Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
...А мінскае падполле, што няспынна вяло барацьбу, кульмінацыяй якой было забойства гаўляйтара Беларусі сатрапа Кубэ. Міна, прынесеная патрыёткамі А. Мазанік, М. Осіпавай, Н. Траян, разнесла Вільгельма Кубэ ў шматкі. Калі вы глядзелі фільм «Гадзіннік спыніўся апоўначы», вы прыблізна ведаеце, як гэта адбылося.
А ў ноч з 2 на 3 жніўня 1943 года пачалася на Беларусі першая «рэйкавая вайна». За 12 дзён аперацыі партызаны ўзарвалі 95 тысяч рэек. Чыгункі сталі прапускаць на 40 працэнтаў меней ваенных грузаў. I гэта было ў час бітвы пад Курскам.
А славутая Ушацкая блакада ці спробы немцаў блакіраваць партызан у Налібоцкай пушчы? Нічога з гэтага не атрымалася. Хай цаною страт і нечуванага гераізму, але партызанскія брыгады выйшлі з кальца (а ў Налібокі фашысты кінулі дзясяткі тысяч салдат рэгулярнага войска з самалётамі, браневікамі, артылерыяй, эсэсаўскімі часцямі, аўчаркамі) і зноў пачалі наносіць удары ворагу. За іх былі беларускі народ і беларускі лес.
Я ўжо казаў вам, якія ахвяры панёс наш народ. Кожны чацвёрты загінуў. Французы шануюць памяць спаленага Арадур сюр Глана, чэхі — памяць Лідзіцэ. У нас былі тысячы Арадураў. Жмені зямлі з іх звезены ў вёску Хатынь, што так і не адрадзілася. На месцы гумна, куды загналі людзей і спалілі іх,— помнік. На месцы кожный хаты — комін са звонам. У летні дзень і ў асеннюю туманную ноч б’юць, б’юць, б’юць над Беларуссю хатынскія званы.
Помсцілі ворагу разам з усімі народамі беларусыфрантавікі. Такія, як Ф. Смалячкоў, што зніпічыў 125 гітлераўцаў, такія, як генерал Л. Даватар, кіраўнік коннага рэйду па тылах фашыстаў, як лётчык А. Гаравец, які ў адным толькі баі 6 ліпеня 1943 года збіў 9 самалётаў ворага і загінуў у гэтым баі. Пералічыць усіх зноў-такі немагчыма.
Здавалася б, у такія страшныя часы не да літаратуры, не да паэзіі. I, аднак, літаратура, наадварот, узнялася да незвычайных вышынь. Нават хадзіла ў лістоўках, як верш Купалы
«Беларускім партызанам». У партызанскай друкарні выйшаў зборнік паэта-партызана А. Астрэйкі «Слуцкі пояс». Будучы адначасова разведчыкам, рэдагаваў партызанскую газету беларускі пісьменнік Янка Брыль. Створана была А. Куляшовым таленавітая паэма «Сцяг брыгады». Нельга без хвалявання чытаць ваенныя вершы П. Броўкі. Новымі гранямі творчасці бліснуў Максім Танк. Асабліва разгарнуўся адменны, дужа самабытны і высокі талент Пімена Панчанкі. Тужачы па роднай зямлі, успамінаючы бор з залатымі суніцамі, сінія касачы ля хаты маці, бачачы гераізм салдат, якія кладуцца на калючы дрот, каб сотні салдацкіх ботаў прайшлі па іх спіне, і журбу пакінутых хат, што закрылі драўлянымі пальцамі вочы, каб не бачыць гора гаспадароў, паэт знаходзіць радкі нясцерпнай пакуты...
Краіна мая! Радасць мая!
Песня мая маладая!
Па нівах тваіх, па тваіх гаях Сынава сэрца рыдае.
...але і радкі высокай веры:
Веру цвёрда: сканае бязлітасны вораг I штандар перамогі
над краем запаліць зару.
Пакуль сонца не згасне,
пакуль свецяцца зоры, Беларусь не загіне! Будзе жыць Беларусь!
Нават смех беларускі тады не загінуў. Гаворыш са старымі партызанамі, і яны чамусьці ахвотней за ўсё ўспамінаюць смешныя выпадкі тых часоў. Як млынар, аддаўшы партызанам муку, просіць, каб яго набілі і звязалі. Як падпольшчык, увесь абкручаны бікфордавым шнурам (нясе яго ў лес), вымушаны па загадзе немцаў пераносіць цераз рэчку па сплаўным бярвенні нямецкіх паненак, і тыя вішчаць і хапаюцца за яго, а немец пасля дае гэтаму падпольшчыку тры маркі, і той, успацелы ад работы і хвалявання, думае: «Пачакайце, залью я вам яшчэ сала за шкуру». Ясна, ад такога смеху мароз па скуры, гэта смех пад шыбеніцай, але, з другога боку, каб не
гумар — чалавеку трэба было б самому павесіцца ад пакут і гора, не чакаючы, пакуль гэта зробяць эсэсаўцы.
Вось яшчэ некалькі слоў пра чалавека, з якім быў я асабіста знаёмы. Вясною 1971 года мы спецыяльна прыехалі ў Карэлічы, каб пагаварыць з былым сакратаром Карэліцкага райкама партыі Паўлам Арсеньевічам Жалезняковічам.
Сядзім у цяністым садку. Спеюць парэчкі, адцвітаюць белыя півоні. Кошка гуляе ў траве з двума кацянятамі. Гаспадар мажны, сівы і бледны. Мыліцы, якімі ён цяпер карыстаецца, адстаўлены да сценкі доміка. Вакол мірны спакой, і гаспадар гаворыць спакойна. А між тым гэта адзін з самых неспакойных і цікавых людзей у рэспубліцы.
Сорак з лішнім год назад быў ён тут, у Заходняй Беларусі, падручным у печніка, будаваў панскі млын, працаваў на пільні. Але і чытаў, і ўдзельнічаў у вясковай самадзейнасці, і працаваў у падполлі, распаўсюджваў камуністычную літаратуру. Арыштоўваўся дэфензівай, а ў 1926 годзе быў узяты па справе забойства правакатара. Пайшлі катаванні, пасля турма ў Наваградку. Праз год адбыўся суд. Жалезняковіча і яго сяброў, Валодзю і Міколу Царукоў, Сеню Носа прысудзілі да пажыццёвага зняволення. Пасля Наваградка была гродзенская турма, турма ў Плоцку, вязніца ў Равічы, карцары, голад, адзіночкі, галадоўкі. Ногі і рукі ад раматусу адмаўляюцца служыць, але чалавек і сябры яго не здаюцца. Настаў 1939 год — і вязні выйшлі на волю. Добраахвотны ўдзел былых вязняў у абароне Варшавы, адступленне на ўсход. Праца, спачатку ў мястэчку Турэц, пасля — сакратаром райвыканкама ў Міры. 1941 год. Фронт. Па загадзе ЦК КПБ Жалезняковіч праходзіць «Віцебскім калідорам» у тыл ворага, у Налібоцкую пушчу. Атрад «Камсамольскі». Працуе падрыўніком, а пасля (халодная зіма, сырасць, снег зноў абвастрылі турэмны раматус) — інструктарам падрыўной справы.
Налібоцкая блакада, з якой партызаны ўсё ж прабіліся. Цяжкае аднаўленне знішчанай гаспадаркі, калектывізацыя, будаўніцтва. Сакратар Любчанскага райкама. Пасля — першы сакратар Карэліцкага райкама партыі. I вось — персанальны пенсіянер. Крыху раней чым трэба, па прычыне здароўя,
падарванага турмамі, ваеннымі выпрабаваннямі і тым, што гэты чалавек ніколі не шкадаваў сябе.
Гаспадар ажывіўся. Мы відавочна ўзрадавалі яго сваім прыходам. Жартуем, смяёмся, і так непрыкметна праходзіць дзве гадзіны. А пасля адыходзім, бачым купы яблынь, снежныя шары апошніх півоняў і гаспадара, што махае нам рукой. Трывалага чалавека. Проста добрага і сардэчнага чалавека.
Нядаўна ён памёр. I мне шкада, што ён не пачуе гэтых слоў павагі яшчэ аднаго чалавека да яго.
Будоўлі, будоўлі, будоўлі
3 ПАПЯЛІШЧАЎ, ЯК ФЕНІКС
Улетку 1944 года пачалася аперацыя «Баграціён», бітва за Беларусь (хаця яшчэ ў 1943 годзе быў вызвалены Гомель, а ў студзені 1944-га — Мазыр і некаторыя раёны Магілёўскай і Віцебскай абласцей). 23 чэрвеня перайшлі ў наступленне войскі 1-га Прыбалтыйскага, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў. На другі дзень уступіў у бой 1-ы Беларускі фронт. Нямецкая абарона была прарвана. 26 чэрвеня вызвалілі Оршу, 28-га — Магілёў, Шклоў і Быхаў. 3 ліпеня — Мінск, шматпакутную сталіцу нашу. Немцы траплялі ды траплялі ў «катлы». Мужнасць салдат і партызан была невераемная. Падчас баёў у Беларусі фашысты страцілі жывой сілы ў паўтара раза болып, чым пад Сталінградам. Партызаны захоплівалі гарады, масты, пераправы, чыгункі. У канцы ліпеня тэрыторыя Беларусі была поўнасцю ачышчана ад акупантаў.
Пасля быў Берлін і перамога над Японіяй.
А потым, калі прыйшоў мір,— засталася зямля, якую немцы зрабілі зонай пустыні. Цяжка ў некалькіх словах расказаць, як вялося яе адраджэнне, ператварэнне ў тую сонечную і зялёную зямлю, якую мы ведаем. Скажу толькі, што цяжкасці былі дужа вялікія, што нястомнай працай людзей рэспублікі былі пабудаваны новыя гарады, такія, як Наваполацк і Салігорск, Светлагорск і Белаазёрск, Новалукомль і Жодзіна, пастаўлены Бярозаўская ДРЭС і Лукомльская
ДРЭС, самая буйная ў еўрапейскай частцы Саюза (працуе і на братнія рэспублікі), пабудаваны Гродзенскі азотнатукавы, Магілёўскі лаўсанавы, Пінскі трыкатажны, Баранавіцкі баваўняны, самы буйны ў СССР. і іншыя заводы.
Знойдзена нафта — на паўднёвым усходзе, ля вёскі Гарывада, дзе даўно заўважаны былі прыкметы «зямнога тлушчу». Знойдзены за апошні час прамысловыя запасы жалезнай руды. Ну і, ясна, Салігорск, магутныя камбінаты па здабычы калійнай солі.
Я памятаю яшчэ малады, слаба забрукаваны горад, а пад ім — палацы! — іначай не скажаш. Гладкія тунэлі — чырвоныя, сіняватыя, з пражылкамі, бліскучымі плямамі і разводамі. Гэта было цікавей і жывапісней, чым у Маскоўскім і Кіеўскім метро. I ў перапынак чалавек — ёсць такі верш у паэта Міколы Аўрамчыка — бярэ проста са столі соль і падсольвае ёй памідор. Назнарок не прыдумаеш! Асабліва калі ўлічыць, як цяжка было ў вайну беларускаму партызану і проста селяніну без солі. Людзі хварэлі, нават часова слепнулі.
...Ну а цяпер успомніце, што немцы разбурылі больш як 200 гарадоў і 1200 сёлаў, і вам стане лёгка ўявіць, што гэта было — праца па аднаўленні. Бывала, што падчас працы на полі ці па разборцы руін так намерзнешся, што здаецца: памёр бы, абы толькі пахавалі ў печцы.
I вось што ўдалося пабудаваць на месцы попелу і руін.
Новая беларуская вёска?
Возьмем хаця б Верцялішкі ў Гродзенскай вобласці (калгас «Прагрэс»). Гэта эксперыментальны пасёлак. Будаўніцтва такіх паселішчаў пачалося з 1967 года. На іх правяраюцца прагрэсіўныя прыёмы планіроўкі і забудовы калгасаў і саўгасаў, правяраюцца тыпавыя праекты жылых і грамадскіх будынкаў (ці зручна жыць і працаваць). Пасля праверкі ўсё ўдалае бяруць ад іх іншыя пасёлкі, піто будуюцца па Беларусі і за яе межамі.
Верцялішкі (гэты пасёлак і пасёлак саўгаса «Леніна» на Магілёўшчыне адзначаны залатымі медалямі ВДНГ) здзіўляюць. Усё ўлічана пры праектаванні: рэльеф, вадаёмы, зялёныя масівы. Высокая якасць праектаў і выдатная якасць будаўнічых работ і добраўпарадкавання. Тэрыторыя дзеліцца
на жылую, грамадскую і вытворчую зоны. Цэнтр — грамадская плошча, а на ёй клуб з залай на 360 месцаў і спартыўнай залай. Тут жа праўленне калгаса, сельсавет, гандлёвы цэнтр, пры якім гасцініца і камбінат бытавога абслугоўвання.
Колькасць паверхаў у дамах розная, і ў кожнага будынка свой цікавы архітэктурны воблік. Усё гэта арыгінальна і прыгожа.
За клубам парк з танцпляцоўкай і спортпляцоўкай (стадыён крыху наводдаль). Ля парку дзіцячы сад-яслі. Ёсць дамы для маласямейных і адна-, двухкватэрныя дамы з балконамі і лоджыямі. Перад адміністрацыйным будынкам — вадаём з фантанамі.