Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
М. Грабоўскі ў польскім часопісе «Пельгжым» піша ў 1843 годзе: «Не толькі цяпер, але і з самага дзяцінства, палымяны беларус, ён правёў з народам усё жыццё: яго загарэлы, далёка не кабінетны твар даводзіць, што ён з’яўляецца чалавекам справы... Ён дасканала ведае ўсю Беларусь, бо разоў з трыццаць абышоў пешшу і штогодна наведвае яе з Пецярбурга, а ўсюды там пажаданы і сустракаецца з радасцю, бо, як бард той старонкі, ён сыпле, бы з рукава, апавяданнямі і анекдотамі. Дзівосны ў яго інстынкт у апрацоўцы паданняў: не дадае амаль нічога свайго, а між тым усё становіцца яго ўласным».
I вось на старонках «Завальні» ідзе Беларусь, якая яна ёсць і якой яна ўяўляе сябе. Чорны певень нясе мужыку Карпу яйка, з якога выводзіцца крылаты змей,— і вось Карп ужо кулак, глытай, які ўсіх ставіць у нішто, якому смешныя вясковыя звычкі. I гіне ахвярай сквапнасці... Уладарка-чараўніца, што перакідваецца ў белую Сароку, прылятае да пана Скамарохі, хцівага і пыхатага крыўдзіцеля бедных, удоў і сірот, заводзіць сяброўства з ім і іншымі панамі азёрнага краю,— і пачынаецца няшчасце: сохнуць вымі ў кароў, мядзведзі нападаюць на вуллі, з хаты чараўніцы плыве малочная рака. Мужыкі са стрэльбамі чакаюць на Сароку, тая адлятае, але зло засталося: «Паны, што пілі за яе здароўе, п’юць слёзы няшчаснага
народа». Фантазія ўсё нястрымней, аж да таго, што ў віцебскага мярзотніка Генрыха — аж да вар’яцтва — пачынаюць крычаць валасы на галаве. I ўсе гэтыя незвычайныя рэчы — на фоне простай, мілай прыроды нашай поўначы, на рэальным фоне тагачасных вёсак, гарадоў, маёнткаў, сярод звычайных прыгонных людзей, страшных паноў, прадажных суддзяў.
Баршчэўскі адкрыў славянскаму свету Беларусь.
Што з таго, што ён вымушаны быў пісаць па-польску. Неласкавы і страшны наш лёс многім судзіў такое. Дзясяткі людзей нараджаліся і адыходзілі ў суседнія культуры, абагачаючы і часам узвялічваючы іх.
Апошнія гады свайго вандроўнага нялёгкага жыцця Ян Баршчэўскі правёў на Украіне. Пісаў у Адэсе санеты, выдаў у Кіеве кніжку паэзіі і прозы і памёр у чужым доме магната Ржэвускага ў Цуднове на Валыні, дзе і пахаваны.
...Увогуле многія беларусы паходжаннем і продкамі адыходзілі тады ў суседнія культуры.
Я казаў ужо пра Міцкевіча. Але вось мінулым летам лёс закінуў нашу экспедыцыю ў вёску Дастоева, на поўнач ад Янава Палескага. Глыбінка! Жоўтыя, аж залатыя ад лісічак, бронзавыя ад баравікоў лясы. Вільготная пойма багатай Ясельды. Я неяк не думаў пра назву вёскі, аж пакуль нехта з хлопцаў не сказаў: «А мы з нашчадкамі пісьменніка Дастаеўскага перапісваемся. Ім цікава ведаць, як тут, на радзіме продкаў». Тады і я ўспомніў што гэта сапраўды здаўна-давён гняздо гэтага роду. Старога роду, які належаў да беларускага герба «Радван».
...Так, многія адыходзілі да суседзяў. Калі беларус слухае оперу «Галька» С. Манюшкі, ён адчувае ў ёй і ў оперы «Страшны двор» выразную беларускую песенную аснову. I праўда, вялікі кампазітар нарадзіўся ў Убелі пад Мінскам, выхоўваўся на народнай песні, напісаў аперэту «Ідылія» (тэкст да яе склаў адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры В. ДунінМарцінкевіч), у якой паны гаварылі па-польску, а сяляне пабеларуску. Ён увогуле напісаў на словы Марцінкевіча чатыры творы, і гэта, уласна, пачатак оперы беларускай.
А Уладзіслаў Сыракомля (1823—1862), які таксама большую частку сваёй творчасці аддаў Польшчы, а вершы якога па-беларуску, відаць, згарэлі ў апошнюю вайну ў Варшаве. Згарэлі ў рукапісах. Засталося толькі некалькі рэчаў. Страту гэтую нічым не кампенсуеш.
Дзіўныя бываюць пуцявіны ў людзей і твораў. Вось пачатак і канец верша Сыракомлі «Паштальён»:
На пошту я трапіў зусім малады.
Фурман з мяне ўдаўся зухвалы, А волі не меў — дый ганялі тады: Хоць свята, хоць ноч — усё мала.
Конь чмыхнуў пры слупе,
спыніўся наўзбоч:
У снезе пад плахаю белай
Жанчыну я згледзеў, яна ўжо за ноч, Як дрэва, уся скасцянела.
Я снежную намець атрос з яе шат
I труп падцягнуў да дарогі...
Абцёр ёй аблічча... Была гэта, брат...
Дай чарку... He маю больпі змогі!
(Пераклад М. Лужаніна)
Што гэта? Ну ясна ж, што вы адразу пачулі голас спевака Лемешава. У перакладзе гэты верш стаў рускай народнай песняй «Когда я на почте служнл яміцнком».
Манюшка калісьці пісаў з прычыны таго, што нехта ў Мінску пажартаваў з беларускага паэта і драматурга В. ДунінаМарцінкевіча, замовіўшы па ім «пахавальны звон за спакой душы» і, вядома, не паставіўшы на пасылцы свайго імя, даслаў яму ў дом саван і падсвечнікі: «Напэўна, Жулкоўскі' быў родам з гэтага горада. А што датычыцца Вальтэра, то няма чаго і сумнявацца, што ён мінчанін. He ведаю, чаму Мальер лічыў сябе французам, калі ў Мінску ледзь не паказваюць вуліцу, дзе ён нарадзіўся...»
He лічыце мяне за таго мінчаніна, але... Вальтэр як Вальтэр, Мальер як Мальер, тут я нічога не скажу, а вось вялікі
1	Славуты польскі актор-комік.
французскі паэт Гіём Апалінэр быў... беларусам па крыві. Дзед ягоны, Міхал Апалінарый Кастравіцкі, уцёк з Навагрудчыны за мяжу пасля паўстання 1863 года. Ствараючы першую кнігу сваіх вершаў, Апалінэр не ведаў, што ў гэты час (1910) на беларускіх вандроўных сцэнах ідзе «Модны шляхцюк», беларуская камедыя яго стрыечнага брата, Казіміра Кастравіцкага, які выступаў пад псеўданімам Карусь Каганец.
Ці мала хто вымушаны быў уцякаць ад пятлі, ад кулі ці нават проста ад немагчымасці выявіць сябе на радзіме. Вось некалькі прыкладаў.
Чылі. Хрыбет Дамейка, горад Дамейка, у гарах — мінерал дамейкіт, у акіяне — ракушка навуцілус дамейкус, на зямлі — фіялка дамейкіяна. Гэта ў гонар Ігната Дамейкі (1801—1889), ураджэнца маёнтка Нядзведка, што пад Мірам. Сябар Чачота, Міцкевіча, Зана, стрыечны брат Марылі Верашчакі, першага кахання Міцкевіча, філарэт, вязень турмы ў базыльянскім кляштары, ён пасля разгрому паўстання 1830 года вымушаны быў уцячы за мяжу. Парыж. Кантракт з Чылі. Лекцыі па хіміі і мінералогіі ў г. Какімба. Адкрыў жыхарам Чылі, што такое салетра, для чаго яна прыдатная, адкрыў залежы медзі і срэбра. Пасля ён прафесар у Сант’яга. Распрацоўвае і ажыццяўляе школьную рэформу, падарожнічае сярод напаўдзікіх араўканцаў, робіцца іх другам, бароніць іх. Чатыры тэрміны Дамейка перавыбіраецца рэктарам універсітэта. Ён бацька чылійскай навукі, рэарганізатар прамысловасці, навучання. Пасля смерці ён абвешчаны нацыянальным героем.
Бенядзікт Дыбоўскі (1833, Мінскі павет — 1930, Львоў), сасланы пасля паўстання 1863 года ў Сібір, пакінуў апісанні Сібіры і Далёкага Усходу, якія дагэтуль лічацца класічнымі. Ён першы даследчык Байкала, аўтар слоўнікаў камчадальскай, бурацкай і іншых моў.
Канстанцін Ельскі, які пасля паўстання даследаваў трапічныя джунглі Гвіяны і землі Перу. Альбо Мікалай Судзілоўскі, родам з Магілёўшчыны, які перад амерыканскай анексіяй быў прэзідэнтам Гавайскіх астравоў і змагаўся з амерыканскімі купцамі і прамыслоўцамі за жыццё, шчасце і поступ канакаў.
I, урэшце, пазней, Б. А. Вількіцкі, што адкрыў Паўночную Зямлю, а таксама першы прайшоў паўночным марскім шляхам з Уладзівастока ў Архангельск, і славуты М. М. Пржавальскі (род гэты пад імем Перавальскіх — старадаўні, віцебскі род). Словам, многія ішлі ў розныя бакі, рабіліся героямі розных народаў на розных кантынентах.
Яшчэ адно імя — Франц Савіч (1815 — каля 1845), арганізатар тайнага таварыства, якое пазней улілося ў арганізацыю Ш. Канарскага. Няўмольны вораг паноў, прыгону, прыхільнік рэвалюцыі. Беларус-паляшук у яго вершы звяртаецца да ліцвіна і валынца:
Ліцвін, валынец, падайце ж мне рукі, Так — прысягаем на Госпада Бога, Царам на згубу, панам — для навукі.
Яго арыштавалі ў 1838 годзе, саслалі ў салдаты на Каўказ. Некалькі разоў ён спрабаваў уцячы за граніцу — не ўдалося. Тады ён таемна асеў на Украіне, лячыў украінскіх сялян (быў медык). Падчас эпідэміі халеры ў 1845—1847 гадах ратаваў мужыкоў, заразіўся і памёр.
...Ну, пра дзеячаў літаратуры, пра змагароў, пра географаў і вучоных XIX стагоддзя, мабыць, досыць. Цяпер пра мастацтва ў тыя часы.
Шкада, што мала месца дзеля таго, каб расказаць вам пра цудоўную беларускую архітэктуру XVIII—XIX стагоддзяў. А тут ёсць на што паглядзець. На драўляныя, каменныя будынкі фальваркаў, на дворныя пабудовы, на палац у Валожыне і бялюткі — аж здаецца празрыстым — класіцыстычны палац у Жылічах. Што ж, проста трэба паездзіць і паглядзець. Як зробіцеся сталымі, вядома.
Развіваўся і жывапіс. Вялікі ўзлёт пачаўся яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя.
Імёны Ф. Смуглевіча, Я. Рустэма, В. Ваньковіча (славутага партрэтыста, аўтара «Міцкевіча на Аю-Дагу»), I. Хруцкага (партрэтыста і аўтара нацюрмортаў, у прыватнасці славутых «Кветак і садавіны», якія так палюбіліся, што копіі з іх, у пераважнай большасці дрэнныя, паскудзяць сцены
ўсіх чайных, побач з шышкінскімі «Мядзведзямі», а мастак рэдкасна таленавіты). I. Аляшкевіча, аўтара дзіўных па тонкасці і светацені партрэтаў, К. Альхімовіча, аўтара таленавітых гістарычных кампазіцый, згаданага ўжо скульптара М. Мікешына (помнікі Хмяльніцкаму ў Кіеве і тысячагоддзю Расіі ў Ноўгарадзе), пейзажыста А. Гараўскага, М. Сілівановіча з яго сцэнамі народнага быту.
Дайшлі да нас, вядома ж, не ўсе іхнія творы. Што загінула, што знаходзіцца невядома дзе, у Мінску іхніх карцін мала. Затое вельмі многа ў польскіх музеях і асабліва ў мастацкім музеі Вільнюса і іншых музеях Літвы.
I, урэшце, калі пераходзіць ужо часткова ў XX стагоддзе,— вялікі мастак Ф. Рушчыц, карціны якога можна разглядаць гадзінамі. Уся зямля Беларусі — у іх. Тая ж «Зямля» і шэрыя камяні замка ў Крэве, і бялюткія, каравыя ад старасці яблыні на ільснянай чорнай раллі. I млыны над чорнай вадою лясных ручаін, і натоўп, што вясною прысеў ля касцёла пад сінім-сінім прамытым небам, і бледнае асенняе сонца на дошках тэрасы. Гэта — здорава! Калі давядзецца быць у Вішневе ля Валожына — паглядзіце роспісы ў тамтэйшым касцёле. Гэта таксама Рушчыц.
Або Генрых Вейсенгоф з яго зімовымі, заінелымі, ружовымі ад сонца пейзажамі, з яго старымі дварамі, што тонуць у бэзе, і замшэлымі крыжамі сялянскіх могілак. Ці С. Жукоўскі, таксама забытыя інтэр’еры старых маёнткаў, апусцелыя асеннія лясы. I, вядома, усе ведаюць В. БялыніцкагаБірулю з яго празрыста-туманнымі, нібы злёгку бляклымі, дужа «настраёвымі» пейзажамі. Ну і Г. Ніскі, таксама беларус, сын чыгуначніка, з яго пейзажамі, на якіх дарогі, дэбаркадары, прадмесці, сцены далёкіх лясоў, з яго маладымі, здаровымі целамі атлетаў. 3 гэтым жывапісам (а пейзажы і тыпы беларускія пісалі і Рэпін, і Шышкін, і Крамской, і іншыя) я ўжо апынуўся ў XX стагоддзі. А нам трэба вярнуцца ў XIX, да пачатку новай беларускай літаратуры, да зараджэння нацыі беларускай.