Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
У сечы гэтай гродзенскі полк быў большы за ўсе беларускія палкі.
...Кароль Стэфан Баторый пабудаваў тут новы замак, які, перабудаваны, збярогся і сёння. У ім выключны па багацці і пазнавальнасці, вельмі ўмела пабудаваны музей. Будавалі замак мясцовыя майстры. Гродзенскія будаўнікі цаніліся высока. Яны працавалі нават у Вільні, Варшаве, Маскве. Існавалі багатыя цэхі збраяроў, кавалёў, разьбяроў, мечнікаў і інш.
Гады рэлігійнай барацьбы (я яшчэ раскажу пра гэта) шмат пашкодзілі гораду. Магнаты і духавенства захаплялі землі, капілі майно, узводзілі царкоўныя будынкі (шмат іх засталося і цяпер), выцяснялі рамеснікаў і гандляроў. Народ глу-
1 Падчас адной бітвы ў Ламбардыі дзве арміі рыцараў, чалавек па 300 кожная, ад усходу да захаду секліся мячамі. Загінуў адзін. Упаў з каня, і яго затапталі. Порах пасля. вядома, змяніў справу.
ха бурліў. Гродня была цэнтрам вальнадумства і гуманізму. Выдаваліся (1567) брашуры, у якіх адмаўлялася ўлада, усхвалялася свабода веры, агульнасць маёмасці, прапаведавалася аддзяленне касцёла ад дзяржавы, гаварылася, што розніцы не павінна быць між каралём і народам, шляхтай і плебеямі... У Гродні жыў беларускі філосаф-атэіст Кашпар Бекеш. Царкоўнікі адмовіліся яго хаваць (памёр у 1579 годзе), і сябры яго пахавалі ў Вільні і напісалі на камені яго ж словы: «Не хачу прызнаваць Бога, пекла не баюся... не непакоюся аб целе і не болей аб душы, яна разам са мною памерла».
Народ адкрыта бунтаваў, аж да вольных узброеных атрадаў... А потым, як паўсюль: упадак феадалізму, капітал, паўстанне 1863 года, якое грымела на Гродзеншчыне асабліва моцна, рэвалюцыя і акупацыйны рэжым, зноў барацьба, зноў рабунак з боку паноў, беспрацоўе і адмаўленне нават у праве на мову. Забастоўкі ўспыхвалі і ў Гродні. У 1936 годзе — на ўсіх прадпрыемствах.
I 1939 год... А пасля зноў вайна, партызаншчына, падполле. Звычайная гісторыя незвычайнага беларускага горада, па вуліцах якога мы зараз і пойдзем.
Давайце на гэты раз пачнем ад сучаснай прамысловасці. На правым беразе Нёмана, блізка да цэнтра горада, высяцца карпусы тонкасуконнага камбіната. У іншыя рэспублікі адсюль адпраўляюць амаль дваццаць відаў ваўняных тканін.
Гродзенская бавоўнапрадзільная фабрыка — гэта баваўняная пража для трыкатажных і ткацкіх фабрык (у 1969 годзе дасягнула праектнай магутнасці — 11 250 тон). Есць у Гродні два скураныя заводы і абутковая фабрыка. Шмат харчовых прадпрыемстваў. Цыгарэты і папяросы адпраўляюць адсюль амаль у сто сорак гарадоў СССР. Робяць тут добрую мэблю, шкло і іншыя тавары.
Нітка Дашаўскага газаправода прыводзіць урэшце да самага галоўнага гродзенскага прадпрыемства, Гродзенскага хімічнага камбіната, створанага ў 1970 годзе на базе азотна-тукавага і капралактамавага заводаў. Калі вы ўгнойваеце аміячнай салетрай калгасны лён, кветнік пад сваімі вокнамі — магчыма, што яна гродзенская. Калі бацькі вашы на ферме падгадоўваюць худобу карбамідам (мачавінай), сінтэтычным
рэчывам, што змяшчае азот,— карбамід можа быць гродзенскай вытворчасці. Ну, і яшчэ аміячпая вада, таксама ўгнаенне, толькі вадкае, і серная кіслата, і азотная кіслата, і капралактам, з якога робяць капронавае валакно.
Існуе тут завод карданных валоў. Калі ёсць у вас знаёмы шафёр велікагрузнай машыны тыпу МАЗ, КрАЗ, ЗІЛ і ў яго здарылася няшчасце — «паляцеў» карданны вал,— можаце быць амаль упэўнены, што ваш вадзіцель заменіць яго валам з горада на Нёмане.
Што яшчэ? Ну, скажам, заводы аўтамабільных агрэгатаў, гандлёвага машынабудавання.
Горад бурна расце. А значыць, яму неабходна вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. Таму ўзнікаюць заводы зборнага жалезабетону, жалезабетонных канструкцый, буйны домабудаўнічы камбінат.
Або давайце прагледзім шлях ствала дрэва. Вось яго прывезлі на Гродзенскі дрэваапрацоўчы камбінат, пасля прадукцыю камбіната — на мэблевую фабрыку. I ў новым доме з’яўляецца гродзенская мэбля, а ў дзіцячым кутку — цацкі з гродзенскай фабрыкі.
Як бачыце, амаль усё сваё.
У горадзе добра збераглася старая частка з вузкімі вуліцамі і сівымі мурамі.
Горад зялёны. Тут больш, чым ва ўсіх беларускіх гарадах, плюіпчу і вінаграду на сценах. Вуліцы старога горада разбягаюцца радыусамі, з-за муроў глядзяць купы дрэў, і ў іхняй зелені вельмі прыгожа выглядае чырвоная чарапіца, абмытая дажджом.
Тут ёсць што паглядзець. Ад доміка, дзе жыла славутая польская пісьменніца Эліза Ажэшка, і да старажытных будынін.
У горадзе адзіны ў рэспубліцы заапарк (пабудову вялізнага сучаснага парку ў Мінску яшчэ толькі праектуюць), якому каля 50 год. Заснаваў яго фактычна гродзенскі аматар прыроды Каханоўскі. Зараз у ім каля ста пяцідзесяці відаў жывёл.
Ну і давайце паблукаем па старым горадзе, бо тут, як нідзе, збеглася гэтая самая старажытнасць, геній нашых продкаў. У
цэнтры горада, як я казаў, будынак не самы стары. Гэта замак Баторыя, у якім зараз музей. Больш як 100 тысяч экспанатаў. У бібліятэцы — болып за 25 тысяч кніг. У экспазіцыі — працы даўніх майстроў, побыт нашых продкаў, старыя кнігі, манеты XVI—XVII стагоддзяў, граматы XVI—XVIII стагоддзяў, зброя XIV—XIX стагоддзяў, унікальная мэбля, партрэты, этнаграфія, археалагічныя экспанаты. Тут можна хадзіць гадзінамі і глядзець то на трохсотгадовае крэсла з рэльефам — крыху карыкатурным — панскай п’янкі, выразанай на спінцы; то на прадметы побыту першанасельнікаў, то нават на кубак М. Агінскага, дзядзькі славутага аўтара паланэза, які таксама быў кампазітарам і, у дадатак да таго,— вялікім літоўскім гетманам.
На ганку музея — гарматы, у свой час патопленыя Пятром I, калі ён вымушаны быў адступаць ад Гродна. Іх паднялі з дна Нёмана. Але цікавей за ўсё сам двор. Яго і замак абкружае яр, зарослы волатамі-дрэвамі. Праз яр у браму вядзе скляпеністы мост. Па краі стромы, што аддзяляе двор ад Нёмана,— рэшткі муроў старога, яшчэ Вітаўтавага замка. Цяжкія брылы нічым не ўпрыгожанага каменя. I тут жа, пад каўпакамі, два збудаванні, якія наводзяць на роздум. Рэшткі Прыдворнай, Ніжняй царквы, першай каменнай пабудовы Гародні, цёмныя, глыбока пагружаныя ў зямлю. I... курная хата, якую руплівым працаўнікам музея ўдалося недзе адшукаць і перавезці сюды. Закуранае чорнае бярвенне, малыя вокны. Бярлог, а не хата.
Дзівіцца тут, урэшце, няма чаго. Бываюць сем'і, у якіх нібы адвеку закладзена кансерватыўнасць. Дырэктар саўгаса «Мала-Мажэйкава» калісьці расказваў мне, што ў іх сяле была такая хата і ў ёй... жыў чалавек. Саўгас вельмі багаты, з развітой эканомікай. Усе хаты як званы, набудавана шмат новых цагляных дамоў, і аднаі двухпавярховых. А тут жыве стары дзед у ледзь не двухсотгадовай хаце, прычым курнай, і не хоча нікуды ісці. Хата новая яму пабудавана — ну, псуе ж твар вёскі тая халупа, хай сабе і з моцнага калісь дрэва! — амаль кожны дзень яго ледзь не на каленях моляць, сын, палкоўнік, і лісты пісаў, і прыязджаў.
Але — адзін адказ: «Тут здаравей, прывык за свой век, a як толькі заходжу ў новую, у мяне адразу галава пачынае балець».
Тады дырэктар у глыбокай тайне дамовіўся з трактарыстам, каб той, у час, калі дзеда не будзе ў хаце, «незнарок» зачапіў трактарам рог. Той і зачапіў: «Ненаўмысна, дзед, дальбог, выпадкова, каб мне вочы вылезлі, незнарок — ну вось грошы на!» (Грошы, ясна, былі дырэктаравы.)
Дзед кляў так, што палова вёскі сабралася: «Зачапіў, каб цябе так за рэбры чаплялі; знёс, каб цябе так з машынай тваёй з моста знесла; села хата на кут, каб цябе так на покуць ніколі не садзілі і толькі раз галавою паклалі»1 — ну і г. д. Таямніцу яму адкрылі толькі тады, калі ён не толькі прывык да новай хаты, але і нахваліцца ёю не мог. Тут трэба, дарэчы, заўважыць, што яшчэ да параўнальна нядаўняга часу на Беларусі лаянкі амаль не ведалі, а замест яе існавалі вось такія «кленічы». Бывалі такія майстры-імправізатары, што і не хацеў бы, а спынішся паслухаць сварку. Вынаходлівасць у параўнаннях — незвычайная.
...Калі глянуць з замчышча ўніз па плыні Нёмана — убачыш за Гараднічанкай, над стромай, маленькую цэркаўку ў шатах векавых дрэў. Тры сценкі яе каменныя, а тая, што над Нёманам,— драўляная. Чацвёртая сцяна была пашкоджана ў войнах сярэдневякоўя, пасля — у Шведскую вайну, а пасля, у час небывала высокай паводкі, упала з падмытым берагам у раку. Бераг умацавалі, а сцяну зрабілі драўляную.
Гэты будынак — адзін з найвялікшых шэдэўраў дойлідства старажытных славян. Каложская царква (XII стагоддзе).
Мы здымалі фільм. Увайшлі ўнутр. Нічога. Цесны ход на неіснуючыя хоры. Белыя муры, і ў іх плямы галаснікоў-збаноў, умураваных у кладку. Для рэзанансу. Я ўспомніў летапісны факт, што, калі царкву пабудавалі, гародзенцы папрасілі дазволу «пагукаць і пасвістаць» у ёй, «ці галасна?». Свістаць я не стаў, бо свістаць у васьмісотгадовых будынках — гэта забыцца на сумленне. Вырашыў праспяваць нешта старое. I заспяваў
1 Г. зн., каб ніколі не садзілі, як ганаровага госця, а толькі раз паклалі ў кут галавою, як памрэ.
«На цвярдыню тваю мы ўпаваем». У мяне звычайны голас, як кажуць — «някепскі для сярэдняга». Больш-менш верны хіба што. Але тут ён гучаў так, што ва ўсіх аж мурашкі па спіне пабеглі. Нібы той Шаляпін! А што было б, каб тут заспяваў ён?
«Галасна», ой, «галасна»!
Здымаць было цяжка. Бо з дрэва якраз «сонечны» бок будынка, а на каменныя бакі сонца падае толькі ў доўгія дні, на заходзе. Кладка муроў тут незвычайна раскошная. У іх устаўлены плоскай формы рознакаляровыя валуны, зялёныя, чырвоныя з палосамі, густа-карычневыя, сінія, усякія. I яшчэ ромбы, квадраты, крыжы з маёлікі. Каб змыць пыл і зрабіць больш бліскучай паверхню, мы аблілі муры вадой. I тут на іх упала сонца! Што тут было! На маёліцы і валунах успыхнулі аранжавыя, ружовыя, чырвоныя, зеленавата-сінія туманныя вясёлкі. Перад намі стаяла нешта, што было стократ яскравей за паўліна. Каменная райская птушка! I ўся яна нібы зыбілася, зіхацела, плыла ў паветры, выцягвалася ў неба.
У XVII—XVIII стагоддзях магутна ўскінула каменныя хвалі франтонаў і мачты сваіх званіц барока. Той, хто не бачыў Гродзенскага фарнага, комплексу манастыра брыгітак або францысканскага касцёла за Нёманам,— уяўленне таго ад нашага захаду заўсёды будзе няпоўнае. А «лямус» — драўляны будынак з XVII стагоддзя ў двары брыгітак. Першы паверх для маёмасці, другі — інтэрнат. I вакол арачныя галерэі. I паўсюль — ніводнага цвіка, толькі ўсечкі і драўляныя кліны.