Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
Цяжка было праіснаваць на невялікую пэнсію па бацьку, таму мама атрымала дазвол у школьных уладаў арганізаваць у нас “вучнёўскую кватэру”. Трэба было шукаць адпаведнае памяшканьне. Знайшлі ў знаёмай бабулі Будрыкавай на Гараднічанскай вуліцы, нумар чатырнаццаць. Пяць пакояў, кухня, перадпакой, балькон. Праўда, у мансардзе. На панадворку стаялі дрэвы, расла трава. Балькон выходзіў на панадворак. Вучняў набралася восем чалавек — усе беларусы, сябры гуртка. Бібліятэку перанесьлі сюды. Наш дом стаў кватэрай гуртка. Тут адбываліся рэпэтыцыі хору, спэктакляў, лекцыі і вечарынкі для малодшай сэкцыі. Заўсёды былі ў нас сябры з гуртка.
Як толькі прыходзіла вясна, не сядзелася ў горадзе. У першую цёплую нядзелю ішлі ў поле спатыкаць вясну. Ішлі аж пад прыстанак Ласосна або і далей.
Восеньню хадзілі на бераг ракі насупраць Францішканскага касьцёлу. Ціха стаялі цеснай групкай і чакалі, пакуль туман не падымецца настолькі, каб закрыць ніжнюю частку касьцёлу. Тады вежы, здавалася, плылі ў небе высока, нібы адарваныя ад зямлі. Як у казцы...
Але не заўсёды былі ў такім рамантычным настроі. Прыходзілі ў галаву і вясёлыя выдумкі. Быў у нас у гуртку Казюк Калышка з-пад Ваўкавыска. Сярэдняга росту, твар круглы. Апранулі мы яго ў беларускі жаночы касьцюм, завязалі на галаву шаляноўку, дзьве дзяўчыны ўзялі яго пад рукі і павялі ў самую гушчу шпацыруючых па Саборнай вуліцы. Гаварылі паміж сабой, як заўсёды, па-беларуску, але на гэты раз спэцыяльна гучна, каб зьвярнуць на сябе ўвагу. Зразумела, пачалі на нас аглядацца, ісьці за намі. Так дайшлі амальдасамай мужчынскай гімназіі. Алетутспахапіліся, што можамтрапіць каму на вочы з настаўнікаў гімназіі, якія час ад часу сачылі за паводзінамі гімназістаў на вуліцы. Хуценька павярнулі ў першы папаўшыся завулак і пайшлі дамоў.
Апошняй падзеяй гуртка быў выдадзены на шапірографе ў 1913 годзе зборнічак “Колас беларускай нівы”. Ішоў апошні год майго жыцьця ў Гродне. Восеньню выехала ў Варшаву на курсы. Пажагнала Гродна назаўсёды.
У памяці захавалася яшчэ адна падзея. У1910 годзе цяжка захварэла Эліза Ажэшка2. Вуліца перад яе домам была заслана тоўстым пластом саломы, каб грукат колаў фурманак не трывожыў хворай. Горад перажываў моцна штораз горшыя весткі аб стане здароўя пісьменьніцы. Паправы не было. Прыйшла сьмерць.
Адчынены дзьверы. Чорныя заслоны ў вокнах. 3-за іх відаць запаленыя сьвечкі. Гродзенская інтэлігенцыя стварыла камітэт, які ўтрымліваў парадак і ладзіў хаўтуры. Нехта пісаў, што ўлады забаранілі моладзі з гімназій прымаць удзел у хаўтурах. Можа, мелася на ўвазе моладзь з дзяржаўных гімназій. Дзяўчаты з прыватных школ былі ўсе, пачынаючы ад пятае клясы. Мы ведалі творы пісьменьніцы, любілі іх. Узяўшыся моцна пад рукі, мы зрабілі ланцуг, які стрымліваў натоўп, што сабраўся на ходніках, каб не сыходзіў на вуліцу, сярэдзінай якой нясьлі на руках труну. Маса людзей розных нацыянальнасьцяў не зважала, што ў ланцугу пераважна дзяўчаты, націскалі моцна. Але мы неяк вытрымалі.
На трэці дзень пасьля хаўтур дом пісьменьніцы быў адчынены. Можна было ўвайсьці, агледзець кватэру, дзе столькі гадоў яна жыла, працавала. Мяне найбольш зьдзівілі прымацаваныя на сьценах кампазыцыі з засушанага лісьця і кветак, зробленыя рукамі Элізы Ажэшка.
Як жа я шкадавала, што мая нясьмеласьць не дазволіла зайсьці да яе. I магчымасьць была. Сваячка маёй бабулі была з Элізай Ажэшка ня толькі знаёмай, а і сталай спадарожніцай у шуканьні тыпаў, жыцьцёвых фактаў для творчасьці паміж горадзенскіх бедных рамесьнікаў.
ГОРАДЗЕНСКІ ГУРТОК БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ
1909 год. Восень. У маленькім памяшканьні ў Бэрнардынскіх мурах у ксяндза Францішка Грынкевіча1 сабралася невялікая грамадка моладзі. Гэта арганізацыйны сход беларускага гуртка. Былі там гімназісты апошніх клясаў: Адам Бычкоўскі2 (першастрэчны брат рэдактара “Беларуса” Антона
Бычкоўскага3), Ф. Эйсмант, П. Аляксюк4, сёстры Салянкоўны — Анна і Марыя, Гэлена Шэгідзевічанка (ужо скончыўшыя школы) і я, Людвіка Сівіцкая, вуч[аніца] 6-ай клясы.
Гаварылі аб патрэбе сваёй арганізацыі, выбралі назоў — Горадзенскі гурток беларускай моладзі, у скарачэнні — ГГБМ, абдумалі, якую зрабіць пячатку і выбралі ўрад: старшыня — А. Бычкоўскі, віцэ-старшыня — П. Аляксюк, сакратар — 3. Абрамовіч5, бібліятэкар — Л. Сівіцкая.
Сябры ўраду асталіся, каб запраектаваць працу на бліжэйшы час. Мэтай гуртка было аб’яднаньне горадзенскай беларускай моладзі, галоўным чынам школьнай, самаасьвета і, магчыма, найлепшая сувязь з вёскай. Кіраўніком гуртка быў кс[ёндз] Грынкевіч, што было вельмі важна, бо гурток нелегальны, мог бясьпечна зьбірацца ў свайго кіраўніка, які быў школьным капэлянам.
У бібліятэку на пачатак сябры ахвяравалі “Смык”, “Дудку”6, “Жалейку”, ды гадавік “Нашай нівы”, а кс[ёндз] Грынкевіч падараваў усе тамы М. Федароўскага7 “Люд беларускі”. Зараз жа было выпісана (за складковыя грошы) крыху кніжак з суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца”, а я сьпісалася з віленскай “Беларускай кнігарняй” (Завальная, 7), якая згадзілася прысылаць нам “Нашу ніву”, календары і кніжкі накамісіюз вялікай зьніжкай. Грошы,атрыманыя з прадажы, ішлі на патрэбы бібліятэкі, а часткова і канцылярыі гуртка.
Сябры гуртка былі абавязаны браць усю літаратуру, едучы дамоў на сьвяты і канікулы, і прадаваць яе на вёсках. Рахункі захаваліся ў мяне дагэтуль. Разьлічаліся за ўзятае акуратна. Некаторыя сябры прадавалі кніжкі, але большасьць раздавала дарма, а плацілі ў бібліятэку з уласнай кішэні.
Зразумела, цікавілася кніжкамі найбольш моладзь. А як рэагавалі? Найлепшы прыклад: вершы з “Дудкі беларускай” Ф. Багушэвіча завучваліся на памяць. Я асабіста ведала двух такіх маладых хлапцоў. Адзін — Болек Бенеш — вывучыў некалькі вершаў, але ўлюбёным быў верш “Хрэсьбіны Мацюка”. Як жа часта яго паўтараў! Косіць — а верш гучыць наўсю сенажаць! Другому — Хвэльку Рэпуху — больш падабаўся верш “He цурайся мяне, панічок”. Трэба дадаць, што мы выпісывалі і “Нашу ніву”, і кожны год — 100 календароў-кніжак, якія расходзіліся ўсе да аднаго.
У хуткім часе пачаліся пэрыядычныя лекцыі. Так, напрыклад, на першай лекцыі (20 лютага 1910 г.) пазнаёміліся з граніцамі Беларусі: азначылі на мапе губэрні і паветы, дзе беларусы жылі ў даны час і г.д. На другой лекцыі (10 сакавіка) чыталі народнае апавяданьне “Хітры мужык”. Гаварылі аб Ф. Багушэвічу і чыталі яго творы. На трэцяй лекцыі (3 красавіка) заняліся суседзямі-славянамі, чацьвёртая лекцыя (1 мая) была прысьвечаная памяці С. Палуяна8:1) нэкралёг “Памяці С. Палуяна” з “Нашай нівы” прачытаў П. Аляксюк; “Беларусы і іх нацыянальнае адраджэньне” — выступ М. Салянка; “Ня рвіся к багатым” Я. Купалы9 — дэклямаваў А. Бычкоўскі; “Вясну” Каршуна10 — П. Аляксюк; ‘Тэй ты, вецер” — М. Салянко.
Хутка разьехаліся на летнія канікулы, набраўшы з сабой газэтаў і кніжак. Увосені пачалася работа з новай энэргіяй. Прыбывала штораз больш сяброў, пачалі арганізоўваць хор, а хлопцы — струнны аркестр. I надумаліся зрабіць спэктакль. Выбралі п’еску “Па рэвізіі”11. Разабралі ролі, пачаліся рэпэтыцыі — у памяшканьні М. і А. Салянкаў на Паліцыйнай вуліцы (пад выглядам імянінаў — усё тая ж нелегальшчына!) зрабілі малую сцэну. Перад спэктаклем А. Бычкоўскі прачытаў рэфэрат аб адраджэньні Беларусі. Гасьцей сабралася
поўна. Сядзелі і стаялі пры сьценах, не было дзе павярнуцца. На гэты спэктакль прыйшлі прадстаўнікі Polskiego kola samoksztalczenia12 Сыльвэстар Ваяводзкі (у свой час пасол польскага Сойму) і Мар’ян Янкоўскі (пазьней — віленскі ваявода, з каторым я тут спатыкалася; ён хаця і не паказываў яўна прыхільнасьці да беларусаў, але і ворагам ня быў).
Справа ў тым, што каб увайсьці ў кантакт з польскім гуртком, дзе згрупавалася лепшая паступовая польская моладзь, мы — А. Бычкоўскі і я — уступілі ў польскі гурток, бывалі там на лекцыях літаратуры, на вечарынах, карысталіся іх багатай бібліятэкай, а яны ўзаемна бывалі ў нас. Часам у памяшканьні маёй маткі рабілі сьпеўкі (у нас было піяніна) і вечарынкі.
Адыгралі камэдыю добра. Я была Пантурчыхай, але, хоць першы раз выступала на сцэне, трэмы ня мела, бо была загрыміраваная так, што мяне родная маці не пазнала. Грыміраваў наш сябра — рэжысёр 3. Абрамовіч, які пазьней належаў да аб’язднога тэатру Ігната Буйніцкага13.
На другі дзень, на жаданьне публікі, прыйшлося спэктакль цалкам паўтарыць. Каб быць кансэквэнтнымі і прытрымлівацца мэтаў гуртка, мы на адным з паседжаньняў пастанавілі выехаць з нашым спэктаклем на вёску. Зрабіць гэта было нялёгка. Наступіла зіма. Наладзіць спэктакль у якой-небудзь адрыне (стадоле) немагчыма, а хаты вясковыя цесныя, на гэтакую імпрэзу не надаюцца. Думалі-думалі і нарэшці пастанавілі зьвярнуцца да ўласьнікаў аднаго маёнтку (Крыштапарова пад Новым Дваром Сакольскага павету). I вось паехалі — кс[ёндз] Грынкевіч (каб было паважней), А. Бычкоўскі і я. Падарожа была не зусім прыемная: з Горадні цягніком да ст[анцыі] Бяляны, а там фурманкай вёрстаў 5. Сьнег, мяцеліца і мароз немалы. Наш старшыня ў вучнёўскім шэрым пальтэчку жартаваў: “Каб ня ўмеў дрыжэць, то б замёрз”. Але рэзультаты былі найлепшыя: нам ня толькі далі вялікі пакой, але і абяцалі зрабіць сцэну. I сапраўды, калі мы прыехалі ў назначаны дзень, сцэна была гатовая. Праграма спэктаклю тая самая, што ў Горадні.
На жаль, гледачоў было няшмат. Магчыма, таму, што вёскі Пагараны, Міланкоўцы і Вернікі былі мала знаёмыя, не было належнай агітацыі, ды і надвор’е мала спрыяла. Усё ж такі нейкі пачатак быў зроблены.
Апрача лекцыяў і спэктакляў, ішлі рэпэтыцыі хору і струннага аркестра. Надыйшла вясна. У горадзе не сядзелася, і мы кожную вольную хвіліну праводзілі над Нёманам у Ласосьне, дзе пад шум вады і шчэбет птушак разьвіваўся наш хор.
Карыстаўся хор 1-м спеўнікам А. Грыневіча14, але найчасьцей пяялі песьні, прывезеныя сябрамі з роднык вёсак, і такім чынам вырабіўся зусім арыгінальны свой уласны рэпэртуар. Загадчыкам хору быў сябра Янка Ляўковіч з в [ёскі] Біты Камень Сакольскага павету; называлі мы яго мянушкай Капэльдудка.
Хутка, можна сказаць, работа ў гуртку спынілася: экзаміны, канец школьнага году не астаўлялі свабоднага часу. У канцы мая разьехаліся мы на лета.
I вось новы 1910-1911 школьны год. Пасьля адпаведнай агітацыі ў сябры гуртка запісалася шмат новых вучняў з малодшых клясаў — 4-й, 5-й, 6-й, а таксама прынялі ў гурток вучняў 1-й, 2-й і 3-й клясаў. Пры новым складзе гуртка неабходна было падзяліцца на сэкцыі. У старшай сэкцыі былі старыя сябры і крыху новых з апошніх клясаў, якія займаліся самаасьветай, кіраўніцтвам гуртка, а таксама вялі заняткі з сярэдняй сэкцыяй і малодшай. У малодшай дзеці вучыліся чытаць па-беларуску, пісалі дыктоўкі, вучыліся вершаў і г.д., раз у месяц рабіліся для іх вечарынкі з дэклямацыямі, сьпевамі і гульнямі.