй. Хлопцаў, што спачатку былі прывабленыя ейным зьнешнім выглядам, потым адварочвала ад яе з-за ейнага паскуднага характару, манер і паводзін, і тыя як правіла тады аддавалі перавагу кампаніі з Марыяй. Адна з самых прывабных дзяўчын ў школе, Марыя была і сьціплай, і лагоднай — а менавіта гэтых якасьцяў Лары й не хапала. А яшчэ яна была й стараннай навучэнкай і абганяла ў клясе ўсіх.
Ларына пэрсона не вытрымлівала ніякіх параўнаньняў. Напханая лжывымі каштоўнасьцямі, ускормленая брыдотай савецкай этыкі, дзе бацькі, дзяды й Сам Бог сталі непатрэбнымі выгнаньнікамі, абылганымі й апляванымі, яна ніяк не магла спасьцігнуць, як нехта прыгожы, як Марыя, мог бы валодаць здаровымі маральнымі якасьцямі.
Гэты фронт мусіць быць зьліквідаваны, вырашыла Лара. Мусіць жа быць нейкі бруд, у якім трэ вываляць гэтую дзеўку й дыскрэдытаваць яе на любы спосаб.
I вось неяк раптам Марыя заўважыла, што, пэўна, зрабілася мішэньню нейкіх плётак. Хлопцы, што рансй паважна ставіліся да яе, цяпер ледзь прыхоўвалі шматзначныя, юрлівыя позіркі, некаторыя нават асьмельваліся адкрыта рабіць прапановы. А Лара стала зьдзекліва высьмейваць яе перад усімі аднакляснікамі.
Спачатку Марыя была агаломшана, нічога не разумеючы. У сваіх паводзінах яна ня бачыла ніякіх падставаў для такіх брыдкіх плётак. Тады яна вырашыла пакапацца глыбей і пашукаць крыніцы гэткай навалокі. Гэта было ня так цяжка зрабіць: усе ніткі вялі да аднаго клубка — Ларысы Войнік.
Сябры параілі Марыі паведаміць пра Ларыны нізкія звады ў камітэт камсамолу. Тэарэтычна, прынамсі, гэты ворган мусіў быў стаяць на варце маральнага кодэксу камуністычнай моладзі. Паразважыўшы, яна не пагадзілася, бо баялася быць уцягнутай у яшчэ большае балота.
Такім чынам Марыя не прыняла Ларынага выкліку, а проста старалася, як магла, як бы ні было часам цяжка, не зьвяртаць увагі на ейныя гідкія намовы.
Каб прывесьці гэтую заражаную сытуацыю да выбуху, быў патрэбен кнот — і ён зьявіўся на сцэне ўв асобе Віктара Вясёл-
кі, сына новага начальніка чыгункі, які толькі што пераехаў у іхны горад.
Віктар быў адным з тых хлопцаў, каго можна было справядліва назваць прыстойным чалавекам, інтэлігентным, ветлівым, дружалюбным і да чорцікаў прыгожым. Што да поўнага камплекту ён валодаў і добрым пачуцьцём гумару, і дастатковай разважлівасьцю, каб падабацца кожнаму. Карацей кажучы, ён быў тым, каму проста на раду было напісана быць на вёсцы першым хлопцам.
Лара зараз жа паклала вока на новапрыбыша; дзеўка вырашыла, што такі цэнны тып ня мусіць высьлізнуць зь ейных рук. Што да Марыі, то Лара не прамінула яе папярэдзіць:
— Трымайся далей ад Віктара. Ён — мой. I толькі паспрабуй стаць на маім шляху!
— He хвалюйся, — адказала Марыя з пэўнай доляй паблажкі. — Забірай яго сабе. Нават больш: калі ён і прыйдзе да мяне — я завярну яго да цябе назад.
9
МАЁЎКА
Тым часам мясцовыя партыйныя й камсамольскія заўзятары спарадзілі новую ідэю.
Паколькі сонца, вада й сьвежае паветра па праве належаць рабочым і сялянам, вырашылі яны, то няхай гэтыя сілы прыроды цяпер і папрацуюць дзеля здароўя людзей і прагрэсіўнай пралетарскай культуры такім жа чынам, як даўней галодныя, прыгнечаныя й абражаныя масы гнулі сьпіны дзеля матэрыяльнага ўзбагачэньня сваіх буржуйскіх гаспод.
У здаровым целе — здаровы дух. Вось дзеля гэтай мэты й трэ запрэгчы сонца, ваду й сьвежае паветра. Такім чынам, у мудрых галовах мясцовых партыйных кіраўнікоў нарадзіўся геніяльны плян грандыёзнага пачыну пад назвай «Культуру — в массы».
Адным чэрвеньскім адвячоркам адбылося яднанае паседжаньне Гарадоцкіх камітэтаў партыі й камсамолу. Сакратар гаркаму, эгаістычны й пыхлівы кар’ерыст, гатовы на ўсё дзеля свайго прасоўваньня па бюракратычнай лесьвіцы, акрэсьліў свой плян з адпаведнай доляй пампэзы, матывуючы яе сваёй бескарысьлівай зацікаўленасьцю ў імклівым прагрэсе сацыялістычнай культуры.
Пасьля довадаў ды тлумачэньняў сваёй канцэпцыі шырокага фронту культурнай працы сярод неўспрымальных да прагрэсіўных ідэй беларускіх мас ён абрысаваў свой плян дэталёва. Грандыёзнае мерапрыемства пад назвай «Культуру — в массы» мела адбыцца ў наступную нядзелю. Сябры партыі й камсамольцы зарганізуюць шырокую агітацыйную кампанію, каб сагнаць пабольш народу, асабліва моладзі, і тыя змогуць шчыра выявіць сваю волю да калектыўнага культурнага адпачынку.
Месца, дзе гэная вялізная зборня мела адбыцца, было запланавана на ўскрайку гораду, там, дзе выгін ракі ўтвараў вялікі поплаў, які з другога боку быў акружаны лесам. Парадак правядзеньня клопату не выклікаў. Вядома, мусіла быць прамова, прачытаць якую ўзяўся сам сакратар гаркаму. Астатнюю праграму плянавала запоўніць маладзёвая агітбрыгада — група разнаякіх, сваёй гадоўлі талентаў, зарганізаваных на разе, каб песьнямі, танцамі, дэклямацыямі ўсялякія здабыткі й дабрадзейнасьці расейскага каляніяльнага рэжыму прапагандаваць.
Ідэя задаволіла ўсіх. Зь нязначнымі папраўкамі плян з энтузіязмам быў прыняты. На гутэйшую камсамолію й піянэрыю было ўскладзена правядзеньне двухдзённай агітацыйнай кампаніі.
За два нястомныя вечары маладзёны паабклейвалі гарадзкія слупы, сьцены, платы, дзьверы вялізнымі плякатамі. Па вуліцах з паходнямі, рэчоўкамі маршыравалі атрады, стварагочы такі вэрхал, падабенства якому за ўсю сваю даўгую гісторыю горад ніколі ня чуў.
У нядзелю апоўдні школьныя ды прафсаюзныя калёны з плякатамі «Культуру — в массы», «Труднсь н отдыхай культурно», «За детство счастлнвое наше спаснбо Велякому Сталмну!», «Пусть всегда светнт солнце Сталннской Констнтуцнн!» пасунуліся да зарганізаванай пляцоўкі на беразе ракі. 3 усіх бакавых дарог і сьцежак цягнуўся натоўп да месца маёўкі. Наперадзе ўсёй працэсіі калыхалася ў масластых руках юнакоў вялізная, пагрозьлівая выява крамлёўскага дэспата.
Вельмі хутка выявілася, што плян грандыёзнага савецкага мітынгу трашчыць па ўсіх швах. Нават пакуль яшчэ не пачалася афіцыйная частка, людзі рассыпаліся па лузе, паскідалі зь сябе апранахі і, кінуўшыся ў чыстую, прахалодную ваду, ва ўсю асалоду цешыліся са сваіх бязглуздых забавак, што тыя сабакі, спушчаныя з ланцуга.
Партыйнае й камсамольскае начальства сабралося на адмыслова збудаванай трыбуне й, абменьваючыся надзьмутымі пагля-
дамі, пазіралі на тое, што яны былі прымалі за шчыры энтузіязм да іхнага так старанна зарганізаванага мерапрыемства.
Урэшце хрыплы голас чырвананосага — з пахмельля, відаць, — вядучага зрабіў спробу прыцягнуць увагу народу да праграмы, што мелася ўжо пачынацца. Некалькі разьзяўротаў, больш з прычыны нейкага шуму, чым з зацікаўленасьці, падышлі да трыбуны, вакол якой стаялі зарганізаваныя школьнікі, хаця астатняя бальшыня так і засталася рассыпанай па лузе. Безь ніякай зьбянтэжанасьці сакратар гаркаму, як той дасьпелы, надзьмуты індык, што гарцуе да самкі, пачаў сваю ўступную прамову.
Належным чынам ушанаваўшы бясконцую дабрыню й нястомную мудрасьць «велнкого вождя н учнтеля всех народов», ён пачаў пераліваць ваду дабраславеньняў савецкага рэжыму. Адно ў сацыялістычнай краіне, дзе ўсё створана для чалавека, — такой як СССР — ёсьць усе магчымасьці для людзей адпачываць культурна. Але дзеля таго, каб ахапіць і скарыстаць плёны сапраўднай савецкай культуры, што вось-вось узыдзе над гарадоцкім пралетарыятам і калгасамі, людзі мусяць мець здаровае цела, бо — як сказаў адзін вялікі марксісцкі мудрэц — «в здоровом теле — здоровый дух». А таму мясцовыя партыйныя ворганы, а найбольш сам прамоўца, будуць прыкладаць усе свае намаганьні, каб несьці культуру ў масы. Гэты вялізны сход — толькі пачатак.
Калі б сакратар райкаму завяршыў сваю прамову на гэтай кропцы, гісторыя ўсяго дня магла б быць запратакаляванай па-іншаму. Але ён ня быў тым, хто здольны замерыць мяжу злоўжываньню хліпкім цярпеньнем сваіх слухачоў. Ён усё балбатаў з тым жа дарэмным запалам, і шаблонны, ханжаскі ўра-патрыятызм недарэчнай прапаганды атручваў жыватворны подых прыроды, урываючыся ў высокія сьпевы жаўрукоў, што ўзносілі свае слаўныя гімны Творцу.
Тыя, што былі бліжэй да трыбуны, з урачыстым маўчанызем рабілі выгляд, што ўважліва слухаюць гэтую надакучлівую траскатню, жадаючы, каб ён скарэй ужо яе скончыў і яны маглі б далучыцца да тых, што асалоджваліся дабротамі залатога вясеньняга дню. Як быццам ув адказ на іхныя жаданьні, прырода сама падала сваю вялікадушную руку: вялізны плякат з выявай Сталіна, утыркнуты ў зямлю, падхапіла парывам ветру й шпурнула долу.
Сярод слухачоў вакол трыбуны гэтая падзея спарадзіла выбух рогату, выкліканага ўсьведамленьнем такіх цалкам магчымых непрыстойных абставінаў, у якіх можа аказацца іхны абрыдлы
дэспат-ідал. Начальства на трыбуне завярнулася, прамоўца змоўк; ягоны моцна сьціснуты кулак, што быў ужо гатовы акрэсьліць нейкуіо важную ідэю, завіс у паветры. Зьбянтэжаны, ён аглядаў тую сумятню, што тут усчалася. Урэшце, вусаты, з рабаціньнем партрэтдыктатара ўзьняўся зноў над колам высокіх чыноў.
Сакратар гаркаму, паспрабаваўшы аднавіць сваю велічную прамову, бадай што быў вымушаны скараціць яе. Ва ўсякім разе, голас ягоны задрыжэў і пацішэў, самаўпэўненасьць і пампэзнасьць зьніклі, а ягоныя цёмныя вочы рыскалі па тых, хто стаяў перад ім, быццам вышуквалі тых дзёрзкіх, хто быў наважыўся сьмяяцца з такой катастрафічнай падзеі. Заікаючыся, ён завяршыў прамову тыповымі камуністычнымі заклікамі пад гучныя аплядысмэнты таварышаў побач зь ім і пад жыдзенькі пляскат асноўнай аўдыторыі.
Пасьля караценькага перапынку пачала свой выступ агітбрыгада. У духу старой колькіразовай разьвядзёнкі, што чарговы раз стаіць перад ЗАГСам са сваім новым мужам пад руку, яны сталі карміць нешматлікіх слухачоў сваім затасканым прапагандысцкім «мастацтвам». Адзін за адным, па двох і па трох, незаўважна — наколькі гэта магчыма для чалавека — людзі пацягнуліся ад гэнай гулянкі; яны пазьбіваліся ў купкі і, урэшце, наляглі на ежу й пітво, што прынесьлі з сабой. Урэшце, калі правішчэла фінальнае «Да здравствует Сталннская Констнтуцня!», людзі ўздыхнулі з палёгкай.