Зімовыя песні
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 736с.
Мінск 1975
Найбольш жыццяздольным звычай калядавання аказаўся на Палессі (Гомельшчына, Брэстчына), дзе ён і ў цяперашні час нярэдка разгортваецца (у песенных, па народнаму азначэнню «вясёлых», вёсках) у своеасаблівы стыхійны зімовы карнавал, які ў аднолькавай ступені прыцягвае і людзей старэйшага ўзросту і моладзь 2. Пры гэтыя грамадска-бытавое прызначэнне калядавання вызначаецца палескімі спевакамі дастаткова выразна: «I цяпер яшчэ ставім гэту моду (калядаваць), таму што хоць раз у год і старыя нада павесяліцца так, як маладым» (в. Клетная, Пінскі р-н). «Ходзяць па калядніках радзі смеха. Я пашла, за мной другая, трэцяя, глядзіш — усё сяло ўжо на вуліцы! Весела!» (в. Тонеж, Лельчыцкі р-н). «У царкве на раждзяство спявалі колісь кніжныя, святыя песні, а мы ў
1 Прырода, сутнасць і шматграннасць праяўлення народнай карнавальнай культуры («смехавой культуры») з незвычайнай глыбінёй і пранікнёнасцю раскрыты ў даследаванні М. Бахціна «Творчество Франсуа Рабле н народная культура Средневековья н Ренессанса». М., 1965.
2 Асобныя элементы гэтага народнага звычаю нам разам з кіназдымачнай групай студыі «Беларусьфільм» удалося ўвасобіць у храяікальнадакументальныя этнаграфічным фільме «Палескія калядкі», Беларусьфільм, «Летапіс», 1972 (вв. Тонеж, Глушкавічы, Тышкавічы, Клетная, Моталь).
каляды — свае, прасцецкія, гульнёвыя» (в. Лугі, Лунінецкі р-н). «Цяпер ужо ўсе так эакультурыліся, што і заспяваць голасна і нават слова сказаць няма як. А на каляды— воляі Рабі, што хочаш!» (в. Тышкавічы, Іванаўскі р-н). «На кожны сезон нада свая асобная песня, a то што гэта за зіма будзе, калі нават каляды не завядзеш» (в. Глушкавічы, Лельчыцкі р-н).
У цэлым калядная гульня ў сучасных сёлах беларускага Палесся ўключае два этапы: уласна калядаванне і калядная бяседа-застолле. Гульнёвы тон каляды пачынаецца з моманту падрыхтоўкі да калядавання і вырабу мясцовымі майстрамі масак, а таксама іншых прылад для пераапранутых. Кожны сельскі жыхар становіцца з гэтага моманту ўдзельнікам своеасаблівага карнавалу; мяжа паміж «артыстамі» (актыўнымі ўдзельнікамі), гледачамі і слухачамі тут вельмі рухомая і ўзаемапераходная. Тым не менш, падобна да рытуалу вяселля, у каляднай гульні маюцца абавязковыя традыцыйныя ўдзельнікі, без якіх гэты звычай страціў бы сваю якасную акрэсленасць. Галоўнымі з’яўляюцца запявала («пачынальнік», «зачынальнік») велічальна-віншавальных «абходных» 3 песень, а таксама «механоша» і шматлікая чарада пераапранутых.
Сам працэс калядавання набывае ў палескіх вёсках характар усеабдымнага стыхійнага спаборніцтва пераапранутых («артыстаў»), танцораў, музыкантаў, ансамбляў («гуртоў») спевакоў. Акрамя велічальна-віншавальных абходных песень асаблівае значэнне ў гэтым спаборніцтве набываюць песні-«дражнілкі»: традыцыйныя жартоўныя калядкі і пераасэнсаваныя ў жартоўныя калядкі «сур’ёзныя» (з нежартоўным зместам), якія атрымалі сваё новае жыццё ўжо ў сучаснай вёсцы. 3 дапамогай такіх песень-«дражнілак» калядоўшчыкі «крытыкуюць» сваіх аднавяскоўцаў4. Але што б ні заспявалі калядоўшчыкі свайму аднавяскоўцу, крыўдзіцца ён не павінен: тут, як і на купалу, «што здзелаў, то прапала». Імёны святых, якія нярэдка сустракаюцца ў традыцыйных калядках, таксама «па-чалавечы» зніжа-
3 «Абходнымі» народныя спевакі называюць тыя песні, з якімі ў пэўныя традыцыйныя святы яны абходзяць двары аднавяскоўцаў. На поўдні Беларусі абходнымі песнямі з’яўляюцца калядкі і шчадроўкі, якія спяваюць зімой; у цэнтральных і некаторых паўночных раёнах—-калядкі; у паўночных і заходніх — песні валачобныя, якія спяваюцца вясной; у заходнім Палессі (Піншчына) — «траецкія», «куставыя» песні (з імі «водзяць куст»). У апошкіх экспедыцыях нам давялося зафіксаваць у якасці абходных таксама песні масленічныя і купальскія (усходнія раёны Віцебшчыны).
4 Цікава, шю аналагічнае прызначэнне маюць і некаторыя валачобныя песні. Па расказах сельскіх жыхароў Лепельскага р-на, усе сяляне вёскі з цікавасцю чакаюць, што каму праспяваюць валачобнікі. У гэтым плане вельмі цікавае таксама паведамленне жыхароў в Кавалі Сенненскага р-на (якое прыводзіць В. Ялатаў) аб тым, што разам з валачобнымі песнямі пад вокнамі нядбайных аднавяскоўцаў-калгаснікаў выконваліся сатырычныя частушкі на тэму калгаснага жыцця. Гл. В. Е л а т а ў. Ад песні да песні. Мінск, 1961, стар. 37.
юцца да звычайнага будзённага жыцця і ў звароце да іх пануе вольны, карнавальны тон:
А ў тым возеры сам бог купаўся, Сам бог купаўся, да й умываўся, Скарэй дарыце, нас не барыце, Кароткі світкі— памерзлі лыткі.
Або:
Раждзяство тваё, што дасі — маё, Дасі кусок сала, каб звязда сіяла, Дасі кусок каўбасы, каб танчэй былі галасы. 5
Другі этап гульні — калядная бяседа — наступае пасля заканчэння абходу двароў з велічальна-віншавальнымі і жартоўнымі песнямі. У адрозненне ад першага этапу (уласна калядавання) за каляднай бяседай няма цвёрда замацаваных асобных песень са спецыфічнымі тыповымі напевамі. Тым не менш і тут галоўнае месца належыць песням, што знаходзяцца «ў адным ключы» з агульным святочна-гульнёвым струменем. У асноўным гэта песні бяседныя, у паршую чаргу «гульнёвыя» і «пірушачныя».
Дастаткова дзейсны «абходны» звычай таксама і ў раёнах беларускага Паазер'я (Віцебшчыны), але разгортваецца ён тут па-іншаму. Урачысты святочна-віншавальны і гульнёвы бок традыцыйнага земляробчага свята тут як бы падзелены і замацаваны за рознай парой года. Асноўны ўрачысты «цырыманіял» з абходам двароў аднавяскоўцаў і спяваннем віншавальных песень у Паазер’і адбываецца вясной. Галоўнымі ўдзельнікамі гэтай урачыстасці з’яўляюцца валачобнікі, якія спяваюць пад вокнамі аднавяскоўцаў валачобныя песні, аналагічныя калядным па функцыі, характару, вобразнасці і стылістыцы. Гульнёвы ж бок з яго па-народнаму неўтаймаванай весялосцю сканцэнтроўваецца ва ўласна калядных звычаях і разгортваецца ў поўную меру ў зімовыя традыцыйныя святы. Падобна да пераапранання ча Палессі, у раёнах Паазер я таксама маецца сваё ўлюбёнае «каляднагульнёвае дзейства» — «Жаніцьба Цярэшкі», якое разыгрываецца на сяле на працягу некалькіх дзён, але ўжо не на вуліцы, а ў хаце. Маюцца тут і свае любімыя калядныя «аргысты» — «бацька» і «матка»— галоўныя «цырымоніймайстары» гэтага «каляднага вяселля». Як і выхад на палескую сельскую вуліцу пераапранутых, збор на «Жаніцьбу Цярэшкі» ў паўночных раёнах з’яўляецца тым «калядным сігналам», пасля якога імправізацыйная вынаходлівасць калядоўшчыкаў праяўляе сябе ва ўсім ззяючым бляску народнай дасціпнасці і карнавальнай амбівалентнасці. Вобраз «няроўні», які нарадзіў шмат песень высокага драматызму ў сапраўдных вяселлях, тут, у вяселлі несапраўдным, «калядным», па-карнавальнаму выварочваецца на-
5 Большасць песенных прыкладаў узята з рукапісных матэрыялаў (з Палесся і Паазер я).
выварат. «Няроўны дзед» («муж») у «Жаніцьбе Цярэшкі» —асноўны яс запал, спружына жартоўных куплетаў, якія разгортваюцца бясконца:
Ай божа ж мой, якая бяда, Далі мне старога дзяда, У лапцікі абуўшыся, У кручочак сагнуўшыся. А ні з ім у пір пайсці, А ні з ім дома быці: Дома быці — сварыціся, У пір паехаць — пабіціся.
Тое ж у адносінах паміж «дзедам» і «бабай» на гэтым «калядным вяселлі»:
Дзед бабу тапіць вядзе, А баба сапіць — не йдзе. Дзед бабу чабох на дно! — А мне і тут, дзедзька, ладно!
Калядныя песні на Віцебшчыне так ці іначай канцэнтруюцца вакол вядомай «Жаніцьбы Цярэшкі», па-рознаму дапаўняючы і адцяняючы яе. Каляднае ж застолле з'яўляецца тут арганічнай часткай «Жаніцьба Цярэшкі», вынікам гэтай шматэтапнай, шырока разгорнутай вясёлай народнай гульні.
Цэнтральныя раёны Беларусі вельмі цікавыя ў плане перапляцення . скрыжавання паўднёваі паўночнабеларускіх калядных традыцый. Аднак непасрэднага вывучэння калядных звычаяў і песень у натуральных умовах іх бытавання ні аўтарам артыкула, ні іншымі фалькларыстамі ў гэтых раёнах не праводзілася. Невялікія ж звесткі, якія ў нас маюцца (мяркуючы па асобных эмпірычных запісах песень у гэтых раёнах), не дазваляюць пакуль што зрабіць вывад аб ступені і характары распаўсюджання тут калядных звычаяў.
Ва ўсходніх і заходніх раёнах Беларусі даўні звычай народнага калядавання захаваўся ў цяперашні час толькі ў асобных яго эле.ментах. Іменна ў гэтых раёнах моцна адбіліся познія напластаванні, звязаныя з прапагандуемым царквой хрысціянскім святам з яго асобымі песнапеннямі і рацэямі. Тым не менш спрадвечнае народнае мастацтва і тут было толькі прыглушана, але не памерла пад цяжарам позніх пластоў і дажыло да нашых дзён у форме рознага роду калядных песень і гульняў, распаўсюджаных у заходніх раёнах Беларусі («Яшчур», «Халімон», «Зязюля» і інш.).
3 другога боку, народнае мастацтва прабівала тут сабе дарогу і шляхам асіміляцыі хрысціянска-біблейскіх сюжэтаў і матываў у народным калядна-гульнёвым характары. Ва ўсходніх раёнах гэта мастацтва прабівалася скрозь розныя напластаванні, перш за ўсё праз глыбокую тут карагодную і шырэй танцавальную стыхію. Танцавальныя калядныя напевы дзейсныя на Магілёўшчыне і цяпер. У традыцыйныя зімовыя святы яны
выліваюцца тут у своеасаблівую калядна-танцавальную сюіту «гусароў», «касароў», «цыган» і г. д., перакідваючы вобразна-меладычныя масткі да пышных і маляўнічых вясенне-летніх карагодаў.
* £ *
Мелодыі беларускіх народных песень зімовага каляндарнага цыклу аб ядноўваюць сабой у цэлым складаны комплекс напеваў, розных па функцыянальнай і жанравай акрэсленасці, гістарычнай і геаграфічнай стабільнасці.
Ядро гэтага комплексу складаюць напевы ўласна калядныя, г. зн. усе тыя напевы, строгая прымеркаванасць якіх знаходзіць сваё ўвасабленне > ў адпаведнай форме выражэння — устойлівым музычна-стылявым тыпе.
У свядомасці народнага спевака такія напевы ўзнікаюць іменна ў дадзены і толькі ў дадзены час, з’яўляючыся як бы яго своеасаблівым музычным сімвалам. Адсюль і непаўнацэннасць запісаў гэтых напеваў у любы іншы (некалядны) час, калі яны не спяваюцца па ўнутранаму імкненню спевака, а толькі «ўспамінаюцца» па просьбе збіральніка. Адзін такі напеў абагульняе вялікую групу прымацаваных да яго паэтычных тэкстаў і мае свае дакладна акрэсленыя раёны пашырэння.
Да другой катэгорыі адносяцца напевы, якія таксама дастасаваны да каляднага перыяду, але не маюць стабільнай функцыянальнай акрэсленасці і больш індывідуалізаваныя ў музычна-стылявых адносінах, г. зн. зімовыя напевы ў самым шырокім сэнсе гэтага слова.