Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
У 1928 годзе арганізуецца Беларускае каапэратыўнае таварыства “Пчала” з абмежаванай адказнасьцю. Выбіраюць мяне старшынёй. У 1934 годзе таварыства “Пчала” пачынае выдаваць свой орган “Беларуская борць” пад маёй рэдакцыяй. У 1935 годзе “Пчала” арганізуе завочныя курсы па збору медадайна-лекарскіх і лекарскіх зёлак. Гэтыя курсы апрацоўваем удваіх са студэнтам-мэдыкам В. Тумашам16.
Нядоўга трывае час дзейнасьці. У1931 годзе гасьне “Заранка”. У 1938-м перастае выходзіць “Беларуская борць”. Зачыняецца таварыства “Пчала”. Наступае некалькі гадоў нейкага духовага летаргічнага сну...
А пасьля мяне “разбудзілі”, намовілі пісаць успаміны. “Разбудзіў” мяне Арсень Сяргеевіч Ліс17. У 1977 годзе ўспаміны скончаны. Знаёмства з сучаснымі беларускімі пісьменьнікамі, карэспандэнцыя з імі. Час ад часу ўдаецца пераслаць нейкую патрэбную вестку... Так канчаецца жыцьцё...
Трэба дадаць, што мае дробныя працы друкаваліся: У 1911-1913 гадах у “Нашай ніве” пад псэўданімам Мірко — “Песьня сіраты”, “Ветру”, “Дайце мне прыязьнь людзкую”; у “Вольнай Беларусі” (Менск) — “Нёману”, “Толькі сон”; у 20-30-я гады ў “Студэнцкай думцы”, у “Шляху моладзі”, у кніжцы-зборніку “Наша праца” (Дзяржаўнае выдавецтва ў Львове; зборнік запраектаваны для дзьвюхмоўных школаў, год выданьня — 1937), у “Хрэстаматыі” I. Дварчаніна18 і, зразумела, у “Заранцы” і “Беларускай борці”, некалькі гадоў — у адрыўных календарах, дзе бывалі парады па агародніцтву, пчалярству, садаўніцтву і жаночай гаспадарцы. Ляжаць рукапісы перакладаў: “Палаючае сэрца Данка” М. Горкага19 і “Цыганка Аза” Ю. Крашэўскага20.
1978
УСПАМІНЫ
СТАРОЕ ГРОДНА
Думаю — Гродна! Бачу дзедаў парог / чую тупат сваіх дзіцячых ног.
Думаю — Гродна... Адчуваю павеў маладосьці.
Ці не паехаць мне ў тое старое Гродна ў госьці?
А езьдзіць у госьці пачала вельмі рана... Першы раз павезла мяне маці ў Гродна, каб паказаць татавым бацькам, калі мне было шэсьць месяцаў. Тады мяне першы раз сфатаграфавалі. Пасьля ўжо з году ў год летам, прыяжджаючы з далёкай Украіны, дзе мы з бацькам жылі,— тата быў вайскоўцам,— я гасьцявала ў дзядоў Сівіцкіх — Міхала і Міхаліны.
Першыя чатыры гады сьлядоў у памяці не пакінулі. Але з пяці гадоў падарожа з Альхоўнікаў, маленькага фальварка маміных бацькоў Садоўскіх, дзе мы праводзілі два, a то і тры летнія месяцы, помніцца жыва і ясна.
Езьдзілі коньмі. 3 Альхоўнікаў вузкая конная дарога вяла да шашы, якая злучала форт Асавец з Гродна. Гладкая шаша праходзіла паміж палямі, а вялікі яе адрэзак ляжаў паміж старым густым яловым лесам. У адным месцы сярод лесу была палянка, якая выходзіла аж на шашу. Расказвалі, быццам калісь на гэтай палянцы стаяла вялікая карчма, а ў гэтай карчме начамі зьбіраліся разбойнікі і нападалі на падарожнікаў. Памятаю, калі мне было гадоў шэсьць, на гэтым месцы я са страхам ціхенька, шэптам спыталася:
— Ацяперкарчмыніма?Амояеперанясьліглыбейулес?Аразбойнікаўніма?
Канчаўся лес — міналі страхі. Далей ізноў палі, сенажаці. Нарэшці здалёк відаць дамкі Фарштата — як з нямецкай называлі прадмесьце Гродна. Шаша зьлівалася з вуліцай, якая рабілася штораз больш стромкай, бо спускалася да Нёмана. Але перад самым спускам на правым баку вуліцы быў заезд. Заезд, якіх поўна было на Беларусі. Праўда, не было тут карчмы, як усюды, а невялічкі чысты драўляны дамок, у якім першы ад увахода пакойчык — сьветлы, з фіранкамі на вокнах і нядрэннай мэбляй,— быў месцам адпачынку для падарожных. Нават можна было заказаць шклянку гарбаты і ваду, каб змыць дарожны пыл.
Але “заездам” называлі гэты дом таму, што да яго была прыбудавана вялікая будыніна: чатыры высокія сьцяны, страха, таксама высокая, з гонтаў; столі не было, а замест дзьвярэй — шырокія вароты, так што параконны воз ці брычка лёгка туды ўяжджалі ці на некалькігадзінны адпачынак, ці на ноч. Найчасьцей, адпачыўшы, пакарміўшы і папаіўшы коней, ехалі ў горад.
I тут было самае страшнае. Стромкая вуліца спускалася да Нёмана на мост. Але мост быў пантонны. За кожным крокам каня, за кожным паваротам калёсаў пантоны калыхаліся, вада хвалявалася. Коні стрыглі вушамі, коса паглядалі на ваду. Таму праз мост фурманкі маглі ехаць толькі па адной, ня больш. Часам па некалькі фурманак стаяла пры ўезьдзе — чакалі сваёй чаргі. Каб утрымаць належны парадак, пры ўезьдзе на мост жыў стражнік. Для яго быў збудава-
ны дамок — нешта падобнае да марской ліхтарні. На высокіх чатырох слупах невялікі дамок — адзін пакой.
Уваходзілася па сходах. У адной пярэдняй сьцяне — дзьверы, тры вялікія, амаль на ўсю сьцяну, акны. Гэта каб відаць было ня толькі мост, але і Нёман з абодвух бакоў мосту. Стражнік пільнаваў парадку і разводзіў мост, калі з аднагоабодругогабокузьяўляліся плытнікі.У гэтым дамку я былаў дзесяцігадовым узросьце. Маці тагачаснага стражніка Вішнеўскага шмат гадоў была хатняй памочніцай маёй бабулі Міхаліны Сівіцкай. Якраз улетку, калі я гасьцявала ў Гродне, гэты стражнік памёр. Бабка мая пайшла наведаць нябожчыка і ўзяла мяне з сабой.
Едзем далей... Мост шчасьліва пераехалі, паварочваем налева, на вуліцу Падольную, якая праходзіла па беразе Нёмана. Яна вывела нас на вуліцу Мастовую. Можа, яна ў той час называлася інакш, а Мастовай назвалі, як пабудавалі сталы мост? Гэтага ня помню. Ехалася гэтай шырокай вуліцай пад гару, побач Бэрнардынскага касьцёлу і далей аж да Фары. Гэта для мяне быў самы цэнтр гораду, дзе цяперашняя вуліца Карла Маркса, атады Купецкая. Яна ня раз мяняла свой назоў, бо да Купецкай называлася Брыгіцкай. Гэты апошні назоў зноў ужывалі з 1908 году. За Фарным касьцёлам жылі мае дзяды Сівіцкія. Вялікія вароты амаль заўсёды зачынены, каля іх вузкая брамка.
Уваходзілася на брукаваны панадворак, уздоўж якога расьлі дрэвы, а ў іх цяньку стаялі лаўкі. Каля самай брамы — мураваны двухпавярховы дом. 3 правага боку — даўгі, праз цэлы панадворак, дом: ніз мураваны, верх драўляны. Наверх вялі вонкавыя сходкі. У мураванай частцы дома жылі мае дзяды. Кватэра вялікая, сьветлая, мела адзін недахоп — была напалавіну сутарэннай. Дзяды перабраліся ў гэтую кватэру пасьля апошняга вялікага пажару Гродна.
Насупраць, за дрэвамі, стаялі гаспадарчыя будынкі — складзікі, скляпы, якія служылі ўсім жыхарам. Чацьвёрты бок панадворку займаў высокі мур, за якім віднеўся апошні паверх астрогу. Было непрыемна бачыць вокны з кратамі, за імі — часам змучаныя людзкія твары...
Дамы, пра якія толькі што расказала, усе разам мелі назву “Дом саборнага духавенства”. Захавалася паштоўка, адрасаваная дзеду ў 1905 годзе, з такім адрасам.
Малой усё было цікава. Выйдзеш за браму — на супрацьлеглым баку вуліцы дом Аўтусевіча: унізе цукерня, на другім паверсе невялічкі гатэль. На рагу — будынак з чырвонай цэглы — дом Стэфана Баторыя1. Паміж сьцяной Фарнага касьцёлу і невысокім мурам — вузкі будынак кнігарні Левандоўскага. Вокнаў у кнігарні не было, гарэлі лямпы. Апрача кніжак прадаваліся пісьмовыя прылады. Часта я там бывала са сваёй бабуляй. Пакуль ня ўмела чытаць, куплялі мы там паперу і каляровыя алавікі, фарбы.
Але самае цікавае чакала перад уваходам у Фарны касьцёл. Там, дзе цяпер сквэр, быў пляц і, здаецца, некалькі дрэваў. Уздоўж пляца — вялікі драўляны будынак Ратушы. На другім паверсе магістрат ці гарадзкая ўправа, унізе — цэлы рад маленькіх крамак. Калі ў такую краму ўвойдуць адразу тры асобы, павярнуцца цяжка.
У першай краме была галянтарэя. Гаспадарыла там Гарбатая Бася. Чаго там ні было! Дзіцячыя вочы разьбягаліся, бо тут і касьнікі розных колераў, карункі, гузікі, іголкі, шпількі, шнуркі да боцікаў.
Наступная крама — жалезныя тавары: сярпы, косы, сякеры, малаткі,
а найцікавей — на даўгім услоне скрыні з цьвікамі. Ад велізарных да такіх малюсенькіх, што цяжка было пальцамі захапіць.
Далей — крамка з мукой і крупамі. У апошняй краме стаяла аграмадная бочка з кранам. Праз кран налівалі газу. Тут былі жалезныя дзьверы, а ўсярэдзіне і сьцены, і падлога, і столь абабітыя бляхай.
Каля Ратушы ў рынкавыя дні зьбіраліся сяляне. За пляцам з Ратушай узвышаўся Дамініканскі касьцёл. Пасьля паўстаньня 1863 году царскі ўрад касьцёл ператварыў у гарнізонны сабор. Пасьля Першай сусьветнай вайны ён зноў стаў касьцёлам. Направа ад яго ішла Дамініканская вуліца, назва якой зьмянялася разам з назвай касьцёлу — то Дамініканская, то Саборная. Гэта была галоўная вуліца ў горадзе. У суботу вечарам і ў нядзелю на ёй было месца спатканьняў і шпацыраў гродзенскай моладзі. Ходнік, асабліва з правага боку, быў так шчыльна запоўнены, немагчыма ні абмінуць, ні разьмінуцца. Так да позьняга вечару адны другім наступалі на пяткі...
На пачатку гэтай вуліцы, калі лічыць ад Дамініканскага касьцёлу, адзіны ў Гродне ўнівэрсальны магазін рускага купца Мухіна. Прадаваліся тульскія самавары, дарагія футры, ільняное палатно і дарагія сукны, і ядвабы, і сярэбраныя лыжкі, лыжачкі, відэльцы, нават элегантны абутак. Прадаваў сам гаспадар. Кліентаў было мала, але магазін існаваў доўга.
У1898 годзе бацька мой, афіцэр пяхоты, атрымаў трохтыднёвы адпачынак, і мы ўсёй сям’ёй прыехалі ў Гродна. Тады я пабачыла ўвесь горад. Бацька любіў родны горад і яго ваколіцы. Перадусім павёў мяне на Каложуды наЗамак. Сьцежачкай каля Замку сышлі на бераг вольнага, не закаванага ў бэтон, Нёману...
Процілеглы бераг быў нізкі, пясчаны. Пад старымі, схіліўшыміся над вадой вербамі, рыбакі ў цяньку трымалі свае лодкі. Заўсёды нехта быў каля лодкаў. Даволі было паклікаць, як хто-небудзь сьпяшаўся павазіць жадаючых па Нёмане. Вось і вазіў мяне бацька да Крэйдавых гораў або ў процілеглы бок, аж за чыгуначны мост. У наступныя гады ня раз плавала я са сваім дзедам.
Так ішлі гады. Мы ўжо жылі ў Кіеве. Я вучылася ў гандлёвай школе. У1907 годзе раптоўна памёр бацька. He хацелася заставацца там, і мы з мамай пастанавілі ехаць да сваіх у Гродна. 1909 год застаў мяне ў Гродне вучаніцай шостае клясы прыватнай гімназіі Кацярыны Баркоўскай, якая мясьцілася ў камяніцы Стэфана Баторыя. Гэтай самай восеньню зарганізавалі Горадзенскі гурток беларускай моладзі. Мяне выбралі бібліятэкарам. Праца ў гуртку разьвівалася плённа. Сходы, лекцыі, арганізацыя хору. Жылі з мамай амаль насупраць Брыгіцкага касьцёлу. У кватэры было піяніна, рэпэтыцыі хору адбываліся ў нас. Так пражылі толькі адну зіму.