• Газеты, часопісы і г.д.
  • Зоська Верас. Я помню ўсё Успаміны, лісты  Міхась Скобла

    Зоська Верас. Я помню ўсё

    Успаміны, лісты
    Міхась Скобла

    Памер: 498с.
    2013
    152.73 МБ
    Адразу з восені пачалі падгатаўляцца да вечарыны-спэктаклю. Выбралі “Модны шляхцюк” К. Каганца15. Пачалі вучыцца роляў — і заварушыўся наш гурток. Рэпэтыцыі, сызеўкі, рэпэтыцыі аркестру, маляваньне дэкарацыяў запаўнялі ўсе свабодныя ад навукі хвіліны... На гэты раз пастараліся зрабіць куртыну — з блакітнага паркалю з чырвонай аблямоўкай, угары намаляваныя хмаркі, з-за якіх усходзіць залатое сонца. Купілі таксама крыху рэквізыту: бароды, вусы, фарбы. Галоўнай праблемай былі вопраткі.
    Але тут знайшоўся выхад зусім просты: якіх вёрстаў 17-18 ад Горадні ў Сакольскім павеце была вёска Бяляны, дзе ў мяне было шмат знаёмых. I вось паехала я туды, пагаварыла, і нам абяцалі пазычыць аўтэнтычныя вясковыя вопраткі — як мужчынскія, так і жаночыя. Апошнія на выбар: даматканыя спадніцы, андаракі, папярэчкі, што мне падабаецца, нават са старых бабуліных скрыняў. Зналі мяне бялянскія сяляне ад малога, так што ахвотна згадзіліся памагчы ў нашым клопаце. Апрача вопратак удалося мне завербаваць музыку-скрыпача Яна Шыдлоўскага, які іграў заўсёды на вясковых вясельлях, вечарынках і г.д.
    Калі вярнулася ў Гродна і расказала, як усё ўдалося наладзіць, радасьць сяброў была вялікая. Нарэшці ўсё было гатова. Памяшканьне дасталі добрае: вялікі пакой з сумежным малым на гардэроб. Нашы хлопцы зрабілі сцэну выгодную, нават з суфлёрскай будкай пад сцэнай.
    На пару дзён перад спэктаклем я са сваім сцэнічным бацькам Язэпам Лявіцкім’6 (я была Ганкай) паехалі ў Бяляны па вопраткі. Набралі два вялікія мяхі ўсяго-ўсякага, аж да ботаў уключна. Прыйшлося пераначаваць, але было не да сну: у Бялянах была тады тайная школа, у якой вучыла дзяцей сяброўка нашага гуртка Марыся Бобрык. Праўда, вучыла па-польску, бо сяляне-католікі ўважалі польскую мову неразлучнай з “польскай верай”, але Марыся ўмела паміж іншым прачытаць дзецям беларускую кніжку, верш, сьпяваць з дзецьмі беларускую песню. Вось мы з ёю цэлую ночку перагаварылі.
    Раніцай сяляне адвязьлі нас на станцыю, а ў Гродне спаткалі нас на вакзале нашы таварышы і сярод сьмеху, жартаў давалаклі мяшкі да нашага тэатру. У назначаны на спэктакль дзень — каля паловы лютага 1911 г.,— прыехаў і музыка.
    Насамперад быў прачытаны рэфэрат на тэму “Адгалосак душы беларускага народу ў яго песьнях, казках і легендах” А. Бычкоўскага. Далей пеў хор, было некалькі дэклямацый. Паміж іншымі дэклямавала мой верш “Што я люблю?” малая дзяўчынка Юзя Грынкевічанка. Тут выйшла сьмешная сцэнка. Я з-за сцэны шапчу ёй: “Юзя, не кажы чый верш”, а наш старшыня грозна: “Юзя, скажы абавязкова!”, а яна павярнулася да нас і кажа ўголас: “To каго ж з вас я маю слухаць?” — аж публіка засьмяялася. “Модны шляхцюк” выйшаў вельмі добра.
    У гэтым вечары прыймалі ўдзел: Л.Сівіцкая (Ганка), Язэп Лявіцкі (бацька), Казюк Калышка (шляхцюк), Вінцук Семяновіч (Ігнась), Янка Ляўковіч17 (сват), Адольф Зянюк18 (суфлёр), Адам Бычкоўскі (рэжысёр). Дэклямавалі і належалі да хору: Анна і Марыя Салянкоўны, Юзя Грынкевічанка, Стася Кундоўна, Юзя Касацкая, Марыся Бобрыкаўна, Фэлька Лабенец, Антон Сьпявак, Эдзюк Кунда і інш.
    Публікі было шмат, быў нават адзін вучыцель літаратуры з рэальнай гімназіі — разумны, паступовы чалавек. Але найбольшую радасьць адчувалі мы, бачачы дарагога госьця з Вільні: Іван Луцкевіч19 на нашы запросіны не адмовіўся прыехаць. Пасьля ў “Нашай ніве” (№ 8 за 1911 г.) зьмясціў карэ-
    спандэнцыю: “Я дзіваваўся, гледзячы на артыстаў, як яны ўмелі падгледзець, падсьцерагчы характар вясковых сватаньняў, умелі наладзіць усё так, як яно папраўдзе бывае ў хаце беларусаў”. У канцы карэспандэнцыі кажа: “Вынес я ў падзяку за прыемны вечар веру, што горадзенская беларуская моладзь родную справу пасуне ўперад”.
    На другі дзень прыйшлося спэктакль паўтарыць для вучнёўскай моладзі (малодшай), для якой у першы дзень не хапіла месца.
    Аддаючы вопраткі бялянскім сялянам, мы абяцалі, што прыедзем са спэктаклем да іх. У хуткім часе мы мелі тры дні свабодных ад навукі г.зв. “царскія дні”. Вось у гэты час мы пастанавілі паехаць. Недалёка ад вёскі Бяляны быў маёнтак горадзенскага архірэя — Дубніца, там мы дасталі ў арандатара меншбольш адпаведнае памяшканьне. Разумеецца, прыйшлося тром нашым сябрам паехаць раней, каб зрабіць сцэну. Я паехала з імі, бо ўся гэтая ваколіца была мне добра знаёмая. Сцэну зрабілі. Пакуль хлопцы працавалі, я абыйшла блізкія вёскі: Бяляны, Хварасьцяны і Стрэльчыкі ды паведаміла жыхарам, калі адбудзецца спэктакль.
    У назначаны дзень мы прыехалі цягніком на станцыю Бяляны, а адтуль — пехатой у Дубніцу. На гэты раз была нас немалая грамада: артысты, хор, аркестр. Ізноў вопраткі прыгатавалі нам бялянскія жанчыны, і музыка той самы зьявіўся нават без просьбы. Праграма: рэфэрат асьведамляюча-агітацыйны А. Бычкоўскага, крыху дэклямацыяў (з “Дудкі беларускай”, “Смыка”), хор, аркестр і “Модны шляхцюк”.
    Усё ўдалося добра. Публікі было маса. Цесната такая, што адны другіх на сцэну выпіхалі, выходзячы, сходы паламалі... Ну, але нічога. Арандатар не злаваў, чалавек быў добры і з пачуцьцём гумару.
    Позна вечарам, шчыра пажагнаныя здаволенымі сялянамі, мы пайшлі на станцыю. Сьвяціў месяц, пагода была добрая; мы ішлі радасныя, з музыкай і песьнямі. Цягнік быў няхутка, і мы, чакаючы ў пустой у той позьні час пачакальні, пайшлі скакаць “Лявоніху”.
    Але такая прыемная і вясёлая (а крыху, можа, і карысная) імпрэза ледзь ня скончылася для некаторых з нас вельмі сумна... Справа вось у чым: у арандатара Дубніцы не было адпаведных на сцэну дошак, і ён парадзіў нам пайсьці ў фальварак Малая Дубніца да жыўшага там манаха і ўзяць дошкі адтуль. Дошкі манах даў, але ў хуткім часе, паехаўшы да архірэя, пахваліўся: “А ў нас быў спэктакль, прыяжджала моладзь”. Архірэй да губэрнатара: “Каму даваў дазвол?”. Губэрнатар, разумеецца, нічога ня ведаў, паслаў у мястэчка Новы Двор паліцыю, тыя таксама нічога ня ведалі; зьвярнуліся на станцыю Бяляны да жандара і начальніка станцыі, і так па нітцы да клубка дайшлі, што прыяжджала моладзь з Гродні. А хто? Уся амаль моладзь не тутэйшая, а ведалі толькі мяне і яшчэ аднаго з так зв[анай] Пушкінскай школы, які паходзіў з в [ёскі] Хварасьцяны. I ён, і я былі ў апошніх клясах, і нас, разумеецца, у найлепшым выпадку выгналі б са школ. Але, на нашае шчасьце, у губэрнатарскай канцылярыі працаваўбацька адной з нашыхсябровак. Баючыся, каб і яго дачку не пацягнулі да адказнасьці, пастараўся, каб наша “дзела” прапала...
    Ізноў пачалося нармальнае жыцьцё гуртка. Бібліятэка ўсё пашыралася. Перапіска з I. Луцкевічам, В. Ластоўскім20 і А. Уласавым21 была сувязяй з віленскімі беларускімі справамі. Наш маленькі гурток чуўся часткай вялікага цэлага...
    У гэтым самым школьным годзе ў траўні адбылася ў нас вечарынка, на каторай ГГБМ разьвітаўся з вялікім жалем са сваім арганізатарам і першым старшынём Адамам Бычкоўскім, каторы, скончыўшы гімназію, выяжджаўз Горадні.
    Нядоўгапачакаўшы,усесябры разьехаліся налетні адпачынак.Зьехаўшыся ўвосені, ГГБМ першым чынам мусіў выбраць сабе старшыню; у канцы быў выбраны Казюк Калышка — гімназіст VIII клясы.
    Пачаліся, як і раней, сьпеўкі і вербаваньне новых сяброў. V кастрычніку, на імяніны кіраўніка, малодшая сэкцыя гуртка прыгатавала маленькі спэктакль. Дзіцячых сцэнічных твораў у нас не было. На маю просьбу прыслаць што-небудзь В. Ластоўскі прыслаў мне рукапіс “Снатворнага маку” К. Лейкі22. Мы зараз перапісалі, а рукапіс адаслалі назад. На жаль, гэты твор нам не падыйшоў: шмат дзеючых асоб, касьцюмы вымагалі б і кошту, і вялікай работы. Тады я пералажыла з польскай мовы сцэнку “Пастушка”, і яе паставілі.
    Ігралі ў нашым памяшканьні на Гараднічанскай вуліцы. Прывезьлі поўны воз ёлак, кветак і зрабілі сцэну: лясную паляну. Апрача “Пастушкі” былі крыху дэклямацыяў і жывыя вобразы, асьветленыя каляровымі агнямі. Усё выйшла добра, эфэктыўна, дзеці, г.зн. самыя малодшыя нашы сябры, былі вельмі задаволеныя сваёй работай. Зараз пасля гэтага пачалі думаць аб спэктаклі, маючыся паставіць “У зімовы вечар” Э. Ажэшка. Пачалі нават рабіць рэпэтыцыі. Але ж, пераканаўшыся, што сілы заслабыя і добрага выкананьня цяжка спадзявацца, пакінулі думку аб спэктаклі і пастанавілі зрабіць Калядамі ёлку для дзяцей у якой-небудзь вёсцы.
    Выбралі вёску Серуцёўцы Сакольскага павету, бо ў той бок мы яшчэ не дабіраліся. Грошай ў касе гуртка было мала, так што мы зрабілі складчыну. Купілі цукерак, пернікаў, арэхаў, яблыкаў. Зрабілі крыху цацак і, узяўшы з сабою вялікую колькасьць газэт, календароў і кніжак, каб раздаць сялянам, паехалі. Ізноў да станцыі Бяляны, а там пехатой. Трэба было ісьці вёрстаў 6 ці 7. Зіма, сьнег, добра, што мароз быў невялікі. Пакуль зайшлі, ужо сьцямнела. Зараз жа гаспадар хаты прынёс ёлку. Прыбралі, запалілі сьвечкі. Дзяцей і дарослых набралася поўная хата. Крыху пагулялі з дзяцьмі каля ёлкі, раздалі дзецям цукеркі і г.д., а дарослым — календары I кніжкі і пачалі зьбірацца на цягнік. Цяпер ужо было лепш, бо запраглі каня і адвязьлі нас на станцыю.
    Езьдзіла нас, здаецца, чалавек 6. А ў наступную нядзелю ў парафіяльным касьцёле (у м[ястэчку] Новы Двор) з амбоны пробашч лаяў нас (завочна) за беларускую прапаганду. Толькі бацюшка маўчаў. Мусіць, ня ведаў, што там былі і яго “авечкі”.
    Хутка пасьля Новага году (1912) наш кіраўнік пад націскам вышэйшых духоўных уладаў адыйшоў ад гуртка і наогул ад беларускіх спраў. Старшыня К. Калышка быў старшынёй толькі з тытулу. Сакратаром у той час быў Ст. Більмін, які аказаўся здраднікам: зьнішчыў усе пратаколы паседжаньняў гуртка ад самага пачатку яго існаваньня.
    Працаваць было штораз трудней. Капэлян мужчынскай гімназіі меў на ўвазе тых гімназістаў-католікаў, якія належалі да ГГБМ і гразіў ім, што будуць мець рэлігію па-расейску, а з захаваньня — паменшаныя ацэнкі. Некаторыя малодшыя на жаданьне бацькоў пакінулі гурток. Усё гэта адбілася цяжка на настроях нашай старшай моладзі. Хутка, аднак, скінулі з сябе гэтую прыбітасьць і няпэўнасьць і пад кіраўніцтвам сваіх лепшых сілаў з падвойнай энэргіяй узяліся за работу. Праектаў было шмат. He прапускаючы лекцыяў
    з сярэдняй і малодшай сэкцыямі, папаўнялі бібліятэку і тэатральны рэквізыт, чыталі і разьбіралі новыя творы беларускіх пісьменызікаў, ад часу да часу некаторыя з сяброў прыносілі на лекцыі і свае ўласныя творы. На запускі адбыўся невялікі спэктакль, ставілі “Міхалку” і “Варажбу цыганкі” (пераробка з польскае — мая). Але цеснае памяшканьне і даволі нядбалая распрацоўка зрабілі дрэннае ўражаньне.