Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
Словам, той, хто прыедзе сюды,— не пашкадуе.
«ВЯЛІКІЯ» МАЛЫЯ ГАРАДКІ
...А што ж мне расказаць вам пра невялікія, a то і проста малыя гарады і гарадкі Беларусі. Іх жа сотні, а расказаць, хоць пра некаторыя, трэба: тут жыве вялікі працэнт насельніцтва. Таму выбіраю самыя, на мой погляд, цікавыя і рамантычныя, і тыя, што маюць сваё непаўторнае, ні на што
іншае не падобнае аблічча. Ну і яшчэ тыя, што чамусьці мацней за ўсё ўразілі мяне і таму зараз асабліва дарагія мне. Таму выбіраю, што проста здолею лепей пра іх расказаць.
Навагрудак, як яго чамусьці, на польскі манер, называюць (а мясцовыя людзі кіламетраў на семдзесят у наваколлі называюць Наваградак, і гэта бліжэй да старадаўняга Ноўгарадка), ляжыць на навагрудскім узвышшы. Хвалістая зямля, узгоркі і рознакаляровыя палі на іх. Там, дзе ўзвышша рэзка спадае да Нёмана, яно пасечана ярамі. Вышыні навагрудскія адны з самых высокіх на Беларусі. Таму тут заўсёды на некалькі градусаў халадней. Наша экспедыцыя была аднойчы здзіўлена, калі, прыехаўшы з Баранавіч у Навагрудак (нейкія кіламетраў 70—80), «трапілі ў восень»: сапсавалася надвор’е, і жоўтай лістоты было разы ў чатыры болей, чым у наваколлі.
Гэты горад быў калісьці сталіцай Княства Літоўскага.
Яшчэ здалёк відаць Навагрудскае гарадзішча, а на ім два «зубы», абгрызеныя часам вежы. Чорныя, злёгку ў чырвонае, як прыпалены чыгун. Ад княскага замка засталося мала. Вежы моцна пашкоджаны стагоддзямі. А іх мінула ажно сем. I ўсё адно здзіўляюць фрагменты жылой вежы (12 метраў па фасадзе, нізкая брама, і, на вока, метраў 20 вышыні), Калі залезці наверх, вядома, з вяроўкамі і рызыкай — відаць на многія і многія кіламетры вакол. Але і знізу ў ясную пагоду відаць званіцу ў вёсцы Турэц (30 кіламетраў). А унь азярцо Літоўка. Згодна з паданнем, тут разбілі крыжакоў, і гэта гісторыя легла ў аснову паэмы Міцкевіча «Гражына». А унь злева «Курган Міцкевіча». Сем год прысылалі на яго зямлю з усіх куткоў Заходняй Беларусі, Польшчы і Заходняй Украіны (1924—1931). I насыпалі. Па жменьцы, без усякай механізацыі.
Паглядзіш уніз — галава закружыцца,— а там дужа стары касцёл, у якім вянчаўся князь літоўскі, а потым польскі кароль Ягайла і ў якім хрысцілі Міцкевіча. Назад глянеш — a там домік — музей Міцкевіча, адноўлены з руін. Увогуле, тут усё-ўсё звязана з імем вялікага паэта gente albarutenus natione polonus1. Непадалёк адсюль, у фальварку Завоссе,
1 Паходжання беларускага, нацыі польскай (лац.).
стаіць яму абеліск, тут ён правёў дзяцінства і юнацтва, тут стрэў першае каханне. I дагэтуль шуміць у Туганавічах альтанка з ліп над няшчасным гэтым каханнем. Тут ляжыць у лесе велічэзны валун. «Камень філарэтаў», ля якога паэт сядзеў сярод членаў вальналюбнай грамады. I гэта мясцовыя песні, казанні, паданні нарадзілі на свет яго паэзію, сюжэты, рытм, песеннасць. Сюды ён увесь час цягнуўся з чужыны: «Нёман, рэчка мая радзінная, празрыстаю плынню ты абмываў мне, малому, далоні», «Айчына мілая, Літва, ты як здароўе. Той табою даражыць, як сваёй крывёю, хто страціў цябе». Тут жылі яго героі: князь Мешка і Гражына і пан Тадэвуш.
I тут ляжыць возера Свіцязь, апетае ім. Векавыя дубы вакол, рэдкія сітнягі, вада невераемнай чысціні, пясчанае дно з рэдкімі рознакаляровымі каменьчыкамі. У возера дзве галоўныя загадкі.
Першая — гістарычна-казачная. У горадзе, што стаяў тут, засталіся адны жанчыны. Скарыстаўшыся адсутнасцю мужчын, на горад напалі шматлікія ворагі. Жанчыны секліся смела, але сталі знемагаць. I тады яны пачалі маліцца, і горад праваліўся, і зрабілася возера. Другая загадка — рэальная. Ёсць водарасць тэтрадыніум яванікум. To вось, расце яна, акрамя трапічных азёр Явы і Суматры, толькі... у Свіцязі, на другім канцы зямлі. Чаму? А хто ведае? Акадэміі свету, мабыць, далі б вялікую ўзнагароду таму хто вырашыў бы гэтае складанае пытанне. Немцы ў час вайны выдзіралі яе кошкамі для сваіх пшіталяў. Раны, кажуць, зажывалі намнога хутчэй. Трэба было б зрабіць аналізы... Цяпер Свіцязь — ландшафтны запаведнік. Рыбу, калі ласка, лаві, але толькі вудай. I добра!
Чаму ў нас так многа «гарадоў на дне азёр»? Ну што ж, на Беларусі, як і ўсюды, ёсць вапнякі, а значыць, яны вымываюцца вадой, а значыць, магчымы і карставыя з’явы, правалы. Можа, некаторыя з азёр і атрымаліся так, можа, на месцы некаторых і стаялі будовы. Астатняе зрабіла неўтаймаваная народная фантазія. Ва ўсякім разе, гэта прыўкрасна.
...Ціхая даліна Шчары. Песцяць вока зялёныя лагі, узгоркі, лясы. I на беразе, як цацка, Слонім. Сямісотгадовы юнак. Чыстая вада з зялёнымі косамі водарасцяў, што звіваюцца ад хуткасці плыні, амывае яго, бягуць угору і ўніз маляўнічыя
вулачкі, бялеюць вежы. Галоўным чынам беларускае барока XVI— XVII стагоддзяў, але не вычварнае і раскошнае, а простае і строгае. Мясцовы густ.
Тут найлепшы мясцовы музей ва ўсёй Беларусі, музей, які не саступіць і абласному. Прынамсі, ён быў такі, пакуль жыў яго заснавальнік і дырэктар на працягу дзясяткаў год М. Стаброўскі. Пры апошнім наведванні музей мне спадабаўся менш. Экспазіцыя горшая, некаторыя вельмі цікавыя рэчы ў запасніку, а менш цікавыя занялі іх месца.
Прамысловасць тут, галоўным чынам, харчовая, лёгкая (ільнозавод, фабрыкі тэкстыльная і мастацкіх вырабаў) і металаапрацоўчая.
А вакол колькі ўсяго! Канал, пабудаваны дзядзькам кампазітара Агінскага, цікавы папярова-кардонны камбінат у Альберціне, унікальная ў сваёй прыгажосці і суровасці не толькі на Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе царква-крэпасць у Сынкавічах, такая сумнаадлучаная ад усяго сярод масіваў яблыневых садоў. I комплекс былога ўніяцкага манастыра ў Жыровічах (XVII стагоддзе) з неацэнным сваім жывапісам.
...Або Нясвіж. Славуты тым, што гэта горад-помнік. Уявіце сабе цяністыя вуліцы, на якіх не рэдкасць барочныя дамы XVII—XVIII стагоддзяў, будынак друкарні, у якой славуты беларускі асветнік Сымон Будны выдаў у 1562 годзе свой «Катэхізіс», плошчу, на якой стаіць велічная ратуша, абкружаная гандлёвымі радамі, іншыя комплексы старажытных будынкаў. Горад быў рэзідэнцыяй акаталічанага (а затым, значыць, і апалячанага1) старажытнага беларуска-літоўскага роду князёў Радзівілаў. Шмат тут было (калі забыць аб горшым) набудавана, выдадзена кніг, напісана карцін, сабрана археалагічных і гістарычных матэрыялаў! Розныя яны былі людзі — князі: і тыраны-самадуры, якія маглі дараваць свайму гайдуку словы накшталт: «Князь сёння п’яны, як свіння, з’явіўся, а каб напіўся ягоны чалавек, то яго б павесіў» — дараваць таму што «праўда», і прызначыць яго сяржантам — і, адначасова, павесіць слугу, бо той хацеў быць заўсёды на віду
1 Беларускіх сялян-католікаў такое не датычылася. Яны зберагалі і мову, і звычкі, хаця, вядома, касцёл накладаў свой адбітак на ўсё гэта.
ў князя. Былі й дзівакі. Адзін захацеў пракаціцца ўлетку на санках, і вось з солі была насыпана дарога, па якой імчалі сані, запрэжаныя мядзведзямі. Гэта прыводзяць як прыклад жудаснага марнатраўства сродкаў сялянскіх. Але, праўда, пасля панскае пацехі ўсё наваколле запаслося дарагой соллю на шмат год. Сваіх саляных капальняў на Беларусі тады не было, соль прывозілі з Польшчы, з Вялічкі, і выдавалі нават здабытчыкам па два з паловай фунты на месяц. Быў сярод Радзівілаў адзін, які раптоўна перайшоў у... яўрэйскую веру.
Сустракаліся і такія, што, з’яўляючыся людзьмі сярэдневякоўя, для якіх катоўня і шыбеніца — звыклая справа, у той жа час рабілі карыснае: адкрывалі друкарні, школы, калегіумы. Мікалай Сіротка аддаў нясвіжскім мяшчанам бясплатна сядзібы, вінакурні, піўныя заводы і г. д. пры ўмове штогадовага ўзносу на бальніцу і школы (1586).
Я расказаў вам аб гэтым проста таму, іііто хацеў на жывым прыкладзе паказаць, якія формы меў часам на Беларусі феадалізм. Вось такі ён быў, з самадурствам, з натурамі, якія ўпыну не мелі, якіх разбэсціла неабмежаваная ўлада.
У замку была багатая кунсткамера з рэдкімі творамі мастацтва, арсенал з калекцыяй іпчытоў, рыцарскіх даспехаў, стрэльбаў і іншага, былі масіўныя і вялізныя статуі апосталаў са срэбра, зліткі срэбра і золата, каштоўныя камяні, якім не было цаны, калекцыі манет, бібліятэка з 20 000 тамоў на розных мовах (у тым ліку і на беларускай), партрэтная зала з партрэтамі, абразамі і карцінамі, архіў з незлічонай колькасцю гістарычных дакументаў па Беларусі і Польшчы. Усё гэта, амаль усё, было вывезена за межы Беларусі: часткова яшчэ пры падзеле Польшчы, часткова падчас піматлікіх пераваротаў, акупацый і войнаў.
Замак Радзівілаў ляжыць у баку ад горада, між азёр. Да яго вядзе дамба, і ўваход на гэтую дамбу запірае фарны касцёл (XVI стагоддзе, дойлід Бернардоні) з прыгожымі роспісамі ўнутры. I сам замак з унутраным дваром, брамай, гожымі фасадамі, вежамі і вялікім паркам — адзін з найлепшых палацава-замкавых комплексаў і шэдэўр беларускага паркабудаўніцтва.
Але я загаварыўся. А пра ўсе вартыя слова беларускія гарады не раскажаш. Што выбраць? Аб чым сказаць? Аб Пінску з яго велічным сярэдневяковым гмахам калегіума, з яго багатай гісторыяй; аб тым, як біліся тут пінскія гараджане і сяляне — а на чале іх стаяў Нябаба, эмісар Багдана Хмяльніцкага — з панамі, біліся да апошняга чалавека, так што згарэла 5 000 дамоў і загінула 14 000 чалавек. Аб пінскіх зялёных набярэжных ці аб яго старажытных барокавых шэдэўрах, роўных якім цяжка знайсці. Мур ля вуліцы. Звешваюцца праз яго кроны ліпаў, а ўнізе мура кладка XII стагоддзя. Адкуль? А хто яго ведае, што тут было?
Ці пра «міні-Кіеў» Мазыр вам расказаць? Ці пра Оршу з яе легендамі, з парогамі на Дняпры і лыюкамбінатам, які выпускае адны з найлепшых ільняных тканін у свеце? Пра Оршу, дзе стаіць помнік «кацюшам», якія ў вайну далі тут першы залп.
ЦІ. можа, пра Рагачоў, дзе зелень і гарадзішчы і галаваломныя ўрвішчы над Дняпром, і вісяць на іх кронамі ўніз скурчаныя сосны, і дрэмле шыпшына на курганах, і ззяюць тэрыконы ракушак?
Або пра Галыпаны на Ашмяншчыне з замкам XVI стагоддзя і касцёлам 1618 года. I як я, распрануўшыся, каб вопратка, збіўшыся на шыю, не задушыла, слізгаў падземным лазам і знайшоў яйкападобную цямніцу (пасля мы расчысцілі ход у яе, і цяпер туды можа зайсці кожны).
Ці пра малыя Варняны Астравецкага раёна — адзін з першых узораў вясковай забудовы па плане. Будавалі ў XVIII стагоддзі. Дужа тут прыгожа. Асабліва чырвоная вежа на востраве, увянчаная буслінымі гнёздамі.