Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
Гэтае “Разьвітаньне” было надрукаванае ў нейкім малым зборніку. Знайду ліст Ванды Лявіцкай (дачкі Ядвігіна Ш.), у якім яна мяне пыталася: “Ці ты, Люда, чытала гэта? Быццам Максіма Б. ніхто з беларусаў ня ведаў, ніхто ім не цікавіўся, не апекаваўся — адзін Бядуля. Што гэта значыць?” і г.д. Ліст знайду, пакажу Вам. Ёсьць, знача, апрача мяне яшчэ сьведка.
Думка арганізаваць пры музэі групу дзяцей імені М. Багдановіча — гэта цудоўна! Ён так любіў дзяцей, так тужыў, што ня можа мець сям’і — дзяцей уласных... Як назваць, як зрабіць і г.д,— пагаворым.
Сяньня ўжо ні пісаць, ні думаць не магу. Гэта ўжо 6-ы ліст. Як на мае сілы — шмат. Ужо і ў нас вясна. Зямля разьмерзлася, дачка пачала капацца ў зямлі. А я ўжо нічога не магу рабіць, хоць рукі рвуцца да работы. I так цяжка адчуваць сваё бясьсільле...
Пішаце, што ў Вас цьвітуць падсьнежнікі. Скуль у Гродне падсьнежнікі? Хіба, хто садзіць? Бо яны дзіка на Беларусі не растуць. А можа, Вы што іншае пад гэтай назвай разумееце? Ну, пабачымся — высьветлім.
Перагледзела ліст і сама сябе пытаюся: ці зможаце прачытаць і зразумець? Цалую Вас сардэчна і чакаю. Ваша Л. Войцікава.
314. МІКОЛУ ТАРАНДУ
17 красавіка 1987 г. Вільня Дарагі пане Мікола.
Дзякую за такі зьмястоўны ліст — і цікавы, і радасны. Сколькі разоў я яго перачытала... А адказаць дагэтуль не змагла. Усё чакала, што пачну лепш пісаць, a то рука зусім ня слухалася.
Прыемна ведаць, што Вы і ў сябе ў Гродне працуеце інтэнсіўна, і з Менскам ня траціце кантактаў. Мяне Менск ня цешыць... Безадказнасьцю выдавецтваў — памылкі нават у паважных выданьнях. Дапускаецца проста бессэнсоўшчына, якую прыймаюць за чыстую манету.
Але ёсьць і добрыя весткі: больш беларускіх групаў у дзіцячых садках. Адпаведныя людзі складаюць літаратурную праграму для гэтых беларускіх групаў.Толькі непакоіць, ці патрапяцьяны абмінуцьтое, што лічыцца “дзіцячай літаратурай”,— фантастыку і па зьмесьце, і па ілюстрацыях.
Добрыя весткі з краіны музыкі. 14 красавіка быў у мяне студэнт (даволі даўні знаёмы) Менскай кансэрваторыі — з аддзелу кампазыцыі. Расказаў, што у іх прайшоў фэстываль “Менская вясна”. Былі цікавыя творы, можна сказаць, што пакрысе нараджаецца беларуская кампазытарская школа. Што ў кансэрваторыі адбываецца вяртаньне да беларускасьці. Я яму — Міколу Стоме — дала Ваш адрас. Можа,для абодвухбакоў нешта карыснае прыдумаецца.
А ў Вільні ў нядзелю, 12/IV, адбылося першае арганізацыйнае паседжаньне задуманага клюбу аматараў беларускай песьні. Як там што было — яшчэ ня ведаю. Ці быў у Гродне на Вашыя запросіны Алесь Белакоз? Бяда, што яго ганаровае званьне ні ў чым не зьмяніла адносінаў уладаў да яго працы... Кідаюць каменьне пад ногі — заместа ў чым памагчы. А са здароўем і далей дрэнна.
Вельмі цікава, якая будзе пастанова ў справе помніка К. Каліноўскаму. Для мяне то і ў Сьвіслачы нядрэнна... Сьвіслацкую гімназію скончыў мой прадзед —
у першай палове прошлага стагодзьдзя. У кожным выпадку майце на увазе, што і я далучуся да складак.
Як шкада, што я ня ведала аб вечары Ларысы Геніюш. А можа, яго яшчэ не было? Я маю вершы паэткі, нідзе недрукаваныя, пісаныя на Варкуце... На сьмерць аднаго са зьняволеных. Трагічныя...
Яшчэ такая справа. У 1981 годзе я пасылала ў Гродна (мяне прасілі) ксэракопію свайго “Батанічнага слоўніка”. Атрымала расызіску, што прынята для Музея здравоохраненйя... Падпісана: профессор, доктор медйцйнскйх наук Бржескйй Вйтольд Чеслававовйч'. Усё па-руску...
А прасіў мяне паслаць доктар Ігнатовіч Фёдар Іванавіч. Чулі аб такім? Ігнатовіч прыехаў у Вільню ў архівы. Трапіла яму ў вочы “Бел[аруская] борць” — мае артыкулы аб лекавых зёлках. Адкуль узяў адрас? Ня ведаю... Прыйшоў — пазнаёміліся. Нават супольна фатаграфаваліся. Напісаў у “Нёман” у 1982 г. артыкул аб “Пчале” і “Бел[арускай] борці”. Нейкі час пісаў з Гродна, пасьля быў у ГДР. I цікава — лісты пісаў па-беларуску, а гаварыў па-руску. Куды і калі зьнік — ня ведаю. Вось такія гродзенскія дзівы...
Сардэчнае прывітаньнеўсім сябрам “Паходні”. Вам яшчэ раз дзякую за ліст, і не забывайце. Шчыра зычлівая Л. Войцікава.
315. МІКОЛУ ТАРАНДУ
28 красавіка 1987 г. Вільня Дарагі пане Мікола.
Дзякую за ліст — цікавы і шмат у чым радасны, асабліва аб маніфэсьце ў справе зьмякчэньня мовы. Аўтары нічога мне не напісалі, відаць, німа там нікога знаёмага. Ня ведаю, чаму зусім ня піша Алесь Мікалаевіч [Белакоз]. Я яго павіншавала з каштоўнымі знаходкамі — бібліятэкай старой літаратуры і падвойнымі дыванамі (бо Вы пішаце — коўдры, а я думаю, што ідзе аб дываны, якія ткаліся наспэцыяльных кроснах), алеад Алеся Мікалаевіча — ніякагаадказу.
Анатоля Сыса ведаю — прыяжджаў з менскай “Талакой”. А на мову сваю беларускую — ад часу Гродзенскага гуртка — Гродна аніяк ня можа здабыцца. Надзея на Вас — “Паходню”, на далейшых штораз маладзейшых сяброў.
Дачка мая працавала 5 гадоў у Гродне ў Пэдінстытуце. Я ў 1950 г. была ў яе зімой цэлы месяц. Мейсца сабе не знаходзіла... У інстытуце толькі мы двое — дачка і я — гаварылі па-беларуску, ну і выкладчыца беларускай мовы. На вуліцах усе шыльды, усе аб’явы — па-руску... Было гэтак, калі я ў школе яшчэ была, але ж гэта было ў царскія часы...
Я ў тарговыя дні хадзіла на рынак, таўклася там гадзінамі, каб паміж сялянамі пачуць беларускае слова... Ня думаю, каб шмат лепш было ў Менску. Там жа дзеці пісьменьнікаў ня хочуць гаварыць па беларуску... Але — можа, далей будзе лепш. Калі да голасу дойдзе маладое пакаленьне. Самае маладое.
Ёсьць і цяпер добрыя весткі з Гасьцёўні Галубка. Прыедзеце — расскажу, з лістом адпаведным пазнаёмлю. Яшчэ шмат цікавага раскажу аб дзейнасьці літаратурнага гуртка ў школе ў Германавічах Шаркаўшчынскага р-на — на Віцебшчыне.
Вельмі буду рада, калі, ня вельмі адкладаючы, прыедзеце. Ня буду скрываць, што чуюся дрэнна — баляць ногі, цяжка хадзіць. Можа, такі пераходны час — ад зімы да вясны, можа, і шмат нэрвовага, бо нямала перажылося. Гэта ўсё драбяза.
Неяк будзе... У мяне дзень да дня непадобны. Учора шмат лепш пісала, а сяньня зусім рука ня слухаецца.
Вельмі хацела б зьвязаць Вас са студэнтам Менскай кансэрваторыі Міколам Стомам. Здольны кампазытар, выдатны беларус. Пакуль што ня маю яго адрасу. Як быў апошні раз, забылася запытацца аб менскі адрас, а маю толькі адрас яго маці, якая жыве ў Ляндварове пад Вільняй. Ён хоча мяне са сваёй маці пазнаёміць, але да гэтай пары не ўдалося. Калі дачакаю летніх канікулаў — шмат што выясьніцца.
На гэтым сваю мазаніну скончу — самой глядзець праціўна... Сардэчнае прывітаньне ўсёй “Паходні”. Шчыра зычлівая Л. Войцікава.
316. ДАНУЦЕ БІЧЭЛЬ
10 мая 1987 г. Вільня
Даражэнькая пані Данута.
Дзякую за ліст і выбачайце, што да гэтай пары не змагла адказаць. Лістоў ляжыць — цэлая гара. Пакуль гэты лістдойдзе да Вас, Вы ўжо будзеце ведаць, як я прыняла мілых гасьцей з Гродна... Рада была вельмі, але знэрвавалася і разгубілася, бо ляжала ў ложку. Было б гэта яшчэ нічога, бо ня дзіва, калі хто дрэнна чуецца і ляжыць. Але дачка была недзе на гародзе, а Лявону не хапіла культуры, каб мяне папярэдзіць. Хоць бы прычасалася і надзела блюзку, a то ляжала ў начной кашулі... Проста сорамна было. Лявон апраўдываўся, што ня ведаў, калі я лягла.
Я наагул чуюся дрэнна — моцна баляць ногі, часта — галава, а найгорш тое, што разьвіваецца хвароба страўніка. Думаю, што пагоршала, бо далучыўся нэўроз. Прычынаў, каб нэрвавацца,— безьліч. А старому ці шмат трэба? Думаю пачаць абсалютную дыету — перастаць есьці.
А цяпер у мяне такое пытаньне і — просьба. Ведаю, што цяпер можна запрасіць з Польшчы і далёкіх сваякоў, і нават знаёмых. Ведаю падрабязна, як аб гэта старацца. I вось адзін мой далёкі сваяк, які радзіўся пад Лідай — у Белагрудзе (там магіла яго бацькі), просіць, каб я выслала яму запросіны. Клопату з гэтым шмат. Я асабіста зусім бездапаможная.
Рызыкавала б прасіць Лявона. Ці згадзіўся б — ня ведаю... А па другое, магчыма, што захацела б мяне адведаць і мая бліжэйшая сваячка, якая маленькай чатырохгадовай дзяўчынкай жыла з намі — з маёй мамай і са мной — у Менску, у Беларускай хатцы. Тады ўжо мусіла б прасіць Лявона.
Ці не знайшлася б якая добрая душа ў Гродне, якая змагла б выслаць запросіны гэтаму майму сваяку? 3 вялікай падзякай зьвярнула б усе кошты. Як думаеце — ці гэта магчыма?
Гэты мой сваяк — не беларус, выхаваўся ў Варшаве, але ніякі ня вораг. Яму 78 гадоў — пэнсіянер. Ад маладых гадоў да нядаўна пяяў у Варшаўскай філярмоніі — і на мейсцы, і куды ні езьдзіў — па цэлым сьвеце! Я яму напісала, што зраблю ўсё магчымае, каб цярпліва чакаў. Але ўсё ж час ідзе. Зразумела, што прыехаў бы ён да мяне, наведаўшы сваю Белагруду.
Вельмі буду чакаць адказу. Цалую сардэчна. Ваша Л. Войцікава.
На ўсялякі выпадак дадзеныя сваяка далучаю: Stanislaw Mocka/lo, urodzony 29/4/1916 r. u Bia/ohrudzie k/Lidy — syn Piotra i Maryi ze Stankiewiczew, emeryt. Яго адрас y Варшаве: 00-159, Warszawa, ul. Nowotki, 24a, m. 70.
317. МІКОЛУ ТАРАНДУ
10 мая 1987 г. Вільня
Дарагі пане Мікола.
Такая ў мяне ўжо завялася мода, што сваіх гасьцей “даганяю” — лістамі... Учора вельмі рада была і Вас бачыць, і пазнаёміццаз новым наведвальнікам. Але абставіны былі такія непрыемныя, што я зусім разгубілася. Заместа пазнаёміць п. Ігара [Котава] з тым, што яму было б цікава як менчуку, паказала здымкі зьездаў...
А ў мяне ёсьць вельмі падрабязныя і дакладна напісаныя “Успаміны” — аб працы-жыцьці ў Менску ад восені 1915 г. да другой паловы ліпня 1918 г. Праца Беларускага таварыства помачы ахвярам вайны, усе прадпрыемствы, усе сустрэчы з мясцовай беларускай інтэлігенцыяй — дзеячамі... I адрысаваная Беларуская хатка.
Заснуць не магла — такая на сябе была злая... Але гэта можна паправіць, праўда? Рада буду, калі п. Ігар [Котаў] захоча прыехаць. Ня буду расказываць, а проста дам прачытаць напісанае... I ў такі спосаб “паходзім” разам патагачасным Менску.
Учора атрымала ліст ад Алеся Мікалаевіча Белакоза — са сьпіскамі ўсіх новапрыдбаных экспанатаў. А я маю для яго ў аддзел народнай мэдыцыны рэцэпт ад радзікуліту. Рэцэпт сапраўды народны. Такім спосабам вылечылі Я. Шнаркевіча.
Усяго Вам добрага, дарагія гродзенцы, сябры “Паходні”. Сардэчна зычлівая/7. Войцікава.