Зоська Верас. Я помню ўсё
Успаміны, лісты
Міхась Скобла
Памер: 498с.
2013
Надыходзіў Новы год — 1917... Пастанавілі спатыкаць яго ў Беларускай хатцы ўсёй грамадой. Наладзіць усё і выслаць запросіны даручылі Багдановічу, Смолічу і мне. Пішучы запросіны, мы задумаліся: запрашаць Р. Зямкевіча ці не? Справа ў тым, што на другі дзень пасьля вечарыны у Ратамцы я і Смоліч атрымалі лісты ад Зямкевіча. Ён у самым грубым тоне лаяў мяне. Я зараз жа паказала лісты Багдановічу і Смолічу; яны сядзелі у другім пакоі і другі ліст чыталі разам. Аддаючы ім свой ліст, я кажу: “Пакажыце свой”. Смоліч адказаў адным словам: “He!” і схаваў ліст у кішэнь. Што там было, ніколі я не даведалася, але, відаць, нешта аба мне, бо чаму ж яны мне не паказалі? Думалі мы думалі і нарэшці дайшлі да перакананьня, што калі мы гаспадары імпрэзы, а Зямкевіч нас абразіў, то маем маральнае права яго не запрашаць... Так і зрабілі.
Прайшоў вечар перад Новым годам, і вось тады я яшчэ раз пераканалася ў надзвычайнай чуткасьці і імпульсыўнасьці Максіма. Госьці ўжо пачалі зьбірацца, я яшчэ была ў сваім пакоі. Раптам, нават не пастукаўшы, убягае Максім, за ім Смоліч. Максім бледны, узбураны: “Панна Людвіка, прыйшоў Зямкевіч”. Відаць, зразумеўшы, якое гэтая вестка зрабіла на мяне ўражаньне, Максім кінуўся да дзьвярэй... Мы са Смолічам не пасьпелі зарыентавацца, што ён хоча зрабіць. А Максім адразу: “Пане Зямкевіч, хто вас сюды прасіў?” Разумецца, госьці, якія ні аб чым ня ведалі, абурыліся. Смоліч усё ім растлумачыў, і госьці супакоіліся. Мушу дадаць, што Зямкевіч застаўся, але праз увесь вечар ніхто з ім не загаварыў.
Сабраліся ўсе, хто толькі ў той час быў у Менску. Прыйшлі: Ядвігін Ш., Альбэрт Паўловіч з дачкой Уладзяй і зяцем Ю. Фарботкам2, ксёндз Гадлеўскі3, Ф. Шантыр (прыехаў з Бабруйска), Ус. Фальскі, V. Галубок, адвакат Чавусаў, Л.Заяц4, В. Лявіцкая, А. Уласаў, архітэктар Л. Дубейкаўскі, Я. Крыўка, мая маці Э. Сівіцкая... Пачатковая непрыемнасьць разьвеялася, настрой быў мілы, і ўсе былі рады з гэтай імпрэзы.
Далей усё ішло па-ранейшаму, толькі, на жаль, Багдановіч чуўся слабейшым. Калі ў сталоўцы ўсё заціхала, усе разыходзіліся, ён аставаўся і дапозна сядзеў у бюро Камітэту. Гэта быў невялікі пакой з бальконам. Знаходзіўся ён паміж сталовым пакоем, дзе мы з мамай жылі. Там стаяў стол і глыбокі, мяккі фатэль. У гэтым фатэлі сядзеў Максім доўгія гадзіны — пацёмку. Я ня раз прапанавала запаліць лямпу, але не хацеў. “Мне так тут добра”,— казаў. Мо якраз тады ён складаў свае апошнія вершы?
Мяркуючы па тым, што пісаў аб Багдановічу Барыс Мікуліч5 (“Выбранае” 1959 г.), выглядае, што Максім апрача Бядулі і яго сястры Рэні, ні з кім не спатыкаўся і ні з кім не сябраваў. Відаць, абапіраюцца на гэтую кніжку і аўтары беластоцкай “Нівы”, калі пішуць: “Максіма Багдановіча лучыла cap-
дэчная прыязьнь з 3. Бядуляй”. Гэта зусім праўдзе не адпавядае. Сёстры Бядулі панічна баяліся, каб не заразіцца, так што кантактаў паміж памяшканьнямі амаль не было. I ў чым магла выявіцца гэтая прыязьнь і калі? Багдановіч прыходзіў у свой пакой позна і рана выходзіў? Нешта ня вяжацца...
Прадчуваліся ўжо блізкі канец вайны і зьмены, якія могуць наступіць у жыцьці народаў. Мы часта гаварылі аб тым, што, можа, хутка дачакаемся сваіх беларускіх школ, а падручнікаў да навукі німа. Лемантары сякія-такія былі, а вось чытанкі пасьля лемантара німа. Смоліч запрапанаваў узяцца за апрацоўку такой чытанкі-хрэстаматыі. Складаць яе мы мелі ўтраіх: М. Багдановіч, А. Смоліч і я. Насамперш распрацавалі плян. Мела кніжка дзяліцца на 4 часткі: 1 — вясна, 2 — лета, 3 — восень, 4 — зіма. Трэба было падбіраць матэрыялы. М. Багдановіч меў заняцца паэзіяй — падбіраць адпаведныя вершы з беларускай літаратуры, рабіць пераклады і пісаць іх самому.
Шмат вечароў прасядзелі мы ў сталоўцы ў позьнія гадзіны, калі нашы штодзённыя вячэрнія госьці расходзіліся. Кожны з нас ужо пакрысе напісаў, але далей ужо супольна працаваць не прыйшлося. Надыходзіла вясна, дажджы, вільгаць. Максім чуўся горш. Тэмпэратура падымалася... Трэба было яму зьмяніць клімат. Пастанавілі на супольных нарадах, што паедзе ў Ялту. Здабылі грошы, прыгатавалі што трэба на дарогу, і ў канцы лютага наступілі ад’езьдзіны. Мы ўсе хацелі правесьці яго на цягнік, але Максім запратэставаў: “Разьвітаемся тут, у Беларускай хатцы. Мне будзе цяжэй разьвітвацца з вамі ўсімі пры натоўпе чужых людзей”. Жагналі мы яго са сьлязамі на вачах, як бы прадчувалі, што жагнаем яго назаўсёды. Маці мая абняла яго і пацалавала галаву. Мне ён сказаў: “Я вам напішу”. He напісаў. Можа, не хапіла сілы... а можа, і напісаў, а чужыя людзі не парупіліся выслаць? Хто ведае?
Але калі прыйшла вестка аб яго сьмерці, такой цяжкай, у адзіноце, мы не маглі сабе дараваць зробленай памылкі. Нашто было выпраўляць яго, не парадзіўшыся з доктарам, ня маючы пэўнасьці, што гэта яму дапаможа. Як недарэчна... Трэба было запэўніць тут на месцы больш выгоды, больш сардэчнай апекі. Сьмерць, на жаль, яго не мінула б, але няхай бы паміраў паміж нас, паміж сваіх, адданых яму шчыра прыяцеляў, у роднай старонцы. Ён жа гэтага сам хацеў... сам пісаў: “Ня будзеш цяжкаю ты сыну/ свайму, зямля. / Там хоць у гліне, хоць у брудзе, / там пад зямлёй, / найдуць мае слабыя грудзі / сабе спакой...”. А можа, згадзіўся ехаць, маючы крыху надзеі, што яшчэ падлечыцца і вернецца? Хто ведае?..
Прайшло паўвека, а ўспаміны аб гэтых пяці месяцах усё жывыя. 3 тых дзён мне асталася адна памятка — маленькая карталюшка з гульні “ў пошту” на адным з суботнікаў. Максім напісаў: “Сягодня пачуў, як Ваша мама сказала: “бедная мая дзяўчынка”. Увесь вечар думаю аб гэтым і да нічога не магу дадумацца. Жывём як чужыя”. 3 гэтых слоў відаць, як ён уяўляў сабе сужыцьцё беларусаў, прынамсі, нашай менскай групы: усе павінны быць роднымі, усе — адна сям’я.
ПАДАРОЖАЎ ПЕЦЯРБУРГ I МЕНСКАЯ БАТЛЕЙКА
Ня хочучы перабіваць успаміны аб М. Багдановічу, я прапусьціла дзьве падзеі з часу перад Новым годам. Першая — мая падарожа у Пецярбург, а другое — батлейка.
Мы слалі і слалі лісты у Пецярбург, і да Л. Родзевіча1, і да Іваноўскага2, каб яны там на месцы рабілі стараньні аб дзяржаўнай дапамозе нашаму Таварыству помачы ахвярам вайны. Пецярбургскія беларускія дзеячы для свайго толькі што адчыненага аддзелу такую дапамогу атрымалі. Апрача таго, атрымалі 5000 руб. ад літоўцаў, а мы ў Менску біліся, як рыбы аб лёд... На нашыя лісты не адклікаліся.
Тады Камітэт пастанавіў дэлегаваць у Пецярбург мяне, каб там на мейсцы паглядзець, у чым справа і па магчымасьці дабіцца нейкага канкрэтнага адказу. Паехала я туды ў кастрычніку. Была ў Л. Родзевіча, бачылася з Іваноўскім, але без рэзультату. Прасядзела я там пару тыдняў. Спачатку жыла ў Сталыгваў, але, ня хочучы злоўжываць іх гасьціннасьцю, перабралася ў нядаўна адчынены інтэрнатТаварыства помачы ахвярам вайны. He падабаўся мне ён. He было добрай адміністрацыі — балаган. У інтэрнаце — і моладзь, і школьныя дзеці. Апекі — ніякай, так 12-гадовы хлопец (паміж іншым, брат нашага гродзенскага сябра з гуртка А. Зенюка) аднойчы са школы ў інтэрнат не вярнуўся, начаваў у горадзе. I ніхто гэтым не пацікавіўся, німа — і німа. На другі дзень прыйшоў. Я пытаюся: дзе ты быў. “Я начаваўу п. Марысі Галубянкі” (гэта была мая знаёмая з Варшавы). “Аў школе сягодня быў?” — “He”.— “Зьбірайся,— кажу,— паедзем да п. Марысі, пабачым”.
V Пецярбургу я пазнаёмілася з прафэсарам Эпімахам-Шыпілам, але ў Менск вярнулася ні з нічым. Мушу яшчэ дадаць, што да пецярбургскага аддзелу таварыства была гутарка аб праекце новага таварыства “Заранка”, якое мела б выдаваць школьныя падручнікі і папулярныя брашуры. Адразу з Пецярбургу я напісала аб гэтым ф. Шантыру. Прыехаўшы ў Менск, атрымала адказ. Вельмі крытычна аднёсься Ф.Ш. да пецярбургскага праекту. Пісаў: “Ідэя варта сьмеху! Гурток людзей маніцца выдаваць падручнікі тады, калі німа каму і каго вучыць. Народ беларускі зруйнаваны і расьцярушаны па ўсім абшары сьвету. Выдаваць падручнікі і брашуры, калі німа ніякага культурнага нацыянальнагажыцьця, калі праца для прабуджэньня беларускага народу да уласнага жыцьця для многіх яшчэ ўсё — модная забаўка... Для нас цяпер, як і ў пачатку нацыянальнага руху, найпершай і найважнейшай патрэбай ёсьць збудаваньне сталага фундамэнту нашага нацыянальнага жыцьця — г.зн. прабуджэньне і пакліканьне да нацыянальнай працы вялікай колькасьці інтэлігентных працаўнікоў, якія б разнясьлі ідэю беларускага нацыянальнага адраджэньня ва ўсе канцы нашай Бацькашчыны і ўвялі б яе практычна у прыватнае жыцьцё...”
Чытала я гэты ліст і разважала: не згадзіцца з яго вывадамі немагчыма. Але з другога боку? Добра, гэтыя працаўнікі пойдуць у народ, але народ наш у сваёй масе цёмны. Трэба адчыняць яму вочы на ўсебаковыя зьявы жыцьця, а калі так, то ў якой мове даць яму кніжку, брашуру, у якой мове адказаць на тыя пытаньні, якія ставіць перад чалавекам само жыцьцё? Адказ адзін: беларускія падручнікі і папулярныя брашуры патрэбныя. Прыгатаваць іх загадзя ня шкодзіць, тым больш, што кніжка — ня булка, у адзін дзень не сьпячэш... Да гэтай тэмы мы з Ф. Ш[антырам] яшчэ ня раз варочаліся і ня раз сварыліся.
Па вяртаньні з Пецярбургу, у адну з суботаўу Беларускай хатцы гутарка неяк зайшла аб фальклёры розных народаў. Што найбольш ведама аб беларускім фальклёры? Песьні, казкі, легенды, прыказкі, загадкі, вопратка, тканіны... А му-
зыкальныя інструмэнты? Цымбалы! А хто іх бачыў, хто чуў? Нехта прыпомніў: а што мы ведаем аб старадаўніх беларускіх батлейках?
Я цікавілася батлейкай яшчэ ў сябе ў Сакольшчыне. Доўга шукала яе сьлядоў, нарэшці знайшла у адной вёсцы, на мяжы з Сувальшчынай. Паехала. Але ўжо ні батлейшчыка, ні батлейкі не застала, а дачка батлейшчыка, старая ўжо жанчына, тэкст крыху прыпомніла, але дыктавала мне яго напалову па-польску... У Беларускай хатцы мы падумалі: а што каб пашукаць батлейку і цымбалы ды ў Менску дэманстраваць іх?
Хто заняўся пошукамі,хтознайшоў — ніякнемагу прыпомніць... Аднотолькі помню, што у Беларускай кнігарні пазавешвалі полкі з кніжкамі даматканымі просьцінамі, у вакне зрабілі адпаведную дэкарацыю і дзён дзесяць штодзень за малую плату дэманстравалі публіцы нашую старасьветчыну. He скажу, каб публікі зьбіралася шмат, ды і адносіны былі розныя... Як заўжды, у лістах да А. Смоліча я знаёміла яго з усім тым, што мы рабілі у Менску, а значыцца, пісала і аб батлейцы. У адказ Смоліч пісаў: “Добра, усё добра...” Затое ліст з Бабруйска! Ах, што за ліст — крытыка вострая, неміласэрная... Ф. Шантыр пісаў: “Я хачу адарваць вас ад ролі, каторая даводзіць ледзь не да шыцьця сукенак для балванчыкаў батлейкі”. Мяне ахаплялі абурэньне і злосьць! Помню добра мой адказ: ‘Тлупа, глупа і яшчэ раз глупа! Крытыка — рэч добрая і патрэбная; кожны мае права мець свае погляды і выказваць іх. Але крытыкавацьтрэба рэальныя факты, разумеючы і дакладна ведаючы іх, а не як у той прыказцы: чуць звон, ды ня ведаць, дзе ён... Трэба было раней запытацца, выясьніць, мець весткі з першых рук, а не ад інфарматараў ды яшчэ інтрыгантаў (Р. Зямкевіч). Адкажу коратка па парадку закідаў.