• Газеты, часопісы і г.д.
  • Зоська Верас. Я помню ўсё Успаміны, лісты  Міхась Скобла

    Зоська Верас. Я помню ўсё

    Успаміны, лісты
    Міхась Скобла

    Памер: 498с.
    2013
    152.73 МБ
    Я ПОМНЮ ЎСЁ
    Успаміны, лісты
    ГАРАДЗЕНСКАЯ
    БІБЛІЯТЭКА
    ЗОСЬКА ВЕРАС
    Я ПОМНЮ ЎСЁ
    Успаміны, лісты
    Укладальнік Міхась Скобла
    Гародня-Wroc+aw 2013
    ГАРАДЗЕНСКАЯ БІБЛІЯТЭКА прысвячаецца той Гародні, якой мы ганарымся.
    Дзякуем усім, хто з намі.
    Каардынатар кніжнай серыі «ГАРАДЗЕНСКАЯ БІБЛІЯТЭКА»;
    Павал Мажэйка
    Ідэя серыі: Эдвард Дмухоўскі
    Зоська Верас. Я помню ўсё: Успаміны, лісты гэта 21-я кніга кніжнай сэрыі ГАРАДЗЕНСКАЯ БІБЛІЯТЭКА
    Выданьне прымеркаванае да 120-х угодкаў Зоські Верас (Людвікі Сівіцкай; 1892-1991) пісьменьніцы, мэмуарысткі, публіцысткі, лексыкографа, перакладчыцы, асьветніцы, грамадзкай дзеячкі. У аднатомавіку без купюраў друкуюцца яе ўспаміны і 386 лістоў (367 упершыню), адрасаваных яе гарадзенскім карэспандэнтам.
    Укладаньне, падрыхтоўка тэксту, прадмова, камэнтар, іменны паказьнік, кампутарны набор, рэдактура і карэктура: Міхась Скобла
    Графічная апрацоўка і вёрстка: Іван Паўлёнак
    Вокладка: Іван Паўлёнак
    ISBN 978-83-7893-104-1
    Kolegium Europy Wschodniej im.Jana Nowaka-Jezioranskiego www.kew.org.pl
    Друкарня: ZAK-EAD GRAFICZNY«COLONEL»S.A., Krakow
    Copyright © Гарадзенская бібліятэка, 2013
    © Міхась Скобла, укладанне, прадмова, каментар, 2013
    © Kolegium Europy Wschodniej im.Jana Nowaka-Jezioranskiego,2013
    А ДУМКІЛЯЦЕЛІЎ ГАРОДНЮ...
    Сьмерць і радзіны не выбіраюць гадзіны. Зоська Верас не дажыла да свайго стагодзьдзя адзінаццаць месяцаў і восем дзён. 30 верасьня 1892 году прыйшла ў гэты сьвет — 8 кастрычніка 1991-га яго пакінула. А так хацелася, каб дажыла, каб заставалася жывым злучнікам паміж пакаленьнямі, эпохамі і стагодзьдзямі. He збылося — сувязь часоў распалася.
    Яе, маладуюўдавунацдэмаФабіянаШантыра,расстралянагабальшавікамі ў 1920 годзе, прытуліў Панарскі лес пад Вільняй. А лес у беларусаў з лёсам сугучны, і лёсу скрыжалі недвухсэнсоўна вызначаюць, дзе і што нам рабіць: у сасновым лесе маліцца, у бярозавым — любіцца, у дубовым — волю каваць, у яловым — душуд’яблу прадаваць. А восьу якім лесе беларусу паміраць — скрыжалі тыя не паведамляюць. Таму Зоська Верас, калі прыйшла пара пакінуць гэты сьвет, пераехала ў Вільню, да дачкі. У гарадзкой кватэры ў звычайным блёчным доме і дажыла свае апошнія дні.
    Я ня быў на яе магіле, і мне здаецца, што нікуды яна не пераяжджала. Проста выйшла аднойчы за парог і — сама стала лесам, сунічнікам, верасам. Або шарай пташкай — яшчэ адзін з яе псэўданімаў.
    Амаль сем дзясяткаў гадоў — цэлае чалавечае жыцьцё — Зоська Верас пражыла ў сваёй Лясной хатцы. У глінабітнай, без усякіх выгодаў, у двары нават калодзежа не было. Улетку зьбіралі ў бочкі дажджавую ваду, узімку — тапілі сьнег.
    Зоська Верас жыла ў лесе не пустэльніцай, хутчэй — партызанкай. I ваявала яна — актыўна і бескампрамісна — з усімі, хто пасягаў на гістарычную праўду. “Фалыв шкодзіць гісторыі”,— не стамлялася паўтараць старая дзяячка ў лістах да сваіх шматлікіх маладзейшых адрасатаў. Толькі за паваенны час лістоў гэтых яна напісала больш за шэсьць тысячаў, і ў кожным — штосьці ўдакладняла, кагосьці папраўляла, камусьці выносіла свой няўмольны прысуд.
    Паказальны ў гэтым сэнсе выпадак з кнігай Алега Лойкі “Як агонь, як вада”, якая выйшла ў 1984 годзе. Хітрамудры жанр “раману-эсэ” не дапамог аўтару пазьбегнуць бескампраміснай крытыкі ад Зоські Верас. За прыніжэньне Янкі Купалы і “Нашай нівы”, за непраўдзівыя вобразы Івана і Антона Луцкевічаў (названых у рамане Лапкевічамі), за дыскрэдытацыю асобы Вацлава Ластоўскага (у рамане — Ласоўскі) кніга Лойкі ў Лясной хатцы атрымала найвышэйшую меру пакараньня — аўтадафэ — і была неадкладна спаленая на вогнішчы.
    Аднойчы я даволі бестактоўна спытаўся ў свайго ўнівэрсытэцкага выкладчыка,ціведаўёнпратоелясноеаўтадафэ?АлегАнтонавічсаскрухайпрызнаўся, што ведаў. Мала таго, тое вогнішча ў Панарскім лесе не давала яму спакою да канца дзён, яно і прымусіла ўрэшці перапісаць раман. Пасьля дапрацоўкі ён павялічыўся на сто старонак, трактоўка многіх падзеяў зьмянілася, а дзейным героям былі вернутыя іх сапраўдныя прозьвішчы.
    Аўтарытэтаў на гэтай сваёй партызанскай вайне за праўду Зоська Верас не прызнавала. Дасталося ад яе і Зьмітраку Бядулю — за непраўдзівыя ўспаміны пра Максіма Багдановіча, і супрацоўніку Гістпарту пры ЦК КПБ Мікалаю Сташкевічу. Гаспадыня Лясной хаткі прачытала ягоную манаграфію
    “Прысуд рэвалюцыі: крах антысавецкага руху ў Беларусі (1917-1925)” і на правах відавочцы апісаных там падзеяў вынесла свой прысуд: “Блытаніна!”.
    3 фальсыфікатарамі беларускай гісторыі Зоська Верас змагалася не галаслоўна, а з дапамогай дакумэнтаў. Прыкладам, яна захавала пратаколы беларускіх зьездаў, якія адбываліся ў Менску ў 1917 годзе, і настойліва прапаноўвала зацікаўленым людзям, якім давярала, прыехаць і азнаёміцца з імі. Перасылаць па пошце, улічваючы каштоўнасьць дакумэнтаў, не адважвалася. I гісторыкі, прагныя праўды, ехалі да першакрыніцаў.
    Зьняпраўджвала Зоська Верас і распаўсюджаную ў савецкіх дасьледаваньнях інфармацыю пра падтрымку немцамі беларускага руху ў 1917-1918 гадах. Расказвала, як немцы брутальна выганялі беларускія арганізацыі з Губэрнатарскага дому ў Менску, як нейкі кайзэравец літаральна схапіў яе за руку, калі яна спрабавала забраць з шуфляды пячатку...
    Дарэмна шукаць артыкулаў Зоські Верас пра ўсё гэта ў афіцыйным друку (а тады ўвесь друк быў афіцыйны). Па-першае, не надрукавалі б. Па-другое, ня надта яна таму друку давярала. I таму ў ход звыкла ішлі лісты-лістоўкі — правераная партызанская практыка.
    “Я помню ўсё”,— гэтай дэклярацыі Зоські Верас, выказанай у лісьце да аднаго з маладзейшых сяброў, няпроста паверыць. Гэта ж колькі падзеяў (гістарычных і шэраговых) яна перажыла, колькі людзей прайшліся поруч з ёй па жыццёвай дарозе! Але менавіта так — усё перажытае засталося ў яе фэнамэнальнай памяці, па якой можна было энцыкляпэдыі зьвяраць. I зьвяралі. Нездарма айчынныя энцыкляпэдысты Віталь Скалабан і Янка Саламевіч пакручастую дарогу да Лясной хаткі ведалі як свае пяць пальцаў. А з тае дарогі, бывала, зьбіваліся і спрактыкаваныя вандроўнікі. Скажам, Уладзімір Караткевіч, які, дарэчы, называў Зоську Верас “нашым батанічным богам”, аднойчы праблукаў паўдня ў Панарскім лесе і быў змушаны вярнуцца на віленскі брук, дзе, відавочна, пачуваўся больш упэўнена.
    I ўсё ж дарогу да Зоські Верас знаходзілі — найчасцей з дапамогай яе зяця і найлепшага знаўцы гісторыі Вільні Лявона Луцкевіча, які, звычайна, сустракаў гасцей у дамоўленым месцы ў горадзе і, нібы спрактыкаваны сувязны, вёў іх далей прыгараднымі і ляснымі сьцежкамі. Усе менскія дапытлівыя нефармалы 80-х перабывалі ў Лясной хатцы. I такой бяды, што фотаздымкі з тых візытаў потым траплялі на старонкі адыёзнага “Полнтнческого собеседннка”. Усім хацелася дакрануцца да жывой гісторыі.
    Памятаю, як улетку 1987 году мы з Анатолем Сідарэвічам на свой страх і рызыку без правадніка-сувязнога ішлі па чыгуначным палатне ў кірунку Панараў. Паміж рэек палахліва прыгіналі галовы прыземістыя рамонкі, чыгунка на даляглядзе пакалыхвалася ў сьпякотным марыве. Адна паваротка, другая... Першым згубіў арыентацыю я. А тут яшчэ абапал сьцежкі, проста пад нагамі — чырвоныя россыпы суніцаў, як хто крапідлам пакрапіў. Гэтак штохвіліны прыпыняючыся і ласуючыся, мы і дайшлі да партызанскага жытла — Лясной хаткі. Прыземістая, гліняныя сьцены ў размытых дажджамі трэшчынах, з якіх было відаць, што трымалася ўся спаруда на зьвязаных між сабой калочках. На падворку нас сустрэў Лявон Луцкевіч, які выказаў зьдзіўленьне — як жа мы не заблудзілі ў іхнім Панарскім лесе. Ягоная жонка Галіна Войцік частавала нас чарніцамі з малаком. Пачастунак, памятаю, зацягнуўся — Людвіка Антонаўна заседжвалася дапазна, таму з раніцы яе стараліся не будзіць. Мы бавілі час
    на падворку, дзе Лявон Луцкевіч паказваў нам жыцьцёваважную ў сухаземным лесе сыстэму вадасьцёкаў.
    Калі Зоська Верас прачнулася, пані Галіна паклікала нас у хату. I вось — зацішная бакоўка, нейкія старыя камоды з шуфлядамі і ў зручным фатэлі — яна. Маленькая, прыветлівая, з маладымі вачыма. На сьцяне кідаецца ў вочы падвойны партрэт, на якім маладая Зоська Верас з Максімам Багдановічам на менскай вуліцы.
    Анатоль Сідарэвіч пісаў вялікімі літарамі свае пытаньні (на дзясятым дзясятку Зоська Верас амаль страціла слых), а мне было няёмка і турбаваць яе прыпамінаньнямі. Колькі падобных паломнікаў і цэлых дэлегацый прыняла яна за сваё жыцьцё і перад кожным дапытлівым суразмоўцам браму скарбаў сваіх адчыняла.
    Гэта яна надрукавала свой першы твор яшчэ ў 1907 годзе — усяго на два гады пазьней за Янку Купалу, а аўтарам легендарнай “Нашай нівы” стала ў 1911-м.
    Гэта яна ў 1916 годзе прывячала ў Менску Максіма Багдановіча, які абяцаўся пісаць ёй зь Ялты, з “белага дома над сіняй бухтай”.
    Гэта яна на ўсё жыцьцё запомніла, як бальшавікі ў сьнежні 1917-га разганялі ў Менску I Усебеларускі кангрэс.
    Гэта яна за свае сьціплыя заробкі ў 1928 годзе выдала паэтычны зборнік Міхася Машары “Малюнкі” і толькі за гэта заслугоўвае ня меншай пашаны, чым Магдалена Радзівіл — фундатарка неўміручага “Вянка”.
    Гэта яна рабіла і выпускала ў сьвет часопісы для дзяцей “Заранка” і “Пралескі”, а для дарослых — месячнік “Беларуская борць”, якім карысталіся пчаляры па ўсёй Заходняй Беларусі.
    Гэта яна склала і выдала ў 1924 годзе знакаміты “Беларуска-польскарасейска-лацінскі батанічны слоўнік”, у які і сёньня не зашкодзіць зазірнуць самым дасьведчаным лексыкографам, каб даведацца, як праўдзіва на роднай мове называецца тая ці іншая расьліна.
    Гэта яна, ведаючы пра пільнае цэнзураваньне дванаццацітомавай “Беларускай савецкай энцыкляпэдыі”, склала свой уласны рукапісны энцыкляпэдычны даведнік, дзе зьмясьціла жыцьцяпісы Аркадзя Смоліча, Станіслава Грынкевіча, Янкі Багдановіча, Міхася Забэйды-Суміцкага — двух дзясяткаў выдатных беларускіх дзеячоў, імёны якіх на той час айчынным эцыкляпэдыстам згадваць забаранялася.
    Гэта да яе паэт і бібліяфіл Гальяш Леўчык пісаў са Слоніма прачулыя лісты, якія пачыналіся ласкавымі звароткамі“залаценечкаі дарагенечкадзядзіначка”, альбо “паважаная цётухна і залатая сястронка”...
    Лісты ў Лясную хатку прыходзілі часта. I на кожны нястомная гаспадыня давала адказ — успамінала, тлумачыла, удакладняла. Уся карэспандэнцыя захоўвалася ў ідэальным парадку — меў магчымасьць пераканацца ў гэтым на свае вочы. Усе шуфляды ў бакоўцы былі літаральна пад завязку запоўненыя фотаальбомамі і акуратна перавязанымі стосікамі лістоў. Памятаю, Зоська Верас прасіла адчыніць пэўную шуфляду, дастаць патрэбны альбом ці пакунак, а пасьля асьцярожна трымала іх на каленях — лісты ад Ларысы Геніюш, Міхася Забэйды-Суміцкага, Генадзя Каханоўскага, Віталя Скалабана, Янкі Саламевіча, Арсеня Ліса, Аляксея Пяткевіча, Дануты Бічэль...