• Газеты, часопісы і г.д.
  • Зоська Верас. Я помню ўсё Успаміны, лісты  Міхась Скобла

    Зоська Верас. Я помню ўсё

    Успаміны, лісты
    Міхась Скобла

    Памер: 498с.
    2013
    152.73 МБ
    Як толькі знайду адпаведны час (бяз боляў), напішу Вам даўгі ліст. I я маю шмат сумных вестак з Менска аб школьных справах і не зусім добрых — аб “Паходні”, іх працы. Яны павінны быць больш стрыманымі, асьцярожнымі... Але ім аб гэтым не кажыце. Пастараюся хутка напісаць даўгі ліст.
    Шчыра вітаю Вас і сям’ю. Л. Войцікава.
    286.	МІКОЛУ ТАРАНДУ
    7 верасьня 1986 г. Вільня Дарагі пане Мікола.
    Дзякую за ліст, і даруйце, што не адразу адказала, хоць перарыў у нашым ліставаньні даволі вялікі. Што Вы былі ў Менску і ў Сяргея Міхайлавіча [Новіка-Пеюна], я ўжо ведаю ад яго самога. Ён мне прыслаў аж 4 экзэмпляры машынапісаў “Гродзенскага гуртка беларускай моладзі”. Адзін — для Вас, для “Паходні”, другі — для менскага Дзяржаўнага музэю літаратуры, трэці — для Гасьцёўні Галубка ў Менску, чацьвёрты — на запас. У Дзяржаўны музэй у Менску мне ня вельмі хочацца даваць, бо мне адтуль ужо два разы пісалі — парасейску! Але, мусі, прыйдзецца...
    Цяпер справа — здымкі. Анатоль Наліваеў з Гасьцёўні Галубка, пісаў, што здымкі Бел[арускага] грод[зенскага] гуртка мае і прышле... Але якія яны, якога фармату і колькі іх — ня ведаю. Ці ня лепш было б, каб копіі здымкаў зрабіў Ваш фатограф, і то тут у мяне? He з маленькіх здымкаў, а з вялікага фармату, што я маю? Можа, яшчэ што хацелі б перафатаграфаваць. Сьпяшаюся ўсім падзяліцца, бо вось-вось 94 гады стукне, і няведама, што далей будзе...
    Як і Вы ўсе з “Паходні”, нашы гурткоўскія нашчадкі, так і мы, як стварылі гурток, былі амаль дзеці... Вы ў адным з лістоў пісалі, што Вас пыталіся: што зьвязывае Вас, “Паходню”, з 1909 годам — ці так я зразумела? I вось у сувязі
    з гэтым я хацела б Вас пазнаёміць з адным артыкулам — сапраўдным фальшам, надрукаваным у 1924 г. у часапісі “Крывіч”. Я аб гэтым у сваіх успамінах аб ГГБМ пішу, але прачытаць сам артыкул, а не яго крытыку, варта. Каб перадугледзець усе магчымыя непаразуменьні...
    Ведаю, што доктар В. Кутарга і мой зяць Лявон Антонавіч [Луцкевіч], 6удучы у Гродне, спаткаліся з Вамі, Данутай Іванаўнай [Бічэль] ды Аляксеем Міхайлавічам [Пяткевічам]. Так што ўсе Вы ведаеце, што доктар анколяг зацікавіўся хваробай Алеся Мікалаевіча [Белакоза] і будзе старацца сваімі прафэсіянальнымі ведамі яму памагчы. Можа, нават забраць яго сюды ў Вільню. Яшчэ я з ім пасьля павароту з Гудзевіч і Гродна ня бачылася, але абяцае пры першай магчымасьці прыйсьці.
    Інжынер Валянцін Стэх кратаецца, як можа. А я вельмі рада, што нехта малады, энэргічны, руплівы пераймае ўсе віленскія беларускія справы ў свае рукі, усім цікавіцца, усім і ўсімі... Адведывае старых і адзінокіх — як Янка Багдановіч, удава мастака Пётры Сергіевіча... Узяў у мяне сьпісак беларускіх магілаў у Вільні (а іх шмат — каля 40) і ўжо ўсе могільнікі абыйшоў — агледзеў. Хоць яшчэ ня ўсе магілы яму паказалі — ня ўсе знайшлі... Вось такія ў нас справы.
    А ці Вы ведаеце, што 13 верасьня у Новай Вялейцы каля Вільні будуць сьвяткаваць 110-я ўгодкі нараджэньня нашай паэткі Цёткі — А. Пашкевічанкі? Можа, і з Гродна хто далучыцца? Каб хоць толькі дажджу не было. Лье і лье па некалькі разоў на дзень.
    Пішу немагчыма невыразна, але гэта сяньня ўжо 3 ліст, і ужо позна... Усяго Вам найлепшага і ўсім сябрам “Паходні”. Шчыра зычлівая Л. Войцікава.
    287.	ДАНУЦЕБІЧЭЛЬ
    7 кастрычніка 1986 г. Вільня Даражэнькая пані Данута.
    Сардэчна дзякую за ліст, за памяць. Зусім нечакана атрымала шмат павіншаваньняў — лістоў і тэлеграмаў. Маю работу — адказываць, дзякаваць. Учора было некалькі чалавек гасьцей — старых знаёмых, a 27 верасьня, загадзя, віншавалі мяне новыя віленскія беларусы. Мілыя, сьвядомыя людзі з вельмі добрай, чыстай мовай. Знаходзіцца іх штораз больш і больш. Раджу ім згуртавацца, зарганізавацца, каб не пагубіліся і адрадзілі віленскія беларускія традыцыі. Ужо добра тое, што ўзялі ў нас сьпіскі магілаў беларускіх пісьменьнікаў, дзеячаў, пахаваных у Вільні, абыйшлі могілкі і возьмуць магілы пад сваю апеку.
    Учора ад сябра па няшчасьці с.п. Ларысы Антонаўны [Геніюш] я дастала 2 вершы паэткі, пісаныя на поўначы, новыя, нязнаныя да гэтай пары. Хачу іх аддаць Вам, але не праз пошту... Маю вялікую пачку лістоў ад Л.А. Думаю, добра было б нам з Вамі іх пераглядзець. Мо Вы частку забралі б, а што і зьнішчыць варта. Пасьля мяне, хіба, шмат лістоў розных возьмуць у Музэй-архіў. Ня варта, каб усе лісты Ларысы Антонаўны туды трапілі. Выходзіць, Вам неабходна да мяне прыехаць. Ведаю, што цягніком цяжка, але ходзіць аўтобус. Гэты транспарт выдатны, пакуль німа марозу і сьнегу.
    Я не магу доўга і цярпліва чакаць — у мяне, відаць, бранхіт. Кашляю, хрыплю, ня сплю. I гэта цягнецца ўжо, хіба, трэці тыдзень. Маю дагляд, маю лекі. Але нічога не памагае — відаць, робіцца хранічны. Яку Ніны Барысаўны Ватацы.
    Я ад Алеся Мікалаевіча [Белакоза] атрымліваю лісты і пішу яму. Пішуць так-
    сама мне гудзевіцкія школьнікі і супрацоўнікі музэю. Вы, хіба, ведаеце, а мо і бачылі нашага віленскага доктара, які езьдзіў у Гудзевічы і ў Гродна, аглядаў нагу Алеся Мікалаевіча. Варочаючыся, у цягніку напісаў мне некалькі слоў і запэўніў, што прыйдзе і “ўсё падрабязна раскажа”. Але, на вялікі жаль, дагэтуль у мяне ня быў.
    Бачыўся з ім ня раз Лявон Антонавіч [Луцкевіч], але праз трэція рукі весткі няпоўныя і недакладныя. Падобна, гэты доктар напісаўАлесю Мікалаевічуліст, выклікаючы ягоў Вільню, але адказу не атрымаў. Я недзіўлюся. Перадусім — як такі хворы пасьля абпраменьваньня можа адзін ехаць у такую дарогу?
    Па-другое, А[лесь] М[ікалаевіч Белакоз], на вялікі жаль, больш увагі аддае музэю, сваёй працы, чым стану свайго здароўя. У адным з апошніх лістоў піша: “Хачу зрабіць аканчальна аддзелы лёну і лекавых зёлак, але баюся, што больш як на месяц мяне ня хопіць”. Ня думаю, каб гэта значыла “месяц жыцьця”, але — “месяц сілы і магчымасьці працаваць”. I гэта вельмі непакоіць. Калі гэты доктар нам сяньня-заўтра не пакажацца — напішу яму. Хацела б мець весткі ад яго з першых рук.
    У Гродна, напэўна, ёсьць “Беларуская энцыкляпэдыя”. Пашукайце на літару К прозьвішча Куторга — гэта продкі нашага доктара-анколяга. Жылі ў Мсьціслаўлі. Вельмі цікавы іх жыцьцяпіс. Наш доктар вельмі іх памяць шануе. Цікавіцца беларускай культурай і літаратурай, але беларуская мова яго вельмі дзіўная, бо яго матка — літоўка (ці ліцьвінка?), і жонка таксама, і дачка беларускай мовы ня ведаюць. Але як чалавек ён вельмі цікавы і вартасны.
    Учора было нядрэннае надвор’е, а сяньня — цёмна, хмарна, дождж. У нас яшчэ на гародзе морква, буракі, капуста-бруксэлька, ды і яблыкі не да канца сабраныя — чакаюць Славы, бо толькі ён зможа ўлезьці на яблыню сарваць рэшту. Яблыкаў у нас сёлета вельмі шмат. Галя робіць вялікія запасы соку, джэму, а і сырых некалькі скрынак. Як перахаваюцца — ня ведаю.
    Былі і грыбы, але не баравікі, якія ў нашым лесе зусім зьвяліся. А некалісь напачатку амаль пад самым домам расьлі. Усё гэтыя гарадзкія грыбнікі. Адзін грыб зрэжуць, а ўсё навокал вытапчуць і перавернуць. Сёлета былі добрыя рыжыкі, падзялёнкі, апенькі ды іншая драбяза. Сушылі і салілі. Галя вельмі любіць зьбіраць грыбы, я любіла таксама, але цяпер толькі па адной блізкай сьцежцы хадзіла — баляць і слабеюць ногі.
    Шмат хто зьбіраўся прыехаць у канцы верасьня, але неяк усе адлажылі на кастрычнік. Вось і чакаю, хто і калі прыедзе. He спадабалася мне сьвята Цёткі — неяк дзіўна ладзіў яго тутэйшы доктар-ліцьвін. Мову беларускую ведае, нават артыкул аб Цётцы і сьвяце напісаў і меўся паслаць у “ЛіМ” (ня вельмі гэты артыкул мне падабаецца), але чаму не было нікога з беларускіх літаратараў-паэтаў? Былі мастакі, студэнт Менскай кансэрваторыі, маладыя дзеячы з Маладзечна.У Вільню прыслалі запросіны Лявону асабіста. Мо яшчэ каму — ня ведаю. Нават аўтарка кніжак пра Цётку1 не была. Ці ня дзіўна?
    Усяго Вам найлепшага! Пішыце, а калі зможаце — прыяжджайце. Неяк ліст намазала, кашляючы ды трымаючыся за балючую галаву. Шчыра зычлівая Л. Войцікава.
    288.	МІКОЛУ ТАРАНДУ
    14 сьнежня 1986 г. Вільня
    Паважаны сябра Мікола.
    Дзякую за ліст, за навіны. Сапраўды ёсьць і добрыя, і надзейныя, асабліва Вашыя мясцовыя, гродзенскія. Менск цешыць мала... Магчыма, Вы ня ўсё ведаеце. Там ёсьць дзьве плыні. Ёсьць моладзь, але ёсыдь і выдавецтвы і г.д. Ды ня ўсё напішацца...
    Лічу, што калі-небудзь зможаце прыехаць — пагаварыць. Цяпер напэўна ўжо ведаеце аб ладжаным у Вільні юбілеі “Н[ашай] нівы”. Шкада, што ня ўсё будзе згаджацца з сапраўднасьцю. Вы пісалі, што А. Жамойцін мне раскажа аб нарадзе пісьменьнікаў? А ён нават са мной не прывітаўся... Так, як і іншыя, сабраўшыся на гэты славуты, ладжаны Лявонам, юбілей...
    Вы, гродзенцы, людзі культурныя, і зразумееце, да чаго мяне “патрасла” такая захавань сабраўшыхся. Такога, выбачайце за грубае выражэньне, хамства я ў жыцьці не спатыкала. А перажыла нямала: зьезды, нарады, канфэрэнцыі, паседжаньні...
    Увайшла, і ні адзін чалавек не падняўся, ні адзін не прывітаў — сядзелі, як мур. Наваттыя, што не адзін раз у маім доме бывалі. Чым вытлумачыць? Ня ведаю. Я за сабою ніякай віны не адчуваю. А перажываю такую зьнявагу моцна.
    He дзяліцеся гэтымі весткамі з сябрамі клюбу — ня варта. Я ведаю, што Вашыя сябры — людзі культурныя сапраўды, а не на словах, але і тут могуць быць выняткі. Лепш перайду да іншага. А ці Вы дагэтуль не заўважалі, што і я гавару “дзіўна”, як і (на шчасьце) многія з Менска? Я ж ніколі не скажу “клуб”, “клас”, “філосаф” — толькі мякка. I мяккі знак, дзе трэба, ужываю.
    I ведаеце, калі мяне прынялі ў Саюз пісьменьнікаў, прывязьлі сяброўскі білет, я напісала ліст у С [аюз] п[ісьменьні] каў з падзякай і прывітаньнем. Ліст атрымаў Ніл Гілевіч. I мне пасьля пісалі, што ён цэлы дзень насіў гэты ліст і ўсім паказываў: якая была і якая павінна быць мяккая беларуская мова. He сапсаваная цьвёрдым — чужаземным — гучаньнем.
    На вялікі жаль, на гэтым скончылася. Але не паміж моладзьдзю. Моладзь хоча мець сваю мову чыстую, мілагучную — якой гаварылі і ў Заходняй Беларусі, і ў Менску ў 1915,16 гадах. Мы ж тады і звароту па-бацьку ня ведалі і не ўжывалі...
    Як бы я хацела, каб Вы прачыталі крытыку с.п. М.М.Улашчыка на “твор” А. Лойкі “Як агонь, як вада”. Там с.п. Мікола Мікалаевіч і аб ужываньні звароту па-бацьку, як аб чужым для беларусаў, гаворыць.