Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
Пішыце, ці Вам такі матэр’ял аб Я. Шнаркевічу патрэбны? Знайшла ў сябе здымачак-арыгінал Я. Шнаркевіча. Рызыкую і пасылаю Вам — можа, зможаце даць добраму фатографу зрабіць некалькі копіяў. Выбачайце за клопат, але баюся, што як буду шукаць магчымасьці зрабіць гэта тут на мейсцы — аніяк не пасьпею. Лявон дрэнна чуецца, і не хачу яму дакучаць.
100-годзьдзе — 10 чэрвеня. Няхай хоць у Вас будзе ў пару. Але як паслаць Вам аўтабіяграфію? Яна ў мяне зьмешчаная ў спэцыяльным сшытку-альбоме. Трэба нешта думаць.
Усяго добрага! Вам, сям’і, знаёмым. Шчыра зычлівая Л. Войцікава.
276. ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
77 чэрвеня 1986 г. Вільня Мілая пані Дануся.
Дзякую за ліст і за весткі. Крыху я ўжо ведала з “ЛіМу” і з ліста Аляксея Міхайлавіча [Пяткевіча]. Аб клубе (па-мояму — клюбе) Аляксей Міхайлавіч піша больш падрабязна. Але ён называе яго клюбам моладзі. А можа, гэта дзьве розныя арганізацыі? Але галоўнае: вядома, прыяжджайце, як Вы пішаце, 21 чэрвеня. Лявон згодны правесьці экскурсію па Вільні. А я рада буду пабачыцца з гродзенцамі. Абы я ў той дзень была ў магчымай форме, бо бывае парознаму. Вельмі часта моцна баліць галава.
Чытаю Ваш ліст, і нейкае дзіўнае ў мяне ўражаньне. Цяжка зразумець розныя падзеі. 1) Дазвол на запрашэньне таго ці іншага чалавека на такую імпрэзу, як адкрыцьцё Дому Багдановіча. 2) Аплата камандзіроўкі. Нешта дзікае, незразумелае. Калі гэтаў мой час людзі бралі грошы падчас грамадзкіх прадпрыемстваў? Калі пыталіся (і каго?) аб дазволы? А жылі і працавалі ў самыя неспрыяльныя часы. Ну што ж? На гэта рады німа.
Пытаецеся, калі пачалі пахаваньні на гродзенскіх могілках? А на якіх? Там жа былі старыя могілкі — недзе амаль за горадам, а і ў горадзе не адныя, бо і праваслаўныя, і каталіцкія. Але я наагул нічога аб гэтым ня ведаю. Была то дзіцём, то падросткам — такія пытаньні не цікавілі.
Як была апошні раз у Гродне, недзе ў 1970 годзе, 3 дні ў гасьцях у Аляксея Міхайлавіча [Пяткевіча], хадзіла на нашыя каталіцкія могілкі і не змагла адшукаць магілаў маіх дзядоў па бацьку. Помніка не было. Крыжы, відаць, спарахнелі, упалі — і сьлед прапаў.
Аб стане здароўя Алеся Мікалаевіча [Белакоза] ведаю. Вельмі непакоюся... Калі згодзіцца на курс абпраменьваньня, хвароба можа затрымацца, але коштам страшных мукаў, боляў і г.д.
Значыцца — да сустрэчы! Усяго найлепшага! Прывітаньне ад маіх. Шчыра зычлівая Л. Войцікава.
277. АЛЯКСЕЮ ПЯТКЕВІЧУ
[15 чэрвеня 1986 г.]
Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
Дзякую за ліст, за весткі. Аб падзеях у Гродне ведаю і з прэсы, і з ліста Дануты. А 21-га чакаем гродзенскай экскурсіі. Лявон яе правядзе па Вільні.
Аб хваробе Алеся Мікалаевіча [Белакоза] ведаюі абтым, што яго хочуць лячыць абпраменьваньнем. Гэтае лячэньне ўстрымлівае галоўную хваробу, але выклікае страшныя болі ў арганізме і заняпад раўнавагі. Быў у мяне ў сям’і такі выпадак, такое лячэньне і пасьля — гады мукаў... He дзіўлюся, што А.М. баіцца.
Цікава, ці ў Гродне такая гарачыня, як у нас? Учора было +30. На мяне гэта вельмі дрэнна дзеіць. Зычу добрых плёнаў на дзялцы. А дзе яна, з якога боку Гродна? Ці далёка ад гораду?
Усяго добрага ўсёй Вашай сям’і і знаёмым. Шчыра зычлівая Л. Войцікава.
P.S. Ня здолела я зарганізаваць ушанаваньня памяці Шнаркевіча. Ня маю каля сябе нікога маладога. Да старых гэта не даходзіць.
278. МІКОЛУ ТАРАНДУ
7 ліпеня 1986 г. Вільня Паважаны пане Мікола.
Па старому нашаніўскаму звычаю і пазьнейшаму — менскаму 1916-18 гадоў — зьвяртаюся без абсалютна чужога для нас — па-бацьку. Як Вы гэта прыймеце? Ня ведаю... Атрымаўшы Ваш ліст перад прыездам усёй Вашай грамадкі, увесь час хацелася мне напісаць да Вас, як да сакратара “Паходні”...
Пазнаёміцца асабіста з Вамі падчас прыезду ўсіх Вас не ўдалося... Мне пры маім калецтве — глухаце — падтрымаць гутарку з цэлай грамадой людзей — немагчыма... Іншая справа з адной асобай такая аднабокая гутарка: адзін піша, другі піша і — гаворыць. Вось так хацелася б мне пагаварыць з Вамі.
Я лічу, што сакратар — адданы справе, энэргічны — можа зрабіць больш, чым сам старшыня арганізацыі. У руках сакратара — усё. Вось таму я вельмі была б рада, каб Вы змаглі прыехаць да мяне адзін — пакуль што... 3 прыемнасьцю сустрэну і ўсіх, але хацела б пагаварыць спакойна і адкрыта — з Вамі. Ня думайце, што я прапусьціла без увагі пытаньне аб Менску праз няўвагу, або непаразуменьне. He, гэта было зроблена зусім сьвядома.
Менск! — праца там вялася на розных франтах. Была і палітычная — зьезды, кангрэс... Была і праца з людзьмі, з бежанцамі, аб чым можна гаварыць адкрыта. Але першае — зьезды — гэта рэч іншая. А Вы самі пісалі, што ў клюб уваходзяць людзі розныя — ня толькі беларусы. А і беларусы ёсьць розныя...
Вашы гродзенскія пісьменьнікі, як А. Карпюк, У. Калесьнік, у сваіх творах рабілі закіды зусім беспадстаўныя, абураючыя... А так хацелася б пазнаёміць
з сапраўднасьцю — тым, што было і добрага, і можа, часам памылковага. Я ж была у самым цэнтры гэтай работы. Маю і свае ўласныя ўспаміны, і здымак групы дзеячаў зьездаў, і друкаваныя Пратаколы зьезду... Вось Вас, пане Мікола, і хачу пазнаёміць з гэтымі матэр’яламі.
Ваш ліст, Вашая гарачая абарона гродзенскага старога вакзалу падказалі мне ў Вас чалавека, якому магу верыць і пазнаёміць з тым, што захавалася ў мяне. Час уцякае, асабліва для мяне — баюся, каб не спазьніцца. А і больш падрабязна пазнаёміць з працай Гродзенскага гуртка беларускай моладзі, з некаторымі жыцьцяпісамі сяброў было б варта. Буду чакаць Вашага адказу — што думаеце аб маёй прапанове.
3 прыемнасьцю чытала словы захапленьня пра Гудзевіцкі музэй. Ён мне вельмі блізкі ад самага пачатку яго існаваньня. Ужо хоць бы таму, што гэта — Гродзеншчына...
Усяго добрага Вам і ўсім сябрам клюбу “Паходня”. Шчыра зычлівая Людвіка Войцікава.
279. АЛЯКСЕЮ ГІЯТКЕВІЧУ
21 ліпеня 1986 г. Вільня
Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
3 цэлага сэрца спагадаю Вашаму ropy. Сколькі гадоў не пражылі б бацькі, у якім узросьце астаюцца дзеці — боль, адчуваньне страты заўсёды аднолькавае. I ня толькі няхутка, але, хіба, ніколі не мінае.
Як добра, што ўдалося наладзіць паховіны са сьвятаром! Разумею Ваш клопат, каб захаваць родную хату. Ёсьць і будзе куды вярнуцца і духам, і целам. Дакрануцца да мінулага, да свайго маленства. Вельмі цяжка ня мець роднага кутка. А ў мяне нідзе яго німа. Нават магілы параскіданыя па сьвеце.
Вернецеся з Грузіі — застанеце гэты мой ліст. Я вельмі буду рада, калі адкажаце мне, калі пачую, што лячэньне пайшло на карысьць. Я ўдома маю нешта падобнае. У дачкі — моцныя адклады соляў у руках. Ходзіць на праграваньне электрычнасьцю. Але ці не пашкодзіць гэта на сэрца? У яе стэнакардыя. А ў нас, на вялікі жаль, лекары ня вельмі асьцярожныя.
Я вельмі рада была пазнаёміцца з клюбам “Паходня”. Былі, як ведаеце, усе, а пасьля прыяжджаў сам сакратар. Два дні я знаёміла яго з падзеямі ў Менску ў 1915-18 гадах. Са зьездамі і г.д.
Першы раз, як была ўся група, я справу Менска абмінула, бо ў групе людзі былі розныя. Ня ўсім усё скажаш і пакажаш. Маю здымкі, дакумэнты, якіх і Менск ня мае.
Аб новым выданьні альманаху Данута мне не казала і не пісала. Проста не хапіла часу. Можа, ізноў атрымаецца цікавая кніжка. Але каб зьмясьціць успаміны аб ГГБМ — німа што і думаць. Мне ведама, што калі пасьля аднаго мерапрыемства ў “Паходні” далі матэр’ял у друк, у газэту, то весткі пра ГГБМ і мяне адтуль зьніклі.
Гэта ўжо ня першы раз. У нейкім артыкуле Алеся Мікалаевіча [Белакоза] (аб выхаваньні моладзі ў школе ці нешта падобнае) маё прозьвішча і прозьвішча Юліі Бібіла (ініцыятаркі ткацкага гуртка ў Гудзевіцкай школе) выкінулі. Самі разумееце, што гэта значыць...
Я толькі прыватна магу знаёміць тых, хто да мяне прыяжджае, з успамінамі
аб ГГБМ. А вось у маей будучай кніжцы, якую апрацоўвае Янка Саламевіч, можа, ГГБМ і праскочыць — як самы пачатак маіх успамінаў.
Думаю, што галоўная прычына такіх адносінаў да гуртка і да мяне — гэта той артыкул нейкага невядомага мне Яна з-пад Ласосны, надрукаваны ў 1924 г. у час. “Крывіч”, дзе гурток паказаны ў зусім фальшывым сьвятле. Адна мана. Гэта ўжо, мусі, каторысь з Вашых гродзенскіх пісьменьнікаў (А. Карпюк або У. Калесьнік) дакапаліся да “Крывіча” і цяпер капаюць ямы пад гуртком.
Мусі, на гэтым скончу. Лістоў — гара, а пішацца ня надта. Папсавалася надвор’е — пахаладнела, дождж. Дождж ня шкодзіць, бо зямля пасьля сушы ніяк ня можа напіцца, але ад вільгаці баляць горш ногі. Да ўсяго, маю другі дзень госьця — маладога пчаляра1, які скончыў навуку ў Кіеўскай акадэміі (сам з Палесься). Пчаляр-энтузыяст і беларус-патрыёт. Яму, у яго рукі перадаю ўсе весткі пра Беларускае каапэратыўнае таварыства “Пчала” і яго орган “Беларускую борць”. Буду спакойная, што памяць аб 10-гадовым існаваньні “Пчалы” ня зьнікне. Але матэр’ялы, дакумэнты застаюцца ў мяне, у маіх архівах.
Калі зможаце, прышліце мне, калі ласка, здымкі Я. Шнаркевіча, хоць арыгінал. Можа, даб’юся, каб тут зрабіць копіі. Ёсьць задума зрабіць альбом “Пчала” і “Борць” — будуць патрэбныя здымкі пчаляроў.
Я паслала аўтабіяграфію Я. Шнаркевіча ў “Настаўніцкую газэту”. Паслала праз адну з супрацоўніц Літаратурнага музэю М. Багдановіча з Менска, бо яў“Настаўніцкайгазэце”нікоганяведаю.Цізьмесьцяць?Ёнжаперадусім—пэдагог.
Усяго добрага! Трымайцеся духам. Шчыра зычліваяЛ. Войцікава.
280. ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
23 ліпеня 1986 г. Вільня
Даражэнькая пані Дануся.
Сардэчна дзякую за верш — мілы, прыгожы і ўжо ня першы. Схавала ў сумысную папку з вершамі для мяне: Л. Геніюш, Р. Барадуліна1, Ул. Пецюкевіча2, Ул. Скарынкіна, І.Чыгрына3, А. Анішчыка4, С. Панізьніка... Дарагая мне гэтая папка. Дарагая людзкая памяць, добрыя, цёплыя словы.
He адразу Вам напісала, падзякавала, бо ведала ад сакратара “Паходні”, што Вы выяжджалі. Мо яшчэ Вас у Гродне гэтая пісулька і не застане...
Я яшчэ неякжыву. Горача, баліць галава, баляць моцна ногі. Стараюся ўсё сьцярпець. Лістоў і гасьцей хапае. I гэта падтрымлівае і маральна, і фізычна. Зьбіраю-сушу зёлкі ды яшчэ тое-сёе рыхтую для Гудзевічаў — для салі лекавых зёлак.
Цалую сардэчна. Усім сардэчна-шчырае прываітаньне. Л. Войцікава.
281. МІКОЛУ ТАРАНДУ
6 жніўня 1986 г. Вільня
Дарагі пане Мікола.