Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
I нічога ўжо яму не трэба. I ён скача лютым зверам «в пльночн нз Белаграда... отворн врата Новуграду, разшнбе славу Ярославу, скочіі вльком до Немнгп...».
Чарадзей. У ваўка можа ператварацца. 3 яго, мабыць, і пайшла цалкам даставерная («усё праўда») здольнасць найбольш спрытных і здолызых беларусаў нібыта перакідацца ў ваўкалакаў, па сваёй ахвоце ператварацца з чалавека ў ваўка і наадварот.
ЛІТВА. БЕЛАЯ РУСЬ
Насоўвалася бяда. 3 аднаго боку крыжакі, з другога — татара-мангольская навала.
I што з таго, што ад татараў паўночна-заходнім, беларускім княствам удалося адбіцца, што ў першай бітве пад Крутагор’ем татарская цьма пабегла ад мячоў войска, якім кіравалі Скірмунт і Ракутовіч, што ад Слуцка іх адбіў слуцкі князь, ад Крычава бязведамны Іванка, хутчэй за ўсё нават просталюдзін. Краіна знемагла. Вядома, на баку літоўцаў, па гэтай прычыне, была ваенная сіла, але затое яны і княствы беларускай тэрыторыі былі добра азнаёмлены адзін з адным.
Яднанне ўласна літоўскіх земляў (Жэмайціі і Аўкштайціі) з землямі беларускімі стала гістарычнай неабходнасцю. Рускія княствы былі захоплены татарамі, якія былі страшнай пагрозай для княстваў паўночна-заходняй Русі. 3 поўначы і Беларусі і Літве пагражаў Лівонскі ордэн, з захаду пагражаў
Тэўтонскі — страшная пагроза самаму існаванню як літоўцаў, так і славян.
Без яднання было не жыць. Без яднання заставалася толькі адно: знікнуць, згінуць, не пакінуўшы нават імя на твары зямным.
Дальнабачлівыя людзі з Беларусі, якія прагнулі спакою і парадку для пашматаванай, абяскроўленай роднай зямлі, не памыліліся. Нічога новага літоўцы не ўнеслі, акрамя жыццёва патрэбнай моцнай вярхоўнай улады, нічога не змянілі. Наадварот, праводзілі палітыку цярпімасці, асядалі на новай зямлі, жаніліся са славянкамі, прымалі хрысціянства. Ужо ў другім-трэцім пакаленні старабеларуская мова стала іхняй мовай, мовай суда, мовай дзяржаўных актаў. Як пазней мова стараўкраінская стала на поўную моц гучаць у актах, складзеных дзе-небудзь пад Кіевам. Урэшце, дзяліць адну ад другой у той час яшчэ цяжкавата. Была, праўда, розніца ў гаворках, але, мабыць, і не болей.
Яны, нешматлікія, растварыліся ў славянскім моры ва ўсіх мясцінах, куды прыйшлі. I толькі на землях, адкуль яны былі родам (у Жэмайціі і Аўкштайціі) засталася (і то пераважна сярод сялян, мяшчан і часткі дробнай шляхты) жывая літоўская мова. Як балгары прынеслі склавінам і антам толькі назву будучай дзяржавы, так і літоўцы: «Літва», «Вялікае Княства Літоўскае».
На стварэнні Вялікага Княства Літоўскага беларусы нічога не страцілі, хутчэй прыдбалі. Прынамсі, на першы час, да уніі. Пазбавіліся жудаснага татарскага і крыжацкага рабства, якое сушыла самы дух, збераглі кнігу, навуку, родную мову ў судзе і дзяржаўных установах, законы на роднай мове і, прытым болып дасканалыя, чым у многіх суседзяў.
Стварыўся баявы саюз, федэрацыя розных народаў.
У гэтай федэрацыі пачала складвацца ў XIII стагоддзі асобная беларуская мова і сам беларускі народ.
Па тагачасных кнігах пра гэта не заўсёды скажаш. Чаму? Бо людзі тады пісалі па традыцыі, і таму на пісьме гэтыя новыя асаблівасці нашай мовы амаль не праяўляліся. Кніга не адлюстроўвала праўдзівага стану мовы. Мы ведаем, што людзі ўжо так гаварылі — толькі па іх досыць частых апісках ды па
свяшчэнных кнігах беларускіх татараў «Аль-Кітабах», якія пісаліся па-старабеларуску, але арабскім шрыфтам. А арабскі шрыфт мае літары дз і мяккае у і іншае і таму дае магчымасць аднавіць фанетыку беларускай мовы ў тыя часы, дае ключ да чытання кніг і рукапісаў, пісаных кірыліцай.
Увогуле ж усходнеславянскія народы пісалі тады амаль аднолькава, хаця гаварылі па-рознаму. Таму аддзяліць нашы тагачасныя літаратуры вельмі цяжка. Хто такія былі славутыя друкары браты Мамонічы, што выдалі ў XVI стагоддзі столькі кніг і для Беларусі і для Украіны? Хто быў Мялеці Сматрыцкі, пісьменнік і грамадскі дзеяч (1572—1630), што нарадзіўся на Падоллі, а вучыўся і працаваў у Вільні? Гэтага амаль немагчыма вызначыць. Гэта толькі зрэдку ў тыя гады і нават часам пазней можна было вызначыць, што вось друкар-асветнік Францішак Скарына і паэт Сімяон Полацкі — беларусы, а, скажам, Іван Вішанскі — украінец, Пятро Мсціславец — беларус і, хутчэй за ўсё, або вучань, або вучань вучня Скарыны, а Іван Фёдараў — рускі. Хіба друк з Беларусі не перакінуўся ў дзяржаву Маскоўскую, а адтуль — калі фанатыкі спалілі друкарню Фёдарава і Мсціслаўца — назад, на Беларусь, разам з уцекачамі, а пасля — на Украіну. Хіба палымяная публіцыстыка Вішанскага, яго пякучы сарказм не далятаў на Беларусь, хіба яго тут прагна не чыталі? А хіба Сімяон Полацкі не вучыўся ў Кіева-Магілянскай акадэміі? Хіба кнігі Скарыны не ведалі на Украіне і ў Расіі?
НЯЗМЕРНА ЦЯЖКІЯ ЧАСЫ
3 цягам часу ўсё больш і болып праяўляюцца дзве плыні. Першая — рост феадальных павіннасцяў і ўрэшце канчатковае заняволенне значнай часткі беларускага сялянства. Другая — узмацненне барацьбы між каталіцызмам і праваслаўем на землях беларускіх.
Першае ішло ад таго, што дзяржава рабілася гандлёвай, што ў Заходняй Еўропе бурна развівалася прамысловасць і там узрастаў попыт на пяньку, лён, хлеб, лес. Магнаты павялічвалі плошчу палёў, патрэбны былі рукі. У 1557 годзе
была праведзена рэформа так званай «валочнай памеры». Зямлю падзялілі на «валокі» (21,3 гектара), за кожнай валокай замацавалі «дым», адну гаспадарку. За карыстанне валокай, адпаведна якасці і колькасці (можна было мець і больш за валоку зямлі), дым адрабляў пэўныя павіннасці. На захад пацягнуліся абозы, паплылі караблі з плёнам сялянскіх рук. Раскоша пануючых усё ўзрастала. Ніводны сучасны чалавек не згадзіўся б жыць так, як жыў нейкі там наваградскі князь у пачатку XIII стагоддзя. Вільготныя голыя муры, камяніцы, лавы, укрытыя шкурамі, ложак — рэдкасць, грубыя сталы, некалькі крэслаў, іконы, пара скрыняў,— і што з таго, што на стайні шмат коней, што ў куфрах трапляюцца срэбныя рэчы, што вопратка з каштоўных футраў... А пасля — унутры муроў і веж — палац, у якім сцены абабіты шоўкам, мэбля — аксамітам, вярхі веж — ліставым золатам. На чалавеку індыйская парча, пярсцёнкі коштам у гадавую працу вёскі, залатыя ланцугі з медальёнамі, зброя, усыпаная камянямі, якім няма цаны. За прамысловасць, за ўзбагачэнне, за раскошу плаціць мужык. Але не толькі плаціць, але і паўстае.
...У той жа час пачаліся сутычкі паміж католікамі і праваслаўнымі. Тэўтонскі ордэн усё яшчэ пагражаў, рабіўся мацнейшы. Трэба было шукаць з кімсьці саюзу. Народ, мяшчане, купецтва былі за саюз з Масквой. Блізкія мовы, адна вера. Але Масква ў той час яшчэ плаціла дань татарам. Нават пасля Кулікова поля, аж да «стаяння на Угры» (1480), калі да Івана III падыходзілі падмацаванні, а да хана Ахмата не падышла падмога ад караля Літвы і Польшчы Казіміра IV, не падышла, дарэчы, таму, што супраць караля ўзняўся бунт беларускіх праваслаўных князёў: дапамогшы Маскве, самі яны паплаціліся галовамі, а край яшчэ больш падпаў пад уплыў каталіцызму.
Дык вось, значная частка магнацтва лічыла, што Масква далёка, а ордэн блізка і трэба заключыць саюз з Польшчай, а значыць, і прымаць тую самую веру, што там. А тут яшчэ й бунты, змовы, нават буйныя, беларускіх праваслаўных феадалаў (змова М. Глінскага, з узяццем Турава і Мазыра, нападам на Слуцкія і Капыльскія землі — 1506 год).
Так з Полыпчай у замку Крэва ў 1385 годзе была заключана унія. Папа падтрымліваў караля Ягайлу і ўзяў з яго слова перавесці ў каталіцтва беларусаў і ўкраінцаў. Унія дапамагла зваліць крыжакоў, але яна ж нарадзіла стагоддзі барацьбы ўкраінцаў і беларусаў з акаталічваннем і была адной з прычын, якая ўрэшце прывяла да заняпаду, а пасля і да падзення Польшчы. Бачыце, як яно ў гісторыі — торгні нават за самую нязначную, здавалася б, нітку, і неадменна яно адгукнецца. He сёння, дык праз трыста год.
Думка аб уніі, як на добрых людзей, дык была і някепская. Нашто, сапраўды, рэзаць адзін аднаго за тое, што казак Підапрыгара і магілёўскі мешчанін Раман Дзевачка хрысцяцца двума пальцамі, а шляхцюк Пшыпшэцкі — пяццю. Глупства! Але за вонкава добрай ідэяй рэлігійнага міру — дбаннем ваўкоў, што стаялі над народамі,— людзей паўсюль чакала рабства, зняверанне, страта мовы, прагная лютасць блізкіх і далёкіх суседзяў.
Змаганне было лютае з абодвух бакоў і часам ледзь не пераходзіла ў рэлігійную вайну. I гэта не быў фанатызм. Беларус не фанатык, і нават у той час яго адносіны з небам былі досыць фамільярнымі і іранічна сяброўскімі. Вось дужа старая легенда. Сустрэліся дзве бабы:
— Куды ідзеш, кума?
— Іду ў касцёл закупіць імшу (абедню) на свайго лютара (аспіда, змея, каіна,— маецца на ўвазе муж).
— Ды ты, кума, глядзі не памыліся, не закупі імшы ў Пана Езуса; яны мужыкі, гады, усе аднолькавыя — адзін за аднаго, як цыган за цыгана, цягнуць. Глядзі не памыліся ды закупі імшу ў Маці Боскай. Яна баба, яна ўсё разумее.
Гэта быў не фанатызм, гэтыя сутычкі і гарадскія бойкі, a абарона чалавечай годнасці.
Грунвальд знішчыў агульнага ворага славян, але ў Княстве ўсё і далей ішло па-ранейшаму. Занадта далёка зайшлі. Панства было на тры чвэрці акаталічана, ганарылася «вышэйшай культурай» (а між тым судзілася, нават у Польшчы, законамі, пісанымі па-беларуску), звала сялян быдлам. Барацьба цягнулася.
Кіраўніцтва гэтай барацьбой узялі на сябе брацтвы. У брацтва плацілі ўзносы і шляхціц, і селянін (прычым унутры брацтва першы не быў вышэй за другога). Яны будавалі друкарні, клапаціліся аб асвеце, заводзілі для дзяцей школы на роднай мове, падтрымлівалі прапаведнікаў і пісьменнікаў, якія стаялі за іх. Так спляліся ў адно эканоміка, рэлігія, мовы (шляхціц-эксплуататар, католік, найчасцей «паляк»; селянін і гараджанін — прыгнечаны, праваслаўны, «беларус»). Але былі праваслаўныя шляхціцы і католікі-сяляне.
I вось народ, раздзёрты на дзве паловы, зубамі рваў брата па крыві.
Адны марылі голадам — другія паўставалі. У гэтыя гады асабліва ўзмацнела дружба між Украінай і Беларуссю. Нашы сяляне тысячамі ўцякалі на Сеч. Усім вядома, што нянавісць просталюдзіна да чужынца пана вылілася на Украіне ў такі заядлы рух, як казацкі, што скончыўся патрасеннем Рэчы Паспалітай і адпадзеннем Украіны. На Беларусі такога не было. He было такой вайсковай арганізацыі, як Сеч, што «трэніравалася» валодаць шабляй, рушніцай, воінскім строем на крымчаках, што заўсёды была пры зброі, заўсёды магла выбухнуць бунтам — паспрабуй толькі яе зачапі. Беларус быў у той час звычайны «грэчкасей», рамеснік ці купец. Яму не было куды ўцячы і гадамі рыхтавацца да воінскай прафесіі, да сур’ёзнай барацьбы. Але гэтыя тысячы ўцекачоў на Запарожжа ўлівалі ў жылы казацтва нямала свежай крыві, ваявалі смела, часта выслугоўваліся да палкоўнікаў (Міхал Крычаўскі і інш.). Але як толькі на Беларусі пачыналася паўстанне — казацкія загоны прыходзілі на дапамогу. I любы выбух на Украіне аддаваўся пажарам на Беларусі. Кінуць сілы, а ў тыле панскіх войск успыхвае сялянскі рух. Вось некалькі прыкладаў.