Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
He буду нічога вам казаць, калі вы не мінчане, пра цэнтральную вуліцу, Ленінскі праспект даўжынёю ў восем кіламетраў, шырынёю ў пяцьдзясят метраў, пра цудоўныя яго будынкі — прыедзеце, убачыце самі.
Праедзьце па ім. Ад плошчы Леніна з Домам урада і помнікам заснавальніку нашай дзяржавы, праз Цэнтральную плошчу, дзе авее вас прахалодай са скверыка Янкі Купалы і дзе ўбаку вы ўбачыце тэатр яго імя, гмах ЦК і танк, помнік танкістам, што першыя ўварваліся ў Мінск у ліпені 1944 года. А пасля тралейбус прамчыць вас паўз Свіслач (глядзіце, вунь злева домік I з’езда), абкружыць ля абеліска Перамогі. I далей, далей. Ля бронзавага задуменнага Коласа між маладзенькіх бярозак, ля філармоніі. Міма Батанічнага
саду і цёмна-хваёвага парку Чалюскінцаў, дзіцячай чыгункі, кінастудыі. Аж да шырокай шашы, якая бяжыць між лясоў і ўзгоркаў да самай Масквы.
Мінск у вайну змагаўся гераічна. Мінск гераічна ўставаў пасля вайны з попелу. Гораду-герою належыць быць прыўкрасным. I ён прыўкрасны. У кожны час дня і ночы, у кожную пару года. А будзе яшчэ лепшы. I на гэтым пакуль скончым пра Мінск.
Зараз мінскім дзецям ёсць дзе плаваць і з аквалангам, і на чоўне, і так. Чатыры вялікія вадасховішчы. Адно з іх, Заслаўскае, на 3400 гектараў, зараз перада мною. Вецер, і па вадзе гуляюць белыя баранчыкі. Нахабна гарлаюць чайкі. Чаўны з рыбаловамі прыткнуліся да шматлікіх зялёных астравоў. I унь, ля самага вобрыю, белыя ветразі. Ідуць гонкі яхтаў.
ПОЛАЦКІЯ ФРЭСКІ
...Пойдзем далей. Хай не крыўдуюць абласныя гарады, але раней за іх успомнім горад, які заслужыў гэтага паважным векам, хай сабе і ходзіць зараз у раённых цэнтрах. Гэта Полацк. У 1962 годзе ён святкаваў сваё 1100-годдзе. Мне даводзілася бываць у ім шмат разоў, але паездка сюды ў сакавіку 1971 года запомнілася асабліва дзякуючы аднаму выпадку, які нібы афарбаваў для мяне — і назаўсёды — усе стагоддзі, што прайшлі над гэтымі мурамі.
Уздзьмуты, аж сіні, лёд на Дзвіне. Маленькаю Палотаю плыве на гэты лёд празрыстая, яшчэ снегавая вада. Над зліццём дзвюх рэк, на замчышчы, белы, з дзвюма званіцамі, сілуэт сабора. Полацкая Сафія. Сястра Кіеўскай і Ноўгарадскай. XI стагоддзе. Моцна, што праўда, перабудаваная ў часы уніі. I вось, урэшце, зараз узяліся за святую справу рэстаўрацыі набытку продкаў. Выяўляюць гісторыка-архіўны, графічны матэрыял, удакладняюць межы старажытнай кладкі, даследуюць сутарэнні. Многае змянілася, за стагоддзі нарасло зямлі, храм нібы «асеў». У склепах ягоных была ў свой час адна з найлепшых нашых старажытных бібліятэк. Яе спалілі ў свой
час езуіты. Дзіўна! Якімі б метадамі яны ні карысталіся, як бы мы тыя метады ні ненавідзелі — манахі гэтага ордэна былі аднымі з самых адукаваных людзей сярэдневякоўя. Прафесія абавязвала. Пазней, калі палаў іхні Пінскі калегіум, у агні згарэлі дзясяткі тысяч кніг. «Ніколі не наклікай агонь на чужое — адгукнецца й на тваім».
...I вось сядзяць у прыдзеле сабора, дзе паліцца «буржуйка», два чалавекі ў ватоўках ды я з прыяцелем. Адзін з тых, каго засталі, брыгадзір. Здорава «паднацягаўся» ў археалагічных і будаўнічых тэрмінах, аперыруе імі вольна і з шыкам. I расчышчаем мы старую плінфу, тонкую, сантыметры ў чатыры, цагліну памерам прыблізна 35><25 сантыметраў. I на ёй раптам выступаюць невядомыя значкі, адзін у выглядзе нейкай жывёлы (сабакі?), рысачкі (можа, азначаюць колькасць соцень гэтай самай цэглы?) і выразны надпіс, нібы голас, што яўна і ясна даляцеў з далёкіх вякоў: A ap