Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
Думала — усё, але прыпомніла, што ў нас пачалася (тады, як Вы былі) гутарка, як выдавалася “Бел[аруская] борць”, хто яе фактычна рабіў? Я адказала, што я сама. I цяпер кажу тое самае, толькі шырэй тлумачу. Я сама часапісь складала-укладала, спраўджала рукапісы, вяла паштовую скрынку — перапіску з падпісчыкамі, рабіла карэкту, здавала ў друк, займалася экспэдыцыяй...
Але ж былі і супрацоўнікі. Самы галоўны, самы дзейны Мікалай Манцэвіч — гал[оўны] бугальтар Бел[арускага] каап[эратыўнага] банку. Пісаў добрыя артыкулы, падпісываў: М.М., М М-іч. Другім быў мой муж Антон Войцік4, які
і ў “Борць” пісаў, і ў “Заранку” рабіў пераклады з украінскай і расейскай моваў. Можа, і А. Войціка даць у бібліяграфічны слоўнік? Я маю яго біяграфію, маю сьпісак яго працаў у “Борці”, у “Заранцы”. Што Вы на гэта?
3 М. Манцэвічам — горш. Яго артыкулы ў “Бел[арускай] борці” сабраць можна, але біяграфіі — ня маю. Нават ня ведаю, скуль родам. Пасьля яго засталася яго выхаванка, я дастала яе тэлефон, хацела даведацца, дзе ён пахаваны, ці ёсьць помнік, што з яго бібліятэкай-спадчынай? Але дазваніцца не змагла. Магчыма, у віл[енскіх] архівах ёсьць якія сьляды. Ён пасьля “Бел[арускай] борці” працаваў кантралёрам у Літве. Але хто будзе ў архівах такіх вестак шукаць? Німа каму, ніхто ў гэтым не зацікаўлены...
Яшчэ адно — чаму Вы казалі: “Ці ж Ганна Іванаўна С [урмач] яшчэ працуе?” А чаму? Ці ж з ёю што сталася? Мелася не працаваць? Як прыяжджала — зьбірала весткі аб У. Фальскім, гаварылі і на іншыя тэмы. Пасьля прыслала павіншаваньне з Новым годам і яшчэ аб Фальскім пыталася. А вось на мой апошні ліст адказу ня маю. I гэта непакоіць.
Забылася Вам сказаць, што ў Л.І. Збралевіч ёсьць шмат-шмат маіх матэр’ялаў-машынапісаў і нават рукапісаў, а таксама і гродзенскае выданьне — “Колас беларускай нівы”. Але хопіць, a то яшчэ што прыпомню, а пішу штораз горш. Прыкра, што так бязладна напісала, але разбалелася галава... Мушу сьпешна легчы.
Маю надзею, што адкажаце. Каб хоць гэты ліст да Вас дайшоў. Ня ведаю, што думаць, але мае лісты да менскіх адрасатаў не даходзяць.
Усяго найлепшага! Шчыра зычлівая Л. Войцікава.
297. АЛЯКСЕЮ ПЯТКЕВІЧУ
3 лютага 1987 г.
Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
Як Вам чытаюцца мае ўспаміны’? Мо патрэбныя нейкія камэнтарыі і дапаўненьні? Пытайцеся, пакуль яшчэ неяк трымаюся.
Пісала ў “Паходню” — прапанавала зацікавіцца дзейнасьцю сям’і Шнаркевічаў2, г.зн. дзейнасьцю ў Заходняй Беларусі ня толькі палітычнай. Адказу ня маю.
Нэрвуе, што амаль зусім немагчыма карэспандаваць з Менскам. Лісты мае не даходзяць да адрасатаў. Дзе яны дзяюцца — ня ведаю...
Ці атрымліваеце “Ніву”? Да нас добра даходзіць. 3 прыемнасьцю гляджу на ілюстрацыі — наздымкі народныххораў. Такія свойскія твары — у хустачках, а не ў какошніках...
Ня буду больш пісаць, a то 2-3 словы — добра, а пасьля — ізноў каракулі. Вельмі дрэнна сплю, і гэта моцна адбіваецца на цэлым арганізме.
Усяго добрага Вам, сям’і, знаёмым. Шчыра зычлівая Л. Войцікава.
298. ЯЎГЕНУ ПЕТРАШЭВІЧУ
блютага 1987 г. Вільня
Паважаны Яўген Канстанцінавіч.
I я, і Слаўкаўдзячныя Вам за памяць і навагоднія пажаданьні.Хоцьспозьне-
на, але ўзаемна шлем Вам усяго найлепшага ў Новым годзе, у хатнім жыцьці, у працы і ва ўсіх задумах.
Я была б вельмі ўдзячная за вестку аб здароўі Аляксандра Мікалаевіча [Белакоза]. Даўна ня маю ад яго ні слова. Пісаў з Гродна, са шпіталя, але гэта ў самым пачатку. Калі ласка — напішыце. Толькі зьвярніце ўвагу на адрас на капэрце, бо я лісты атрымліваю на адрас дачкі. Ад мяне німа каму хадзіць па іх.
А я Вас з прыемнасьцю бачыла на здымках у беластоцкай “Ніве”, дзе Вы сярод групы дзяцей-экскурсантаў у Польшчы.
А мае “Каласкі” ня толькі для дзяцей. Ёсьць у іх і паважнейшая тэма, толькі выдавецтва ня вельмі ўдала матэр’ялы зьмясьціла. Шмат што пераблытана — не туды, дзе трэба, зьмешчана.
Шчыра зычлівыя — Л. Войцікава і Слаўка.
299. АРСЕНЮЛІСУ
8 лютага 1987 г. Вільня Дарагі Арсень Сяргеевіч.
Дзякую за навагоднія віншаваньні — ад сябе і маіх. Адразу даю адказ на Ваш ліст з 1 студзеня. Напісала і — зьдзівілася: няўжо я так доўга Вам не адказывала, цэлы месяц. Вельмі шмат было віншавальных лістоў — трэба было падзякавацьтым, каго сама першая не павіншавала. Так час сыходзіць, а яшчэ і цяпер ня ўсё напісана, што трэба. А чуюся не найлепш...
Надвор’е нядрэннае, бо суха і ціха, але ж у нас вялікія маразы — па -20,-30. Днём часам падымеццада -15-ці. Баляць ногі, асабліваўночы круціць, ня сплю і пасьля адсыпаю днём. А часам і зусім не ўстаю.
Нейкі час брала кожны дзень асьпірыну, але ад яе кроў робіцца рэдкай, і пачынаюцца крыватокі з носа. Значыцца, лячуся ад крыватокаў — зёлкамі. Вось так час і праходзіць.
А яшчэ госьці... госьці... Калі 2-3 чалавекі, то яшчэ нічога, але калі 7 і болей, то тады чуюся выціснутая, як цытрына.
Арсень Сяргеевіч, на Ваша запытаньне аб крыптоніме К.Р. нічога не магу сказаць, бо я ў пачатку 30-х гадоў не працавала. Апошні год маёй працы — гэта быў 1928, і крыху яшчэ 1929. Так што я ўжо ні гэтай газэты, ні гэтага рэдактара ня ведала.
Пачала ліст з таго, што шмат лістоў, не на ўсе яшчэ адказала. Аж тут новая неспадзяванка. Прыйшоў Лявон, які пасьля працы заходзіць на Архітэкту па пошту, і яшчэ 9 лістоў прынёс...
Паміж гэтымі лістамі ёсьць і з Маладзечна, ад Генадзя Аляксандравіча К[аханоўска]га. Ён мне паміж іншым піша, што намаўляе Вас напісаць артыкул у энцыкл[япэдыю] пра Надзею Маркаўну [Шнаркевіч] як зьбіральніцу фальклёру. А можа, ня маеце яе біяграфіі? Я маю дакладную. Калі трэба — пішыце, прышлю. Яна сёлета ўвосені скончыла б 90 гадоў...
Даўно ўжо зьбіраюся Вас запытацца, што там дзеецца са Ст. Фёд. Цярохіным? Ці выйшлаз друку яго манаграфія “Беларускае пчалярства”? Даўгі час пісаў, прыяджаў, а пасьля раптам усё спынілася. Ці ў гэтым я вінаватая? Ці нейкія іншыя прычыны?
Цяпер на Палесьсі, магчыма, у Пружанах будзе арганізоўвацца Музэй пчалярства. Ужо ёсьць сабрана нямала цікавых экспанатаў. Сувязь з такім знаўцам
беларускага пчалярства для маладых арганізатараў музэю была б вельмі карысная. Але ж не магу ім даць адрасу, калі і сама ня ведаю, што думаць.
Бяруся пакрысе сартаваць свае архівы лістоў. Ёсьць такія, якія трэба прапанаваць у Архіў-музэй пад апеку Г. Ів. Сурмач. Але ёсьць і даволі маіх асабістых — ліставаньне з далёкімі сваякамі. Гэтыя пойдуць у печку. Вядома, перачытаць-пераглядзець мне іх раней трэба. Вось і ўзялася — праглянула сотні лістоў маёй сваячкі, што жыла і памёрла ў Беластоку. Яна некалькі гадоў жыла ў Вільні, і тады мы часта бачыліся. Пасьля яна з сям’ёй выехала ў Беласток, а мы перабраліся сюды — у лес, і згубіліся на доўгія гады.
I якое было маё зьдзіўленьне, калі я ў 1969 г. атрымала ад яе вестку. Яна мне пісала: трапіла ў яе рукі беластоцкая “Ніва” з маім артыкулам-успамінам аб “Заранцы”, а рэдактар “Нівы” Г. Ваўкавыцкі1 і мая сваячка жылі ў адным блёку... Вось ад Ваўкавыцкага яна дастала мой адрас і паслала яго ў Варшаву, дзе жыло шмат маіх сваякоў, з якімі сувязьтаксама абарвалася. Атыя сваякі (вельмі далёкія, дзясятая вада на кісялі) з беларускімі справамі ня мелі нічога супольнага, апрача аднаго доктара-мэдыка, які, як вучань Гродзенскай гімназіі, у нас жыў і шмат мне памагаў у працы з Беларускім гуртком. To паслаць яго кудынебудзь трэба было, то перапісаць нейкія паперкі, бо ён вельмі прыгожа пісаў. Вось так праз “Ніву” навязаліся парваныя зносіны.
Сяньня ў мяне сумны дзень — дзень нараджэньня с.п. Тоніка. Каб жыў, меў бы 68 гадоў. А ўспомніць німа з кім...
Думала яшчэ шмат што зрабіць і — не магу. Разбалелася галава. Трэба легчы і ставіць гарчычнік на патыліцу.
Усяго добрага Вам і сям’і. Шчыра зычлівая Л. Войцікава.
300. АЛЯКСЕЮ ПЯТКЕВІЧУ
Элютага 1987 г. Вільня
Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
Хачу адказаць Вам на апошні ліст па магчымасьці як найбольш зьмястоўна. Ці змагу? Ня ведаю. Вельмі апошні час баліць галава і наагул дрэнна чуюся. Мо гэта дзеіць пераход да вясны, а можа, проста сілы ўжо не хапае, ды і непрыемнасьцяў у мяне нямала.
Найперш — пра свае ўспаміны. He, 1927 г.— гэта не канец. У 1928 г. пачынаецца другі этап. Гэта ўжо не рознаякая раскіданая праца, a 10 гадоў існаваньня Беларускага каапэратыўнага пчалярскага т[аварыст]ва “Пчала” і яго органу “Бел[аруская] борць”. Якраз аб гэтай арганізацыі дагэтуль ніхто нічога ня ведае і, больш таго, ведаць ня хоча. А “Пчала” існавала і працавала інтэнсіўна даўжэй, чым іншыя заходне-беларускія арганізацыі. Але вялі яе (і арганізавалі) не вялікія дзеячы, а людзі сьціплыя, маленькія. I вялі не палітыку, а “нейкае там пчалярства”.
Так мне адзін з дзеячоў сказаў: “Каго можа цікавіць нейкае там пчалярства?” А што гэта была работа з вёскай, з сялянствам, гэта не даходзіла да “вялікіх” людзей. У мяне захавалася і “Бел[аруская] борць”, і ўсе да дробязяў архівы “Пчалы”. I гісторыя арганізацыі напісана падрабязная.
Гадоў 10 таму, калі ня больш, меўся ў Менску выйсьці нейкі альманах. Мне А. Мальдзіс запрапанаваў даць нешта з маіх успамінаў. Я падумала, што найбольш бяскрыўднымі будуць якраз “Пчала” і “Борць”. А. М[альдзі]с згадзіўся. Піша: прышліце рукапіс, перадрукую на машынцы, прыеду — пагаворым. Так
і было. Але альманах наагул ня выйшаў.
Пасьля пэўнага часу Беласток просіць прыслаць у каляндар што пра “Бел[арускую] борць”. Я адказала: “Борць” без “Пчалы” ня мае сэнсу — адно з другім зьвязанае. Просяць: прышліце цэласьць. Я паслала. Атрымалі. Але ў той год было 100-годзьдзе I. Луцкевіча. Лявон даў свой матэр’ял. Зьмясьцілі. На “Пчалу” ўжо мейсца не было.
На наступны год Лявон даў мафр’ял] “Базыльянскія муры”. М. Гайдук’ піша: “Баз[ыльянскія] муры” пойдуць, а пані Людвіка пачакае. Тады я сапраўды зазлавала і напісала, каб “Пчалу” кінуў у печку. “Пчала” мела сяброў, а “Борць” — падпісчыкаў пад Беластокам, і мне цікава было навязаць ізноў праз каляндар з імі сувязь, а чым далей, тым надзей застаць каго менш і менш. Вось такая гісторыя.
А мне так шкада было гэтай 10-гадовай працы, сувязі з пчалярамі, карэспандэнцыі з імі! Я ж праз усе гады была старшынёй і рэдактарам “Борці”. Столькі ўлажыла ня толькі сілы, але і душы.
Затое цяпер маю поўнае задаволеньне. Пазнаёмілі мяне з маладым пчаляром-энтузыястам з Палесься. Ён летась скончыў у Кіеве Сельскагаспадарчую акадэмію. Ужо працуе на Палесьсі лясным пчаляром на пасецы ў 116 вульлёў. Гуртуе мясцовых пчаляроў — зьбіраюць экспанаты, каб арганізаваць Музэй пчалярства. Мы ўжо добра знаёмыя. Можна сказаць, лічу яго, Міколу-пчаляра, сваім нашчадкам у гэтай справе. Піша, прыяжджае, прывозіць новых сяброў. I гэта для мяне самыя шчасьлівыя хвіліны. “Пчала” не памрэ.