• Газеты, часопісы і г.д.
  • Зоська Верас. Я помню ўсё Успаміны, лісты  Міхась Скобла

    Зоська Верас. Я помню ўсё

    Успаміны, лісты
    Міхась Скобла

    Памер: 498с.
    2013
    152.73 МБ
    Чакаю Вашага ліста, а ў ім — вестак аб школьных справах. У Менску сярод моладзі даволі моцны зрух. У мяне сувязь са студэнтамі Інстытуту лясной гаспадаркі. Цікавыя ад іх весткі.
    Цалую сардэчна. Ад маіх — прывітаньне Вам, ад мяне — прывітаньне сябрам “Паходні”. Шчыра зычлівая Л. Войцікава.
    P.S. Пані Данута, чаму Вы мне лісты адрасуеце па-руску? Мне ўсе нават з Масквы адрасуюць па-беларуску. Мы і за царскіх, і за польскіх часоў пабеларуску адрасавалі.
    343.	АЛЯКСЕЮ ПЯТКЕВІЧУ
    14 лістапада 1987 г. Вільня
    Дарагі Аляксей Міхайлавіч.
    Дзякую за ліст. Аб тым, як пільнуюць “Паходню”, я ўжо ведала ад яе сакратара’. Ня ў смак іх дзейнасьць і папулярнасьць. Ды яшчэ і за школьныя справы ўзяліся. Гэта ўжо зусім “шкодная” работа. Цікава, як “Паходня” выкруціцца і як забясьпечыцца?
    Пішаце, што зьбіраюцца на пленумы, гавораць, а справа — ні з мейсца? А ўсё ж пэўны зрух ёсьць. Але ня там, дзе чакаюць пастановаў, загадаў, а там, дзе моладзь сама бярэцца за справу. Гэта ў Менску.
    Учора быў у нас студэнт Менскай кансэрваторыі. Расказываў — у іх шмат што з тэорыі музыкі ўжо выкладаецца ў беларускай мове. Хоць, як ён кажа, выкладчыкам гэта цяжка даецца. А ён сам — гэты студэнт — рэдактар насьценнай газэты, то, як ён кажа, “патрабую адзінага беларускамоўнага рэжыму ў насьценным друку.”
    Гэта адно, а другое — у Інстытуце лясной гаспадаркі сабралі подпісы студэнтаў, якія жадаюць перайсьці на беларускую мову: пішуць па-беларуску курсавыя і дыплёмныя работы, у сваёй мове здаюць экзаміны. Дамовіліся са сваімі прафэсарамі і самі памагаюць складаць падручнікі, слоўнікі і г.д. Пакуль што ніхто ім не пярэчыць. Што будзе далей? Мо і тут выявіцца нейкі вораг і падставіць свайго Сташкевіча?
    Учора позна ўвечары ізноў былі госьці, але я так дрэнна чулася, балела галава, што зачынілася ў сваёй каморцы і не выходзіла. Вельмі цяжка пераношу такое надвор’е, як цяпер. Хмары, мокра і цёпла +5°, +6°. Галава баліць, ногі не трымаюць. А на лісты адказаць мушу. Учора разам з Вашым атрымала 7 лістоў!
    Пераходжу да справы. Пытаецеся, ці фармальна належала да БСГ2? Тады ў нас ніякіх фармальнасьцяў не было — не прымалі ніякіх легітымацый, нічога. А належалі амаль усе. У Менску ў 1917 г. быў сапраўды зьезд БСГ. Па аднаму чалавеку з Масквы, Пецярбурга, Бабруйска, ну і мы з Менска. Мне, як сакратару, трэба было здаць справаздачу з мясцовай работы. А што рабілася? Адно што А. Смоліч рэдагаваў і выдаваў газэту “Грамада”3 — і ўсё.
    Дзе БСГ была моцная — гэта ў Бабруйску. Там адразу запісалася 100 чалавек з войска і сялянаў блізкіх вёсак. Ладзілі мітынгі вайсковыя і сялянскія, на якіх бывала па некалькі тысячаў чалавек. Я аб усім ведала з лістоў Ф. Шантыра, бо гэта была яго работа, яго заслуга. А цяпер і 100 гадоў ад дня нараджэньня нельга адзначыць, і выхад у сьвет кніжкі затрыманы да наступнага году. А ці выйдзе? Бо цяпер ізноў пошукі: па якой прычыне Ф. Ш[антыр] быў расстраляны? Падазрона...
    Я маю 2 білеты: адзін на Беларускі зьезд 5 сьнежня, выданы як дэлегату Нсполнйтельного Комйтета Вялікай рады. 2-і — на Зьезд беларусаў-ваенных Заходняга фронту 18-21 кастрычніка 1917 г.:
    Предьявйтель сего член Зьезда беларусаў-ваенных Заходняга фрон-
    та, член Выканаўчага Камітэта Цэнтральнай рады беларускіх арганізацыяў Сівіцкая Людвіка.
    Ледзь перапісала. Адно слова — па-беларуску, другое — па-руску. Гэта ўсё, што я маю з дакумэнтаў.
    Цяпер — другое. Мы з А. Войцікам пажаніліся ў 1926 годзе ў канцы верасьня. Шлюб бралі ў касьцёле св. Пятра і Паўла на Антокалі. Сьведкамі былі паслы на Сойм Павал Каруза4 і Альбін Стэповіч5. Муж мой Антон памёр у 1948 годзе. Маю яго біяграфію, бібліяграфію, лісты з дому (вёска Вярэнькі — паміж Будславам і Парфенавым) ды і з турмы — з Лукішак.
    Яшчэ аб білетах: не гаворыцца ясна, што была сакратаркай, але толькі “член Нсполнйтельного камітэта”.
    Каб напісаць аб сваім дзяцінстве — а яно было не зусім звычайным, трэба мець шмат часу, а яшчэ больш цярплівасьці. Але дадам яшчэ адну вестку — не з дзяцінства, а з маладосьці. Калі я была ў Варшаве на курсах, то ў пачатку 1914 г. ужо пахла вайной. Грамадзянства зарганізавала 6-тыднёвыя ваенныя санітарныя курсы. Там пераважна была гутарка аб ратаваньні раненых, перавязках і г.д. Вялі ваенныя лекары, пераважна хірургі. Вось натакія курсы я запісалася і скончыла. Вымагалі шмат. Будова людзкога цела, касьцей, самыя звычайныя лекі. Галоўнае — бандажаваньне (бінтаваньне) розных частак цела. Цяжка было навучыцца налажыць бандаж на галаву, локаць, калена. Паўтаралася апэрацыя дзясяткі разоў, пакуль не было гладка і надзейна.
    А як мне гэта спатрэбілася! Толькі вярнулася да мамы ў дзедаўскія Альхоўнікі — пачалася вайна. На блізкай станцыі Бяляны (адна станцыя ад Гродна) наладзілі прыфрантавы шпіталь. Звозілі раненых. Мы з цёцяй, мамінай сястрой, вазілі раненым малако — я за фурмана. На другі дзень доктар просіць мяне памагчы пры раненых, бо, кажа, мэдсёстры з ног валяцца. Я згадзілася. А доктар зьдзівіўся: дык Вы мэдсястра? Я і кажу, што скончыла курсы. Амаль тыдзень памагала раненым.
    А пасьля, у 1921-22 г., як чырвонае войска варочалася з-пад Варшавы, у нас быў штаб фронту. Войска аказалася на панадворку, у садзе. Польскае войска — на ўзгорку, нейкі кілёмэтр ад нас. Стралялі праз сад, праз будынкі. Мы цэлыя дні сядзелі ў склепе пад мураваным сьвіранам. Пад вечар зьбіралі раненых, клалі ў стадолу за мураваныя слупы. Рвалі прасьцірадлы, і я цэлыя вечары і ночы перавязывала.
    А пасьля ў Менску наш Камітэт дапамогі бежанцам пры сваім безграшоўі ня меў ні лекара, ні фэльчара. А бежанцы, вядома, як хто захварэе, або хто з дарогі мае пакалечаныя ногі — усе ў камітэт: памажыце. Вось ізноў я мела практыку — ставіла банькі, лячыла раны. А хто памог? Вы, можа, і ня ведалі, што Карусь Каганец меў роднага брата — ваеннага доктара. Мы неяк з ім пазнаёміліся, бо быў пэўны час у Менску. Вось ён мне і памагаў. Зрабіў спэцыяльную аптэчку (шафку), напоўніў самымі рознымі лекамі. Даваў парады, як што ўжываць. Сяньня, калі не магу зусім спаць, часам да белага дня — усё гэта праходзіць перад вачамі.
    Здаецца, на гэты раз усё. Мо нават шмат лішняга. Усяго найлепшага! Прывітаньне пані Марыі. Сардэчна зычлівая Л. Войцікава.
    344.	АЛЯКСАНДРУ ГОСЬЦЕВУ
    Вільня, 15 лістапада 1987 г.
    Дарагі пане Алесь.
    Рада буду спаткацца з Вамі. Лягчэй дагаворымся, паразумеемся, а мне па старым Гродне хочацца яшчэ “пахадзіць”. А цяпер на тых пару пытаньняў пастараюся адказаць.
    Драўляны дом № 14 з мансардамі стаяў на процілеглым баку ад Купецкай. Значыцца, там нумары пачыналіся. Магчыма, цяпер там новы будынак, бо рэшта вуліцы была вузкая, цесна забудаваная.
    Але Гараднічанская не выходзіла проста на цяперашнюю Э. Ажэшка, а на невялічкі пляц — Паштовы, а той ужо быў на мяжы вуліцы
    Што да вуліцы Паліцэйскай, то дом Салянкаў быў недзе ў сярэдняй яе частцы. Зрэшты, я магу і памыліцца ў чым-небудзь. Усё ж я выехала з Гродна ў 1913 годзе, а пасьля толькі час ад часу прыяжджала.
    Згубіла я яшчэ адну вуліцу, дзе ў 1911 г. Гродзенскі гурток ладзіў спэктакль — ставілі “Модны шляхцюк” Каганца. Тут я і назвы вуліцы ня помню, і на гэта ўжо німа рады.
    Усяго добрага! Л. Войцікава.
    345.	МІКОЛУ ТАРАНДУ
    26 лістапада 1987 г. Вільня
    Дарагі пане Мікола.
    Ліст атрымала, дзякую. Учора меліся Вам пазваніць, паведаміць, што адкрыцьцё Клюбу (калі яно наагул адбудзецца) адложана на 25 ліпеня — па незалежных ад арганізатараў прычынах. Доўга, як для мяне, чакаць... А хацелася б з Вамі пабачыцца, аб тым-другім пагаварыць.
    Атмасфэра ў хаце цяжкая. Гэта зразумела... Загадзя раджу Вам пакінуць думку аб 95-годзьдзі 3. Верас. He выклікайце воўка з лесу... Гэты воўк ужо раз мяне крышачку зачапіў. Прыдумаўшы нейкую арганізацыю з быўшых сяброў БСГ (я да БСГ сапраўды належала і шмат аб яе працы ведаю) супольна з Палутай Бадуновай (а яна ж належала да эсэраў) і яшчэ з людзьмі, якія ў Менску ніколі не былі...
    Вам бы варта пазнаёміцца з маімі “Успамінамі” — аб працы ў розных палітычных варунках, але такога, як цяпер, нічога падобнага — ніколі не было. Гэта кажу аб арганізацыях не палітычных, а культурных. А што да Купальля... Вы б пацікавіліся, як гэтае сьвята ладзіцца ў Маладзечне. Там зьбіраюцца тысячы людзей.
    Як мне шкада Гараднічанкі... Дрэваў над ёй, лавак у цяньку дрэваў. Што ж рабіць — у сьне толькі Гродна бачу... I ня хочацца думаць, што наяве гэтага німа.
    А мы тут перажылі дні трывогі. Пасьля ўсіх паўтораных у прэсе (каб мацней ударыць) агідных артыкулаў тут быў назначаны чародны арганізацыйны сход. I — ніхто не прыйшоў, ні адзін чалавек... Ну, думалі, перапалохаліся і — ўсё. Аж праз пару дзён лістоўна паведамілі, якія раптам былі перашкоды, і што адкрыцьцё пераносіцца на ліпень. Але — ці ня знойдзе дарогі і сюды які-небудзь Сташкевіч? Усё можа быць. У іх рукі доўгія...
    Сяньня мая дачка мае гасьцей — усю сваю катэдру з Пэдінстытуту, а можа, нехта і з унівэрсытэту ёсьць, бо сьвяткуе свой дзень нараджэньня, юбілейную дату — 60 гадоў. Хата напоўнена гукамі літоўскай мовы...
    Прадбачу, што пры цяперашніх абставінах з Менска шмат хто перастане ня толькі прыяжджаць, але і пісаць. А я сама пакрысе хварэю. Баляць галава, ногі, і то моцна. Зрэшты, і па лісьце гэта відаць. Баюся, што мае карэспандэнты і прачытаць цярпліва ня змогуць.
    Буду чакаць — ці весткі, ці прыезду. Усяго найлепшага! Вам і ўсім сябрам “Паходні”. Сардэчна зычлівая — Л. Войцікава.
    346.	МІКОЛУ ТАРАНДУ
    29 лістапада1987 г. Вільня
    Дарагі пане Мікола.
    Ліст Ваш атрымала, дзякую. Вядома, цешыцца німа падстаў. Імкненьні “Паходні” — як найлепшыя, але... Напішу ліст, загляніце на пошту (неразборл,— М.С.). Кажаце — мая г.зв. кніжка ляжыць на першым мейсцы. Я мела надзею, што ад гэтага ягамосьця атрымаю хоць пару слоў, бо ж ёсьць супольнае ў прафэсіі (замілаваньні), хоць і стаю шмат ніжэй.
    Работы мне даюць шмат — з розных бакоў, а рабіць што, нават думаць — цяжка. Забівае пагода. А выконваць усе просьбы трэба абавязкова. Вельмі цікавіць мяне будучая імпрэза ў Гродне. А ці будзе хто з Вільні, з літоўцаў? Ці запросяць д-ра Кутаргу? Вы, здаецца, яго ведаеце? Ад Алеся Мікалаевіча [Белакоза] маю весткі — лісты. Нічога добрага... Што да Менска, ня думаю, каб там хто зацікавіўся, нават каб Вам адказаў. Ня бачу такіх людзей.