Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
Акруга на трыста вёрст, ад Оршы да Украіны, калацілася ад яго імя і бласлаўляла гэтае імя чатыры гады. Hi памешчык, ні стражнік, ніхто не смеў пакрыўдзіць беднага. У Дзяржаўнай Думе цару было зроблена запытанне: «Когда Он соблаговолнт утнхомнрнть белорусского Зелнм-хана?» Але мясцовая паліцыя і войска не хацелі яго лавіць. Ен стаў легендай, рыцарам новых часоў. Тады за ўказанне яго сховаў прызначалі ўзнагароду ў 1000 рублёў і адначасова з Каўказа выклікалі на ловы «дзікую дывізію».
Хворы на малярыю Савіцкі (а з ім два сябры) спыніўся ў пуні селяніна ў вёсцы Краснае (10 кіламетраў ад Гомеля). Хтосьці выдаў гэтае месца. Салдаты «дзікай дывізіі» абкружылі пуню. Усю ноч ішла перастрэлка, раніцай прыйшло падмацаванне. Тады сябры вырашылі прабіцца. I прабіліся былі, але ўжо на самым узлессі памочнік Савіцкага, рабочы Калугін, быў забіты. Таварышы замарудзілі, цягнучы яго, і іх зрашэцілі кулямі. Было гэта 25 красавіка 1909 года.
НОВЫЯ ПЕСНІ НОВАГА ДНЯ
На хвалі рэвалюцыі ўзнялася нацыянальная беларуская культура. I хаця клубы, чытальні, гурткі, што паўсюдна ўзнікалі тады, былі забаронены ў 1907 годзе,— спыніць ужо нічога нельга было. Нават у гады адступлення і рэакцыі.
Сярод паэтаў, што з’явіліся тады, пачэснае месца належыць Цётцы — Алаізе Пашкевіч-Кейрыс (1876—1916). Педагог, сацыялістка, аўтар палкіх вершаў у абарону простага народа, можа, яшчэ часам занадта дэкларатыўных, але шчырых, баявых, сумленных. Усё жыццё яе аддадзена барацьбе з вялікай несправядлівасцю. I песняй, і прапагандай:
Ах, браце родны, нясуцца весці,
Ужо граюць маршы там на ўсходзе;
Над кожнай хатай, у кожным месцы Шчабечуць птушкі нам аб свабодзе. Усіх злучыла чароўна слова;
Жалезны вобруч скуў нам далонь,
I матка сына даць нам гатова, I жонка мужа вышле ў агонь.
Хаваючыся ад жандараў, яна выязджае ў Львоў (тады Аўстра-Венгрыя) і там, у Жоўкве, выдае два зборнікі вершаў — «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская», а затым «Першае чытанне для дзетак беларусаў», першую беларускую хрэстаматыю на народнай мове. Памерла паэтэса, нечакана захварэўшы, у росквіце сіл.
1905 год даў паэтам магчымасць друкавацца. З’явіліся газеты «Наша доля». «Наша ніва», пачалі выдавацца кніжкі, альманахі і календары.
Узмужненне літаратуры, выхад яе карабля ў шырокае мора звязаны перш за ўсё з імёнамі Янкі Купалы (1882—1942) і Якуба Коласа (1882—1956). I хаця вы з самых першых год у школе цудоўна ведаеце іх творчасць — не сказаць пра іх, хаця б некалькі слоў, немагчыма.
Купала — адна з вяршынь беларускай паэзіі. He толькі дзякуючы яго генію, а і таму, што, як і Багушэвіч, заўсёды быў з народам, найбольш поўна выказаў дух, характар, спадзяванні
гэтага народа, сам быў з народа і ўсёй творчасцю пайшоў у народ.
Галоўнае, што ўплывала на творчасць Купалы,— гэта была песня беларуская, легенда беларуская, жывое жыццё беларускае. Бацька — бедны шляхціц-арандатар, хата непадалёку ад Мінска, звычайная хата з посцілкамі, ручнікамі, тая, што рэканструявана ў Вязынцы, кніга, бо быў амаль самавук. I першы верш «Мужык» — праграма на ўсё жыццё. I першы зборнік «Жалейка», праўдзівы і трагічны, за што і канфіскаваны ўладамі.
Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор.
Ці запеў салавей, ці загагала гусь,— Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор, Сваю матку-зямлю — Беларусь.
Тую зямлю, па якой ідуць людзі, несучы на свет белы сваю крыўду, бо ім захацелася «людзьмі звацца». Для гэтых людзей і складае сваю песню паэт:
Песня мая не ўзышла сярод кветак, Кветак цвітучага вечна паўдня...
Поўначы сумнай забыты палетак Даў ёй жыццё пасярод палыння.
Песня мая не шукае чырвонцаў,— Будучнасць гэткіх не знойдзе ў ёй плям,— Жыць толькі хоча ў радзімай старонцы, Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям. Пеці і з часам, у добрую пору, Выклікаць водклік у сонным сяле... Усю Беларусь — неаб’ятну, як мора, Убачыць у ясным, як сонца, святле.
Нянавісць да прыгнятальнікаў народа, ад апошняга стражніка да цара...
Паўстаньце, покуль цар звыродны Крыві усёй не выссаў з вас!
Паўстаньце! Край ваш стогне родны. Заве збаўляць, як зваў не раз.
...Глыбокае і непадробленае нарадалюбства былі ўласцівыя паэту. Выключнае і ў майстэрстве такой паэмы, як «Курган», у якой гусляр спявае вылюдку-князю жорсткую праўду аб ім і за гэта жыўцом кладзецца ў зямлю. I ў адной з самых славянскіх рэчаў на свеце, па-язычаску дзёрзкай і радаснай паэме «Яна і я»... I здзеклівая, дасціпная, дужа смешная камедыя «Паўлінка» або мудрая, складаная драма аб сялянах, якіх сагналі з зямлі,— «Раскіданае гняздо».
Купала, услед за Багушэвічам, зрабіў самую важную справу: уліў у жылы народнай паэзіі свежую кроў. Сваю.
Мне асабіста давялося бачыць яго толькі раз, дзіцем, але ўсё сваё жыццё бачу я людзей, якія яго блізка ведалі, якіх ён літаральна стварыў сваёй паэзіяй. Сваім асабістым прыкладам ён нібы прыбавіў высакароднасці свайму часу. Гаворыш з настаўнікам, які яго ведаў, з селянінам, якому ён дапамог, і не можаш не думаць, якія гэта чыстыя і высокія людзі.
Дзе п’есы, там і тэатр. У гэтыя часы з’яўляюцца вандроўныя і аседлыя, аматарскія па складзе, але прафесійныя па мастацтве трупы. Заснавальнікам найлепшай з іх быў Ігнат Буйніцкі, што аб’ездзіў з невялікім сваім тэатрам усю Беларусь, яе гарады, мястэчкі і вёскі. Далейшае развіццё атрымліваюць жывапіс і музыка.
Сябрам, паплечнікам Купалы быў і другі паэт-барацьбіт, Якуб Колас. Сын палясоўшчыка, ён адолеў вышыні асветы, бо ў той сялянскай сям’і кнігу, песню і паданне народнае любілі болей, чым дзе. Паэт стварыў мноства цудоўных вершаў аб лёсе беларуса, а пазней дзве эпічныя паэмы — «Новую зямлю», дзе побыт селяніна, яго імкненне да зямлі, гадавы кругазварот працы, беларуская прырода, людзі, свабодалюбства мужыка пададзены з незвычайнай глыбінёй, і вельмі складаную, тонкую і паэтычную паэму «Сымон-музыка», пра лёс талентаў з народа ў краіне, дзе бедныя хаты і дымныя корчмы, крыжы на ростанях і курганы суседзяць са змрочнымі старадаўнімі замкамі, у якіх, што вампіры, сядзяць у раскошы лютыя паны. Калі «Новая зямля» — чыстая, нічым не прыкрытая праўда, то «Сымон-музыка» — праўда, пададзеная праз змрочную, велічную і прыўкрасную легенду.
Паэт быў барацьбітом не толькі ў паэзіі. Будучы настаўнікам, ён удзельнічаў у сялянскіх хваляваннях супраць памешчыка Скірмунта, арганізоўваў нелегальны настаўніцкі з’езд, напісаў падручнік на роднай мове «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў», сядзеў за ўсё гэта ў мінскім турэмным замку. Але і за кратамі з’яўляліся вось такія вершы:
Я — мужык, а гонар маю, Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю, Але скора загукаю: «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»
Усё гэта, і хваляванні, і жыццё беларускай правінцыі, і турму, і нараджэнне інтэлігенцыі, пісьменнік пазней апісаў у выдатнай сваёй трылогіі «На ростанях».
Паэты былі патрэбны — і паэты з’явіліся.
Адзін з пачынальнікаў прозы, аўтар цудоўных алегорый і мудры сатырык-гуманіст Ядвігін Ш. (1868—1924), некаторыя апавяданні якога і дагэтуль — вяршыня беларускага гумару. Выдатны лірык і аўтар апавяданняў з народнага быту Змітрок Бядуля (1886—1941); пісьменнік і грамадскі дзеяч (быў першым Старшынёй Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі), заснавальнік рабочай паэзіі Цішка Гартны (1887—1937); Максім Гарэцкі (1893—1938), дужа самабытны празаік-філосаф,— ды й ці мала яшчэ хто?!
I, урэшце, паэт выключны па разнастайнасці вершаў, па форме іх, па адметнасці генія — не пабаімся сказаць гэта,— Максім Багдановіч (1891—1917).
Багдановіч памёр у 25 год ад сухотаў у Ялце і пахаваны там, але тым не менш паспеў даць узор самай мужнай і высокай паэзіі ў нашай літаратуры. Мала таго, узняў нашу літаратуру да сусветнага ўзроўню. Вершы ягоныя, пры ўсёй нацыянальнай стыхіі, цікавыя для ўсіх людзей Зямлі.
Арыгінальная яго паэзія — з’ява выключная. Гэта і свет казкі з Лесунамі, Падвеямі і Вадзянікамі, і рэальны боль за народ, і песня народная, і складаныя класічныя формы, і вершы аб старажытнасці.
Але што там казаць? Вазьміце томік яго лірыкі і паспрабуйце прачытаць некалькі вершаў, хай сабе спачатку і самых простых. Бо лепей за генія ўсё роўна не скажаш.
I вы палюбіце яго самай моцнай любоўю.
Колькі яшчэ наперадзе на вашым шляху радасці! Усё вас яшчэ чакае!
«Беларусь на куце ў хаце сваёй села...»
ВАЙНА I РЭВАЛЮЦЫЯ
Першая сусветная вайна кінула Беларусь на чарговыя выпрабаванні. Пякельныя пакуты людзей, спаленыя вёскі, голад, бежанства, стаптаныя нівы, пасечаныя сады, разабраныя на ўмацаванне акопаў дзівосныя палацы, стварэнні народнага генію. Дагэтуль яшчэ сляды: скруткі праржавелага дроту на дне азёр, развалены напалам «камень філарэтаў», сляды акопаў і бетонныя капаніры над Шчарай і Сервеччу. Нязмерныя былі людскія пакуты.
...Непадрыхтаванасць да вайны, крадзеж, неразбярыха, прамая здрада, голад у тыле, разруха,— што здзіўляцца, што спачатку прыйшоў рэвалюцыйны крызіс, затым — лютаўскі, a пасля і кастрычніцкі выбух. На Беларусі гэта адбывалася, як і паўсюль: аднаўленне балыпавіцкіх арганізацый, саветы, рабочыя дружыны, стварэнне прафсаюзаў, разгром маёнткаў і г. д. На працягу нейкіх 20 дзён улада па ўсёй усходняй Беларусі перайшла ў рукі бальшавіцкіх саветаў. Стаўку ў Магілёве разагналі. Галоўнакамандуючы Духонін быў забіты салдатамі.
У лютай барацьбе з войскам Доўбар-Мусніцкага, з контррэвалюцыяй нараджалася новая рэспубліка. Дэкрэты аб зямлі, аб міры, закон аб рабочым кантролі — улада пераходзіла ў рукі працоўных людзей.
Але тут жа вайна Грамадзянская. Напад Германіі, шалёныя рабункі, пасля белапалякі, мяцеж Стракапытава ў Гомелі. Словам, усяго хапіла. Толькі народ, які пакаштаваў волі, нялёгка загнаць у ярмо.
Вось, па-мойму, дужа цікавая быль з запісаў пісьменніка Янкі Брыля пра тое, як немцы ў 1918 годзе прымушалі вёску падпісвацца, што людзі хочуць быць пад Германіяй.
«— A то гавораць: «Скаціну ўсю пабяром!..» Дык Іван Рыгораў і кажа ім: “Хоць і дзяцей у нас пабярэце — і то не падпішамся”».
Шырока разгарнулася партызанская і падпольная барацьба: знішчэнне мастоў, умацаванняў, вадакачак, разабраныя рэйкі. I, урэшце, пад ударамі арміі і партызан, з рэвалюцыяй у тыле нямецкая ваенная машына пачала развальвацца. Немцы пайшлі прэч.