Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
Ужо ў сэмінарыі цікавіўся дзейнасьцю ГГБМ, і мы з ім не перарывалі кантактаў. Пісаў мне, стараючыся пераслаць ліст праз рукі, абмінаючы цэнзуру. У першым лісьце з Вільні піша: “24 лютага (1913 г.) у нас у сэмінарыі будзе спэктакль. Можа, мне ўдасца дэклямаваць “Град” (беларускі верш). Беларускай камэдыі паставіць не пазволілі. Але ж Бог з імі. Можа, калі-небудзь болыл даб’ёмся, а цяпер і з гэтага рады. Ці ведаеце, што выходзіць газэта “Беларус” — рэдактар Антон Бычкоўскі? Можа, гэта наш старшыня? Я выпісаў гэтую газэту для бацькоў”. Рэдактарам “Беларуса” быў Антон Бычкоўскі — першастрэчны брат нашага старшыні Адама.
Калі гурток наладзіў ёлку ў в [ёсцы] Серуцёўцы, мы запрасілі клерыка Янку Ляўковіча і кс[яндза] Хлявінскага з Залесься, каб прыехалі. Але памылкова заадрасаваны ліст у пару не дайшоў, тады Я. Ляўковіч піша мне: “Хоць я з Вамі ня быў і хоць гэта ўжо даўно было, а мне ўсё здаецца, што я паміж сваімі, што чую свае песьні, што цешуся з сваім народам. Прыміце ад мяне і ад нас усіх (клерыкаў-беларусаў) шчырую падзяку за трудную працу для нашай сьвятой справы. Цяпер і мы тутака штось значым: маем свае кніжкі, падчас з намі лічацца, але толькі падчас, бо нядаўна за нашу якраз справу аднаго з нашых выкінулі. Ды гэта нічога. У сьвеце ён больш зробіць добрага, бо тутака цяпер штораз болей прыціскаюць, і мы нічога абсалютна для сваёй справы зрабіць ня можам. А цяпер, калі мы выстаўлены на крыжавы агонь паміж расейцаў і палякаў, праца патрэбная, праца жывым словам, а не на паперы. Ды, з другога боку гледзячы, цешыцца сэрца, калі сьвядомых з кожным днём лік павялічваецца. Я думаю, што калі так далей пойдзе, то нядоўга трэба будзе ждаць свайго часу, калі народ скажа: “Мы не палякі”. Ды аб гэтым мо калі пагаворым”.
3 іншых сяброў: Ул. Чаржынскі27 (увайшоў у самую малодшую сэкцыю) — літаратурны крытык; Янка Чарапук28 — адвакат; Хіркоўскі — лекар; Я.Жук — лекар; Марыся Бобрык — сястра міласэрдзя, у час Першай сусьветнай вайны адзначалася мэдалямі.
ДЗЕСЯЦЬ МЕСЯЦАЎУ ВАРШАВЕ I ПАЧАТАК ВАЙНЫ
Увосені 1913 г. прыехала я ў Варшаву на курсы. Загадзя бядуючы, што ня маю ў Варшаве нікога знаёмага, а таксама, што буду адарваная ад беларускага руху, я падзялілася гэтымі сваімі думкамі з В. Ластоўскім. Ён зараз жа прыслаў мне адрас Гальяша Леўчыка1 і студэнта-мэдыка Аркадзя Табэркі. Адначасна напісаў да Леўчыка, так што мне не прыйшлося апошняга шукаць, бо ён сам да мяне прыйшоў і ў хуткім часе пазнаёміў з рэштай беларусаў, якія жылі ў Варшаве.
Былі там: сям’я Сталыгваў (жылі яны ў Ажарове пад Варшавай у сваёй уласнай віле, якую праектаваў і будаваў архітэктар-беларус Лявон Дубейкаўскі2; далей — Язэп Гапановіч з Будслава; Пранук Віславух з Палесься; Ванда Карнацкая з Будслава; Людвік Славінскі з Слоніма. Арганізацыі ніякай не было, адно толькі, што спатыкаліся кожны дзень у сталоўцы прыватнай, якую называлі беларускай ды часта цэлай кампаніяй езьдзілі ў Ажарова да Сталыгваў. Разумеецца, атрымлівалі з Вільні “Нашу ніву” і кніжкі ды гаварылі па-беларуску.
Да гэтай жа кампаніі належаў Рамуальд Зямкевіч3. Гаварыўён па-беларуску добра, лічыў сябе бібліёграфам, але хто ён быў, скуль — гэтага ніхто ня ведаў. Калі раз, едучы да Сталыгваў, мы ў вагоне пачалі гутарку аб тым, хто скуль, Зямкевіч на маё пытаньне: а вы, п[ане] Зямкевіч? — адказаў: “Мая бацькаўшчына там, дзе мне добра”. Усе замоўклі. Што на гэта сказаць? Нясмак астаўся.
Хутка прыйшоў да мяне А. Табэрка — сымпатычны малады студэнт-мэдык з Віцебска. Энтузыяст, жывы, энэргічны, поўны праектаў. Але на мэдыцыне беларусаў амаль не было, і яго стараньні, каб наладзіць беларускую студэнцкую вечарыну, не ўдаліся.
Быў яшчэ адзін студэнт — К. Сініцкі, але з ім я так і не пазнаёмілася. Затое, ня помню ўжо як, спаткалася з вельмі сымпатычнай Марыляй Галубянкай4. Яна тады была вучыцелькай у школе. Часта да мяне прыходзіла, і наша прыязнасьць трывала аж да яе раньняй сьмерці ў Празе Чэшскай каля 1940 году, здаецца.
У тым самым часе я неспадзявана атрымала ліст з Пулаваў (Новай Александрыі), падпісаны А. Смолічам5 і В. Рымкевічам, у якім яны мне дзякуюць за весткі з Варшавы. Я вельмі зьдзівілася, бо ня толькі не пісала, але нават аб іх існаваньні ня ведала. Відаць, нехта з Вільні, найхутчэй В. Ластоўскі, напісаў да іх ад майго імяні. Пасьля перапіскі А. Смоліч і Рымкевіч прыехалі ў Варшаву. Мы пазнаёміліся добра і надоўга.
Усе гэтыя знаёмствы прыемныя, але трэба ж было нешта рабіць больш канкрэтнае, чым гутаркі ды спацыры. Пастанавілі выдаць аднаднёўку і хоць тым змацаваць нашу сувязь. Зьбіраліся, радзілі, гаварылі, ды нічога ня выйшла. Галоўная прычына — безграшоўе. Замала нас было, каб здабыць патрэбную суму складкамі, ды большасьць былі студэнты, якім жылося нялёгка.
Я асабіста часу мела вельмі мала. Курсы, лекцыі, апрача таго — практыка ў агародах далёка за горадам, займалі цэлыя дні. У паветры ўжо адчуваліся подыхі вайны. Арганізаваліся санітарныя курсы. Вось на адныя такія курсы, вячэрнія, я таксама запісалася, што мне пасьля вельмі прыгадзілася.
Сумна было бачыць бязьдзейнасьць групкі варшаўскіх беларусаў, тым больш, што літвіны, галоўным чынам студэнты, патрафілі моцна зарганізавацца і ладзіць прапагандовыя імпрэзы. Паміж іншым, было шмат студэнтаў-літвіноў, з багата выкананай у народным стылі праграмай. На гэтым
балі сабралася ня толькі моладзь, але і шмат старэйшага грамадзянства — як літоўскага, так і польскага.
Горка было. Але я ні цяпер, ні тады не разумела, чаму гэта на мяне асабіста была надзея. Надзея, што я скрану з мейсца драмаючых спакойна беларусаў? ГэтаўсёпрыдумываўЛастоўскі.Пісаўмне — такога-товыкарыстайце,прыцягніце, загітуйце... Нават Бабровіч6, зьмяніўшы кватэру, прыслаў мне свой новы адрас — можа, буду патрэбны... А я? Адной маёй заслугай было тое, што ў мяне пазнаёміліся тыя, хто раней ня быў знаёмы. Смоліч і Рымкевіч прыяжджалі ня раз, і я з балькону бачыла здалёк прыкметную пару: Смоліч — даволі высокі і добра збудаваны, з вялікай цёмнай чупрынай, і малы, шчуплы Рымкевіч — з аголенай да скуры галавой. Часьцей Смоліч прыяжджаў адзін. Ён, чытаючы “Балядыну” Ю. Славацкага7, вырабіў на гэты твор нейкі свой погляд і хацеў праверыць яшчэ сваё ўражаньне ў тэатры. I вось прасіў паведаміць яго, калі будзе ісьці “Балядына”. Я паведаміла. Смоліч прыехаў, і мы з ім былі ўтэатры.
Я рада была, што пазнаёмілася з аграномамі, думала, што ў іх знайду таксама сяброў па замілаваньні да прыроды, але крыху расчаравалася, хаця толькі часова і часткова. Смоліч на маё пытаньне, ці любіць сваю прафэсію, адказаў, што любіць настолькі, насколькі яна служыць людзям. Прыроду, праўда, любіў, адчуваў яе хараство і ўмеў вельмі прыгожа, паэтычна апісываць свае ўражаньні. А мне асабіста гэтага было мала. Я любіла прыроду пазнаваць, быць з ёю ў як найбліжэйшым кантакте: гадаваць расьліны, бачыць гэты цуд, як з малюсенькага зярнятка паўстае-вырастае, напрыклад, пышны куст кветак, ды знаёміцца “асабіста” з кожнай расьлінай, якая спатыкаецца ў полі, у лесе, на сенажаці. Тады я ўжо мела сабраныя зельнікі з назовамі ў розных мовах. На жаль, падчас 1-ай вайны яны прапалі.
I вось тут сталася памылка, якую пасьля трудна было паправіць. Неяк так выйшла, што пры спатканьнях з В. Рымкевічам мы ніколі не парушалі нашых адносінаў да прыроды, і толькі ў 1915 годзе, калі Рымкевіч быў у Харкаве, выясьнілася, што ён цікавіцца прыродай з тымі самымі мэтамі, што і я, і зьбірае матэр’ялы да беларускага батанічнага слоўніка. Розьніца былаўтым, што я пачала зьбіраць беларускія назовы расьлін па вёсках ад людзей, а Рымкевіч пачаў з гатовых матэр’ялаў — слоўніка Ластоўскага і г.д. На жаль, нічога не зрабіў, і што з ім самым сталася — невядома.
Але вярнуся да Смоліча. Ён любіў працу арганізацыйную. Стараўся быць у кантакце і з Вільняй, і з Петраградам, прымаць удзел у кожнай працы, якая б дзе ні разьвівалася, напрыклад, у выдаваньні аднаднёвак (“Раніца”), пісаў крытыку на “Сон на кургане”8 і адначасна “Эканамічныя нарысы” для “Лучынкі”9. Энэргія і шырыня запраектаванай працы проста дзівілі. У адным з лістоў да мяне піша: “Трэба прысьпяшыць пашырэньне беларускага руху на Усход. Арганізм толькі тады здаровым будзе, калі ўсе яго часткі роўна будуць працаваць. Уся Магілёўшчына, усходняя Меншчына ды Віцебшчына, урэшці Смаленшчына, Чарнігаўшчына ляжаць незакранутымі абшарамі. Там патрэбная газэта — у Магілёве”.
Вясной 1915 г. у Кракаве, куды быў перанесены інстытут з Пулаваў (Новай Александрыі), знайшоў крыху беларусаў, як пісаў, “людзей паважаных, шчырых, сымпатычных”, і прачытаў ім рэфератз гісторыі беларускай літаратуры.
Але гэта ўсё было ўжо пасьля 1-ай вайны. А з варшаўскіх часоў мушу яшчэ ўспомніць Гальяша Леўчыка. Як паэт ён нічым асабліва не адзначыўся. Яго
вершы часта былі даволі наіўныя, а рымы нацягнутыя, але пісаў шмат і быў з сябе задаволены. Але як чалавек меў ён шмат плюсаў: вельмі таварыскі, спагадлівы,услужлівы. Гатовы кожнаму памагчы,увайсьціўпалажэньне. Ніколі не шкадаваў свайго часу, калі трэба было яго ахвяраваць ня толькі для нейкай важнай справы, але нават для прыемнасьці. У першыя месяцы быў маім чычэроне па Варшаве. Былі мы з ім на выстаўках, напрыклад, у Захэнце пазнаёміў мяне з М. Федароўскім і г.д. Сам поўны жыцьцёвай энэргіі, лічыў сваім абавязкам быць знаёмым з усімі беларусамі, што прыяжджалі ў Варшаву, і заўсёды быць з імі у кантакце. Разумеецца, заўсёды падтрымліваў адносіны з Вільняй. Працаваў ён тады ў магістраце рысаўніком (чертёжнйком).
А вось Бабровіча, можна сказаць, я амаль ня знала. Калі ён да мяне прыйшоў, у мяне якраз быў Смоліч. Яны пазнаёміліся, і адразу пачалася вострая палеміка. Бабровіч — радыкал, узгадаваны пад уплывам расейскай культуры, а Смоліч — сацыяліст. I яны ніяк не маглі ня толькі паразумецца, але і зразумець адзін аднаго. Я ў іх гутарку ня ўмешывалася і нават яе ня слухала, бо ў мяне ў наступны дзень быў экзамін з хіміі, і я з галавой увайшла ў работу.
Пасьля мне Смоліч пісаў, што Бабровіч быў у яго ў Пулавах; спрачаліся дзень і ноч і да нічога не дагаварыліся. Паміма таго, завязалася паміж імі прыязьнь. Калі Бабровіча адразу ў пачатку вайны ўзялі у войска, ён прыслаў Смолічу сваю фатаграфію ў форме прапаршчыка і пісаў лісты. Вельмі хутка Бабровіч быў забіты.