Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
«Не ідзі да паноў на гулянку — косткамі закідаюць». Таму я і не стану гаварыць пра ўсе культуры, што мяняліся тут, пра іхнюю кераміку (хаця, на мой погляд, самая прыгожая — чорная, нібы закураная і адлакіраваная,— кераміка паморская), пра тое, ці продкі славян людзі зарубінецкай культуры
і, адсюль, ці не з’яўляюцца прарадзімай славян мясцовасці па Верхнім і Сярэднім Прыдняпроўі (дзе зараз поўдзень Віцебскай, Магілёўская, Гомельская і Кіеўская вобласці, парэчча Прыпяці з яе прытокамі і мясцовасці па Дзясне). «Паны»-археолагі і самі спрачаюцца аж да чубоў, а ўжо чужога закідаюць косткамі, хай сабе і курганнымі. Ад іх таксама баліць.
Ва ўсякім разе, пятнаццаць стагоддзяў назад тут, на нашай зямлі, ужо сядзелі славяне.
Самым раннім славянскім гарадзішчам на тэрыторыі Беларусі лічыцца Хатомель, што пад Столінам (VI—XII стагоддзі). На Украіне ёсць таксама тагачасныя славянскія пасяленні (на цяперашнюю тэрыторыю РСФСР славяне прыйшлі і аселі на ёй значна пазней). Мне пашчасціла пабываць на Хатомельскім гарадзішчы.
Рэдкія там вёскі, але, як кажуць, меткія. У вёсцы Рубель 1800 двароў — «Гэто ж наш Кітай» (мясцовы жарт). Ад гэтай вёскі я спачатку ехаў машынай, пасля ішоў пешшу праз мокры луг і балота. Летнія аблокі, гарачыня, грузнуць ногі — ясна, што ў часы першых славян тут была непраходная дрыгва. Падплысці можна было толькі Гарынню, а цяпер і яна пайшла адсюль, пакінуўшы ля ўзвышша старыцу. Там, дзе балота і ракі няма,— падвойныя валы і рвы. Тады на валах былі драўляныя клеці, засыпаныя пяском. Цяпер — нічога. Валы параслі хмызамі, на месцы селішча — жыта. Сіне-зялёны лес на гарызонце ды ямы на месцы раскопаў. Бязлюддзе. Усё аплыло. А якое вірлівае, буянае жыццё кіпела тут калісь...
Ішоў адтуль па кладках і праваліўся. Праз пару кіламетраў мужыкі перасцілаюць мост. Адзін:
—	О, цяпер саўсем як нашы людэ па нагах.
—	I нашае гразі з сабой крыху ўвязэце,— смяецца баба.
I я смяюся ў адказ. Спрадвечныя тутэйшыя людзі. Нашчадкі тых... I значыць, нішто марна не прапала на зямлі.
I ненавідзелі яны, як мы, і кахалі, і ставілі добрым бацькам каменныя надмагільныя піраміды на берагах возера Бяздоннага. I нам пакінулі сваю справу.
Плямёны тыя пад уплывам старонняй небяспекі ператвараюцца ў той даўні час у племянныя саюзы. Некалькі такіх
саюзаў склаліся на тэрыторыі Беларусі: крывічы, дрыгавічы, радзімічы і драўляне (паўночная галіна гэтага племя). Плямёны і сапраўды былі дужа адасобленыя. Палянін лічыў, што драўляне «жывуць, як дзікія звяры», і наадварот. Трэба думаць, што аб’ядноўвала іх агульнасць мовы (з нязначнымі дыялектнымі адхіленнямі, скажам, як цяпер у жыхара Піншчыны і жыхара Полаччыны), агульнасць гандлёвых мясцін і агульнасць асноўных багоў, а напэўна, і агульнасць свяцілішчаў. Ідалаў знаходзяць досыць рэдка. Каменных. A яны пераважна былі драўляныя. Ды й знішчылі іх многа. Самы славуты, з-пад Супрасля, быў вывезены. Але і зараз у многіх музеях глядзяць на нас іх каменныя вочы.
ПРАДЗЯРЖАВА I ЯЕ ЛЮД
Усё цягнула плямёны да яднання. I ворагі, і мова, і нават галоўная гандлёвая артэрыя — шлях «з варагаў у грэкі». Таму пачатак свядомай гісторыі будучых украінцаў, рускіх, беларусаў — адзіная дзяржава, Кіеўская Русь. Таму не буду я асабліва гаварыць пра гэты перыяд. Вучылі ж вы гісторыю СССР. Ведаеце, што тры Сафіі, тры сястры стаялі ў зямлі палян (Кіеў), зямлі крывічоў (Полацк) і зямлі славенаў (Ноўгарад), ведаеце, якія былі князі, як і з кім ваявалі. Ведаеце нават, што ў нас агульныя помнікі літаратуры, напрыклад, «Слова аб палку Ігаравым», і хто скажа, дзе нарадзіўся ягоны аўтар? У Ноўгарадзе? Але яшчэ А. Кіркор і У Сыракомля ў мінулым стагоддзі спрачаліся наконт крывіцкіх і дрыгавічанскіх элементаў у «Слове...». Ясна адно, што аўтар «Слова...» быў чалавек дужа бывалы. Да дробязяў ведаў тапаграфію ўсёй Кіеўскай Русі, аж да таго, што Маці Божая Пірагошчая ў Кіеве стаіць над Борычавым узвозам і што ў Мінску цячэ невялічкая рэчка Няміга.
Для абароны ад сквапнага чужынца складалася гэтая агульная наша прадзяржава. I яшчэ больш умацавала яе прыняцце хрысціянства, а з ім і пашырэнне пісьменства, прычым не толькі сярод знаці, а і сярод народа. Калі раскопвалі Бярэсце (я ўжо казаў аб гэтым), знайшлі не толькі зрубы, маставыя з
бярвення і іншае — прычым зберагліся яны куды лепей нават, чым у Ноўгарадзе,— а і такую, напрыклад, рэч, як грабеньчык, на якім былі выразапы літары кірылаўскай азбукі. Або ўспомнім берасцяную віцебскую грамату.
I, аднак, хрысціянства на тэрыторыі Беларусі доўга і ўпарта не прымалі. Магчыма, ненавідзячы асабіста князя Уладзіміра, што спаліў Полацк, забіў князя Рагвалода з сям’ёю, дачку ягоную ўзяў за сябе, а пасля, калі прывёз нявесту з Візантыі (з высокіх дзяржаўных меркаванняў), выселіў Рагнеду ў Ізяслаўль («вал Рагнеды», або «Гарыславы», паказваюць у Заслаўі і сёння). А можа, змагаліся за незалежнасць хатніх ачагоў, памяталі, што ваявода Воўчы Хвост учыніў разню ў зямлі радзімічаў; след гэтай разні збярогся ў бессэнсоўнай, на періпы погляд, дражнілцы: «Мсціслаўцынедасекі (нашчадкі тых, каго не забілі) ваўчынага хваста баяцца». А можа, праяўляўся і кансерватызм. Рэшткі язычаскіх вераванняў былі на Беларусі жывучыя, як нідзе. Нават у канцы XVIII стагоддзя адзін свяшчэннік даносіў у кансісторыю, што сяляне адной вёскі таемна трымаюць нейкага ідала.
I ўсё ж паўсюль пачалі трапляцца карчагі з надпісамі на баках, вераценныя прасліцы,— надпісы тут часам не дужа пісьменныя, напрыклад: «бабнно прясльнец» замест «прясльпце»,— каменныя надпісныя крыжы і іконы, a то і камяні — помнікі эпіграфікі. Проста ў вадзе Дзвіны ля Полацка ляжыць камень з надпісам: «Господн помозп рабю своему Борнсу». Або на камені, што ляжыць на полі ля Коханава: «В лето 6679 (1171) месяца мая в 7 день доспен (высечаны) крест снй; господн помозн рабу своему Васнлпю в креіценнн нменем Рогволоду, сыну Боріісу». Бачыў я такія камяні. Дзіўны настрой ахоплівае ля іх чалавека, пачуццё прыналежнасці да гісторыі.
I ўсё ж дарэмна некаторыя лічаць, што пісьменства распаўсюджана было шырока. Спасылаюцца на бяросту: «От Степана кь Нежнловн. Оже есн продал порты (адзенне), a купн мн жнта за 6 грнвень. А лй цего есн не продал'ь, а послн мне лнцемь (гатоўкаю). А лн есн продаль, а добро сьтворя у купн мн жнта». Кажуць, вось мужык, вось недарод, бедны, a
пісьменны. Нішто сабе бедны, калі мае адзення на продаж болып як на 6 грыўняў. На 6 грыўняў тады можна было наняць чатырох наймічак тэрмінам на 6 год. Усё ж, мабыць, пісьменныя былі найболып людзі грашавітыя.
Бяднейшыя жылі ў маладых яшчэ гарадах ці па вёсках, займаліся рамяством або аралі зямлю. Сеялі жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, грэчку (глупства гэта, што завезлі яе ў Еўропу арабы ў XV стагоддзі; знаходзяць на Беларусі, скажам, у Гродні, зерні грэчкі значна ранейшага часу, ды й сама назва звязана з «грэцкім жытам», з Візантыяй), боб, лён, гарох, каноплі. Палявалі, лавілі рыбу, выдзіралі пчаліныя борці. А вярхушка, вядома, ваявала, правіла, чыніла суд, жыла на дзядзінцы ў дамах, дзе муры распісаны былі шматкаляровымі фрэскамі, піла з прывазнога іранскага фаянсавага посуду ці са свайго, шклянога, гуляла ў шахматы (знойдзены фігуры), мела нават забаўкі, якія проста прыкрашалі дом.
У гэты час з’явіліся першыя пісьменнікі. Літаратура, створаная імі, гэта яшчэ рэлігійная, царкоўная літаратура: жыція святых, паломніцкія падарожжы, царкоўныя казані. Але паглядзіце, як жыва гучыць, напрыклад, апісанне вясны ў Кірылы Тураўскага (XII стагоддзе): «Сёння сонца красуяся да вышыні ўсходзіць і красуяся зямлю агравае... Сёння... скончылася зіма і лёд... растаяў... Цяпер вясна красуецца, ажыўляючы прыроду зямную; бурныя ветры, ціха павяваючы, плады цалуюць, і зямля, гадуючы насенне, нараджае зялёную траву... Сёння навароджаныя ягняты... скачуць і, хутка да матак сваіх вяртаючыся, весяляцца. Сёння дрэвы парасткі выпускаюць і кветкі водарныя працвітаюць, і вось ужо сады струменяць салодкі пах... Сёння ўсе добрагалосныя птушкі... весяляцца... і, сваю кожная спяваючы песню, славяць Бога нямоўчнымі галасамі». Праўда, зусім як майскі вечар, калі адпачываюць людзі на прызбе ля хаты. Сады цвітуць. Дзеці бегаюць і кідаюць шапкамі ў хрушчоў або калоцяць іх з дрэў. Гэта і тады было так.
I ПАЎСТАЎ РОД НА РОД I ПЛЕМЯ НА ПЛЕМЯ
Жукі і кветкі і дзеці былі такія самыя. He такі быў толькі час. Час, калі дзяліліся людзі на смердаў і лепшых людзей, калі асветніца і, магчыма, самая разумная жанчына эпохі, Ефрасіння Полацкая, радасна, не бачачы ў гэтым ахвяры, ішла ў манастыр, калі, урэшце, пачаўся феадальны разброд, войны, у якіх адзін славянін павінен быў забіваць другога славяніна...
Страшна чытаць тагачасныя летапісы. Няма сваяка, бацькі, друга, брата — ёсць прэтэндэнты на ўладу. Князі грызуцца, як псы. Гэтым карыстаюцца ворагі. Міцкевіч піша пра гэты час:
Тым часам Мешка ў княскім замку седзеў: Рвуць край правадыры, а з-за мяжы — суседзі.
I адбіваўся стогн, што енчыў люд падданы, Ад гарадскіх муроў, ад вежаў, ад паркана, Калі ж і далятаў да княжаскага вуха, To князь ім пагарджаў ці краем вуха слухаў.
«Мешка, князь Наваградскі»
(Пераклад мой.— У. К.)
Былі ў гэтай барацьбе, што праўда, і свае героі, свае рыцары. Пра двух, што дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, гаворыць аўтар «Слова...». Адзін — Ізяслаў сын Васількоў, які, пазваніўшы мячамі аб літоўскія шаломы, нерухома ўлёгся на крывавай траве і па якім так сумна плакалі гародзенскія трубы.
Другі і ўвогуле асоба фантастычная, асоба-міф. Па дзёрзкасці, па здатнасці ўладна ўзяць рукамі ўдачу і не адпускаць яе. I вось што дзіўна. Усяслаў Полацкі шмат разоў ваяваў і з Ноўгарадам і з Кіевам, а аўтар «Слова...» чамусьці не асуджае яго і толькі моліць яго нашчадкаў кінуць сваркі і ўсобіцы, каб вярнулася магутная слава Усяслава. Чаму? Можа, таму, што людзям заўсёды быў па сэрцы смелы, удатны, вясёлы, сказаў бы я, авантурызм добрага толку. Той, калі ў прыго-
дах не шукаюць для сябе асабістай выгады, калі чалавек таленавіты нават у недахопах. Па-здрадніцку ўзялі ў палон, кінулі ў цямніцу, а кіяўляне падчас паўстання вызвалілі яго, пасадзілі на «стол». Здавалася б, веліч, слава, сіла, ды яшчэ ў спалучэнні з мужнасцю, з талентам не абы-якога дзяржаўнага дзеяча. А ён у гэтай славе, у бязмерна багатым Кіеве... чуе, як ударылі званы Сафіі Полацкай. Мабыць, бачыць лясы, занесены снегам пасад, чуе ваўчынае выццё за весніцамі вёсак, лёд у вёдрах і калматы цень, што калыхаецца на сцяне.