Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
1590 год. Атаман Мацюшка Гультай напаў на Магілёў. Ягоны загон аброс сялянамі, як снежны камяк. Маёнткі і палацы былі выпалены. Атрад узяў Быхаў і выбіў там растаўшчыкоў, арандатараў і шляхту.
1595 год, кастрычнік. Тысяча Севярына Налівайкі прыходзіць на Беларусь, знянацку бярэ Слуцк, а ў ім здабычу, зброю і 12 гармат. Праз некалькі дзён у Налівайкі ўжо дзве
тысячы коннікаў і пяхоты. Каля Слуцка яны рассейваюць гарматным агнём шляхецкае войска. Прыціхлыя было пасля «Мацюшынай вайны», сялянскія бунты зноў успыхваюць «аж да Мінска». 30 лістапада 1595 года ўзяты Магілёў, пабіты «баяры і ўчцівыя людзі», выпалены «крамы з вялікімі скарбамі».
У сярэдзіне снежня падыходзіць гетман літоўскі, у яго 18 000 войска. Паўстанцы адбіваюцца. 3 лагера, пасля, агрызаючыся, адыходзяць. Ім няма чаго губляць, б’юцца яны шалёна. Ясна, што ісці за паўстанцамі няма карысці. Налівайка бярэ Рэчыцу, ідзе на Пінск і з дзвюма тысячамі войска адыходзіць на Украіну.
1601—1602 гады. Тое самае з атрадам Дубіны. Напад на Віцебск. Шляхце і гарадскім «лепшым людзям» удаецца захапіць у палон Дубіну і яго паплечнікаў — казакоў і сялян,— вывесці на «Заручайскія валатоўкі» і там пасадзіць на кол.
Бунт за бунтам. 1584 год — паўстанне ў Полацку. He хацелі грыгарыянскага календара, па якім зараз жывём мы, «бо ён каталіцкі». Грамілі панскія дамы.
1606 год. Польская інтэрвенцыя ў Масковіі. Патрэбны грошы. Прэс падаткаў цісне, як ніколі. Гарадская рада Магілёва так злоўжывала сваім становішчам, так крыўдзіла народ, іпто горад паўстаў, разагнаў раду і заняў ратушу. Кіраваў паўстанцамі рамеснік Стахор Мітковіч. Новыя раднікі — каваль, кравец, збраяр, ганчар, чабатар, калачнік. Чатыры гады цягнулася барацьба. У 1610 годзе Сігізмунд III задушыў паўстанне. Кіраўнікоў павесілі на Ільінскай гары.
1616 год. Пад Глускам сяляне разбілі полк пана Сянкевіча.
1623 год. Паўстаў Віцебск. Біскуп Іасафат Кунцэвіч, сілком насаджаючы «вунію», кідаў людзей у турмы, выкопваў трупы праваслаўных з магіл і кідаў сабакам, рабаваў, ездзіў па ўсім наваколлі, зачыняючы цэрквы. Аршанцы не пусцілі яго, ледзь не ўтапілі ў Дняпры. Магілёў запёр брамы, выцягнуў на вал гарматы і сказаў, каб «душахват» каціўся адсюль, калі не хоча атрымаць пяціфунтовае ядро ніжэй спіны. Асаблівай патрэбы ў такім набытку біскуп, па ўсім відаць, не адчуваў, бо зматаў вуды.
12 лістапда 1623 года чаша перапоўнілася. Ударыў набат. Жыхары Віцебска і добраахвотнікі з Оршы, Полацка, Вільні
і Магілёва, а таксама сяляне навакольных вёсак перабілі біскупскую гвардыю, уварваліся ў дом Кунцэвіча, знявечылі і забілі біскупа, працягнулі труп за ногі па горадзе і кінулі ў Дзвіну. Прыйшло войска. Паляцелі галовы ў дваццаці ўдзельнікаў паўстання.
БЕЛАРУСКІЯ ГУМАНІСТЫ
Як вы заўважылі, паўставалі пераважна гарады. Горад, «паветра якога робіць вольным», асабліва адчуваў на сабе феадальныя ланцугі. Менавіта ў ім нараджалася беларускае Адраджэнне, гуманізм, пісьменства, філасофія, літаратура.
Самай выдатнай фігурай Адраджэння быў Францыск Скарына (каля 1490 — каля 1550), сын купца з Полацка. У чатырнаццаць год ён, дабраўшыся да Кракава, паступае там ва ўніверсітэт. У 1506 годзе атрымлівае ступень бакалаўра. Пасля няўтомны беларус дабіраецца да Італіі і там, у Падуанскім універсітэце, атрымоўвае ступень «у лекарскіх навуках доктара». У 1517 годзе Скарына ў Празе. Там ён пачынае сваю друкарскую дзейнасць: за тры гады выдае 22 кнігі Бібліі, перакладзенай ім на беларускую мову. Гэта першы пераклад гэтай кнігі на жывую мову жывога народа. Пераклад Лютэра на нямецкую мову дарэмна карыстаецца славай першага. Яго «Новы Запавет» з’явіўся толькі ў верасні 1522 года, а ўся «Біблія» — у 1534 годзе.
3 1525 года Скарына друкуе кнігі ў Вільні, якая на працягу многіх стагоддзяў была культурнай сталіцай Беларусі і Літвы. Тут выйшлі яго «Апостал» і «Малая падарожная кніжыца».
Гэтыя кнігі былі сродкам для пашырэння пісьменства, асветы, культуры. Яны даводзілі, што наша родная мова не горшая за іншыя. Скарына верна і аддана служыў свайму народу, быў гуманістам, найадукаванейшым чалавекам свайго часу і змагаром за родную культуру і мову, мастаком (ёсць меркаванне, што гравюры для сваіх кніг ён рабіў сам, і гэтыя гравюры паказваюць славянскія сцэны, тыпы, вопратку, архітэктуру).
У прадмовах да кожнай кнігі ён не стамляўся клікаць да ведаў, казаў, што нельга выкупіць грахі, ахвяруючы царкве, што не той хрысціянін, хто так завецца, а той, хто любіць людзей. Казаў, што трэба быць памяркоўным да ўсіх народаў і вер, бо ўсе маюць права на месца пад сонцам, а таму і мова беларуская нічым не горшая за латынь. У Бібліі Скарына бачыў крыніцу свецкіх ведаў, а пераклад яе стаў узорам беларускай літаратурнай мовы XVI стагоддзя. Прадмовы ягоныя і зараз чытаць дужа цікава. Аб мудрасці, якая ў кнізе «як ядро ўв арэху». Аб любві да радзімы: «Паколькі ад нараджэння звяры, хадзячыя ў пустыні, знаюць ямы свая, птушкі, лятаючыя па паветры, ведаюць гнёзды свая, рыбы, плаваючыя па моры і ў рэках, чуюць віры свая, пчолы і тым падобныя бароняць вулляў сваіх, такаж і людзі, ігдзе зрадзіліся і ўскормленыя суць па Бозе,— да таго месца вялікую ласку імаюць».
Скарынава «Біблія» была на ўзбраенні брацтваў на Беларусі і Украіне. Нядаўна, напрыклад, адзін экзэмпляр яе знайшлі ў Ужгарадзе. Ясна, што чыталі.
Паслядоўнік Скарыны, беларус Пётр Мсціславец, разам з дзякам Іванам Фёдаравым праз некалькі дзясяткаў год выдаў у Маскве «Апостал». У 1574 годзе — «Апостал» выходзіць у Львове. Выдаюцца кнігі ў Заблудаве, у Вільні ў друкарні Мамонічаў.
...З'яўляюцца новыя асветнікі, перакладчыкі кніг на родную мову, пісьменнікі, філосафы.
Такія як Сымон Будны (1530—1593), аўтар асветніцкага беларускага «Катэхізіса», выкрывальнік распусты паноў і духавенства. Вось урыўкі з яго другога, парадыйнага «арыянскага катэхізма».
Пытанне. Яко мае жыці чалавек?
Адказ. Жыві, яка хочаш... А калі трапіш у пекла, дык не сам адзін, а з вялікім гуфам (атрадам), і будзе табе весела.
Пытанне. Што то ест імша?
Адказ. Імша ест то амерзлы Богу парадак, у каторым папы другі раз Ісуса Хрыста крыжуюць.
Пытанне. Што то ест папеж (папа рымскі)?
Адказ. Папеж ест то антыхрыст белы; чорны бо ведае пекла, а гэты на сорам наш царквою правіць.
Буднага праследавалі, катавалі, здаралася яму і адракацца, як Галілею. Але і пасля адрачэння ён выдаў шмат кніг, перакладных і ўласных, у тым ліку гнеўную кнігу-пратэст супраць Варфаламееўскай ночы ў Францыі.
Васіль Цяпінскі (1530-я — 1599 або 1600), які адмаўляў Тройцу і лічыў Хрыста звычайным чалавекам, казаў, што смяротны не мае права на ўладу над другім смяротным. Адмаўляў дзяржаўную ўладу і ўдзел у вайне (акрамя справядлівай, абарончай).
Цяпінскі пераклаў на беларускую мову і надрукаваў Евангелле. Уклаў усю сваю ўбогую маетнасць на ўратаванне народа ад невуцтва, забабонаў, цемры.
Пісаліся сатырычныя «прамовы», якія парадзіравалі прамовы на сеймах («Прамова Мялешкі»), перакладныя аповесці і сказанні («Кніга аб Таўдале-рыцары», «Аповесць аб Троі», «Александрыя», «Трышчан і Ізота», «Гісторыя спраў Атылы»), пісаліся цікавыя хронікі. Ствараліся студэнтамі драмы з камічнымі народнымі ўстаўкамі, у якіх дзейнічае селянін, яго жонка, студыёзусы, лекар-шарлатан, маскаль, лях, яўрэй, чорт. Мужык заўсёды выходзіць тут сухі з вады, нават калі звяжацца з чортам.
З’явілася і паэзія свецкая. Вось верш Яна Пашкевіча аб «русчізне» — беларускай мове.
Полска квітнет лаціною, Літва квітнет русчізною, Без той в Полсце на пребудзеш, Без сей в Літве блазном будзеш.
Веселі ж се ты, Русіне, Тва слава нікгды не згіне!
22.VIII. 1621 г.
I, вядома, вяршыня старабеларускай паэзіі, Сімяон Полацкі (Самуіл Емяльянавіч Пятроўскі-Сітніяновіч — 1629— 1680), паэт, публіцыст, драматург.
Вучыўся ён (з 1640-га па 1650 год) у Кіева-Магілянскай акадэміі, пісаў вершы спачатку па-беларуску, «пісах вначале по языку тому, іже свойственный бе моему дому», часам по-польску і ўдзелыіічаў у напісанні школьных драм у Кіеве. Пасля таго як вымушаны быў пераехаць у Маскву — стаў роданачальнікам рускай паэзіі. Быў там выдатным асветнікам і педагогам. Заклаў асновы рускага вершаскладання, выпеставаў школу рускіх паэтаў (К. Істомін, П. Буслаеў, С. Мядзведзеў). Увёў у Маскве само паняцце «тэатр», пісаў п’есы. Ад іх пачынае хутка набіраць сілу руская драматургія. Спачатку, пры цару Аляксею, пастаноўка асобных п’ес, a пры Пятру I — тэатр як такі. Гарачы паборнік свецкіх навук і збліжэння з прагрэсіўнымі сіламі Еўропы, ён падрыхтаваў глебу, на якой ужо не такімі дзіўнымі з’яўляліся спачатку думкі В. Галіцына аб тым, што нельга жыць, адгарадзіўшыся ад свету, а пасля і рэформы Пятра.
«Заходняя Русь,— як кажа вядомы вучоны I. М. ГалянішчаўКутузаў1,— была месцам канцэнтрацыі... перадатчыцай заходняй літаратуры (на Маскоўскую Русь.— У. К.) на працягу доўгага часу; яна была таксама лабараторыяй расійскага верша».
...Літаратура таго часу была сінкрэтычнай, непадзельнай ад грамадскай справы. I гістарычная літаратура, і допісы (г. зн. данясенні) памежных ваявод і старостаў, і летапісы, палемічная літаратура. I, ясна, што аўтары за тое, што занадта рэзка змешвалі пытанні рэлігіі, літаратуры і палітыкі, часта зазнавалі катаваннняў, a то і смерці. Напрыклад, Афанасій Філіповіч (каля 1597—1648), палеміст, вораг магнатаў і абаронца простага люду, быў па абвінавачанні ў «пасыланне якіхось лістоў і порах да казакаў» Хмяльніцкага расстраляны гайдукамі ваяводы Масальскага ў лесе ля вёскі Гершоны. У ноч на 5 верасня 1648 года.
Усё гэта, усе гэтыя спрэчкі і нянавісць ясна казалі аб тым, што набліжаецца выбух.
1 Голеншцев-Кутузов II. Н. Гуманнзм у восточных славян. М., 1963.
СЯЛЯНСКАЯ ВАЙНА
...Так, ужо і сапраўды набліжаўся выбух, набліжалася Хмяльніччына. Яшчэ да яе зямля беларуская глуха здрыгалася. Бунты ішлі адзін за адным. Калі пасля бітвы пры Жоўтых Водах (6 мая 1648 года) устала не толькі казацтва, але і ўкраінскае сялянства, украінскія гараджане — выбух адразу перакінуўся на Беларусь. Зямля запалала. Першы, летам 1648 года, нібы на разведку, прыбыў атрад шляхціца Галавацкага са Старадубскім апалчэннем. Загон гэты за колькі там дзён павялічыўся ў некалькі разоў, расшматаў панскае войска пад Гомелем і Брагінам і адышоў да Старадуба. Казакам стала ясна: ідзіце. He толькі не будзе ніякага супраціўлення з боку беларускага народа. Наадварот. Кіньце ў гэтую атмасферу гневу і нянавісці адзін, хай сабе маленькі атрад — устануць палкі.