• Газеты, часопісы і г.д.
  • Зоська Верас. Я помню ўсё Успаміны, лісты  Міхась Скобла

    Зоська Верас. Я помню ўсё

    Успаміны, лісты
    Міхась Скобла

    Памер: 498с.
    2013
    152.73 МБ
    Што да Ванды Л[явіцкай] — гэта копія з арыгіналу. Што ж рабіць, яна такая была — ня ўсе могуць быць прыгожымі... Працавітая і вельмі добрая душа. Я і цяпер яе лісты перачытываю з прыемнасьцю.
    У гэты ліст кладу здымак Ядвігіна Ш. Гэта вынятак з групы 1917 году. Ён крыху недатрыманы, цьмяны, але на ім Ядвігін Ш.— як жывы. Той, што ў кніжцы “Творы”,— нічога няварты. I выгляд, і выраз твару — не Ядвігіна.
    Маю здымак сям’і Ф. Багушэвіча — ён сам, яго жонка, 2 дачкі і сын. Калі такога ня маеце — прышлю. А да Наліваева напішыце...
    Пані Дануся, пішаце, што я па сьмерці мужа мела каля сябе людзей... Вельмі памыляецеся, я мела каля сябе — лес. Асталася абсалютна адна, бо дачка вучылася ва ўнівэрсытэце, транспарту ніякага не было, хадзіць далёка і небясызечна, таму яна жыла ў горадзе, прыходзіла толькі на нядзелю. Я нанач брала ў кухню сабаку. Быў у нас такі злы і чуткі Рэкс. Але мне яго атруцілі. Тады я ўжо зусім адна асталася.
    Знаёмаяжанчына прынясла мне малога шчанюка. Спаўускрыначцы каля майго ложка. Баяўся, мусі, больш чым я, бо часта будзіўся, прынюхіваўся і лапкай прабаваў, ці я куды ня дзелася.
    Пасьля пару месяцаў жыла ў мяне сяброўка Галі — з Віленскай Беларускай гімназіі. Я крыху аджыла і хоць па хлеб магла ў краму пайсьці. Час быў вельмі неспакойны, людзі сапсутыя вайной — кралі, нішчылі... 3 агароду выбіралі ўсё дачыста, што толькі вырасла: моркву, бручку, мак... Аб яблыках і гаварыць німа чаго — на вачах абіралі. А людзі? Свая беларуская інтэлігенцыя? Пасьля паховінаў ніхто не зайшоў... А пасьля адзіны раз зьявіўся мастак П. Сергіевіч. Пабачыў, што жывая, на тым і скончылася.
    А тады ж яшчэ беларусаў было нямала — старэйшых і маладзейшых. А Вы кажаце: людзі... Ой, як цяжка ў нас знайсьці сапраўднага чалавека...
    А ў дадатку да ўсяго мой сын у той час быў у ссылцы. Я 12 гадоў ня ведала, ці ён жывы, ці яго німа...
    Вось які быў мой лёс. Нават сяньня, калі гэта пішу, дзіўлюся: як я вытрымала? як выжыла? Ну, хопіць...
    Пара падзяліцца другім — маю праўнука! Назвалі Алесем. Слава паведаміў, што ўжо забраў сям’ю дахаты. Галя і Лявон зараз ідуць прывітаць новага Чалавека. А я ізноў астаюся, пакуль ня вернуцца, адна. А малога пабачу, калі надыйдзе вясна і будзе цёпла. Вось і пастарэла я на цэлае пакаленьне. I чуюся штораз горш.
    Усім-усім шчырае прывітаньне. Цалую сардэчна. Пішыце. Шчыра зычліваяЛ. Войцікава.
    P.S. Учора былі 75-я ўгодкі беларускай вечарыны-спэктаклю ў Гродне. Ставілі “Модны шляхцюк”. Былі дэклямацыі, хор. Маю падрабязную праграму, здымак удзельнікаў.
    259.	АЛЯКСЕЮ ПЯТКЕВІЧУ
    5 сакавіка 1986 г. Вільня
    Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
    Дзякую за ліст. Атрымала яго ўчора. Пачну, на маю думку, ад самага важнага. Я ўжо шмат гадоў карэспандую з Уладзімірам Содалем. Шмат думак круціцца вокал тэмы “М. Багдановіч”. Яго знаёмства з Вандай Лявіцкай, іх ліставаньне, пазьнейшыя адносіны... Успаміны людзей з в. Карпілаўка аб сям’і Ядвігіна Ш. і г.д. А цяпер я дзялюся з У. Содалем усімі легендамі, якімі абрастае імя Багдановіча. Ён, Содаль, усё захоўвае, а, магчыма, у пэўным сэнсе выкарыстае.
    Цяпер — галоўнае. Як мне пісала Н.Б. Ватацы, малады пісьменьнік А. Асташонак1 задумаў да 100-годзьдзя М. Б[агданові]ча напісаць кніжку аб паэце. Падобна, зьбірае матэр’ял. Але які і дзе? Калі з тых брудных крыніцаў, якімі хваліцца Менскі музэй Багдановіча, то...
    Я напісалада Ніны Барысаўны, прапанавала гэтагапісьменьніка накіраваць да мяне, пакуль я яшчэ рухаюся. Але, магчыма, Н.Б., як і супрацоўнікі Менскага музэю, магла ня верыць у маю старую памяць і з тым пісьменьнікам не гаварыла. А, можа, ён сам даверу да мяне ня мае? Калі пачне выкарыстоўваць матэр’ялы Бядулі, Мікуліча, нейкага Адамава, то што атрымаецца? Страх падумаць... Адна пацеха, што я датаго часу не дажыву. I нэрвавацца ня прыйдзецца.
    Пытаецеся аб факце прысутнасьці I. Луцкевіча на нашым спэктаклі? Паміж іншым, ня ведаю, хто і калі пачаў старэйшага Луцкевіча называць Іванам, бо ён у лістах падпісываўся Ян. Маю пару яго лістоў з такім подпісам.
    I вось Я. Л[уцкеві]ча мы на спэктакль запрасілі, і ён не адмовіўся — прыехаў. Пасьля ў “Нашай ніве” (№ 8, 1911 г.) зьмясьціў адпаведную карэспандэнцыю. Я і цяпер шкадую, што пасьля спэктаклю амаль з ім не гаварыла, бо мы разам з нашым старшынёй гуртка А. Бычкоўскім сьпяшаліся на вечарыну ў польскі вучнёўскі гурток: “Ко+о polskej mlodziezy post^powej”2. Яны бывалі ў нас у бел[арускім] гуртку, і нам не выпадала ня быць у іх. Нашага віленскага госьця запрасіў да сябе кс[ёндз] Францішак Грынкевіч.
    3 Гудзевічаў мне пішуць. Працуюць яны — Алесь Мікалаевіч [Белакоз], новы дырэктар Юрась Новік і малодшы навуковы супрацоўнік Хомка Алена Пятроўна — вельмі інтэнсіўна, падлічаюць-сьпісываюць экспанаты. Аб аддзеле зёлак думаюць. Але як што рабіць, калі новы будынак не рамантаваны? Страха цячэ, сьцены залівае. Зрабілі залю лёну, а цяпер усё выносіць трэба.
    Аз назвамі расьлінаў — трагедыя. Каб жа гэта маладыя ня ведалі сапраўдных народных назваў... Але ж якраз наадварот — маладыя, асабліва мастакі, ведаюць, шукаюць, а старыя паэты — С. Шушкевіч, М. Лужанін, В. Вітка3 — падумаць лянуюцца, так і садзяць у свае творы сон-траву, маці-і-мачыху, доньнік і інш.
    Пытаецеся аб энцыкляпэдыі “Прырода Беларусі”. Там тое самае — памылак поўна. На просьбу Генадзя Алякс[андравіча] Каханоўскага я зрабіла сьпіскі памылак, паслала яму. Занёс намесьніку дырэктара энцыкляпэдыі. Той сказаў, што цяпер ужо позна, ня выправіцца, а далей папраўкі будуць узяты пад увагу. Тлумачыцца, што артыкулы пра расьліны пішуць выпадковыя людзі, часта студэнты. Але ж гэта несумленнасьць! Спраўдзіць можа кожны ў слоўніку. Але, праўду сказаць, у энцыкляпэдыі пералічаны “батанічныя сады”, “батанічныя запаведнікі”, але “Батанічнага слоўніка” — німа.
    Цяпер то, мусі, і сапраўды, “Бат[анічнага] слоўніка” і з агнём ня знойдзеш. Аб маім то і гаварыць німа што. Былі зробленыя ў свой час 5 ксэракопіяў — 3 ў Менску, у Акадэміі навук (стараньнямі Л.І. Збралевіч) і 2 экз.— тут у Вільні, аб што пастаралася Н.А. Ляшковіч. Слоўніка Кісялеўскага4, мусі, таксама ўжо даўно німа. Шмат выдаецца рознай дробязі-непатрэбшчыны, і то ня ў нашай мове. Можна было б хоць які слоўнічак зрабіць — перадрукаваць. Але нашто?
    Я зьвярнула ўвагу Я. Скрыгану, што ва ўсіх артыкулах аб мове якраз гэты бок мовы нікога не абходзіць. Ён мне адказаў: “На гэта рады німа. Да гэтага вядзе жыцьцё”. Як ён гэта разумее? Німа сапраўднай вёскі, німа сапраўднага селяніна, усе жывуць па-гарадзкому, то і расьліны па-гарадзкому (г.зн. паруску) называць можна, а не па-мужыцку? Гэта тэма балючая, даводзіць мяне да хваробы. Разбалелася галава. Як і кожны дзень, да вечару не дасяджу — трэба легчы.
    Аб тым, што Лявон [Луцкевіч] атрымаў ад Вас ліст, матэр’ялы аб асобах памёршых, толькі ад Вас даведалася. А мне нічога гэты “навуковец” ня кажа, нічым ня дзеліцца. А калі я што маю новае, для мяне цікавае — на ўсё махае рукой: няважна.
    Але не магу не падзяліцца з Вамі, які падарак я атрымала толькі што ад А. Мальдзіса. Пачну здалёк. У маі 1911 г. наш старшыня гуртка Адам Бычкоўскі скончыў гімназію і меўся выяжджаць з Гродна. ГГБМ наладзіў пажагнальны вечар. Малодшая сэкцыя жагнала яго дэклямацыямі і, здаецца, кветкамі. Ад нас, старэйшых, дастаў на памятку кніжку — том Карскага. Даравальны верш напісала я...
    Ня ведаю, якім чынам гэтая кніжка асталася ў Пацярбургу. Там А. Бычкоўскі канчаў юрыдычны факультэт. Чаму, выяжджаючы, аставіў, і дзе — ня ведаю. Але цяпер гэтую кніжку пабачыўуЛенінградзе А. Мальдзіс. Даравальны надпіс зьняў і прыслаў мне. Можаце сабе ўявіць, якая радасьць, які жывы ўспамін...
    I адначасна — аблітая халоднай вадой. Ня толькі Лявон, але і дачка не зацікавілася, не глянула. Вось як мне жывецца... Нясоладка, праўда? Што ж рабіць? Неяк цягнуць гэтыя дні трэба.
    Усяго Вам добрага! Ці ўжо зусім скончылі хварэць? Ці ўсе здаровыя?
    Знойдзеце хвіліну часу — пішыце. Пані Марыі — шчырае прывітаньне. Шчыра зычлівая Л. Войцікава.
    260.	АДАМУ МАЛЬДЗІСУ
    6 сакавіка 1986 г. Вільня
    Шаноўны пане Адаме.
    Сардэчна дзякую за памяць і асабліва за падарунак, за ўвагу. Як жа ён усё збудзіў у памяці... Той далёкі час, той “пажагнальны” вечар, калі мы расставаліся з нашым старшым сябрам, з нашым кіраўніком-старшынёй Адамам Бычкоўскім. Цяжкі быў яго жыцьцёвы лёс, і жыў нядоўга. А да апошніх сваіх дзён быў аддданым сынам свайго народу... Маю некалькі яго лістоў, успаміны аб ім — ужо з варшаўскага часу — Пятра Ластаўкі.
    Сёлета ў мяне не адзін юбілей, зьвязаны з Гродзенскім гуртком. 16 лютага мінула75 гадоўаддня, калі мы ў Гродне ставілі “Моднага шляхцюка” К. Каганца. Якое ж гэта было сьвята! А якая радасьць, калі на гэты спэктакль не адмовіўся прыехаць запрошаны Ян Луцкевіч... Пішу — Ян, бо ён так падпісываўся ў лістах. Хто і калі зрабіў яго Іванам — ня ведаю. Успамінала той дзень, той юбілей адна... I сумна было, што німа з кім падзяліцца...
    У кніжцы (рукапіснай) сваіх успамінаў вельмі дакладна нашую працу апісываю. Гэта ж быў 1911 год! Ці дзе адбываліся ўжо такія падзеі-спэктаклі? Ня ведаю.
    Ці бываеце ў Вільні? Ня шкодзіла б ізноў нам з Вамі спаткацца, пакуль яшчэ крышку трымаюся за зямлю. Што трымаюся ўжо слаба — не скрываю. Ды і цяперашні почырк аб гэтым гаворыць.
    Усяго Вам добрага ў жыцьці і працы! Шчыра зычлівая Л. Войцікава.
    261.	АЛЯКСЕЮ ПЯТКЕВІЧУ
    10 сакавіка 1986 г. Вільня
    Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
    Такая справа: у Гродне, нават на Вашай вуліцы, жыве дачка нашага агранома Янкі Пачопкі — аўтара кніжак “Пчолы”, “Агародніцтва” і інш. У яе (ведаю ад яе сястры, з якой карэспандую) ёсьць запісанае на магнітафонную стужку іх сямейнае сьвята — 50-годзьдзе шлюбу бацькоў і, здаецца, сьвяткаваньне дня нараджэньня самога агранома. Усё гэта, падобна, з песьнямі, прамовамі, а магчыма, і з вершамі самога Янкі Пачопкі.
    Ці ня думаеце, што гэта вартасны фальклёрны матэр’ял? Ці ня варта было б яго занатаваць на магнітафон? Меўся гэта зрабіць С. Астраўцоў. Я яму давала адрас. Ці быў там? Ці прабаваў? Ня ведаю...
    Шкада было б, каб такія запісы бескарысна прапалі. Калі б тая дачка Янкі П[ачоп] кі (маю яго аўтабіяграфію) не згадзілася, то я магла б напісаць да яе сястры. У іх хатнія, сямейныя абставіны такія — тая, што ў Гродне, адзінокая. Другая мае сына і ўнукаў, але сын нямы... Яго жонка хворая, здаецца, глухая. Хлапцы? Яшчэ, хіба, невялікія, у кожным выпадку не надаюцца на нашчадкаў нашага агранома і зьбіральніка фальклёру. Маю ягоздымак і здымкі яго магілы.