Зямля пад белымі крыламі
Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
«...3 усіх славянскіх народаў русіны, гэта значыць сяляне Пінскай, часткова Мінскай і Гродзенскай губерняў, захавалі найбольшую колькасць агульнаславянскіх рыс. У іх казках і песнях ёсць усё. Пісьмовых помнікаў у іх мала, толькі Літоўскі Статут напісаны іх мовай, самай гарманічнай і з усіх славянскіх моў найменш змененай». 1 яшчэ: «На беларускай мове, якую называюць русінскай альбо літоўска-русінскай... гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана. У перыяд незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай перапіскі».
Гэта з лекцый, чытаных Міцкевічам у Калеж дэ Франс, у Парыжы.
ПЕРШЫЯ ЛАСТАЎКІ, АБО ПАДАРОЖЖА ЭНЕЯ
...А між тым прыляцелі ўжо і першыя ластаўкі новай літаратуры. У першай палове XIX стагоддзя з'явілася ананімная паэма «Энеіда навыварат». У сярэдзіне стагоддзя — паэма «Тарас на Парнасе». Таксама ананімная. Яны сведчылі аб тым, што літаратура ажывае ад летаргіі. Праз некалькі год пасля ўкраінскай «Энеіды» Катлярэўскага з’явілася «Энеіда» беларуская, твор, навеяны «Энеідай» Вергілія і травесційнымі паэмамі Катлярэўскага і Осіпава. Але гэта самастойны, глыбока беларускі твор. Аўтарам яго цяпер многія даследчыкі лічаць В. П. Равінскага (каля 1765—1831). Ураджэнец Духаўшчынскай акругі Смаленскай губерні, удзельнік войнаў 1805 і 1812 гадоў. За Барадзіно ўзнагароджаны
залатой шпагай «За храбрость». Адстаўны палкоўнік. Напісаў камедыю «Шлюб між волі», шмат вершаў «на выпадак».
А некаторыя схіляюцца да думкі аб віцебскім паходжанні паэмы і аўтарам называюць мясцовага чыноўніка I. А. Манькоўскага.
Паэма жывая, гарэзлівая, дзёрзкая, вельмі народная і пасапраўдаму смешная.
А другая паэма «Тарас на Парнасе» — новая, вышэйшая ступень беларускай паэзіі.
Герой, палясоўшчык Тарас, служака, якога і пан шануе, і пані любіць, ідзе з першымі пеўнямі біць цецерукоў і, уцякаючы ад мядзведзя — дубальтоўка дала асечку,— падае ў яму і трапляе ці то ў рай, ці то ў шчаслівую Аркадыю. «Хлапчына нейкі круглалікі, ўвесь кучаравы, як баран», з лукам і калчанам (Амур) кажа яму, што гэтая дарога з таго свету і вядзе на Парнас. Тарас ідзе. Бачыць гару, а пад ёй — цэлы кірмаш народу.
Прыйшоў я бліжэй, што за ліха, Народ не просты, ўсе паны. Хто дужа шпарка, хто паціху, Ўсе лезуць на гару яны.
Аж кішкі выціскаюць адзін аднаму. I вось з натоўпу піск:
«Памалу, братцы, не душыце Мой фельетон вы і «Пчалу», Мяне ж самога прапусціце I не дзяржыце за палу!
А не, дык дадушы, ў газеце Я вас аблаю на ўвесь свет, Як Гогаля у прошлым леце,— Я ж сам рэдактар ўсіх газет!»
Гэта Булгарын, літаратар-даносчык, асабісты вораг Пушкіна, правакатар, агент III аддзялення Імперскай яго вялікасці канцылярыі.
Гляджу сабе — аж гэта сівы, Кароткі, тоўсты, як чурбан, Плюгавы, дужа некрасівы, Крычыць, як ашалелы пан.
Во нешта разам зашумелі, Народ раздаўся на канцы, I, як бы птушкі, праляцелі Чатыры добрых малайцы. Народ то быў ўжо не такоўскі: Сам Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі I Гогаль шпарка каля нас Прайшлі, як павы, на Парнас.
Тарас праштурхаўся праз натоўп і ўбачыў заможны двор, абнесены плотам.
А на дварэ там свінні ходзяць, Каровы, козы, бараны... Знаць, і багі хазяйства водзяць, Калі свіней дзяржаць яны.
Двор, пабудовы, хаты — багацюшчыя. Ну, мара селяніна! I багі як адна непадзеленая патрыярхальная сям’я. «Як у казарме там салдатаў — багоў — не можна пашчытаць!» Хто з багоў хадакі багіням шые, а багіні мыюць багам кашулі і парткі.
Вось б’юцца Марс ды з Іеркулесам, А Геркулес, як той мядзведзь,— Каб цешыць старага Зевеса, Хахол ён Марсу добра мнець.
Амур жа з дзеўкамі жартуе, Ну, проста смех ажно бярэ! To ён знянацку пацалуе, To хустку з галавы здзярэ.
Ядуць. Таксама ідылія. Таксама мара — аб сытасці.
Бах сп’яну пеў такі прыпеўкі, Што аж няможна гаварыць, Аж засароміліся дзеўкі, Так стаў ён брыдка развадзіць. А Зеўс тым часам насцябаўся, Што носам чуць зямлю не рыў— Ен вочы плюшчыў і ківаўся Ды быццам нешта гаварыў.
Хоць не маё, то, праўда, дзела. He след мне, можа, і казаць, Любіў ён цешыць грэшна цела Ды часам лоўка падгуляць.
Пачынаецца гулянка, скокі. Увесь задор агнявога беларускага танца. Пад відам багоў і багінь маладыя хлопцы і дзяўчаты, здаровыя, прыгожыя, сытыя, працавітыя... вольныя.
Узяўшы хустачку, Венера Пайшла «Мяцеліцу» скакаць. Прыгожа, стройна цераз меру, Пяром не можна апісаць. Чырвона, тоўста, круглаліца I вочы, як на калясе, Як жар, гарыць яе спадніца, Істужкі ўплецены ў касе.
Мара аб ідэале жыцця, аб ідэале прыгажосці, аб селяніне, які скакаў нават лепей за багоў і прымусіў іх здзіўляцца. «Тарас на Парнасе» і дасюль улюбёны твор беларусаў. Дзясяткі тысяч людзей ведаюць яго на памяць.
Побач з ананімнай з’яўляецца і літаратура аўтарская. У 1828 годзе паўстала супраць пана мястэчка Крошын ля Баранавіч. Прыйшло войска. У ліку іншых быў пакараны каваль. Сын яго, парабак, што скончыў пачатковую школу, быў здадзены ў салдаты. За некалькі сшыткаў патрыятычных антыпрыгонных вершаў, якія і дагэтуль не знойдзены. Звалі прыгоннага паэта Паўлюк Багрым (1813 — каля 1891). Лёс быў да яго бязлітасны. He дзесяць, як Шаўчэнка, а поўныя дваццаць пяць год адмучыўся ён у казармах. Без усякіх паблажак і заступніцтва, бо Шаўчэнку ведалі многія ўплывовыя людзі і рабілі спробы заступацца, а хто ведаў Багрыма, звычайнага мужыка. Вярнуўшыся на вёску, працаваў у Крошыне кавалём. Меў залатыя рукі. У Крошынскім касцёле ёсць каваная люстра яго работы: перапляценне кветкавых бутонаў і жаўрукоў у палёце. Ад Багрыма дайшоў да нас адзіны верш «Заграй, заграй, хлопча малы» — верш гнеўнага бунту супраць прыгону, шчымлівай журбы і глыбокай чалавечнасці. I вось
загінуў паэт, як тысячы такіх звялося і да яго і пасля. Згінулі і ляжаць, нікім не аплаканыя, акрамя, можа, палявых вятроў.
Ды й што дзівіцца? Указам ад 18 ліпеня 1840 года Мікалай I забараніў слова «Беларусь». Пасля 1863 года было забаронена і выданне кніг па-беларуску. Кніганошы, якія кантрабандай, у корабах, праносілі на Беларусь беларускія кнігі, выдадзеныя за мяжой, часта гінулі. У іх загадана было страляць, і ўсё ж яны насілі, хаваючыся, рызыкуючы на кожным кроку. Склалася становішча, аб якім добра сказаў беларускі апокрыф: «Ісцінна кажу вам: шчаслівы, хто мае ў дамах сваю кнігу славясы сваімі. I ісцінна яшчэ тое, што хто мае — не цэніць, a хто не мае — точыць кроў сваю за слова адзінае».
ГОЛАС ЗАБАРОНЕНАЙ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ
Ян Баршчэўскі (1794—1851) таксама вельмі цікавая асоба. Чалавек, які пісаў вершы, балады і паэмы па-польску. Шмат. I нічым з гэтага не ўвайшоў у вялікую літаратуру. Горача любіў родны край, але ведаў, што надрукавацца па-беларуску не дадуць, лічыў, што роднай мовай пакуль што нельга выказаць складаныя пачуцці і абстрактныя думкі. I... застаўся ў літаратуры... трыма (было болей, але дайшло тры) вершамі па-беларуску, дзе і пачуццё, і гістарызм, ды яшчэ чатырохтомным зборнікам, дзе пад кожным творам бруіць, звініць, льецца беларускі фальклор, беларуская песня, беларускі спосаб мыслення, фантазія беларуская, гора і шчасце беларуса: «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Гэта напісана таксама па-польску (сям-там з беларускімі дыялогамі), але важна тое, што за кожным радком тут стаіць беларус і яго зямля.
Паходзіў будучы паэт з фальварка Мурагі ля возера Няшчэрда на поўначы Беларусі (Расонскі раён). Любіў гасціць у свайго дзядзькі, шляхціца з тых, чый побыт быў амаль сялянскі, як і ў бацькоў Яна. Узімку возерам ішлі абозы, на вялізнай яго паверхні гуляла завіруха. Дзядзька ставіў на акно доміка свечку, каб падарожныя сяляне, перакупшчыкі
і купцы, шляхта і вандроўнікі цягнуліся праз завею на агеньчык, як матылі ўлетку. Прасіліся пераначаваць. Размотвалі башлыкі, скідалі каляныя буркі і кажухі, сядалі на драўляныя шляхецкія «канапы» (Векаўшчына! Год па сто! Такія і зараз сям-там стаяць па хатах нашчадкаў былой «лапцявой» шляхты, і сядзець на іх — пакута), пілі чай, a то і нешта мацнейшае. Адзінаю платай за гэта былі апавяданні і легенды, выпадкі рэальныя і несусветныя, але цікавая брахня, і смешныя выдумкі і выгадкі, ад якіх кроў ледзянее, як ад гогалеўскага «Вія». А хлопец слухаў гэта і пазней, разам з тым, што чуў падчас бясконцых бадзянняў па Беларусі — уставіў у «Завальню». Паколькі расказваў гэта просты народ — ён быў і героем. Адзін супраць паноў, крывасмокаў-арандатараў, чужынцаў-чыноўнікаў, чарнакніжнікаў і самой нячыстай сілы, такі самотны і бедны, але заўсёды пераможца, бо ён — Народ, бо пакуль ён арэ і цяслярыць, пакуль стаіць з чапялою ля печы сялянская баба, датуль не загіне ні мова, ні праўда, ні чалавечнасць, ні сам чалавек.
I вось з гэтага і ўзнікла «Адысея беларуская» з тысячамі прыгод або лепей нешта накшталт беларускай «1001 ночы», дзе адна казка пераходзіць у другую і ўсе звязаны адной і той жа фігурай, прывабнай фігурай Завальні, у доме якога выпадковыя госці расказваюць розныя дзівосныя здарэнні. Што ж, яшчэ ў мінулым стагоддзі Р. Падбярэзскі казаў, што «Ва ўсіх заможнейшых дамах Беларусі і Інфлянтаў не знойдзеш столькі паданняў, столькі народнай стыхіі, што маецца ў адной хатцы такога хутарскога шляхціца».
Па такіх хадзіў і Баршчэўскі, будучы полацкім шкаляром. Бурсака любілі, ірвалі з рук у рукі, бо з ім весялей, пацешней, паэтычней было жыць. Узнагароджвалі па дастатку: меркай пшаніцы, гароху, грэчкі, бобу. Гэта і давала яму магчымасць вучыцца. Ён і не думаў друкавацца. Пісаў, бо гэта цешыла людзей, яны развозілі вершы па кірмашах, хвалілі і смяяліся. Пасля быў Пецярбург, паездкі па чужых справах у Англію і Францыю, урокі латыні і грэчаскага ў знатных сем’ях, але... «Зімой вучыўся сам і вучыў другіх, а вясной, як жаваранка, паэзія гнала яго да роднага краю. Рабіў тыя падарожжы пешшу, з кіем вандроўніка ў руках».
I вось «Завальня». «Тое, што піша Баршчэўскі прозай,— гаворыць Падбярэзскі,— не датычыцца непасрэдна ні гісторыі, ні літаратуры, ні мовы Беларусі, але важнейшай рэчы — духу і паэзіі народа, адкуль выцякаюць і гісторыя, і літаратура, і мова. Ён... вырашыў даць вялікую мастацкую панараму нацыянальнага жыцця... Ён бачыць перад сабой народ, часта з усёй чароўнасцю паганскай фантазіі, якую ён апраменьвае сваім, так сказаць, беларускім гафманізмам... усё жыццё яго — адно суцэльнае адступніцтва ад самога сябе ў імя паэзіі. Каб зразумець добра, што я гавару, трэба ведаць яго асабіста, трэба яго бачыць з кіем падарожніка ў руцэ, так, як я спатыкаў яго ў маіх падарожжах, пешкі, сярод беларускага люду, на плытах Дзвіны, у прыдарожных корчмах, на сцежках у лесе і на вялікіх гасцінцах!.. Гэты чалавек не мае парожніх слоў... ён — сама сутнасць... як ні кажы, адкрывае ён новую краіну».