• Газеты, часопісы і г.д.
  • Зімовыя песні

    Зімовыя песні


    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 736с.
    Мінск 1975
    115.75 МБ
    Песні, якія па іх зместу мы ўмоўна назвалі прадкаляднымі, адзначаюць пярэдадзень свята і з’яўляюцца нібы пераходнымі ад піліпаўскіх да ўласна калядных. У гэтых песнях выказана пажаданне аб хутчэйшым надыходзе каляд, паколькі цяжкая паднявольная праца ў паноў, напаўгалоднае жыццё і перадкалядны пост зусім знясільвалі чалавека. Каляды, як і кожнае іншае народнае свята, прыносілі на нейкі час ажыўленне. весялосць у шэры, пануры быт селяніна. Да таго ж, свята давала мажлівасць сытна паесці пасля доўгага посту і адпачыць:
    Ой, калядачкі, калядачкі, Вы барджэй, вы барджэй, Вы прынясіце ў бліны дражджэй. Нам піліпаўка надакучыла, Жываты нашы пазамучыла, А нам жамеры — зубы праелі.
    Ой, калядачкі, прыбліжыцеся, А кілбасачкі, паніжыцеся.
    А калядачкі — на двор, на двор, А кілбасачкі — на стол, на стол.
    Іншы раз у песнях такога роду гучыць і сацыяльны пратэст. Вось прыклад песні пра наёмных панскіх батракоў, тэрмін службы якіх канчаўся перад калядамі:
    — Тыдзень, тыдзень да каляд, Пан наш ды чэлядзі не рад. Пашла чэлядзь скачучы, Пан за ёю плачучы...
    — Каб ты, пане, не даждаў, Каб ты намі замысляў.
    Твая пані ліхая
    На ўсю чэлядзь гукае. Твой хамут і дуга, А я табе не слуга!
    Чакала каляд і моладзь, якой свята прыносіла вясёлыя ігрышчы і карагоды:
    А калядачкі, нашы нежанькі, А панежылі нашых дзевачак.
    Убілі дзевачкі чорны сцежачкі, To на йгрышчанька, то з ігрышчанька...
    Наступны раздзел — гэта ўласна віншавальна-велічальныя калядкі і -іічадроўкі, якія славяць гаспадароў і зычаць ім усялякіх даброт. Беларускія калядныя і шчадроўскія песні, як украінскія і рускія,— песні велічальна-зычлівага характару, якія першапачаткова выконвалі магічную функцыю. Адсюль зусім нязвыклыя для сялянскага быту карціны дастатку, багаты двор гаспадара, да якога прыйшлі калядоўшчыкі. Двор яго «на сямі вярстах, на васьмі стаўбах», з трыма, чатырма і нават з пяццю церамамі ды яшчэ і з прыцяромкамі.
    Мы хадзілі, гулялі калядоўшчыкі, Прыходзілі, прыгулялі К гаспадарскаму двару. Гаспадарскі двор На сямі вярстах, На васьмі стаўбах. Стаўбы тачоныя, Пазалачоныя.
    А на самым двары Стаяць тры церамы...
    Ды хадзілі, гулялі калядоўшчыкі, Ды сачылі, пыталі багатага двара, Багаты двор — Пятроў дом...
    На яго двары ды чатыры церамы стаяць...
    ...Іване, слаўны пане!
    У тваім дворыку, як у вянку: Пяць церамоў з прыцяромкамі...
    Гаспадар, гаспадыня і іх дзеці ўпадабляюцца месяцу, сонцу, зоркам:
    ...Ды ў тым цераму тры вакошачкі, Тры вакошачкі сцякляныя: У першым вакне — ясны месяц, У другім вакне — красна сонца, У трэцім вакне — дробны зоркі. Ясен месяц — пан Іван, Красна сонца — яго жана, Дробны зоркі — яго дзеткі...
    Такое ўпадабленне нябесным свяцілам, якое вынікае з анімістычнага і міфічнага светапогляду,— адно са сведчанняў старажытнасці калядак і шчадровак. Калядоўшчыкі ў сваіх песнях велічалі ўсю сям’ю разам або асобна гаспадара, гаспадыню, дачку, сына.
    Першаму пачыналі спяваць гаспадару, паважліва называючы яго панам. У песні ў ідэальным выглядзе ўзвелічалася яго гаспадарка, усялякая ўдача, якая чакалася ў доме, у хляве, на полі:
    Ой, добры вечар, пане гаспадару!.. Надзень шубку, выйдзі на вулку, Стань, паслухай, што ў небе гудзе, Што ў небе гудзе, прачыстая ідзе, Прачыстая ідзе, тры радасці нясе: Першая радасць — у тваім доме, Другая радасць — у тваёй аборы, Трэцяя радасць—у чыстым полі. У тваім доме — дробныя дзеткі, У тваёй аборы — валы, каровы, У чыстым полі—буйна жыта...
    Добра, па-гаспадарску ідуць справы і на пасецы:
    Сядайце, пчолкі, пану Івану На завулейку, на заборцейку, Насіце мяды ўсё салодкія...
    Гаспадар прадстаўляецца калядоўшчыкамі дзелавым, удачлівым чалавекам не толькі ў хатніх абставінах і ў гаспадарчым жыцці. Вслічаннеўшанаванне гаспадара праяўлялася часта і ў тым, што яго малявалі ў вобразе нейкага князя-ваяводы, які ў горадзе з вялікім уменнем «судзіць суды» і «раду радзіць».
    ...Івана самаго дома нетуці, Дома нетуці, у дарозе.
    Паехаў ён у Сібір-горад, Суды судзіць, раду радзіць. За суд бярэ сто рублёў, А за раду — дзве тысячы...
    Такія калядкі, відаць, адносяцца да таго часу, калі вялікія князі асобных членаў сваёй дружыны пераводзілі з наёмных воінаў на становішча земскіх баяр, надзялялі іх маёнткамі і даручалі ім «суды судзіць».
    У песнях гэтага ж роду, як і ў іншых віншавальна-велічальных песнях, усе поспехі гаспадара яўна гіпербалізуюцца. Такая гіпербалізацыя не выпадковая. Тут дзейнічаў яшчэ закон першабытнай прадуцыруючай магіі, таксама як у больш старадаўніх песнях, дзе гаспадара, да якога прыйшлі калядоўшчыкі, усюды чакае ўдача і шчасце; да яго прыходзяць у госці нават само сонца, месяц, дождж, дапамагаючы яму вырасціць хлеб і спрыяючы яго дабрабыту:
    Ой, добры вечар, пане гаспадару! Засцілай сталы, кладзі пірагі. Да будзе ў цябе да трое гасцей: А першы госць — жарка сонейка, А другі госць — ясны месечка, А трэці госць — дробны дожджык...
    Зразумела, што гаспадар пасля таго, як ён паказваўся ў калядных і шчадроўскіх песнях такім багатым і паважаным чалавекам, гасцінна прымаў калядоўшчыкаў і даваў ім добры пачастунак.
    Песень, якія асобна велічаюць гаспадыню, значна менш, але і з іх выступае вобраз працавітай, гаспадарлівай жанчыны, рукадзельніцы, майстрыхі:
    ...А ці дома, дома пані гаспадыня? А няма ў доме, сядзіць у каморы, Сядзіць у каморы, шые, вышывае. А на рукаўцы — сівы галубцы, А на палічкі — дробныя пташачкі. Сівы галубцы, як не паляцяць, Дробныя пташкі, як не шчабечуць, Малыя дзеткі, як не гавораць.
    Асноўны змест песень, прысвечаных гаспадыні,— гэта праслаўленне яе гаспадарчага ўмельства і клапатлівасці. У яе таксама, як і ў мужа, многа грошай, яна можа купляць нэлыя гарады:
    У пана Івана — вумная жана... Закупіла яна да тры гарады: Первы горад усё з панамі, Другі горад усё з казакамі, Трэці горад усё з мужыкамі. Што з панамі — дай панаваці, Што з казакамі — ваяваці, Што з мужыкамі — поле пахаці...
    У велічальных песнях да дачкі гаспадароў гаварылася пераважна пра яе блізкае замужжа. Яна заўсёды самая прыгожая дзяўчына. Адзенне яе багатае, вылучаецца сваімі цудоўнымі аздобамі з залатой кары чарадзейнай бярозы або вярбы:
    Ой, у перавоза стаяла бяроза, На той бярозе — залатая кара. Да наляцела розных птушак, Да тую кару да паабівалі.
    Да вышла, выбегла красная панпа Да тую кару пасабірала, Да ў рукавец склала, Да й занесла да злотнічка: — Ой, злотнічку. да й кавальчыку, Скуй жа мне тры надобанькі. Адна надобка — залаты венчык, Другая надобка — залаты пояс, Трэцяя надобка — эалаты персцень. Да ў венчыку—звянчаціся, Пярсцёнак — памяняціся, А паясок — падперазаціся.
    Велічальныя песні да сына таксама, як і да дачкі, развіваюць шлюбныя матывы. Сын — удачлівы паляўнічы. Ён можа застрэліць любога звера, але пакіне жывым толькі таго, хто паабяцае дапамагчы яму ў сватанні ці жаніцьбе:
    ...Тыя арлы да й прамоўлілі: — Малады Іванка, да не бі арлоў, Да як будзеш да жаніціся, Да не будзе табе перавозу. Прыедзеш ты к ціхаму Дунаю, Тваю дзевачку Хіму добра знаю. Пасаджу цябе на правым крыле, Тваю дзевачку Хімачку да й каля цябе, А твой поезд на левым крыле, Тваіх музыкантаў на сізым хвасце, Шчэдры вечар да й добрым людзям!
    Добраму молайцу ў жаніцьбе абяцае дапамагчы і яго конь, якога ён намерыўся прадаць:
    — Молад Іванька, не прадавай мяне, [He прадавай мяне], дзяржы ля сябе. Як будзеш ты да жаніціся, памашчу масты, [Памашчу масты] ўсё калінавыя, Пастаўлю стаўбы да ўсё залотыя, Павешу хусты ўсё шаўковыя...
    Добры моладзец і сам прымае актыўны ўдзел у сватанні. Ён рана ўстае, пабуджае сваіх братоў, каб хутчэй ехаць па сваю нарачоную:
    А рана, рана куры папелі, А раней за таго Іванька ўстаў. Па двару пахадзіў, званком пазваніў, Званком пазваніў, хлопцаў пабудзіў: — Уставайце, хлопцы-братцы, коней сядлайма, Коней сядлайма да й выязджайма У чыстае поле на прагулянне Куню сачыці, дзеўку сватаці.
    Сваю нявесту ён нават гатоў адваяваць у татар, што забралі яе ў палон:
    ...Я ж тых татараў мячом пасяку, Я ж тую дзевачку за сябе вазьму.
    У калядныя вечары моладзь ладзіла карагоды і гульні, якія былі прымеркаваны толькі да гэтага свята і якія суправаджаліся адпаведнымі песнямі. He выпадкова калядны цыкл беларускай народнай паэзіі ўбірае ў сябе асобную групу карагодных і гульнёвых песень. Гэта лірычныя песні в вясёлым, часта з жаргоўным зместам:
    ...Сівы коню, сівы, маляваны санкі, Як сяду, то паеду да сваёй каханкі. Да ў маёй каханкі смаляныя лаўкі, Як сеў — так і прыкіпеў.
    Да каляднага цыклу адносіцца і значная група песень, знешне зусім не звязаных з каляднай абраднасцю. Мы вылучылі іх у раздзел «Розныя». Гэта пераважна песні пра сямейнае жыццё, пра няшчасную долю маладой жанчыны, што жыве на чужыне без свайго роду:
    Піце, людзі, гарэлачку, Шэры гусі — воду. Худа жыці на чужыне, He маючы роду...
    Паказваецца горкае і цяжкае яе жыццё ў свекрыві, якая прымушае працаваць не толькі з раніцы да позняй ночы, а яшчэ і ў нядзелю:
    ...Свякроў мая шалёная,
    Загадала мне тры дзела дзелаці: Першае дзела — у нядзелю плацце мыць, Другое — на моры бяліць, Трэцяе дзела — верх лесу сушыць...
    Становішча нявесткі ў сям'і было настолькі бяспраўным, што яе кожны мог пакрыўдзіць і нават пабіць:
    А ўчора мяне ды свякор набіў, Набіўшы мяне, сам у пір пайшоў... — Ой, добра, добра піць піва п'яное I добра біці дзіця чужое.
    Піва п’яное не співаецца,
    Дзіця чужое не спіраецца, Толькі слёзкамі абліваецца.
    3 гэтага невялікага агляду каляднай паэзіі відаць, што беларускія калядныя песні тэматычна разнародныя. Разнародныя яны і па свайму паходжанню. Да найбольш даўніх адяосяцца песні з выразнымі матывамі аграрнай магіі. Гэта песні, напрыклад, звязаныя са звычаем ваджэння «казы».
    Віншавальна ж. велічальныя песні належаць да класавага грамадства. Хаця асновай іх былі больш даўнія песні, але ў тым выглядзе, у якім яны дайшлі да нас, а таксама мяркуючы па іх вобразнай сістэме, у якой адлюстраваліся рысы быту пануючых класаў, віншавальна-велічальныя песні, на наш погляд, аформіліся ў эпоху феадалізму. Значная частка калядных песень мае больш позняе паходжанне.
    Некаторыя калядныя песні, такія, як «Саўка ды Грышка ладзілі дуду», «Куды едзеш, Сілівон», «Дзе ж ты быў, мой чорны баран», «Сіўка-варонка» і іншыя, адарваўшыся ад абраду, з цягам часу перайшлі ў дзіцячы рэпертуар. Таму яны і апублікаваны ў томе «Дзіцячы фальклор» (Мінск, 1972, стар. 329—330, 336—338, 321, 274—284). '